Гасан Канапацкі: Жыццё для Беларусі

Палкоўнік Гасан Канапацкі ў кастрычніку 1919 года быў прызначаны гетманам беларускіх вайсковых аддзелаў. У газеце «Беларускае жыццё» ён агучыў свой погляд на праблему фарміравання беларускага нацыянальнага войска.



hasan_kanapacki_padcas_pracy_u_bvk_1919_hod_logo.jpg

Гасан Канапацкі падчас працы ў БВК, 1919 год

Адным з пачынальнікаў беларускай вайсковай справы быў палкоўнік Рускага імператарскага войска, палкоўнік войска Беларускай Народнай Рэспублікі, удзельнік руска-японскай, Першай і Другой сусветных войнаў Гасан Амуратавіч Канапацкі, прадстаўнік знакамітага роду беларускіх татар, прыналежных да герба «Адвага».

 

Царскі афіцэр

Гасан Канапацкі нарадзіўся 25 лютага 1879 года ў Мінску ў татарскай шляхецкай сям’і. Пасля вучобы ў Полацкім кадэцкім корпусе паступіў у Артылерыйскую школу імя Князя Канстанціна ў Пецярбургу, якую скончыў у 1879 годзе. Затым быў старэйшым афіцэрам у Рускай імператарскай арміі ў Забайкальскай акрузе.

kanapack_1889_god_logo.jpg

Гасан Канапацкі, 1889 год

За гераізм падчас руска-японскай вайны быў узнагароджаны царскімі ордэнамі Святой Ганны і Святога Станіслава. У 1909 годзе яму прысвоілі званне капітана і накіравалі ў Благавешчанск, дзе той камандаваў спачатку адной з батарэй Брыгады палявой артылерыі, а пазней і ўсім гэтым злучэннем.

kanapack_drug_zleva_artilerijskaj_shkole_logo.jpg

Канапацкі другі злева ў артылерыйскай школе

У 1910 годзе Гасан ажаніўся з 22-гадовай Аленай Ільяшэвіч. Пазней была служба ў Хабараўску і Калузе. Менавіта ў апошнім з гарадоў у 1913 годзе ў Гасана нарадзілася дачка Тамара. Праз год беларускага татарына прызначылі камандзірам батарэі 57-й брыгады палявой артылерыі, дзе ён і сустрэў Першую сусветную вайну.

gasan_kanapack_z_zhonkaj_1917_god_logo.jpg

Гасан Канапацкі з жонкай, 1917 год

У 1916 годзе Канапацкаму было прысвоена званне падпалкоўніка, а ў студзені 1917 года ён камандаваў 69-й артылерыйскай брыгадай рускіх войскаў. Падчас баявых дзеянняў адважны камандзір неаднаразова быў на перадавой, а аднойчы нават трапіў пад нямецкую газавую атаку, у выніку якой быў цяжка атручаны, але выжыў. За гераізм у баях Гасан Канапацкі быў узнагароджаны ордэнамі Святых Станіслава ІІ ступені, Ганны ІІ ступені і Уладзіміра IV ступені.

На службе БНР

Тым часам Расійская імперыя развалілася, і афіцэр вярнуўся ў родны Мінск. 25 сакавіка 1918 года была абвешчана незалежнасць Беларускай народнай рэспублікі. Але немцы, пад акупацыяй якіх знаходзіліся тады беларускія землі, не дазволілі стварыць беларускія войскі. Пазней Беларусь занялі бальшавікі. Але не паспелі яны развесіць чырвоныя сцягі, як пачалася новая вайна: у заходнія вобласці Беларусі ўвайшлі часткі Войска Польскага.

У ліпені 1919 года дэлегацыя Беларускай цэнтральнай Рады Віленшчыны і Гродзеншчыны звярнулася да Юзафа Пілсудскага з просьбай аб стварэнні беларускай нацыянальнай арміі, якая б ваявала на баку ІІ Рэчы Паспалітай. Беларусы таксама прапанавалі стварэнне Беларускай вайсковай камісіі пры польскім галоўным камандаванні.

