Андрэй Кудзіненка: Матэрыяльны складнік не можа панаваць над творчым

Сёння Андрэй Кудзіненка адзначае свой Дзень народзінаў. Гэта не юбілей, але ўсё ж нагода, каб расказаць чытачу пра яго першыя кадры і сцэнары юнацтва, пра містэрыю творчасці і рэжысуру жыцця.



kudz_nienka_9_logo.jpg

Андрэй Кудзіненка на здымках «Масакры». 2009 год

Калі я ўпершыню ўбачыў фільм «Акупацыя. Містэрыі», то вельмі здзівіўся таму, як яго прапусціла сучасная беларуская цэнзура, бо там было зусім не тое, пра што так дбае афіцыйная ідэалогія. Аказалася, ніхто нічога не прапускаў, і фільм 6 гадоў ляжаў на паліцы. А калі я пазнаёміўся з адным з лепшых сучасных беларускіх рэжысёраў Андрэем Кудзіненкам, то зразумеў, што па іншаму гэты фільм ён не мог зрабіць, бо сам жыве надзвычай неардынарна. Але няхай пра ўсё Андрэй сам і раскажа.

 

Першыя кадры

— У маім жыцці першыя кадры былі ў Брэсце 20 кастрычніка 1971 года. Бацька, Анатоль Дзмітрыевіч, быў архітэктарам. Працаваў у мясцовым універсітэце загадчыкам кафедры архітэктуры. Пачынаў у праектным бюро, а потым перайшоў у педагогіку, бо зразумеў, што гэта тое, што трэба. Яго вельмі любілі студэнты. На жаль, у 2010 годзе яго не стала.

А маці, Галiна Данілаўна, дзякуй Богу, па наш час жывая, некалі працавала тавараведам. У мяне ёсць старэйшая на пяць гадоў сястра Таццяна. Яна не мае ніякага дачынення да мастацтва. Працуе ў Гродна эканамістам, падлічвае каштарыс для будаўніцтва. Ужо ёсць два пляменнікі.

Вучыўся я ў 7-й школе з паглыбленым вывучэннем нямецкай мовы. Дарэчы, ужо калі вучыўся ў Кіеве ў палітэхнічным універсітэце, сярод студэнтаў тэхнічных ВНУ праходзіла рэспубліканская алімпіяда па нямецкай мове ў Харкаве. Дык вось, нягледзячы на тое, што я збег датэрмінова (пасля першага тура), заняў на ёй пятае месца. А збег таму, што другі тур праходзіў на наступны дзень, а тады ў Кіеве гулялі «Спартак» і кіеўскае «Дынама». Мне гэта было больш цікава. Таму і збег, а так быў бы адным з першых.

kudz_nenka_4_logo.jpg

Андрэй Кудзіненка, 1982 год

А гэты матч мне быў цікавы яшчэ і таму, што я займаўся футболам даволі доўга, і нават некаторы час хадзіў у спартовую школу.

Два першых класа я хадзіў на вольную барацьбу, бо бацькі падманулі наконт таго, што ў футбольную секцыю бяруць толькі з чацвёртага класа. Два гады я страціў. Справа ў тым, што ў мяне выявілі шумы ў сэрцы, таму бацькі палічылі футбол для мяне вельмі небяспечным.

Таму, дарэчы, нягледзячы на лепшыя, чым у іншых, паказчыкі, спартовыя дактары не дапускалі мяне да розных спаборніцтваў.

kudz_nenka_3_logo.jpg

З бацькам Анатолем Дзмітрыевічам

Але ў футбол я ўсё ж прыйшоў. Збольшага я гуляў нападаючым альбо паўабаронцам. І вельмі рэдка — абаронцам. Падчас вучобы ва Украіне ўваходзіў у склад юнацкай каманды «Арсенал», якая лічыцца ў Кіеве другой пасля «Дынама».

Аднак хутка зразумеў, што футбол (у сэнсе кар’еры) — не самае галоўнае ў маім жыцці. Хаця дапамагаў ён даволі часта. Асабліва ў студэнцкіх атрадах. Для мясцовых хлопцаў я вельмі хутка станавіўся сваім.

