Еду ў Магадан. Дзённік Ігара Аліневіча

«Новы Час» раней друкаваў урыўкі з дзённіка палітвязня Ігара Аліневіча, напісанага ім у турме КДБ. Цяпер мы вырашылі апублікаваць дзённік цалкам, такім, якім палітвязень перадаў яго на волю.



olinevich_10.jpg

28 лістапада 2010 года, Масква, кафэ гандлёвага цэнтра «У Горбушки», 14.45 на гадзінніку. Выходзім з цэнтра, з усіх бакоў кінуліся 4 цені, схапіўшы пад рукі. Адзін з людзей у чорным супакойвае: «Гэта мы вашым дапамагаем». Хм, гэтыя «нашы» вашы, а не нашы. Бразнулі бранзалеты, запіхнулі ў машыну, шмон па кішэнях, мабіла, кашалёк, плэер... Шапка на вочы, адна машына, пасля другая. Паміж сабой людзі ў чорным не перагаворваюцца, пішуць тэкст на тэлефоне і перадаюць адзін аднаму. Пару прыпынкаў у прыбіральню, глядзіш на поле, лес і здаецца, што гэта сон...

...Мяжа з Беларуссю. Галаву ўціскваюць у падлогу, значыць, аперацыя — нелегальная. Перадача мясцовым у бусік. Маскоўскія кажуць: «Больш такой х... не падкідвайце». «Вядома, за намі доўг, мужыкі», — адказваюць тутэйшыя. Кранаемся з месца. Пачынаюць з пагрозаў: «Ты зразумеў, што сказаць трэба? Ці заедзем у адно месца для тлумачэнняў?» «Так зразумеў-зразумеў, — адказваю я, — чаго ўжо тут...» Ага, як жа. Трэба мабілізавацца, засяродзіцца на адной праўдзе: «Не вер, не бойся, не прасі...»

«Ужо 20.30, заязджай». Ляснула брама, машына заехала. На вачах па-ранейшаму шапка. Я цалкам дэзарыентаваны. Заводзяць у кабінет, садзяць на крэсла, тварам у стол, на шыю апусцілася рабро чыёйсьці далоні. Наперадзе самая доўгая ноч у маім жыцці...

«Ігар, давай пагаворым з табой як чалавек з чалавекам», — пачуў голас насупраць.

«У такім становішчы людзі не размаўляюць», — я сам здзівіўся свайму голасу. Мабыць, яны не чакалі супраціву і на некаторы час замарудзіліся.

— Якія навіны ў інтэрнэце? Нікога не выкралі? Дрэнна працуеце. Пра вашага «казачка» было вядома загадзя. Мы падрыхтаваліся.

Адчыніліся дзверы, нехта сказаў: «Сапраўды, ужо вісіць на сайце». Няёмкая паўза. Усе, а іх было трое ці чацвёра, выйшлі. Вярнуліся дазнавальнікі.

— Ты наіўны. Ты думаеш, у цябе ёсць сябры? Табе ўсе здрадзілі, а ты падазраваў не таго! Бралі зморам. Я засынаў шмат разоў і прачынаўся; як толькі адчувалі стомленасць, адразу ўзмацнялі ціск. У ход ішло ўсё: пагрозы, ліслівасць, шантаж, разважанні пра бессэнсоўнасць барацьбы, сумневы ў бок таварышаў, упор на эгаізм і г.д. Я не ведаў, колькі часу прайшло. Ён перастаў існаваць… «...Закіну ў хату да скінхэдаў! У нас ёсць адмысловая скінхата!.. Ты — прыгажунчык, такіх у турмах любяць... Цябе яшчэ не білі нармальна... Навошта табе гэта? Жыў бы як усе. Яшчэ ёсць магчымасць!.. Ты займаешся каратэ? Ты супярэчыш сваім прынцыпам, бо яно іерархічнае!.. Ты баішся ўзяць, ты — баязлівец!.. Ты сядзеш. Пытанне вырашанае. Толькі вось на пяць ці дзесяць гадоў, вырашаць табе... Я б даў табе 12, не, нават 20 гадоў. Я тэлефаную тваёй бабулі. Хай даведаецца пра цябе ўсё... Табе ніхто не нойме адваката... Нам трэба ведаць толькі адно: хто табе заплаціў?» Я ўключаўся толькі, каб сказаць: «Не ведаю, не быў», і зноў сыходзіў у бяспамяцтва.

Другое правіла гаворыць: «Не бойся». Хто спалохаўся — ужо пераможаны. Варта паказаць страх — і ты на кручку. На некаторы час знялі шапку. За сталом сядзеў толькі адзін: «Эх, добры ты хлопец. Інжынер, здаровы лад жыцця вядзеш, спортам займаешся. Нельга так сябе марнаваць. Я ж і сам разумею, што вы шмат чаго правільна кажаце, вось толькі рэалізацыя... А можа, ну яго, усё гэта?»

