Іван Шэга. У пошуках праўды

Сёння раніцай са Слоніму прыйшла сумная навіна — памёр вядомы доктар і грамадскі дзеяч Іван Шэга. Некалі Сяргей Чыгрын напісаў пра яго: «Такімі людзьмі мы павінны ганарыцца». І гэта сапраўды так. Шкада, што сыходзяць лепшыя...



get_img89.jpg

Слонімскага доктара Івана Шэгу я ведаю даўно. З ім немагчыма было не пазнаёміцца. Ці то ў раённай паліклініцы, ці то ў бальніцы, ці на розных сустрэчах з выбаршчыкамі, ці проста так на вуліцы ў Слоніме. Іван Шэга — прыгожы, інтэлігентны, адукаваны, нястомны ва ўсіх добрых і сур’ёзных справах — кідаецца ў вочы адразу. З ім цікава размаўляць, ён заўсёды дапаможа. Такімі людзьмі мы павінны ганарыцца.

Штрых першы: маленства і юнацтва

Нарадзіўся Іван Шэга ў вёсцы Валеўка на Навагрудчыне 25 сакавіка 1953 года. Яго бацька Іван Іванавіч Шэга быў родам з вёскі Малюшычы Карэліцкага раёна. У 18-гадовым узросце ён пайшоў на фронт, а пасля вайны сем гадоў служыў у акупацыйных войсках у Германіі. Пасля дэмабілізацыі быў накіраваны на працу ў Валеўку, дзе і пазнаёміўся з будучай маці, тады Клаўдзіяй Зайка. Вынікам шлюбу бацькоў стала нараджэнне Івана, а праз 6 гадоў і сястры Наталлі.

Ваня Шэга вучыўся добра, навука давалася яму лёгка. Ды і з настаўнікамі Івану Шэгу вельмі пашанцавала. Ён і сёння часта ўспамінае іх з асаблівай цеплынёй. Беларускасці Ваня вучыўся ў такіх людзей, як настаўнік беларускай мовы і літаратуры Уладзімір Урбановіч, завуч школы Міхаіл Петрыкевіч, выхаванасці — у класнага кіраўніка Кацярыны Вінаград, ды і ўсе астатнія настаўнікі прымалі ўдзел у фарміраванні з вучняў сапраўдных людзей. У Валеўскай школе тады быў арганізаваны краязнаўчы музей, і вучні прымалі непасрэдны ўдзел у яго працы, праводзілі экскурсіі па музеі падчас канікулаў. Акрамя таго, каля школы вучні і настаўнікі стварылі вялікі парк-дэндрарый з экзатычнымі для нашых мясцін раслінамі, за якімі школьнікі пастаянна наглядалі. У Валеўскую школу прыязджалі і выступалі ў свой час перад вучнямі вельмі многія вядомыя беларускія пісьменнікі і паэты.

  Сярэднюю школу Іван Шэга закончыў з адной чацвёркай у атэстаце. Дарэчы, галоўны ўрач Слонімскай бальніцы Юрый Пяцельскі, з якім працаваў Іван Шэга і які выганяў яго з працы, таксама закончыў Валеўскую школу, але значна пазней. Тое, што Іван Шэга падаў дакументы на паступленне ў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут, ён лічыць умяшаннем у ягоны лёс Бога. Шэга дакументы рыхтаваў у політэхнічны інстытут, але, прыехаўшы ў Мінск, у апошні момант памяняў рашэнне, нават сам не ведаў чаму, але аднёс дакументы ў медыцынскі інстытут.

