Генерал Валерый Фралоў

Калі дзесяць гадоў таму дэпутат Палаты прадстаўнікоў, адстаўны генерал Валерый Фралоў назваў сябе «маладым палітыкам», гэта ўспрынялі з гумарам. Рэальна яго палітычны дэбют адбыўся ў 1991 годзе.  



frolov2.jpg

Валерый Фралоў

Тады камандзір 107-й мотастралковай дывізіі і адначасова начальнік Вільнюскага гарнізона генерал Фралоў устрымаўся ад супрацоўніцтва з маскоўскімі эмісарамі ад ГКЧП.

Гэта было менавіта палітычнае рашэнне, важкае тым больш, што ў Літве генерал Фралоў замяніў генерала Усхопчыка. Выдачы апошняга літоўскія ўлады патрабуюць да сёння, генерала ж Фралова запрашаюць на рознага кшталту сустрэчы, на тэлебачанне. Палітычныя палігоны беларускага апазіцыйнага палітыка, намесніка старшыні БСДП (Грамада) Валерыя Фралова, аказаліся не менш складанымі, чым палігоны танкавыя...

Першыя зоркі

Яго бацька Дзмітры Міхайлавіч застаўся ў Мінску пасля вайны, а маці Надзея Міхайлаўна — родам з-пад Пухавічаў. 14 жніўня 1947 года ў іх нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Валерыем.

Пасля сёмага класа Валерый паступіў у аўтамеханічны тэхнікум. Па заканчэнні працаваў зубарэзчыкам на МАЗе, і, як многія юнакі, марыў стаць разведчыкам. У ваенкамаце высветлілася, што вучылішча падобнага профілю ёсць толькі ў Алма-Аце, і рыхтуе яно будучых ахоўнікаў лагераў.

Рамантычныя мроі імгненна развеяліся. І ён скіраваў свой выбар на Харкаўскае танкавае вучылішча, якое і скончыў у 1970 годзе. Ён, як выдатнік, мог абіраць любое месца службы, але спыніўся на Беларусі. Гэта была ўсім вядомая Бароўка, што пад Лепелем. Быў камандзірам узвода, роты.

Праз паўтара гады ажаніўся. Шлюб аказаўся трывалым. На жаль, у 2003 годзе хвароба звяла Наталлю Фралову з гэтага свету.

З другой жонкай Валерый Фралоў пазнаёміўся дзякуючы палітыцы. Дакладней, публікацыі пра сябе ў «Народнай волі». Патэлефанаваў аўтарцы — Наталлі Купрэевай, каб падзякаваць… Слова за слова, сустрэча, іскра сімпатыі, шлюб…

Зоркі на пагонах

Ваенная кар’ера Валерыя Фралова, хаця і не дужа імклівая, як у некаторых генеральскіх сынкоў, была даволі паспяховай. Праз уласны розум, волю і працаздольнасць. У 1974 годзе Фралоў паступіў у Акадэмію бранятанкавых войскаў.

Па заканчэнні — служба на Далёкім Усходзе. 12 гадоў, з якіх шэсць камандаваў палком. Стандартны тэрмін на гэту прыступку кар’еры быў разы ў два карацейшы. Але тут — асобы выпадак. У савецкія часы адносіны паміж камандзірамі і палітработнікамі часта бывалі не самымі лепшымі. У Валерыя ж Фралова з начальнікам палітаддзела дывізіі яны былі настолькі напружанымі, што аднойчы сарваліся ў звычайную бойку.

Гэта магло стаць фактычным канцом кар’еры. Выратавалі вучэнні. Намесніку камандуючага акругай настолькі спадабаліся дзеянні палка Фралова, што ацаніў іх вышэйшай адзнакай, дадаўшы: «Нічога падобнага з часоў вайны не бачыў». Вынік — павышэнне.

Дарэчы, іх дывізіяй тады камандаваў палкоўнік Леанід Мальцаў, які потым стаў міністрам абароны, а зараз узначальвае Савет бяспекі краіны. Ён і даў Валерыю Фралову ў 1989 годзе накіраванне ў Ваенную акадэмію Генеральнага штаба.

