Яўген Усошын — ад грузчыка да святара

Да таго моманту, як Яўген Усошын стаў святаром грэка-каталіцкай (уніяцкай) царквы, ён паспрабаваў шмат прафесій і сацыяльных роляў. Быў то «левым» з паголенай галавой, то
«металюгам» з даўгімі валасамі…



1_jauhien_usoshyn_fota_autara_logo.jpg

Яўген Усошын. Фота Вікторыі Чаплевай

Яўген Скончыў гістарычны факультэт БДУ, удала паспрабаваў сябе ў журналістыцы ў штотыднёвіку «Згода» (папярэдніку «Новага Часу»). Але потым прыйшоў да служэння Богу. Протапрасвітар Айцец Яўген распавёў пра сваё святарскае пакліканне, складанасці чалавечага выбару і раскрыў таямніцу шляхоў да вольнасці.
— Ці істотная розніца паміж айцом Яўгенам і маладзёнам  Яўгенам  канца  1990-х?


— Безумоўна, гэта два розныя чалавекі. Мае погляды змянялі- ся даволі часта. Недзе з 15 гадоў, калі малады чалавек пачынае задумвацца аб жыцці, шукаць сябе  ў грамадстве, я цікавіўся левымі, анархічнымі, кансер- ватыўнымі, ліберальнымі ру- хамі, зрэшты, хрысціянскай дэмакратыяй. На розных этапах свайго жыцця адчуваў сябе то кансерватарам, то радыкалам… Увогуле, радыкалізм — гэта до- брая рэч, калі выводзіць яго ад слова «корань», што па латыні гучыць як radix. У пэўны момант прыйшло асэнсаванне выбару: я вырашыў вярнуцца да свайго паклікання, якое калісьці адчуў.

— Але каб з радыкала вырас святар, трэба  перайсці  праз велізарны мост. Як прыйшло разуменне свайго  шляху?

— Усё пачалося з хросту,  які я прыняў яшчэ школьнікам. Ахрысціўшыся, ужо дзесьці праз тыдзень я неўпрыкмет адчуў пакліканне да святарства.

— Своеасаблівы ўнутраны голас?

— Унутраны голас  — гэта ўвогуле цікавая рэч, пра што ходзіць шмат  анекдотаў… Не было ў мяне  ўнутранага голасу. Проста захацелася стаць свята- ром. І гэтае жаданне ўва мне то заціхала, то запальвалася. Яно жыло  ўва мне  на працягу ўсіх студэнцкіх гадоў. Я быў больш ці менш пабожны, хадзіў у царкву. Але жаданне быць святаром было ў мяне  заўжды.

— Тым  не  менш,  шлях  да гэтага быў не кароткім?

— Зразумела! Кім толькі  я ні быў! Нават  грузчыкам. А на 5 курсе  сябар  прывёў  мяне  ў
«Згоду». Я прапрацаваў там каля двух гадоў пазаштатнікам. Захацелася паспрабаваць сябе ў журналістыцы, але…

— Не атрымлівалася пісаць?

— Не, людзям падабалася, прынамсі, некаторым. Але я зразумеў, што гэта не маё. І пас- ля ўніверсітэта, праз яшчэ адну чарговую  спробу знайсці сябе ў свецкім жыцці, я вырашыў усё ж такі пайсці ў семінарыю, стаць святаром.

Святарскае пакліканне — гэта тонкая матэрыя. Яно патра- буе выпрабавання. Неабходны час, каб  зразумець, ці не ёсць гэта проста нейкае мінутнае памкненне. І семінарыя існуе не толькі  для таго, каб выявіць здольнасці, а найперш для таго, каб чалавек здолеў зразумець, ці адчувае  ён сапраўды пакліканне. З чыста тэхнічнага боку, ёсць шмат людзей — палітыкаў, бізнэсоўцаў, будаўнікоў, любых іншых  прафесій, якія  маглі  б стаць нядрэннымі святарамі. Але тут ёсць нешта  большае, чым тэхніка, — гэта пакліканне Божае.

— Апошняя  спроба,  пасля якой вы вырашылі ўсё ж такі ісці за сваім пакліканнем, была журналістыка?

— Гэта маглі  быць  яшчэ  ва- сямнаццаць спробаў.  Але іх я ўжо не стаў рабіць.  Апошняя – настаўнік у мастацкім ліцэі. Але яна цягнулася толькі два тыдні. Ваганні зніклі, і я пастанавіў да- кладна: «Хачу быць святаром».