Падчас навучання на сельгасработах пазнаёміўся з будучай жонкай, якая вучылася на педыятрычным факультэце. У 1974 годзе яны ажаніліся, а ў 1975-м у іх нарадзіўся сын. У 1976 годзе Іван па размеркаванні быў накіраваны на працу ў Капыль хірургам, а жонка — педыятрам. Умовы працы для маладых спецыялістаў тады мала адрозніваліся ад цяперашніх: жылля не давалі, таму жылі на прыватнай кватэры, зарплаты былі малыя, таму без дапамогі бацькоў было б зусім цяжка. Адпрацаваўшы неабходны час, у 1980 годзе Шэгі пераехалі на радзіму жонкі — у Слонім.

Штрых другі: шлях у медыцыну

У Слоніме ў 1984 годзе Іван Шэга з дапамогай жончыных бацькоў пабудаваў сабе дом. Працаваў у траўматалагічным аддзяленні, шмат аперыраваў, праходзіў стажыроўкі ў Мінску, Ленінградзе, Маскве, Запарожжы. Авалодаў методыкай мануальнай тэрапіі, што тады было вельмі модна. У Слонімскай паліклініцы па ягонай ініцыятыве быў адкрыты кабінет мануальнай тэрапіі, пазней на базе аздараўленчага комплексу слонімскага кардонна-папяровага завода «Альбярцін» ім было арганізавана малое прадпрыемства «Фенікс», якое займалася аказаннем дапамогі хворым з астэахандрозам. На жаль, праз два гады, па прычыне рэканструкцыі тэрыторыі завода, прадпрыемства «Фенікс» было закрытае.

Але доктар Шэга стараўся працаваць сур’ёзна, павышаць свой медыцынскі вопыт, нягледзячы на ўсе праблемы і кур’ёзы. Ён у 1996 годзе стаў спецыялістам вышэйшай катэгорыі. Хворыя стараліся трапіць да яго на прыём. Доктара ў Слоніме сталі ведаць амаль усе.

1247735180_ivan5.jpg

Штрых трэці: палітычны

У 1994 годзе Слонім наведалі тагачасныя дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі разам з Зянонам Пазьняком. На сустрэчу з імі прыйшлі каля тысячы чалавек, зала не магла ўсіх умясціць.Пасля выступлення Зянона Пазьняка Іван Шэга адразу напісаў заяву на ўступленне ў БНФ. З таго часу, акрамя сваёй прафесійнай дзейнасці, стаў паціху займацца грамадска-палітычнай. У выніку Іван Іванавіч перамог на мясцовых выбарах 2003 года, стаў дэпутатам Слонімскага раённага Савета.

Дэпутат Іван Шэга дабіваўся адкрыцця харчовай крамы на тэрыторыі свайго выбарчага ўчастка, бо людзі прасілі. Збіраў подпісы, пісаў скаргі, сустракаўся з людзьмі, з кіраўніцтвам райвыканкама і такі дамогся свайго. Старшыня райвыканкама Мечыслаў Касцюк нават даслаў яму запрашэнне на адкрыццё крамы! «Я вельмі стараўся працаваць у адпаведнасці з законам аб статусе дэпутата, праводзіў прыём выбаршчыкаў, ладзіў сустрэчы з імі, прычым рабіў гэта нефармальна. На фоне астатніх дэпутатаў выглядаў няблага, мяне мае выбаршчыкі ведалі і звярталіся пастаянна па дапамогу. Уладам мая дэпутацкая актыўнасць не падабалася. Пачаліся першыя праблемы на працы ў выглядзе прымусовага прызначэння мне дзяжурстваў на дні запланаваных мерапрыемстваў, адмоваў у прадстаўленні адпачынкаў і г.д.», — успамінае Іван Іванавіч.

На выбарах у Палату прадстаўнікоў Івана Шэгу не зарэгістравалі кандыдатам, бо баяліся, што за яго прагаласуе шмат людзей. Выбаршчыкаў прымушалі адклікаць сабраныя за яго подпісы. На чарговых мясцовых выбарах зноў не зарэгістравалі з-за дэкларацыі аб даходах. У даведцы аб даходах з бальніцы «забыліся» ўказаць 20 тысяч беларускіх рублёў прэміі. У 2007 годзе Іван Шэга арганізаваў кампанію за добраўпарадкаванне свайго мікрараёна, пасля чаго заасфальтавалі некалькі вуліц і завулкаў горада.

