Беластоцкія перасяленцы

Жыхары вёскі Пасінічы Слонімскага раёна Іван і Людміла Літвінюкі шчыра сустрэлі мяне гарачай гарбаткай, цукеркамі і абаранкамі. «Частуйцеся абаранкамі, яны вельмі смачныя, сын з Мінска прывёз», — сказала гаспадыня і сардэчна запрасіла за стол.



14_1_van_litviniuk.jpg

Іван Літвінюк

— А дзе ваш сын вучыцца ці працуе? — пытаюся ў Літвінюкоў.

— Наш сын Аляксандр Літвінюк жыве ў Мінску, ён яшчэ малады, але ўжо кандыдат эканамічных навук. Выдаў некалькі кніг па праблемах развіцця сусветнай эканомікі і міжнародных эканамічных зносінаў, знешнеэканамічнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь і інтэграцыі яе ў сістэму трансгранічных сувязей. Вельмі хацеў бы наладзіць сувязі з такімі ж маладымі эканамістамі ў Польшчы, з землякамі бацькі, які родам з вёскі Гарнова, што на Беласточчыне, — працягвала размову спадарыня Людміла Літвінюк.

— Іван Андрэевіч, дык вы родам з Беласточчыны? — пытаюся ўжо ў гаспадара хаты.

— Так. Нарадзіўся я ў 1939 годзе ў Польшчы ў вёсцы Гарнова Бельск-Падляшскага раёна, а пасля вайны, мусіць, гэта быў Сямытыцкі раён. З Гарнова нашу сям’ю эвакуявалі ажно ў Херсонскую вобласць на Украіну. Агітацыя ехаць на Усход была вельмі актыўная. Мне расказвала маці, што ў нашай хаце нават быў сам Панцеляймон Панамарэнка, які агітаваў выязджаць на Усход, практычна выганяў нас і іншыя беларускія сем’і на Усход.

— Магчыма… Панцеляймон Панамарэнка быў рускім чалавекам, даваў згоду на арышт і асуджэнне дзяржаўных і партыйны работнікаў БССР…

— А ў 1938–1947 гадах ён быў сакратаром ЦК КП(б)Б, адначасова з верасня 1939 года з’яўляўся чальцом ваеннага Савета Заходняй ваеннай акругі. Так што мая маці казала праўду. Гэта быў 1944 ці 1945 год, адразу пасля вайны.

— Кім працавалі ў Гарнова вашы бацькі?

— Яны былі звычайныя сяляне, працавалі на зямлі. Мелі 12 гектараў зямлі ў Гарнова, гектар лесу. Многія сваякі бацькі нікуды не паехалі, засталіся на радзіме. Сям’я наша была невялікая: я і сястра. Сястра ўжо памерла, а мне цяпер 72 гады.

— А ваша сям’я ўсё ж пакінула родную вёску Гарнова?

— Прымусілі пакінуць. Бацькі пагрузілі ў вагоны плугі, бароны, сячкарню, 5 кароў і іншае хатняе багацце, і мы паехалі, як пісалася ў эвакуацыйным лісце, у іншы раён БССР, а завезлі нас ажно на Украіну. А тады на Украіне была галадоўка, таму выгадна было, каб да іх прыехалі сяляне з багатай Заходняй Беларусі з каровамі, коньмі, збожжам. Прыехалі туды, а там галадэча. Некаторыя ўсё кінулі і паехалі назад у Польшчу. А іншыя беларусы паспрабавалі застацца.

— І ці доўга вы былі ў Херсонскай вобласці?

— Нядоўга. Сабралася нас некалькі сем’яў, і вырашылі мы ехаць назад сваім ходам, запрэглі каня, пагрузілі ўсё і пачалі вяртацца. Але па дарозе ў нас утапіўся конь, тады запрэглі дзве каровы і ехалі дамоў такім чынам. Прыехалі мы на Слонімшчыну ў вёску Багданавічы. Пасялілі нас у хату, дзе жыў паляк, які выехаў у Польшчу. Дом быў вялікі, і ўладкавалі туды тры сям’і з Беласточчыны: нашу сям’ю, Здунюкоў і Персцянюкоў. Палякі паехалі, але бульбу, відаць, выкапаць не паспелі. Мы выкапалі бульбу, засыпалі капцы. Аднойчы прачынаемся, а іх нехта падпаліў. Магчыма, хтосьці з палякаў, якія засталіся на Слонімшчыне. Тым не менш, мы пачалі паціху абжывацца, я пайшоў у школу. А потым нам далі хату ў вёсцы Мізгіры, дзе жыло ўжо шмат беларусаў з Беласточчыны. Нам нават зайздросцілі многія, што ў ладны дом нас засялілі, бо ў многіх хатах не было падлогі, невялікія хаткі былі, халаднаватыя. А нам патрапіўся вялікі і дагледжаны дом. Але ў калгас мае бацькі так і не ўступілі, не пайшлі, не захацелі. У нас тады забралі зямлю, а далі толькі 20 сотак.