Дый падчас школьнай вучобы, калі дваровыя каманды гулялі, за мяне ішла барацьба, бо наша каманда заўсёды перамагала.

kudz_nenka_2_logo.jpg

Са стрыечнай сястрой Ганнай і бацькам Анатолем Дзмітрыевічам. Славянск Данецкай вобласці, 1980 год

У 1988 годзе з срэбным медалём я скончыў сярэднюю школу. Часта пытаюцца, навошта было ехаць у палітэх у Кіеў? Тым больш, што наш мінскі палітэх скончылі і мая сястра, і мой бацька.

А абраў Кіеў я па вельмі простай прычыне — гэта горад футбола, база клуба «Дынама». А тэхнічную ВНУ абраў таму, што мне лягчэй было здаваць уступныя экзамены па фізіцы і матэматыцы.

Шчыра кажучы, я думаў, вучыцца ў палітэху будзе прасцей, а высветлілася, што там шмат чарчэння, якое я літаральна ненавідзеў. Хацеў кінуць вучобу ўжо на першым курсе, але дацягнуў да чацвёртага. А потым не вытрымаў.

kudz_nenka_5_logo.jpg

Выпускнік школы №7. Брэст, 1988 год

Прыблізна ў сакавіку 1992 года перастаў хадзіць на заняткі і цвёрда захацеў змяніць жыццёвы накірунак. Вырашыў стаць сцэнарыстам і паступіць у знакаміты УДІК.

Сцэнары юнацтва

Назваць, з чаго пачалася мая цікаўнасць да кінематографа, даволі цяжка. Напэўна, так было трэба.

Многія памятаюць, што ў савецкія часы пасля праграмы «Время» звычайна паказвалі нейкае кіно. Я стараўся заўсёды яго паглядзець. Да таго ж, у Брэсце можна было глядзець польскае тэлебачанне, якое значна адрознівалася ад савецкага. Калі не было пільнага дагляду бацькоў, я глядзеў нават эротыку.

А ў канцы 1980-х гадоў, так бы мовіць, адкрыліся шлюзы, якія былі паміж СССР і Захадам. Адкрылася новая літаратура, кіно.

Менавіта ў той час з’яўлялася новая для савецкіх людзей літаратура — Велімір Хлебнікаў, Ніцшэ, Шапенгаўэр і г.д.

Бібліятэка нашага ўніверсітэта (вучылася 13 тысяч чалавек) была адной з лепшых ва Украіне і набывала шмат навінак. Я чытаў, як кажуць, запоем.

У той час і адбыўся выпадак, які падштурхнуў да новых жыццёвых арыенціраў. Сябры нада мной захацелі пажартаваць, і адзін хлопец прапанаваў два квіткі ў кіно.

Маўляў, добрае кіно, але без сваёй дзяўчыны, якая занятая іншымі справамі, ён не пойдзе.

Паказвалі фільм Сакурава «Дні забыцця». Пазней высветлілася, што той хлопец ведаў: давядзецца глядзець «нейкую муць», таму і скінуў мне квіткі. Фільм мяне вельмі ўразіў, я ледзь не звар’яцеў. Да гэтага ўжо даводзілася бачыць фільмы Андрэя Таркоўскага, але гэта было некалькі гадоў таму і прайшло міма, бо я іх (як і іншыя сакурснікі) банальна праспаў.

Дарэчы, яшчэ год пасля сыходу з палітэху, я жыў у нашым інтэрнаце, бо вярнуцца ў родны Брэст не мог — моцна пасварыўся з роднымі, маці нават са мной не размаўляла. Дык вось, сусед па пакою Вова Залескі з Сумаў, чый брат вучыўся «на актора», расказваў нам шмат цікавых гісторый пра норавы тэатральна-кіношнага жыцця. Вова таксама хацеў пайсці шляхам брата і паступіць «на рэжысуру». Ён шмат чытаў кніжак пра гэта, а потым перадаваў іх мне. Мы разам хадзілі на розныя прэм’еры, абмяркоўвалі фільмы.

Кінематаграфічны шлях мяне моцна зацікавіў. Я нават з’ездзіў у Маскву і пахадзіў па УДІКу. На рэжысёрскае аддзяленне трэба было прадставіць фотаработы, якіх у мяне не было, таму прышлося выбраць сцэнарнае.

kudz_nenka_6_logo.jpg

З сябрам Лёняй Кавальчуком. Кіеў, 1994 год

Творчы конкурс я прайшоў без праблем, трэба было ехаць на іспыты, аднак на той момант беларусы, як і ўсе іншаземцы, за вучобу павінны былі плаціць грошы. І немалыя для мяне.