Зноў начапілі шапку на вочы. Прыйшоў нехта новы. Ён не стаў усебакова распрагаць, а з адборнымі фразамі і спецыфічным тонам стаў уціраць — маўляў, якое ж ты «сцыкло». ...Зноў чаканне. Жудасна хацелася піць і карцела стрэльнуць цыгарэтку. Але я ведаў, што гэтага рабіць нельга. Любую просьбу трэба ставіць у фармат патрабавання. Трэцяе правіла — «не прасі». Любая просьба робіць псіхалагічны клімат мякчэйшым, і мажліва, менавіта гэтая кропля будзе канчатковай, каб пераважыць чашу шаляў на іх карысць. Знялі шапку, прынеслі ежу. Оперы сядзяць патухлыя, вычарпаныя. Чагосьці чакаем вельмі доўга. Праз маленькую фортку прабіваецца святло. Значыць, ужо дзень. Раптам уздымаюць. Зноў калідорамі, лесвіцамі, кароткім пераходам па ўнутраным дворыку, міма мноства кабінетаў з шыльдачкай «ідзе допыт». Заводзяць да следчага. Тут жа адвакат. Усё культурна. Уручаецца ордэр на арышт па абвінавачванні ў акцыі ля Акрэсціна. Пачынаецца допыт, на гадзінніку 16.00. У іх лапах ужо суткі. Дазнанне доўжылася 19 гадзін. Нарэшце знялі кайданкі... Гэта чароўнае адчуванне свабоды паварушыць рукамі...

Ператрус. Адабралі рэчы, «адшманалі» берцы, далі нейкія тапкі даваенных часоў. Ужо не вытрымліваю, засынаю прама на лаве ў адстойніку. Паднімаюць, вядуць у вялікі круглы хол з масіўнымі сценамі. Вузкая лесвіца на другі паверх. Адчуванне, што трапіў у нейкі сімбіёз супрацьядзернага бункера і калізею. Гарызантальная рашотка закрывае ўвесь праём з другога паверха на першы. У сярэдзіне — цэнтральны пульт з тэлефонам. Канваір вядзе мяне ўздоўж дзвярэй, адна за другой, па крузе. У руках у мяне матрац, падушка, прасціны. Спыняемся, адчыняюцца дзверы №3, і я заходжу ў камеру. Нікога. Два жалезных «шканары» з жорсткімі прутамі, дзве табурэткі, уманціраваныя ў сцяну. Такі ж стол. У кутку пластыкавае вядро з вечкам. На тумбачцы стаіць паднос: бульба, селядзец, сок. Маленькае акенца з выглядам на цагляную сцяну за падвойнымі кратамі ў выглядзе напысніка звязвае са знешнім светам. Дзверы з ляскам захлопваюцца. Падаю на матрац ды імгненна падаю ў сон.

Прачнуўся ад таго, што ў камеру ўвайшоў старшы прапаршчык і запатрабаваў даклад. «У камеры адзін чалавек, лістоў і заяў няма, шпацыр — 1 гадзіну. Дзяжурны па камеры Аліневіч», — так гучала кожны дзень. Цягнуліся гадзіны... Заняцца было рашуча няма чым. Дзікі холад і скразняк, але захутацца коўдрай нельга. Для тых, хто трапляе сюды без цёплых рэчаў — гэта катаванне. Асабліва адчуваецца адсутнасць абутку. Ногі прадзьмувае ў любых шкарпэтках, нават вязаных. Дапамагае толькі ўкручванне стоп у швэдар. Але гэта — дробязі. Самае важнае — вакол пастаянная цішыня, адсутнічае час. Часам даносяцца крокі, рыпанне наручнікаў, ляск «кармушак» (вертыкальнае вакенца ў дзвярах для падачы ежы), «маяковыя» апавяшчальныя ўдары ў дзверы, свіст і шэпт кантралёраў (яны не размаўлялі!).

За некалькі дзён пачынаеш лавіць і распазнаваць любыя гукі. У суткі кармушка адчыняецца некалькі разоў: сняданак, абед, вячэра, лекі. Дзверы адчыняюцца 4 разы: раніцай і ўвечары ў прыбіральню, яшчэ раніцай на абыход дзяжурнага, адзін раз на шпацыр (калі ёсць). І так месяцамі, у некаторых гадамі з кругласутачным люмінесцэнтным асвятленнем.

Поўная невядомасць, дзе я і што далей. Гадзіннік забралі. Дні змяшаліся... Прачынаешся і засынаеш, не ведаючы, ні як доўга спаў, ні часу сутак.