— А ці былі ў вашых маці і бацькі браты і сёстры?

— У бацькі была сястра, яна жыла ў заходняй частцы Польшчы. Яна нават хацела бацьку выклікаць у Польшчу, каб ён вярнуўся ў Гарнова, але не паспела, бо памерла. А ў мамы было шмат братоў і сясцёр.

— І як ваш лёс склаўся на Слонімшчыне?

— Бацька меў каня і працаваў на розных работах, але ў калгас не пайшоў. У 1952 годзе супраць яго завялі справу. Бацька пачаў хавацца. Яго некалькі разоў выклікалі ў НКУС на допыты. А калі ў 1953 годзе Сталін памёр, прыйшла паперка, што справа спынена.

— І бацька ваш так ніколі і не ўступіў у калгас?

— Не. Потым мы пераехалі ў Слонім. Бацька і маці ніколі пенсіі не атрымлівалі. А калі стаў СССР кіраваць Гарбачоў, то маці атрымала 100 рублёў. Бацька памёр рана — у 1973 годзе, а маці пражыла 83 гады. Прозвішча мамы было Макарчук Надзея, яна таксама была родам з Гарнова.

— Ці памятаеце вы, Іван Андрэевіч, што-небудзь з вёскі Гарнова?

— Памятаю, дзе стаяла наша хата. Калі пакінулі яе, то маці сказала вяскоўцу Савіцкаму, каб ён там жыў. Бацька мой Андрэй ездзіў у 1962 годзе ў Гарнова, то казаў, што хаты, хлява, розных прыбудоў ужо няма. Іх Савіцкі перанёс на хутар. Бацька з горыччу казаў пра гэта.

— А вы наведвалі Беласточчыну?

— Быў адзін раз там у 1973 годзе. І то з цяжкасцю далася мне гэта паездка пры камуністах. Але паехаць на радзіму мне пашанцавала.

— Ці падтрымліваеце сувязі з кім-небудзь з Беласточчыны?

— Мы хочам знайсці землякоў, якія да нас прыязджалі. Мы шмат гадоў таму сустракаліся, гутарылі з Аляксандрам Літвінюком з Гарнова, з якім у 1974 годзе спаткаліся ў Мінску. А таксама хочам знайсці Макарчука Юзіка з Сельдцаў — сваяка мамы. Ён жыў на вуліцы Гальчынскага. Гасцяваў у нас і айцец Антоній Чапко. Але сувязі з гэтымі людзьмі даўно спыніліся. Хочацца даведацца пра лёс маіх землякоў.

— Іван Андрэевіч, а як ваш лёс склаўся ў Беларусі?

Я скончыў фізмат Брэсцкага педінстытута. Працаваў настаўнікам на Слонімшчыне, быў дырэктарам школы ў горадзе Клічаве на Магілёўшчыне. Калі пайшоў на пенсію, з жонкай прыехалі на Слонімшчыну ў хату яе бацькоў, дзе цяпер і жывем. Дарэчы, я ніколі не быў піянерам, камсамольцам і членам кампартыі. І добра, што нікуды не паспеў уступіць.

karta_territorialnyx_izmenenij_polshi_v_1945_godu.jpg

Даведка

20 верасня 1944 года Беларусь страціла Беластоцкую вобласць. Сталінскі ўрад заключыў пагадненне з Польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення пра маючую быць перадачу Беласточчыны Польшчы і абмен насельніцтвам на перададзеных землях. З Беласточчыны высяляліся беларусы, з Беларусі туды ехалі беларускія палякі. За наступныя гады ў савецкую Беларусь выехалі з Беласточчыны 36 тысяч чалавек.

У 1945 годзе адбылася дамова сталінскага ўрада з польскім часовым урадам аб перадачы беларускай тэрыторыі палякам і змене дзяржаўнай мяжы. Было перададзена Польскай рэспубліцы 17 раёнаў Беластоцкай вобласці і 3 раёны Брэсцкай вобласці. Беларусь стала адзінай краінай сярод пераможцаў у вайне, якая страціла значную частку сваёй гістарычнай тэрыторыі.