У родным Брэсце я паспрабаваў знайсці спонсара. Аднак у выніку вырашыў паступаць у Мінск. Да таго ж, у нас на рэжысуру (значны плюс) не былі патрэбны ніякія фатаграфіі. Толькі літаратурныя работы, якія былі ўжо напісанымі.

Усе ўступныя іспыты я паспяхова здаў і стаў студэнтам Тэатральна-мастацкай акадэміі. Дакладней, вучнем майстэрні аднаго з лепшых беларускіх рэжысёраў Віктара Цімафеевіча Турава. Гэта быў 1993 год.

Містэрыі творчасці

Падчас вучобы кожны беларускі студэнт здымаў па некалькі кароткаметражак. У мяне гэта — «Жарцік», які потым атрымліваў прызы на фестывалях, і дыпломная работа «Гульня ў хованкі». Дарэчы, гэта карціна вельмі спадабалася другому мэтру айчыннага кіно Міхаілу Пташуку, які пасля смерці Віктара Турава хацеў узяць мяне ў свае прадаўжальнікі (тады ён яшчэ не набраў курс рэжысёраў).

Усе тыя работы — дзіцячыя гісторыі. Прычым гісторыі ў стылі рэтра, зробленыя па творах Фёдара Салагуба і беларускага пісьменніка-дэкадэнта Міхала Кузьміна. Нешта старамоднае, павільённае, з добрым грымам і элементамі трылера, містыкі.

На жаль, мы сталі апошнімі вучнямі Віктара Цімафеевіча. Першы курс ён намі займаўся вельмі шчыльна, прыходзіў кожны дзень, потым паехаў здымаць «Шляхціча Завальню», і ўжо мы час ад часу ездзілі на здымачную пляцоўку.

У 1996 годзе Турава не стала.

Сваю дыпломную работу я зрабіў задоўга да афіцыйнага сканчэння вучобы, і адразу пачаў працаваць у «Белвідэацэнтры», часоў дырэктарства вядомага рэжысёра Сяргея Лук’янчыкава.

Грошай там вялікіх ніколі не было, бо відэа — значна больш танная справа за звычайнае кіно і, напэўна, менавіта па гэтай прычыне ў нас панавала атмасфера шчырасці і прыязнасці. Усе любілі адзін аднаго, сябравалі, ахвотна ішлі на эксперыменты і дапамагалі патэнцыйным канкурэнтам.

Там я зрабіў першы фільм «Сны Валянціна Вінаградава», які спадабаўся крытыкам розных кінафестываляў. Зрабіў таксама багата эксперыментальных ролікаў, музычных кліпаў.

На мой погляд, «Белвідэацэнтр» мог стаць пляцоўкай нейкіх творчых эксперыментаў, але гэтага, на жаль, не атрымалася. З часам яго аб’ядналі з «Беларусьфільмам». Як у Саюза кінематаграфістаў, чый кіраўнік зараз сядзіць у перадбанніку нейкай фірмы, забралі памяшканні. Зразумела — цэнтр горада. Сёння гэта называецца адціснуць нерухомасць…

Эксперыменты мне заўсёды былі да спадобы, але яны далёка не заўсёды добра ўспрымаліся кінематаграфічным начальствам. Пачаліся даволі сур’ёзныя праблемы.

У 1999 годзе быў зроблены кароткаметражны фільм «Баран». Намеснік міністра культуры Цвяткоў, які курыраваў пытанні кіно, спачатку не хацеў яго прымаць, а потым прымусіў значна парэзаць.

А «Планету XX» ён увогуле паклаў на паліцу. Потым я гэты фільм паціху вазіў на кінафестывалі, і ніхто ў ім не бачыў нічога крамольнага.

Словам, надышлі цяжкія часы, поўны вакуум — ні работы, ні перспектыў.