Ужо 2 жніўня 1919 года гэтая арганізацыя пачала працу ў Вільні. Галоўнай задачай БВК была распрацоўка праекта фарміравання беларускіх вайсковых частак і падрыхтоўка камандных кадраў. Праз тыдзень палякі ўзялі Мінск. Хутка туды пераехала камісія, у склад якой увайшлі Павел Аляксюк, капітан Франц Кушаль, палкоўнік Гасан Канапацкі, палкоўнік Давід Якубоўскі, Сымон Рак-Міхайлоўскі і Юстын Мурашка.

adno_z_abvjashchennja_bvk_logo.jpg

Адно з абвяшчэнняў БВК

Гасан Амуратавіч, згодна з дэкрэтам Юзафа Пілсудскага ад 22 кастрычніка 1919 года, быў прызначаны гетманам беларускіх вайсковых аддзелаў. І ўжо праз два тыдні прадставіў грамадскасці канцэпцыю фарміравання беларускага нацыянальнага войска. Дакументальнае сведчанне таму адшукала  ў архівах, у газеце “Беларускае жыццё” ад 7 лістапада 1919 года, праўнучка  Гасана Канапацкага, гісторык Зарына Канапацкая.

Месцам фарміравання новых частак вызначыў Слонім. Пра маштаб дзейнасці камісіі мы можам меркаваць па перыядычных выданнях таго часу. У маіх руках газета «Goniec Miński» за 25 снежня 1919 года. На першай старонцы апублікаваны зварот Мабілізацыйна-агітацыйнага аддзелу БВК пра правядзенне конкурсу на напісання пракламацый і брашур, а таксама стварэнне агітацыйных плакатаў, што заклікаюць у беларускае войска. З прапанаваных тэм зваротаў варта ўзгадаць некалькі: "Ці трэба змагацца з бальшавікамі, або варта іх пусціць у Мінск, Гродна і Вільню?", "Няхай жыве беларускае нацыянальнае войска!", "Чаму трэба выкідваць бальшавіцкіх камісараў з Віцебска, Смаленска і Магілёва?", "Што давала царская Расія Беларусі?", "Што далі маскоўскія бальшавікі беларускаму народу?"

staronka_gazeti_gonec_m_nsk_za_1919_god_z_abvjashchennem_konkursu_na_stvarenne_brashur_plakata_dlja_belaruskaga_vojska_logo.jpg

Старонка газеты «Goniec Miński» за 1919 год з абвяшчэннем конкурсу на стварэнне брашур і плакатаў для Беларускага войска

А вось некаторыя тэмы брашур, якія прапаноўваліся БВК: "Старажытныя беларускія вайсковыя песні", "Беларусь паміж Захадам і Усходам", "Кароткая гісторыя Беларусі", "Гісторыя беларускай культуры", "Знакамітыя гістарычныя постаці Беларусі часоў Вялікага Княства Літоўскага", "Дэмакратычная Беларусь і Польшча", "Украіна — сястра Беларусі", "Партызанскі рух на Беларусі", "Бальшавікі і Беларусь".

Палкоўнік Канапацкі патрабаваў, каб кожны афіцэр беларускага войска валодаў роднай мовай і добра ведаў ключавыя моманты айчыннай гісторыі.

Дзякуючы актыўнай дзейнасці Гасана Амуратавіча ў Варшаве для беларусаў былі створаны дзевяцімесячныя курсы ў Школе падхарунжых, а ў Остраве — трохмесячныя курсы для падафіцэраў. Увесь гэты час адбываўся набор у беларускае войска, а мабілізацыйны аддзел БВК знаходзіўся ў Мінску, у пакоі №38 гатэля «Гарны». Пра гэта «Goniec Miński» пісаў у пачатку чэрвеня 1920 года. Але ўжо праз месяц бальшавікі пачалі наступленне на Захад. 10 ліпеня яны былі ў Бабруйску, 11-га — у Мінску, 14-га — у Вільні. Камісія перабралася ў Лодзь.

staronka_gazeti_gonec_m_nsk_za_1920_god_z_abvjashchennem_pra_nabor_dabraahvotn_ka_u_belaruskae_vojska_logo.jpg

Старонка газеты «Goniec Miński» за 1920 год з абвяшчэннем пра набор дабраахвотнікаў у беларускае войска

 

З красавіка 1920 года Гасан Канапацкі адышоў ад кіраўніцтва гэтай арганізацыяй. Палкоўнік імкнуўся выкарыстоўваць у якасці камандзіраў афіцэраў былой рускай арміі, што вельмі не падабалася беларускаму нацыянальнаму актыву.

pagoni_af_cera_belaruskaj_vajskovaj_kam_s_maljunak_v_ktara_ljahara_logo.jpg

Пагоны афіцэраў Беларускай вайсковай камісіі, малюнак Віктара Ляхара

У лістападзе 1920 года аддзелы пад камандаваннем Гасана Канапацкага знаходзіліся на польска-бальшавіцкім фронце, а ў снежні ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях пад Слуцкам. Дзякуючы манеўру гэтых частак «на савецкі бок» змаглі прабіцца атрады «Зялёнага Дубу».