Потым быў Вільнюс. Сярод падначаленых Фралова знаходзіўся ў тым ліку начальнік штаба і ракетных войскаў Вільнюскага гарнізона, будучы прэзідэнт непрызнанай Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя Аслан Масхадаў. Сустракацца ж і разруліваць складаныя пытанні Валерыю Фралову прыходзілася як з камуністамі Ермалавічусам і Буракавічусам, так і сацыял-дэмакратам Бразаўскасам, з лідарам «Саюдзіса» Ландсбергісам, з многімі іншымі палітыкамі Літвы.

Ад пагон да палітыкі

Пры ўсім негатыўным стаўленні стваральнікаў незалежнай Літвы да былой савецкай арміі, да персоны генерала Фралова яны маюць пэўную павагу. Сведчыць гэта пра многае. Толькі ў мінулым годзе Фралоў тройчы бываў у літоўскай сталіцы. У тым ліку — па запрашэнні літоўскага тэлебачання, якое здымала перадачу пра падзеі дваццацігадовай даўніны.

У той напружанай, рызыкоўнай нечаканасцямі сітуацыі генерал Фралоў узяў на сябе адзіна правільную місію — міратворца. Гэта было якраз рашэнне абачлівага палітыка, але з апорай на вайсковую сілу генерала. Менавіта ён вывез з Вільнюса членаў ЦК Кампартыі Літвы. І ён жа пераканаў перамясціцца за сцены гарнізона маскоўскі АМАП, а праз два тыдні, калі жарсці аціхлі, вывез атрад з Літвы. «Гэтыя байцы, — узгадвае генерал, — зброю б не склалі і проста так не здаліся б. А значыць — кроў, смерці, разрастанне канфлікту з Расіяй. Мірнага разводу з Расіяй, мірнага ўсталявання незалежнасці магло б і не адбыцца».

Дзеяннямі генерала Фралова, трэба меркаваць, засталася задаволеная і Масква: пасля вываду савецкіх войскаў з Літвы яму прапанавалі пасаду камандзіра дывізіі ў Таліне. Аднак ужо стварылася нацыянальная беларуская армія, і ад расійскай пасады Валерый Фралоў адмовіўся.

Спачатку першы беларускі міністр абароны Павел Казлоўскі накіраваў яго служыць у Бабруйск, а праз паўтары гады Фралова перавялі ў Гродна — камандуючым армейскага корпуса, на замену Леаніду Мальцаву, прызначанаму на павышэнне.

Было гэта ў 1994 годзе, незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў. Таму, калі на іх перамог Лукашэнка, многія вайскоўцы чакалі аргвысноў. Бо традыцыйна армія працуе на дзеючую ўладу, якую на той час увасабляў прэм’ер Вячаслаў Кебіч. А тут перамог як бы апазіцыянер.

На здзіўленне вайскоўцаў, у тым ліку самога Фралова, але новы прэзідэнт кадравага ператрусу арміі не распачаў. На пасадзе камандуючага танкавым корпусам генерал пратрымаўся яшчэ шэсць гадоў. Хаця асаблівай адданасці не дэманстраваў і па многіх пытаннях меў сваё меркаванне.

Яго адправілі ў адстаўку на пачатку 2000 года. Цікава, што гэта адбылося ў той момант, калі Валерый Фралоў абараняў дыплом Акадэміі кіравання пры прэзідэнце РБ, і адразу ж пасля таго, як ён накіраваў прэзідэнту ліст з абгрунтаваннем неабходнасці рэформ у беларускім войску.

Праз некалькі месяцаў былі чарговыя парламенцкія выбары, і генерал запасу вырашыў пайсці ў палітыку.

Танкавая палітыка

Як у нас робяцца элегантныя перамогі, добра вядома, але атрымаць дэпутацкі мандат Фралову дапамаглі некалькі фактараў. На той час механізм выбарчай сістэмы яшчэ не быў так бездакорна адшліфаваны. Валерый Фралоў яшчэ быў далёкі ад апазіцыі. Генеральскія пагоны ў вачах уладаў яшчэ ўспрымаліся як гарантыя лаяльнасці. Яны ж працавалі на яго аўтарытэт і ў вачах электарату, які генерал падмацаваў прыроднай дэмакратычнасцю і актыўнымі сустрэчамі з выбарцамі. Але пераадолець галоўны бар’ер яму наўрад ці ўдалося б без актыўнай падтрымкі яго сябра — гродзенскага губернатара Аляксандра Дубко.