— Ці змяніліся вашы погляды на Беларусь пасля прыняцця святарства?

— Канешне. Пры тым, я не магу сказаць, што яны  канчаткова ўсталяваліся. Мяняецца сітуацыя ў краіне, мяняюцца людзі, зрэшты, мяняецца краявід. Я лічу, што кожны хрысціянін — гэта  патрыёт. Але ў хрысціяніна ёсць дзве Айчыны: Айчына, у якой мы жывем, і Айчына, якая ёсць у Небе. І тая, Нябесная Айчына, — пераважная, бо яна больш трывалая. І да той Айчыны мы ўсе пакліканыя,  незалежна ад  таго, дзе мы нарадзіліся і на якой мове размаўляем.

— Я чытала  ваш  артыкул за 2000 год. Там ёсць такія радкі: «Палякі прыйшлі да волі молячыся, балтыйскія народы — спяваючы. Баскі  дагэтуль страляюць, але, пэўна, ніколі не дамогуцца сваёй дзяржавы». Беларусам вы раілі гукаць вясну. Што мелі на ўвазе?

— О!  З  гэтым артыкулам увогуле дзіўная гісторыя выйшла! Пару гадоў таму натрапіў выпадкова на яго ў інтэрнэце. Чытаю тэкст і думаю: «Як цікава аўтар напісаў!». А потым гляджу
— гэта  ж мой тэкст!  А пра  гуканне… Гэта хутчэй быў проста мастацкі прыём. Тады мне было важна напісаць прыгожа… Гэта адзіны каментарый, які я б мог зрабіць на гэты конт.

— 14 год таму вы пісалі, што палякі атрымалі вольнасць малітвамі…

— А зараз я лічу, што яны да канца яе не атрымалі.

— Гэта малітвы не да канца дапамаглі?

— Дапамаглі. Але тады ў Польшчы быў рэжым таталітарызму. Рэжым, калі чалавеку перашкад жалі быць чалавекам. За апошні перыяд шмат што змянілася, змяніліся людзі, сталі лепшымі. Але супраць цячэння заўжды складаней ісці. Цячэнне — гэты свет. Гэты свет, як яго разумеў Хрыстос, — вораг чалавеку. Паддаючыся законам гэтага свету, заўсёды лягчэй зманіць, чым сказаць праўду, скрасці, чым падзяліцца. Ёсць плынь у грамадстве, якая прапагандуе зло і зваблівае чалавека ісці за гэтым злом. І ні ў якім выпадку чалавечую вольнасць нельга зводзіць толькі да палітычнай. Калі чалавек унутры зняволены, то ён і палітычна ніколі не будзе вольны. Унутрана зняволеныя людзі скідваюць аднаго «тырана», і на яго месца прыходзіць іншы. Тады патлумачце мне: які сэнс такіх дзеянняў? Чалавек перш за ўсё мусіць быць вольным унутрана. Калі ён такім будзе, то будзе вольны і вонкава, нават калі, напрыклад, трапіць за краты.

— А што ёсць шляхам да ўнутранай вольнасці?

— Змаганне са сваімі слабасцямі, злом, якое сядзіць унутры чалавека. Што такое свабода? Хрысціянскі погляд на яе вельмі просты — свабода была дадзена для таго, каб чалавек меў шчас- це. Бо «за вуха» чалавека зрабіць шчаслівым немагчыма. Гэта тое ж самае, калі загадваць дзіцяці есці сілком. Ён будзе казаць: «Не смачна!». Таму чалавеку патрэбна свабода — для выбару. А шчасце чалавечае было і ёсць у Богу, у дабры. Свабода мае сэнс, калі чалавек выбірае добрае. Калі чалавек выбірае злое, то яна перастае мець свой сэнс, бо вядзе не да чалавечага шчасця.

2_ajcec_ja_gen_na_pashal_naj_sluzhbe_fota_z_asab_staga_arh_va_ja_gena_usoshina_logo.jpg

Айцец Яўген на Пасхальнай службе. Фота з асабістага архіва Яўгена Усошына

 

— У Бібліі напісана, што ўсялякая ўлада ад Бога. То бок кепскія дзеянні супраць улады азначаюць кепскія дзеянні супраць Бога?

