Бывай, наш Кароль! Ты застанешся ў сваіх справах і нашых сэрцах

Ніколі не думала, што мне давядзецца пісаць гэтыя словы: “Адышоў у лепшы свет Аляксей Кароль!” У гэта немагчыма паверыць, з гэтым нельга змірыцца.



karolj_logo.jpg

Яшчэ нядаўна мы абмяркоўвалі газетныя справы. І вось усё… Яго няма. Няма каму пахваліць мяне за добры артыкул. Ці наадварот, сказаць: “Ведаеш, ён нейкі сухі”...

Ён больш не скажа, падвозячы да метро: “Дзякуй, вам дзяўчаткі, за працу сёння!”.Больш не патэлефануе у нядзелю ці позна вечарам, каб спланаваць наступны нумар ці абмеркаваць чыйсьці артыкул. Ён наогул больш не патэлефануе… Ніколі… І ад гэтага шчэміць сэрца і хочацца крыкам крычаць!

Я пазнаёмілася з Аляксеем 20 гадоў таму. Восенню 1995 года, калі ён балатаваўся ў Вярхоўны Савет. З задавальненнем стала сябрам яго выбарчай каманды. Пасля з такім жа задавальненнем стала сябрам каманды газеты “Згода”. А пасля і каманды “Новага часу”. Ён разглядзеў мяне, фактычна прывёў у журналістыку, зрабіў з мяне рэдактара.

Мы шмат праз што прайшлі разам: рэдкія выхады газеты і адсутнасць заробкаў, папярэджанні, штрафы, закрыццё, допыты ў КДБ; а потым заззяла сонейка — пачаўся наш “Новы час”. Газета была справай яго жыцця, ён вельмі яе любіў і вельмі ёй ганарыўся. А яшчэ ён вельмі любіў нас — усіх тых, хто рабіў газету, працаваў на сайце. І, спадзяюся, вельмі намі ганарыўся.

А мы вельмі любілі яго, нашага Караля! З ім было лёгка і ўтульна, як не будзе ўжо ніколі…

Бывай, наш Кароль!