Што такое прытомнасць арыштанта ў першыя дні? Гэта — рой крэатыву ўяўлення пад каталізатарам падсвядомага жывёльнага страху. Толькі сталыя фізічныя практыкаванні прыводзілі ў пачуццё рэальнасці. Ізаляцыя... Як гэта? Жыццё чалавека сплятаецца з тысячы сацыяльных нітак: зносіны, абавязацельствы, планы, праца, нават салата ў халадзільніку — усё мае нітачку ў нашай свядомасці. І ў адзін момант ты пачынаеш вылузвацца з гэтага трывалага насцілу. Не адразу, а паступова. Раптам узгадваеш пра нейкія справы ад больш аператыўных да менш, розум пачынаецца як бы ўздрыгваць, кідацца, што трэба нешта рабіць. Ты спрабуеш ухапіцца за ніткі, не выпусціць, неяк увязаць па-новаму, але замест гэтага губляеш адну за адной усе і падаеш у бездань пустэчы. Гэта яшчэ не самае страшнае: тут хоць бы бачыш, што страціў.

...У гэтым апраметным вакууме першая перадача і першы ліст ад блізкіх — як прамень святла прабівае змрок і абпальвае цяплом. Памятаю, як выцягнуў з пакетаў цёплыя шкарпэткі і шарсцяную коўдру. Захутаўся ў яе і тут жа праваліўся ў сон з адчуваннем дома і бацькоўскага клопату...

«...У мяне ёсць пра што з вамі пагаварыць», — сказаў сівы, але моцны палкоўнік з 4-га аддзялення КДБ. З акна самага далёкага кабінета адкрываўся раптоўны від начнога горада, цэнтральнага праспекта Мінска. Не паверу, што пасля камеры на кагосьці гэта не зрабіла б уражання. Так блізка, і так далёка, даўжынёю ў гады... Гарбата, печыва, пернікі, іншая абыходлівасць, як у фільмах.

«Вы ведаеце, чаму вы тут?» — прагучала падступнае пытанне, як гэта рабіла інквізіцыя стагоддзі таму. «Хацелася б ведаць для пачатку, дзе я знаходжуся», — адказаў я. Гэта не турма, дзякуй Богу, а СІЗА КДБ. Ёсць розніца. Амерыканка, як кажуць у народзе. У 30-я гады тут было расстраляна больш за 30 тыс. чалавек. «Сумна, але запэўніваю вас, ні я, ні мае калегі нават у думках не могуць дапускаць больш такога», — працягваў палкоўнік.

Тры дні запар размовы да ночы — пра анархічны рух, метады, асабісты выбар, сэнс жыцця і г.д. Палкоўнік цікавіўся такімі рэчамі, як «фінансаванне», «лідары», «замежныя сувязі» — ніхто ўжо не верыць, што людзі могуць нешта рабіць самастойна, з ідэйных меркаванняў. На трэці дзень усё скончылася пытаннем: «А ці могуць анархісты і ўлада ісці разам да светлай будучыні? Ці хацелі б вы стварыць уласную арганізацыю? «Тут, як пстрычка, у памяці ўсплыў фрагмент з «Дзённіка крыніцы» (гісторыя-прызнанне завербаванага КДБ гамельчука Сяргея Гаўрыліна — Т. Ш.), дзе праз такую прапанову і адбылася вярбоўка! «Пасля заканчэння тэрміну я збіраюся заняцца пытаннямі альтэрнатыўнай энергетыкі», — павольна, слова за словам, адчаканіў я. Мой адказ моцна засмуціў палкоўніка... Па дарозе ў камеру ўспомніўся Маякоўскі і яго знакамітае: «я лепей у бары блядзям буду падаваць ананасная ваду...»

... Першы шпацыр пад мокрым снегам, у дзіравых пантофлях з тканіны. Шпацыр — гэта трохметровыя суровыя сцены, дворык тры на шэсць крокаў (!) і краты з калючым дротам пад электрычнай напругай. Першы раз надоўга адбівае жаданне выходзіць зноў, але роўна да таго часу, пакуль не прыходзіць разуменне таго, што неба, хай і ў клетачку, лепш, чым нязменная брудна-белая столь з нязменным святлом 24 гадзіны на суткі...

 «З рэчамі на выхад!» — прагучала распараджэнне кантралёра. Скончыліся два тыдні адзіночкі, зараз — у іншую камеру. Заходжу, вітаюся. Перада мной стаяць людзі, самыя звычайныя людзі з чалавечымі тварамі. Неяк не так я ўяўляў сабе крымінальнікаў. Падыходзіць хлопец і пытаецца: «За МТЗ ганяў?» Кажуць, што свет цесны. Але хто б мог падумаць, што я сустрэнуся ў СІЗА КДБ, дзе ўсяго 18 камер на 60 месцаў, з чалавекам, з якім некалькі гадоў ганяў за МТЗ РІПА! Сапраўды, цесны свет!