— Выраз «усякая ўлада ад Бога» не мае на ўвазе кіраўніка. Бог — пачатак усякае ўлады. Але ўлада таксама павінна ўсведам- ляць сваю боскасць — яе дзеянні мусяць быць накіраваны на супольнае дабро. Калі ж не, то «ўладар» — ці ён чыноўнік, ці муж-бацька ў сям’і, ці імператар — выкарыстоўвае ўладу няправільна. А гэта азначае, што здзяйсненне ўлады ўжо не з’яўляецца выкананнем яе боскага прызначэння — упарадкавання грамадства для супольнага дабра. Калі ўладар кіруецца ў дзейнасці іншымі мэтамі, ён крадзе гэтую ўладу, бо яна ад Бога. Вось і ўсё.

— І што варта рабіць так названым «падуладным»? У вядомым польскім фільме «Караль. Чалавек, які стаў Папам» на прыкладзе жыцця Яна Паўла II паказваецца, што са злом трэба змагацца любоўю і малітвамі.

— Насамрэч, гэты фільм нашмат глыбейшы, чым можа спачатку падацца. Галоўны герой Караль Вайтыла сустракае старэйшага сябра, які расказвае яму пра змаганне любоўю, бо дабро перамагае зло. Але гэта не было змаганне палітычнае. Гэта было змаганне супраць зла, якое ў пэўны момант прысутнічала ў краіне. Ні вы, ні я не жывем па-за грамадствам. І чалавек не жыве ў прасторы, дзе лётаюць анёлы. Таму змаганне хрысціяніна больш глыбокае. Яно павінна быць вонкавым і ўнутраным. Зло можа прымаць не толькі палітычныя, але і іншыя абліччы. Таму калі казаць пра шляхі змагання, то трэба адразу агаворваць яго характар. А ў фільме прапа гандавалася больш глыбокае змаганне — быць людзьмі на поўную меру. Прынамсі, не толькі антыкамуністамі, якія дабром падрываюць зло. Дабро — гэта не бомба для змагання, але найвышэйшая мэта, якая дасягаецца барацьбой унутранай — з недасканаласцямі і са злом у сабе перш за ўсё.

— Што змянілася ў грэка-каталіцкай царкве ў параўнанні з 1990-мі? Ці расце колькасць вернікаў? Ці ствараюцца новыя парафіі?

— Парафіі  не ствараюцца — яны аднаўляюцца. Нашы парафіі ніколі не былі юрыдычна скаса ваныя. Іх ліквідаваў Мікалай I, актам свецкай улады, такім самым чынам я магу нешта ліквідаваць. Узрост  нашых  парафіяў ідзе паступова як колькасны, так і маральны. Увогуле, у сучасным грамадстве пануе такое меркаванне: чым больш колькасці, якую вымералі лінейкай, тым больш якасці. Але гэта не так. Наша царква жывая. Да нас людзі прыходзяць, каб знайсці Хрыста. І гэта — знак жыцця. Царква развіваецца, і Бог яе напаўняе.

— Не было сумненняў у выбраным шляху?

— Гэта — маё. Часам бывае цяжка. Але нават цяжкае жыццё можа быць шчаслівым. Мне было складана, калі я быў семінарыстам. І зараз бываюць цяжкасці. Маё святарскае пакліканне, канешне, прыносіла свае калючкі, але яно ніколі не рабіла мяне няшчасным.

Канешне, былі. Сумненні — гэта нармальны працэс, калі ён не пачынае руйнаваць жыццё па той прычыне, што табе рап- там нешта не спадабалася. Калі чалавек стаўся кімсьці сам, а не пад прымусам, калі ён свядома абраў шлях, то, значыць, варта проста прайсці трошку далей.

— Але ў такім выпадку чалавека чакае штодзённае змаганне з самім сабой…

— Так, а што вы хацелі? Гэта жыццё. Не, канешне, можна не змагацца. Тады можаш адразу класціся і паміраць. Жыццё ёсць змаганне. І гэта варта зразумець, асабліва ў сучасным свеце. Гэта не тыя пару клікаў, пасля якіх можна падумаць, што жыццё змянілася. Яно проста так не зменіцца. Чалавек мусіць змагацца. Калі ён сутыкаецца з рэальнасцю і разумее, што трэба змагацца, перамагаць, рабіць свядомыя і адказныя жыццё- выя выбары, — толькі тады ён знойдзе шчасце ў гэтым жыцці.