Выбары 2008 года ў парламент Іван Шэга і тысячы слонімцаў лічаць пераможнымі для доктара. Нягледзячы на ўсе падтасоўкі, ён набраў амаль 30% галасоў па афіцыйных звестках. «Што галасы скралі — без сумнення, бо маю доказы, — распавядае Іван Іванавіч. — Пасля выбараў на мяне наехаў галоўны ўрач-зямляк Юрый Пяцельскі, які парэкамендаваў мне напісаць заяву аб звальненні, аднак я падзякаваў і прапанаваў, што разбяруся ў гэтай праблеме сам. У адказ ён зволіў з працы старшыню майго выбарчага штаба Івана Бедку».

З гэтага часу Іван Шэга на працы быў пад пастаянным прэсінгам. Але па-сур’ёзнаму зачапіць не маглі, хаця крыві папсавалі. Маючы вышэйшую катэгорыю і з’яўляючыся аперыруючым хірургам, ён напісаў заяву аб пераходзе з паліклінікі ў траўматалагічнае аддзяленне Слонімскай бальніцы, бо там з’явілася вакансія. Галоўны ўрач Пяцельскі, канешне, адмовіў, а сам даў аб’яву ў СМІ, што яму патрэбен доктар для працы ў траўматалагічным аддзяленні.

Апошнім часам узначальвае Слонімскую арганізацыю партыі БНФ. «На парламенцкіх выбарах 2012 года наша партыя прытрымлівалася тактыкі, прапанаванай Слонімскай арганізацыяй партыі БНФ. Лічу, што нам удалося пераламаць сітуацыю, упершыню ўладам прыйшлося гуляць па нашых правілах, шкада толькі, што не ўсе дэмакраты гэта зразумелі. Я удзельнічаў у гэтай кампаніі ў якасці кандыдата, але па рашэнні партыі зняў сваю кандыдатуру», — разважае Іван Шэга.

Штрых чацвёрты: медыцынскі

У тым жа 2012 годзе Іван Шэга зарэгістраваў недзяржаўную інфармацына-кансультатыўную ўстанову «Шэгамедкансульт». Перад гэтым мясцовыя актывісты ў Слоніме правялі добрыя грамадзянскія кампаніі па паляпшэнні медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. Была праведзена канферэнцыя па гэтым пытанні з удзелам медыкаў з Гродна і Мінска, выпрацаваны канкрэтныя прапановы, якія былі накіраваны ў Слонімскі райвыканкам і адміністрацыю Слонімскай ЦРБ. Вынікам яе з’явілася набыццё кампутарнага тамографа, адмена незаконнай аплаты хворымі рэнтгенаўскай плёнкі, рэфармаванне працы траўматалагічнага кабінета паліклінікі. Акрамя таго, Іван Шэга прааналізаваў стан і выпрацаваў прапановы па рэфармаванні сістэмы аховы здароўя Беларусі.

Працуючы ў Слонімскай ЦРБ, Іван Шэга з пісьмовымі зваротамі пастаянна звяртаўся да галоўнага ўрача Пяцельскага наконт нізкай тэмпературы ў перавязачнай мінулай зімой, наконт няправільна ўсталяванай бесценявай лямпы, наконт неабходнасці папаўнення інструментарыя для амбулаторных аперацый і г.д. І, ведаючы яго настырнасць, адміністрацыя знаходзіла магчымасць тое-сёе зрабіць.

Калі заканчваўся працоўны кантракт, Іван Шэга раптам атрымаў ліст ад галоўнага ўрача Пяцельскага з прапановай працягнуць кантракт: «Адміністрацыя УА «Слонімская ЦРБ паведамляе, што з Вамі будзе працягнуты кантракт тэрмінам на адзін год з 28 чэрвеня 2013 года да 27 чэрвеня 2014 года».