Настрой палепшыўся. Макс — 22 гады, Кірыл — 29 гадоў, Уладзімір — 55 гадоў. Паскакалі дні-тыдні... Сядзець у кампаніі адэкватных людзей значна лепш, чым у адзіночцы. З пункту гледжання побыту вырашаецца процьма пытанняў па недахопу тысячы дробязяў. Часнык, цыбуля, мыла, паста, запалкі, кіпяцільнік, ручка, аловак, ліст паперы, капэрта, таз, ніткі, усякія мыльна-рыльныя прыналежнасці... Усё не запомніш. Але больш важна, гэта атрыманне ўяўлення пра далейшыя перспектывы знаходжання за кратамі. Як і што вырашаецца з адміністрацыяй, якія працэсы адбываюцца ў следча-судовай сістэме, чаканыя тэрміны папярэдняга расследавання, артыкулы КК, якія пагражаюць па справе. Зрэшты, цэласны погляд на сваё бягучае становішча. Але самае галоўнае, гэта пачуццё калектывізму.

Вельмі хутка выпрацоўваецца арыштанцкія салідарнасць, хоць у амерыканцы ўсталяванай зэкаўскай культуры няма. Практыкуюцца ўсе натуральныя імкненні чалавека да зносін, узаемадапамогі, пачуццё датычнасці, гульні, жарты, і, вядома ж, смех. Бяда збліжае, і прыкметна, як чалавек, які быў на волі індывідуалістычным, замкнёным, становіцца больш сацыяльным і адкрытым. Гатаванне ежы, прыборка, памыўка, нават простае перасоўванне па камеры або строем патрабуе пастаяннай аглядкі на іншых. Адным словам, сыходзіць першасны страх перад невядомасцю і суровасцю турмы. Бо самы галоўны вораг — гэта ўласнае ўяўленне. Неўзабаве акалічнасці прымусілі пераканацца ў праўдзівасці гэтага сцвярджэння. Усе мы, зняволеныя амерыканкі таго часу, пераканаліся ў гэтым.

Ад родных і сяброў, таварышаў і незнаёмых прыходзілі лісты са словамі падтрымкі і салідарнасці. Адбылася сустрэча з адвакатам. З сабой ён прынёс часцінку абсалютна чужароднага гэтаму каменнаму вакууму свету, таго, што ён ставіцца да мяне па-сяброўску. Гэта натхніла мяне і яшчэ больш умацавала ў думцы, што я не адзін. Пачуццё ўпэўненасці ў сабе абсалютна дамінавала і душыла галасы адчаю і жалю пра паламанае жыццё, кар'еру, побыт і іншыя дробязі жыцця. Што хаваць, першы час пра гэта думае кожны. Пытанне ў тым, скончацца гэтыя думкі ў гэты самы «першы час» ці будуць і далей катаваць душу.

ххх

Вынікі прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня мы даведаліся ноччу, калі ў камеру паднялі пятага чалавека, Алега Корбана. Высветлілася, што дзясяткі тысяч людзей выйшлі на вуліцу, і адбыліся сутыкненні каля Дома ўрада. Неяк не верылася...

На наступны дзень мы ўбачылі дзясяткі выгабляваных па крузе драўляных шчытоў-«конак». Большая частка з іх мела самы свежы выгляд, што падштурхоўвае да яшчэ адной думкі... Адно стала ясна дакладна: масавыя затрыманні. У той жа дзень Алега забралі. Замест яго паднялі Анатоля Лябедзьку, старшыню АГП. Вопытны палітычны дзеяч, ён шмат дзе паспеў пабываць і паўдзельнічаць у шматлікіх справах. Праўда, гэта ніяк не перашкодзіла яму зрабіць нас у даміно і іншыя гульні, з якімі ён быў добра знаёмы, мабыць, па ізалятарах. На знак пратэсту Лябедзька пачаў галадоўку і мужна трымаўся да Новага года.

Тады панаваў настрой, што ўлада вырашыла троху прыстрашыць апазіцыю і патрымаць пад замком дзён дзесяць. Самая вялікая поскудзь, якая малявалася ва ўяўленні на той момант, была ў тым, што людзей маглі не адпусціць да свята, пакінуць у турмах на пару дзён даўжэй. Але нават такая думка здавалася амаль неверагоднай. Мы зусім не надавалі значэння з'яўленню аховы ў штурмавых масках. Неяк выглядала лагічна, што калі СІЧУ моцна перапоўнена, то даслалі ўзмацненне штатнаму персаналу. Мы не ведалі, што азначае ўвод спецназа ў турму. Вопытных зэкаў сярод нас не было...

Але тады яшчэ на выраз «мордой в пол» мы ў гневе агрызаліся, а хамства і грубасць спісвалі на тое, што гэтых грамілаў узялі з якога-небудзь АМАПа. Нават калі нас паставілі на расцяжку падчас ператрусу, спецыяльна вывеўшы для гэтага ў спартзалу, мы ўспрымалі гэта як гнілыя панты, грубыя спробы прыстрашыць, танны фарс, які вось-вось скончыцца. Бо ўся грамадскасць глядзіць цяпер, як разгортваюцца падзеі, увесь Захад пільна назірае за Беларуссю.