Памятаю, у кніжцы Козінцава «Чорныя дні» я прачытаў фразу: «Пачаўся глухі павучы час». Быццам бы пра мяне…

У той атмасферы і пачаліся здымкі «Акупацыя. Містэрыі». Першую частку (26 хвілін) мы знялі яшчэ ў 2001 годзе. Яна называлася «Партызанская містэрыя», і шмат каму вельмі спадабалася. Менавіта тады і прагучала ідэя зрабіць працяг.

Аднак перад гэтым быў зроблены (усяго за дзве тысячы долараў) мой поўнаметражны дэбют «Бітва пяці войскаў» — фільм пра дзяцей, якія захапляюцца творчасцю Толкіена.

У канцы 2002-га Ратэрдамскі кінафестываль выдзеліў мне невялікую дапамогу з умовай, што «Акупацыя. Містэрыі» ўпершыню будзе паказаны ў іх.

Увесь 2003 год праходзілі здымкі, фільм быў цалкам гатовы, але па ўмовах з прадзюсерамі мы паказалі яго толькі ў 2004 годзе.

У Ратэрдаме ўсе былі ў захапленні, а ў Беларусі фільм забаранілі. Прычына — публікацыя Сяргея Маліноўскага ў «Камсамолцы». Справа ў тым, што фільм запрасілі ў конкурс на прэстыжны (самы вышэйшы клас «А») маскоўскі кінафестываль, і мы шукалі грошы, каб «перагнаць яго на «ТАСМУ» (яшчэ адна ўмова ўдзелу ў конкурсе).

З раніцы мне тэлефануе Цвяткоў (фільму далі пракатны дазвол падчас яго адпачынку) і раз’юшана крычыць: «Ты што, звар’цеў!?» Аказалася, газета дала назву «Міхалкоў супраць Лукашэнкі».

У гэты ж дзень у нас забралі «пракатнае пасведчанне» і фільм забаранілі. На доўгія шэсць гадоў.

kudz_nenka_7_logo.jpg

З сябрам Аляксандрам Колбышавым. Мінск, 2003 год.

Рэжысура жыцця

Разам з фільмам забаранілі і мяне. Некаторы час я на чвэрць стаўкі выкладаў у інстытуце, потым па мастацкай праграме крыху пажыў і сам павучыўся ў Польшчы.

Асабліва цяжкім стаў 2006 год. У пошуках грошаў я вырашыў папрацаваць у Расіі, дакладней у Цверы, дзе праходзілі здымкі другой часткі серыяла «Кадэцтва».

Серыялы, дарэчы, — вельмі небяспечная ў сэнсе творчага развіцця рэч. Рэжысёр пачынае працаваць штампамі, за якія добра плацяць. Дзякуй Богу, што нягледзячы на тое, што ў 2006 годзе я зняў яшчэ і адну з серыяў (11-ю) «Апера-2. Хронікі забойнага аддзела», атрымалася адыйсці ад гэтага канфармізму.

Праз некалькі месяцаў, дзякуючы Андрэю Курэйчыку, пашанцавала трапіць у майстэрню Паўла Лунгіна. Там я зняў прэзентаваны ў 2008 годзе фільм «Розыгрыш». Некаторыя лічаць яго рымейкам вядомага з савецкіх часоў фільма Уладзіміра Мяньшова.

Скажу так — гэта абсалютна новая карціна, якая, сапраўды, зроблена па матывах знятай раней.

У гэты ж час у Беларусі пачалося тое, што потым назавуць лібералізацыяй. Цікава, што тады «Беларусьфільмам» кіраваў вядомы Замяталін, якога цяжка абвінаваціць у нейкай любові да дэмакратызацыі.

Але трэба было трымаць «нос па ветру».

Я прывёз у Мінск адразу тры сцэнары. Сам хацеў здымаць нешта жорстка-моладзевае, але ім гэтага было не трэба.

kudz_nenka_8_logo.jpg

На здымках «Акупацыі містэрыі». 2003 год

Нікому з кіраўніцтва «Беларусьфільма» не хацелася бачыць у фільме якую крамолу, наўпроставыя паралелі і асацыяцыі. Дарэчы, на мой погляд, ад гэтага «Масакра» пацярпела больш за ўсё.

Нагадаю, што падзеі фільма адбываюцца пасля жорсткага падаўлення расійскімі войскамі паўстання Кастуся Каліноўскага. У беларускім грамадстве пануе атмасфера страху і разгубленасці. Усе гэта накладваецца на містычную гісторыю мядзьведзя-перэвартня з вытокамі ў старабеларускіх паданнях і навеле Праспера Мэрыме.