У Заходняй Беларусі

Пасля падпісання Рыжскай мірнай дамовы, паводле якой Беларусь была падзелена паміж савецкай Расіяй і ІІ Рэччу Паспалітай, Гасан Канапацкі пасяліўся ў Вільні і актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці беларускіх арганізацый (Беларускія фарміраванні ў складзе Войска Польскага былі ліквідаваны ў маі 1921 года).

palko_n_k_gasan_kanapack_z_zhonkaj_dachkoj_logo.jpg

Палкоўнік Гасан Канапацкі з жонкай і дачкой

У міжваенны час Канапацкі прымаў удзел у дзейнасці Беларускага цэнтральнага выбарчага камітэту, якому ў выбарах 1922 года ўдалося правесці ў польскі Сейм 11 дэпутатаў і трох прадстаўнікоў у Сенат. Так з’явіўся Беларускі пасольскі клуб пад кіраўніцтвам Браніслава Тарашкевіча. Таксама Канапацкі ўдзельнічаў у дзейнасці Таварыства «Беларуская хатка». У красавіку 1925 года ў газеце «Беларуская доля» быў апублікаваны адкрыты ліст за подпісам Гасана Канапацкага і яшчэ некалькіх асоб аб іх нежаданні далейшай працы ў Часовай беларускай радзе, у якой у асноўным знаходзіліся прадстаўнікі прапольскага накірунку беларускага руху ў Вільні.

У студзені 1926 года ў Канапацкага нарадзіўся сын Мацей. Пасля майскага перавароту Юзафа Пілсудскага палкоўнік прыклаў усе намаганні дзеля таго, каб стварыць Клуб беларускай інтэлігенцыі, што ўрэшце яму ўдалося. Пазней палкоўнік часта публікаваў свае артыкулы ў выданнях, якія друкаваліся гэтай арганізацыяй. У 1927–1928 гадах Гасан Канапацкі быў рэдактарам газеты «Беларускі радны». Падчас выбараў у Сейм і Сенат у 1928 годзе ён быў кіраўніком Цэнтральнага агульнабеларускага выбарчага камітэту, які прадставіў кандыдатаў з Ліды і Навагрудка.

У гады Другой сусветнай вайны Гасан Амуратавіч працягваў жыць у Вільні. Дзіўна, але падчас «першых Саветаў» яго не кранулі савецкія рэпрэсіі. Не чапалі яго і немцы. Сын палкоўніка Мацей у гады нацысцкай акупацыі хадзіў у Беларускую віленскую гімназію, а сам Гасан Канапацкі быў старшынёй бацькоўскага камітэту гэтай навучальнай установы. У 1946 годзе сям’я беларускага вайскоўца вырашыла рэпатрыявацца ў Польшчу і выехала ў Быдгашч, дзе ў маі 1953 года Гасан Амуратавіч Канапацкі памёр. Пахавалі яго на мясцовых могілках. Яго блізкія да сённяшняга дня захоўваюць памятныя рэчы (у тым ліку пагон з мундзіру афіцэра Беларускай вайсковай камісіі), якія распавядаюць пра жыццё гэтага ўнікальнага чалавека.

«Лепшыя сыны татарскага народу ўдзельнічалі ў беларускім нацыянальна-вызваленчым руху.адзначыла кандыдат гістрычных навук Зарына Канапацкая.У іх ліку і мой прадзед Гасан Канапацкі, выдатны дзеяч беларускага і татарскага народаў. — Да канца жыцця ён, гэтак жа, як і мой бацька Ібрагім Канапацкі, аддана служылі беларускай зямлі. На помніку прадзеду, што на могілках у Быдгашчы, па мусульманскай традыцыі зроблены надпіс: "Аллаху належым і да Яго  вяртаемся". Да сенняшняга часу працягвае справу бацькі сын Мацей (Муса) Канапацкі, які жыве і працуе ў Сопаце. У кожным родзе ёсць постаці, якімі асабліва ганарацца ўсе нашчадкі. Такой асобай для ўсіх прыналежных да фаміліі Канапацких і герба "Адвага" з’яўляецца Гасан Канапацкі -- гонар і выдатны ўзор адпаведнасці геральдычнай саманазве».