Ілюзіі развеяліся, калі ў нас забралі тэлевізар, калі сукамерніка Уладзіміра ахова ледзь не давяла да сардэчнага прыступу (на скаргі адказалі: «Памрэ — вынесем»), калі ў дворыку сталі прымушаць 2 гадзіны хадзіць па коле, калі а 10 гадзіне вечара 31-га снежня Лябедзька сышоў з усімі рэчамі, а праз паўгадзіны яго вярнулі назад... Змянілася СІЧУ, змянілася краіна. Улада зрабіла выразны крок у бок адкрытай дыктатуры. Дэманструе сваю ўпэўненасць ва ўласнай сіле, непахіснасці, беспакаранасці.

Новы Год быў самым неверагодным навагоднім святам у маім жыцці. Нават у фантастычным сне я не мог і ўявіць, што сустрэну 2011 год у засценках КДБ у гэтакай мудрагелістай кампаніі, з кока-колай і шакаладным торцікам на стале, дакладней тумбачцы, пад акампанемент старых песень і з цьмяным чаканнем грандыёзнага шухеру.

На правах старэйшага Уладзімір сказаў тост з серыі «Як цудоўненька, што ўсе мы тут сёння сабраліся!» Лябедзька быў нешматслоўны: «Ну, жыве Беларусь»!

ххх

2011-ы пачаўся змрочна. Першага студзеня на шпацыры мы з Максам намалявалі снежкамі смайлік і слоган «Vivat anarchia». Толькі вярнуліся ў камеру, як у кармушкі з'явілася галава кантралёра з пытаннем: «І хто ў нас тут мастак?». Я ўзяў на сябе і пайшоў заціраць назад адзін. Памылка. Неяк не звярнуў увагі на эскорт з двух масак, якія зайшлі за мной на двор. Раптам яны загадалі зняць швэдар (бабуля вязала) і ім жа сцерці снежныя майстэрствы. Зразумела, я адмовіўся. Тут жа атрымаў дубінкай у галаву. Першыя секунды я быў у шоку, не мог паверыць, што яны сур'ёзна разлічваюць, што нармальны чалавек будзе распранацца ў мароз і драіць сваёй шмоткай гэтую брудную шурпатую сцяну. Але менавіта гэтага яны і хацелі!

Загад — адмова — удар, загад — адмова — удар... Білі ў галаву, па вушах, па шыі, у пах, пад калена, у зубы, вочы. Кроў закiпела, кулакі сціснуліся самі сабой. Убачыўшы такі паварот, маскі адышлі на пару крокаў і ўсталі з дубінкамі наперавес, аралі, каб расціснуў кулакі, але я іх ужо не чуў. Сітуацыю разруліў дзяжурны, які нечакана з’явіўся за іх спінамі. Пры ім яны не пасмелі працягваць. Унутры ўсё гарэла... На зваротным шляху пры лесвіцы зноў тармазнулі. Тыя ці іншыя, не разабраў. Патрабавалі па камандзе схіліць галаву. Адмова. Магутны удар у галаву, па шыі ззаду. Адмова. Зноў комплексны падыход. Адмова. Дарэшты выведзены з сябе каральнік закрычаў: «Ты што, ідэйны?!».

—Так, ідэйны.

 

— Не разумею, ты — злодзей, ці што?!

— Не.

— Так, б..., за якую ты ідэю?!

— За свабоду я!

А вертухай усё крычаў: «Б..! Ідзі на х... адсюль!!!»

Гістэрычка.

Раніцай наступнага дня экзекуцыя працягнулася. Вычапілі на зваротным шляху з сарціра. На гэты раз маскі сабраліся ўсе разам, чацвёра ці пяцёра. Перагарадзілі дарогу, каманда — апусціць галаву. Адмова. Пару ўдараў, нуль рэакцыі. Ставяць на расцяжку каля сцяны. Пацікавіліся, ці буду далей адмаўляцца. Адказ станоўчы. Рэзкі ўдар па нагах, падаю як падкошаны на калені і локці. Дручкі, ногі...

Хапаюцца падняць, але дах ужо сарвала, у вачах — чырвоная заслона. Гэта ўжо не я. Адбіваюся ад захопаў, кручуся на падлозе як ваўчок. Скручваюць, пстрыкаюць бранзалеты. Цягнуць у спартзалу. Ставяць на вельмі жорсткую расцяжку, упёршы галавой у сцяну. Расцягваюць ногі берцамі, на галёнцы падэшвай ірвуць скуру. Б'юць пад дых, туды-сюды, але болю ўжо не адчуваю. У крыві ільвіная доля адрэналіну. Падносяць да твару ўключаны электрашокер. Страшна, але толькі мацней сціскаю зубы. Перамовы. Сыходзімся, што буду толькі апускаць позірк пры камандзе «галаву ўніз». Хоць нешта. Цішком мажуць ранкі — перакісам вадароду, мабыць.