Жанр я вызначыў як «бульба-хорар».

Першапачаткова там было шмат закадравага тэксту, ад якога мяне потым прымусілі амаль цалкам адмовіцца. Спрацавала цэнзура. Выказванні грузінскага цара, напрыклад, выразалі толькі таму, што на той час ужо была вайна з Грузіяй.

Па прычыне раздзяўбайства і нізкай кваліфікацыі яны не змаглі зрабіць ніводнага спецэфекту. І ўвогуле, праблемы з вытворчасцю былі жудасныя. Пачалося з таго, што здымачнай групе не плацілі грошы па паўгода, хаця адразу абяцалі зрабіць для фільма асобны рахунак. Для айчыннага кінематографа гэта не ўласціва. Звычайна робіцца так: на фільм дзяржава выдзяляе грошы, іх «кідаюць у агульны кацёл» «Беларусьфільма», адкуль потым і кормяцца ўсе, каму не лянота. Самае сумнае, што непасрэдна тым, каму яны і выдзелены, сродкі прыходзіцца літаральна выпрошваць. І даходзяць тыя ў апошнюю чаргу, значна схуднелымі.

Адзін дырэктар з «Беларусьфільму» мне неяк хваліўся, што яго фільм зняты ўсяго за 600 тысяч долараў — рэкорд таннасці. А я адказаў, што за гэтыя грошы можна было зрабіць дзясятак падобных карцін. А то і ўсе дваццаць, 2–3 з іх былі б канкурэнтаздольнымі.

Не разумею, як можна «аптымізаваць вытворчасць» без звальнення тых, хто нічога не робіць, а зарплату (за кошт розных надбавак і каэфіцыентаў) атрымлівае нашмат вышэй за ўсіх астатніх. Рэжысёры тады атрымлівалі па 300–500 долараў, а начальства — у пяць разоў больш.

Калі я працаваў у Паўла Лунгіна, там у вытворчасці былі тры фільмы. Тое ж самае адбывалася падчас майго вяртання на «Беларусьфільм». Толькі ў Лунгіна былі адзін бухгалтар і адзін эканаміст-студэнт, а тут — аж дзясяткі чалавек.

Ім здаецца, што сёння самае галоўнае — тэхніка, а не людзі.

У мяне быў выпадак, калі падчас здымак чарговага кадра вадзіцель выключаў святло, таму што яго змена скончылася…

Абсурд! Яны закупілі новы праявачны цэх, а зараз на стужку ўжо нічога не здымаецца. Усё лічбавае, з «лічбай» працуюць нават кінатэатры. Пытанне: навошта трэба было купляць абсталяванне за сотні тысяч долараў? Афіцыйны адказ: «Тады цэх праяўкі стужкі трэба звальняць»… Такое ўражанне, што на «Беларусьфільме» супрацоўнікі заточаны на нейкае супрацьстаянне здароваму сэнсу. Фактаў, якія пацвярджаюць гэтую выснову, вельмі-вельмі багата.

Замяталін яшчэ неяк мог (часта матам) нечага дабіцца, бо яго баяліся. Усе астатнія дырэктары «Беларусьфільма» — не.

На жаль, Замяталін моцна захварэў, калі мяне з «Масакрай» даволі подла падманулі і сталі патрабаваць, каб «закрыў год».

Па існуючых нарматывах я мог у спакойным рэжыме здымаць яшчэ паўмесяцы, але мяне прымушалі завяршыць здымкі да канца года. Я здуру пагадзіўся, а калі працягнуў здымкі на адзін дзень, які быў вольным (у свой выхадны) і паўзмены разам з аператарам і каскадзёрам здымаў сцэну пажару, яны пазбавілі прэміі нашу здымачную групу.

Пры гэтым усёй студыі, то бок самім сабе, заплацілі за выкананне гадавога плана студыі, які і зрабіла наша здымачная група… Абсурд і бязмежжа!

І гэта пры тым, што я зэканоміў некалькі здымачных тыдняў, і даў ім магчымасць выпісаць вялікія прэміі самім сабе.