Вядома ж, спецыялістаў у Слонімскай ЦРБ не хапае. Напрыклад, каб патрапіць да неўрапатолага, трэба чакаць месяц, да ўролага — каля двух месяцаў, тое самае і з траўматолагамі. Не хапае ў Слоніме траўматолагаў, бо нядаўна два добрых спецыялісты пераехалі ў Касцюковічы, адзін — у Мінск, уролаг — адзін на ўвесь раён, і то ён даўно пенсіянер. Маладыя спецыялісты прыедуць, адпрацуюць два гады і пакідаюць горад.

І раптам 21 мая Іван Шэга атрымаў ад таго ж Пяцельскага новае пісьмо, дзе галоўны ўрач папярэджвае: «Адміністрацыя Слонімскай ЦРБ паведамляе, што 27 чэрвеня Вы будзеце звольнены ў сувязі з заканчэннем тэрміну кантракта, п. 2 арт. 35 Працоўнага кодэксу Рэспублікі Беларусь».

Штрых пяты: жыццё працягваецца

Даведаўшыся пра гэта, жыхары Слоніма пачалі збор подпісаў пад калектыўным зваротам у Слонімскі райвыканкам, Гродзенскі аблвыканкам, Міністэрства аховы РБ, адміністрацыю прэзідэнта, у якім прасілі даць ім мажлівасць лячыцца ў вопытнага доктара, якому яны давяраюць і якога ведаюць шмат гадоў. У абарону доктара Івана Шэгі было сабрана звыш 1500 подпісаў і адпраўлена па адрасах.

Кіраўнікі слонімскіх суполак партый «Справядлівы свет» (Сяргей Бузун), БНФ (Віктар Марчык), БХД (Іван Бедка), АГП (Сяргей Бялько) і Алесь Масюк ад «Руху за Свабоду» звярнуліся да старшыні Слонімскага райвыканкама Іосіфа Паўлюкевіча з просьбай падтрымаць доктара. У лісце партыйцы напісалі, што «доктар Слонімскай цэнтральнай раённай бальніцы Іван Іванавіч Шэга 30 гадоў адпрацаваў у бальніцы. Доктар вопытны, спецыяліст вышэйшай катэгорыі, якога ведаюць як добрага спецыяліста ўсе жыхары Слонімшчыны і нават суседніх раёнаў, ён поўны сіл і энергіі працаваць і надалей доктарам у Слоніме». Але спадар Паўлюкевіч адказаў: «Слонімскі раённы выканаўчы камітэт паведамляе, што з Шэга Іванам Іванавічам спынены працоўныя адносіны ў адпаведнасці з дзеючым працоўным заканадаўствам».

Івана Шэгу звольнілі з працы. Следам за ім звольніўся са Слонімскай ЦРБ і траўматолаг Юрый Халупка. Слонім застаўся без вопытных дактароў. Але гэта галоўнага ўрача Пяцельскага не хвалюе: ён па-ранейшаму дае аб’явы ў «Медыцынскі веснік» і іншыя выданні, што ў Слонім запрашаюцца на працу дактары амаль усіх спецыяльнасцяў. Толькі ніхто сюды не едзе. А Іван Шэга бясплатна лечыць хворых. Бывае па 5–6 чалавек у дзень, бо людзі просяцца да яго, яму давяраюць. А яшчэ доктар і палітык Іван Шэга ў Слоніме для сваёй уласнай установы «Шэгамедкансульт» шукае памяшканне ў цэнтры горада, каб там бясплатна даваць кансультацыі. Ён у нястомных пошуках праўды — жыццё працягваецца.


Рэдакцыя "Новага часу" выказвае шчырыя спачуванні родным і сваякам Івана Іванавіча Шэгі. Светлая яму памяць...