Яшчэ праз суткі запісваюся ў медпункт, каб зняць пабоі. На лбе — гематома, калені і локці разбітыя. На галёнцы — шнар. Вусны, вуха... больш чым дастаткова. Аднак замест лекара ўся камера ідзе на прыём да начальніка СІЧУ. У прасторным, добра ўладкаваным кабінеце сядзеў чалавек невысокага росту, але з уладным і самаўпэўненым тварам. «Вы — тэрарыст?» — жорстка спытаў палкоўнік Арлоў. «Не». Навошта вы збілі дваіх кантралёраў? У мяне вось рапарта ляжаць. Аднаму прыйшлося бальнічны даваць. У іншага — рука пашкоджаная». Во як!

Распавядаю ўсё, як было, але начальнік толькі ўхваліў дзеянні сваіх падначаленых. «Тут як у войску, — працягваў Арлоў. — Дысцыпліна патрабуе пакарання нават невінаватых. Мне патрэбны парадак і не патрэбныя праблемы. Самі бачыце, з якімі выпрабаваннямі краіна сутыкнулася».

Па дарозе назад да мяне стала даходзіць, што тут усё схоплена, і гэтыя падзеі не былі выпадковасцю. Як і само з'яўленне Арлова, які замяніў ранейшага начальніка СІЧУ акурат пасля выбараў. Стала зусім змрочна.

ххх

Дні і без таго бязрадасныя сталі ператварацца ў катаванне. Усё пачыналася раніцай а 6-й гадзіне, з рову масак, калі людзей выганялі ў сарцір. Рэзкія ўдары дубінкамі па сценах, парэнчах, падлозе, пастаянныя крыкі: «Галаву ўніз!», «Жывей!», «Бягом!» з тонам эсэсаўца, які гарлапаніць «шнэль!» габрэям у Аўшвіцы ля газавых камер. Ляск дзвярэй і тое ж самае з наступнай камерай. Усё разам гэта стварала гучную і жорсткую какафонію, якая падаўляе волю і сілкуе страх.

Пасля ранішняга абходу дзяжурнага ўсё паўтаралася. Спачатку а палове на дзявятую, калі на шпацыр выходзіла першая змена, затым кожныя 1–2 гадзіны аж да паловы на першую, калі вярталася апошняя змена. З часам мы сталі заўважаць, што на адных гарлапаняць моцна, на іншых — сярэдне, на трэціх — зусім не крычаць. Дыферэнцыраваны падыход. З 13 да 15 — абед. Пару гадзін адпачынку.

Пасля трох гадзін дня пачынаецца другі заход: шмон. Калі раней ператрусы праводзіліся раз у паўтара месяца, то зараз гэта ператварылася ў штотыднёвую працэдуру (канкрэтна ў нашай камеры). Звычайна нас выганялі ў спартзал, дзе мы павінны былі распрануцца і прысесці некалькі разоў. Пасля прамацвання адзення ставілі на расцяжку да сцяны, часцяком з выгнутымі на тыльны бок далонямі, як пэзэ (пажыццёва зняволеныя). Аднойчы мы з Максам прастаялі так паўгадзіны пакуль ішоў ператрус. Памятаю, першы раз стаялі «весела» пяць хвілін, але і гэта — катаванне, пасля якога з цяжкасцю ўдаецца паварушыць нагамі. Пасля 30 хвілін ужо наогул нічога не хочацца. Трымаешся, абы ў прытомнасць не ўпасці, а пад нагамі лужына ўласнага поту і дрыжыкі дзікія ў руках.

А 16.30 другі вывад у сарцір. Усё тое ж самае па ранішняй схеме. І зноў шмон да 18.00. Вячэра. А 20.00 заступае новая змена, якая таксама спрабуе паспець правесці «мерапрыемствы». Тут звычайна тузалі на т. зв. «асабісты дагляд». Гэта азначала збор усіх рэчаў, скручванне матраца з бялізнай, пакоўка прадуктаў і т.п. Затым, з усімі бауламі спускалі ў спартзал, прычым асобна занесці рэчы дазвалялі толькі ў першыя дні, пасля прымушалі несці на сабе адразу ўсё. Кантралёры вытрэсвалі сумкі, абшуквалі шмоткі, Лісты, пакеты, зноў прысяданні. Прычым увесь час падганяюць «Жывей!», «Хутчэй!». Не спадабалася хуткасць выканання, яшчэ раз па крузе. Назад рэчы не складалі, а запіхвалі. Бо часу было мала. На чарзе стаялі многія іншыя.