Дарэчы, абсурду падчас здымак наогул хапала. Напрыклад, адна жанчына з планавага адзела не пускала мяне на здымкі старажытнай капліцы ў Грушаўцы (Пружанскі раён) па прычыне таго, што могілак «і пад Мінскам хапае».

 

Творчы ракурс

Пасля «Масакры» мы яшчэ паспелі запусціцца са «Шляхцічам Завальняй», але, як вядома, у снежні 2010 года лібералізацыя скончылася. Фільм, дзе беларускі тэрарыст з «Народнай волі» Ігнацій Грынявіцкі забівае рускага цара Аляксандра II, адразу стаў крамольным.

У гэты год, дарэчы, у маім жыцці змянілася амаль усё. Памёр бацька. Не стала лепшага сябра Сашы Колбышава... Увогуле, пачаўся нейкі іншы этап.

Не верце нікому, хто кажа, што ў 2012 годзе тагачасны гендырэктар «Беларусьфільма» Алег Сільвановіч не працягнуў са мной кантракт па яго ініцыятыве. Наадварот, мяне ўгаворвалі ўсё падпісаць. Я сышоў сам, таму што яны адмовіліся (па прычыне адсутнасці сродкаў) працягнуць фінансаванне «Шляхціца Завальні». Так што фармальна фільм па наш дзень у запуску, толькі зараз на кансервацыі.

Пасля майго звальнення адразу з’явілася шмат прапаноў наконт здымак камерцыйных серыялаў, што мне было не цікава. З сябрамі мы паспрабавалі адкрыць у Маскве новую студыю, аднак хутка разышліся ў поглядах на кіно, а адзін інвестар адкалоўся ўвогуле.

Праз некаторы час я зняў фільм з Іванам Аляксеевым, хлопцам, які дэбютаваў у маім «Розыгрышу». Наш фільм можна аднесці да жанру псіхадэлічнага трылера, а называецца ён «Hard Reboot», што адпавядае назве аднаго з трэкаў гурту «Noize MC». Сёння гэта даволі папулярны ў Расіі калектыў.

Падчас здымак, дзе не было зробленага раней сцэнарыя, сталі ўзнікаць розныя сюжэты і атрымаўся паўнавартасны сюжэтны фільм. Хачу падкрэсліць, зроблены ён быў выключна для інтэрнэту.

На жаль, кіраўніка гурту не засмуціла, што прынцып работы быў кардынальна іншы. Яму захацелася атрымаць прыбытак, і з мэтай патрафіць гледачу, з разлікам на сваіх паклоннікаў, крыху перарабіць усё і пусціць карціну ў кінатэатры. На гэтай глебе мы і разышліся…

Зараз у мяне новы праект, які прасоўваецца метадам дабрачынных ахвяраванняў, бо ў асноўным ён трымаецца на людскім энтузіязме. Унікальны праект! Вельмі добры! Называецца «Хранатоп». Гэта як бы палітра сучаснай беларускай міфалогіі.

Я называю яго твітэр-серыял. Складаецца ён з вельмі кароткіх гісторый 5–7 хвілін, якія абавязкова звязаныя з нейкімі абрадамі альбо рытуаламі нашай штодзённасці. Па сутнасці гэта сучасны фальклор — нейкія міфалагічныя гісторыі, парадоксы, выпадкі і нават страшылкі. У некаторым сэнсе атрымаецца тое, што робіць у сваіх творах Адам Глобус.

Гэтую ідэю я прапанаваў многім пісьменнікам. Усім яна вельмі спадабалася. А некаторыя нават вырашылі выступіць і ў якасці рэжысёраў сваіх сюжэтаў. Па сутнасці гэта бессвядомы, інтэрактыўны каляндар сучаснага беларуса.

На дадзены момант ужо ёсць 43 хвіліны матэрыялу, які я хачу дагнаць да адной гадзіны дваццаці хвілін. А потым гэты альманах выкласці ў інтэрнэце.

Праект, хаця выкананы на прафесійным узроўні, не будзе камерцыйным. Гэта не «хлеб з маслам». Наадварот, мы ўкладаем свае грошы.

Матэрыяльны складнік, канешне ж, вельмі важны, але ён не можа дамінаваць над творчым. Інакш атрымаецца нешта банальнае, няякаснае.

Фота з уласнага архіву Андрэя Кудзіненкі