Аднак палітыку-танкісту спатрэбілася няшмат часу, каб зразумець, што так званы «парламент» выконвае, паводле трапнага азначэння Валерыя Фралова, ролю падтанцоўкі для юрыдычных шлягераў прэзідэнцкай адміністрацыі. Як і тое, што адзін у полі не воін.

Так, вясной 2001 года была ўтворана дэпутацкая група «Рэспубліка», якая першапачаткова складалася з дванаццаці чалавек, і ў якую, акрамя добра вядомых Уладзіміра Парфяновіча і Сяргея Скрабца, уваходзілі намеснікі кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі, генеральнага пракурора, старшыні КДБ па Брэсцкай вобласці, два старшыні райвыканкамаў, некалькі вельмі ўплывовых бізнэсмэнаў і іншыя. У кожнага з іх была свая матывацыя, але, падаецца, агульнай асновай было адчуванне ўласнага гонару, нязгода на ролю падтанцоўкі.

Не хачу спрачацца з ярымі апалагетамі існуючай сёння стабільнасці, але, калі трое апальных «рэспубліканцаў» потым апынуліся за кратамі, а сам былы кіраўнік дэпутацкай групы быў двойчы збіты, быў аштрафаваны на суму, эквівалентную тром з паловай тысячам долараў ЗША, то і на іх месцы было б не шкодна задумацца, якой цаной гэта стабільнасць забяспечваецца. І якая расплата іх саміх чакае.

Нагадаю яшчэ пра галадоўку ў чэрвені 2004 года трох сяброў «Рэспублікі» (Фралоў, Скрабец і Парфяновіч) на знак пратэсту супраць намераў Лукашэнкі атрымаць трэці прэзідэнцкі тэрмін. Гэта была апошняя апазіцыйныя акцыя беларускіх дэпутатаў.

Праз некалькі месяцаў яны страцілі свае дэпутацкія паўнамоцтвы, а ўсе пяць наступных спробаў Валерыя Фралова атрымаць дэпутацкі мандат (рознай вартасці) былі паспяхова нейтралізаваныя. Наступаць на тыя ж самыя граблі ўлада больш не збіралася.

У межах закону

Менавіта парламенцкія выбары 2004 года падштурхнулі Валерыя Фралова да ўступлення ў апазіцыйную партыю. Адбылося гэта, калі з дапамогай спецслужб Фралову нечакана не хапіла подпісаў для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты. Ён звярнуўся па дапамогу ў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю «Народная грамада», якой тады кіраваў Мікола Статкевіч. Паразмаўлялі. Падаў заяву. Так ідэйная блізасць матэрыялізавалася ў партыйную.

Сёння Валерый Фралоў сярод тых, хто падтрымлівае Ірыну Вештард. Больш за тое, абраны намеснікам старшыні сваёй партыі. Не буду блытаць чытачоў назвамі і займаць чыйсьці бок ва ўнутрыпартыйных расколах і спрэчках сацыял-дэмакратаў. Спашлюся толькі на словы самога Фралова: «Вождей много, индейцев мало».

Напэўна, у палітыцы заўсёды цяжка гаворыць тое, што думаеш. Некалькі разоў быў сведкам таго, як словы генерала не прыходзіліся да спадобы ні апазіцыйнай тусоўцы, ні ўладзе. З той толькі розніцай, што ўлада з асаблівай увагай ставіцца да былых вайскоўцаў. Мабыць, добра ведае, хто нясе рэальную пагрозу, а хто віртуальную.

Апошнім часам Валерый Фралоў двойчы арганізоўваў нефармальныя сустрэчы былых вайскоўцаў. Збіралася чалавек 50–60. І двойчы, прыкладна ў той жа колькасці байцоў, у суседнім будынку чакаў адпаведнай каманды атрад АМАП.

Дарэмна, бо Валерый Фралоў у палітыцы прынцыпова прытрымліваецца не рэвалюцыйнага, а эвалюцыйнага алгарытму. Ён заўсёды прынцыпова дзейнічае ў межах існуючага заканадаўства. Нават, калі яно і не вельмі спрыяльнае для апазіцыйнага асяроддзя.