Потым пачыналася самае складанае — дарога назад. Спачатку мы хадзілі крокам, затым — бегам. У выніку прыйшлі да шматразовым забегаў. Па камандзе, загрузіўшыся кешарамі і матрацам з прасцінкаю, якая вечна выпадае, трэба было бегчы ўверх па вузкай крутой лесвіцы. Амаль на фінішы карнікі спынялі і прымушалі спускацца ўніз. І зноў наверх... Гэтага не вытрымае нават вельмі фізічна моцны чалавек! Дапаўзаеш да нараў упараны, як конь, і нават не раскладаешся — так усё становіцца абыякава.

Закатаваўшы «цялесна і душэўна», карнікі прымаліся за мозг. З 18.00 да 22.00 па мясцовым «СІЗА ТБ» (звычайнае ТБ адключылі яшчэ ў снежні) пачыналі круціць усякія праграмы, з якіх 90% складалі самы сапраўдны шлак. Містыка, псеўдагісторыя, чачэнскія баевікі, тэрарысты, палітыканы, наркаманы, габрэйская змова, даляр-крывасмок... Усё б нічога, але гэта паўтаралася кожны дзень. Дзясяткі разоў адно і тое ж. Яны дзяўблі мозг трывожнасцю, пачуццём небяспекі. Разлік будаваўся, мабыць, на выпрацоўку неўрозаў, у першую чаргу, неўрастэніі. Гэта ТБ-замбаванне было горш за ўсё. Часам даводзілі да панікі і самаразбурэння. Акрамя гэтага, трансляваліся праграмы адкрыта ультраправага зместу. Паказвалі фільмы «Расія з нажом у спіне» і да т.п. Гэта выглядала зусім па-ідыёцку, калі зэкаў пераконваюць, што Пуцін — габрэй, а Расія — сіянісцкая дзяржава. Перыядычна заходзілі кантралёры ў суправаджэнні масак з дубінкамі ў руках. Правяралі, ці глядзім. З часам сталі хітрыць, рабілі гук фонавым, а пасля адключалі зусім.

Шпацыр у дворыку — 1–2 гадзіны — быў аддушынай, нягледзячы на панурыя матава-шэрыя сцены і памер 3 на 6 крокаў (былі дворыкі і меншыя). Кантора на вышцы ўключала радыё (пазней адключылі зусім) або дыскі, часам з цалкам прыстойнай электронікай. Але і тут карнікі здолелі папсаваць нам жыццё: прымушалі хадзіць па крузе, першы час з рукамі за спіну. Адмаўляешся — адводзяць назад у камеру. У выніку частка арыштантаў зусім адмовілася выходзіць. Сталі прымушаць. Вельмі не проста хадзіць 2 гадзіны па крузе, калі ўжо праз 15 хвілін зямля пераўтвараецца ў ледзяной каток. Натуральна, лёд ніхто і не думаў пасыпаць пяском. Толькі праз некалькі тыдняў, калі снег пачаў раставаць і людзі падалі ў гэтай слізкай жыжцы кожны дзень, пясок з'явіўся.

Лісты зніклі рэзка. Яшчэ ў снежні я паспеў атрымаць цэлы стос, але са студзеня ўсё стала амаль ніяк. Даходзілі толькі асобныя лісты ад асобных людзей: бацькоў, родных, пары сяброў і разавыя лісты ад таварышаў, дзе па тэксце складана было зразумець, што гэта — палітычныя. У залежнасці ад паводзінаў, зместу гутарак у камеры, лісты ішлі ад некалькіх дзён да месяца. У сярэднім, два тыдні для тых, што з Мінска ў Мінск.

Лісты — падступная штука! Яны выдатна падымаюць настрой, асабліва, калі апісваюць розную драбязу з нармальнага паўсядзённага жыцця. Але вераломства ў тым, што карнікі, рэгулюючы плынь і фільтруючы пошту, могуць ствараць хлуслівае ўражанне пра сапраўднае стаўленне людзей да цябе, пра рэальнае становішча справаў на волі. Напрыклад, пішуць некалькі прыкладна роўных па адносінах людзей, але прапусцяць толькі аднаго, а потым і яго абразаюць. Вось і пачынае здавацца, што на цябе забыліся і нікому ты не патрэбны. Ці могуць сабраць запар некалькі лістоў з негатыўнай інфармацыяй. Гэта цяжка. Вядома, розум тысячу разоў паўтарае, што гэта — падстава і не трэба браць да галавы, але чарвячок сумнення точыць падсвядомасць. Ад гэтага нельга ўцячы. На гэта і ідзе разлік.

Ва ўмовах інфармацыйнага вакууму выбарчая падача інфармацыі ўплывае незалежна ад таго, хочаш ты ці не. У гэтай сітуацыі неабходна паўтараць як малітву «Прыйдзе час, і я даведаюся ўсё, як было», што я і рабіў штодня. Нягледзячы на тэхналогіі фільтрацыі, сёе-тое яны выпусцілі. Вестачкі ад сяброў, якія я паспеў атрымаць у самым пачатку, далі мне дадатковую кропку апоры. Сябры... Колькі гадоў сумеснага шляху, вясёлых тусовак, адвязных прыгод, душэўнага разумення. Здавалася, што гэта будзе вечна. Хто мог думаць, што замест штурму драўляных сцен ралявога замка ў кальчугах і шлемах вы будзеце штурмаваць засценкі гэтага «чырвонага дома» лістамі з волі. Кожнае пасланне са словамі падтрымкі, што я атрымаў, апынулася бясцэнным. Гэтыя словы бударажылі памяць, не давалі забыцца, кім я быў і хто я ёсць, не дазвалялі карнікам ляпіць з мяне сляпое паслухмянае пудзіла.

ххх

У пачатку студзеня ў камеры адбыліся перастаноўкі, якія вызначылі будучы склад выпрабавальнага вальера № 4. Валодзю і Лябедзьку прыбралі, а на замену даслалі Малчанава Саню і Фядуту Аляксандра. Абодва — палітычныя.

Малчанава ўзялі ў першыя дні студзеня ў Барысаве. «Апазнаны» па відэакамерах. Вонкава ён выглядаў хваравіта хударлявым студэнтам-ідэалістам. І можа быць, таму яго прэсавалі асабліва жорстка. Ён рэгулярна падвяргаўся марш-кідкам. Яго часцяком чаплялі за шыю і галаву, аралі і зневажалі. Чэкісты з першага дня ўзялі яго ў актыўны абарот і выціснулі пакаянне на камеру і прызнанне віны. Памятаю, дзверы адчыніліся і ў камеру ўвайшоў адзін з масак — без маскі (!) — з дубінкай наперавес. Мы думалі, зараз будуць маскі-шоў (масавае збіццё ўсёй камеры), але ён вычапіў аднаго толькі Саню і вывеў яго з камеры. Прычым з такім выглядам, як быццам бы на расстрэл. Пытанне Кірыла: «Мужыкі, што будзем рабіць?» павісла ў паветры.

З часам мы даведаліся Саню з іншых бакоў. Удзельнік дэмакратычнага руху з юных гадоў, да сваіх дваццаці гадоў ён паспеў шмат дзе засвяціцца. У вольны ад палітыкі час захапляўся сталкерствам і чытаннем. Такі станоўчы лад жыцця прывёў да таго, што Малчанаў стаў свайго роду тэлезоркай плошчы 19 снежня. Былі зафільмаваныя і зрыў дзяржаўнага сцяга з будынка КДБ, і размахванне бел-чырвона-белым сцягам на даху снегаўборачнага трактара... Пасля кожнага прэса Саша не адчайваўся, а мацюкаў чэкістаў на чым свет стаіць, хоць ведаў, што камера праслухоўваецца і вядзецца відэаназіранне.

Аляксандр Фядута апынуўся 46-гадовым мужчынам у акулярах. Наколькі буйны ў целе, настолькі буйная палітычная фігура. На выбарах і агулам. А быў ён паліттэхнолагам і адным з кіраўнікоў штаба кандыдата ад апазіцыі Някляева. Ён ствараў уражанне вялікага гуманіста XVIII стагоддзя і таямнічага шэрага кардынала. Аляксандр ледзь не ночыў на допытах. 8–12 гадзін у інквізітараў былі стабільна яго. Нягледзячы на быццё яго ў ролі палітычнай акулы, мы хутка паладзілі. Калісьці Аляксандр быў школьным настаўнікам, правадыром камсамола, журналістам, які сустракаўся з Горбі. Затым адным з верхаводаў брыгады Лукашэнкі, а цяпер стаў яго вязнем. Акрамя палітыкі, Аляксандр апынуўся прафесійным літаратарам і выдатным апавядальнікам. Гэтую рысу мы актыўна эксплуатавалі. Успамінаецца, як уся камера пасля адбою, прытаіўшы дыханне, слухала «Графа Монтэ-Крыста» ў пераказе. Было цікава назіраць за асобамі сукамернікаў, калі граф ажыццяўляў чарговы акт помсты. Напэўна, кожны круціў у сваім уяўленні сваю сітуацыю, прымяраючы на сябе ролю графа.

Чым больш нас прэсавалі, тым грамчэй у камеры гучаў смех, тым больш актыўна мы гулялі ў настольныя гульні. Супрацьстаяць таму жаху дапамагала выключная камерная салідарнасць. Конскі смех і чорныя жарты служылі спосабам псіхалагічнай абароны, бо розуму мірыцца з тым, што адбываецца, было немагчыма.

У харчовым плане быў пабудаваны камунізм у асобна ўзятай камеры. Як правіла, да абеду і вячэры прысаджваліся за стол (дакладней, тумбачку, засланай газетай) усе разам. Звычайна Кірыл, а пазней і я, рыхтаваў салату. Наразаліся гародніна, цыбуля, зеляніна, часнык, хлеб, сала і каўбаса. Пасля, я ўсё ж такі вярнуўся на вегетарыянскія цвярдыні і нават сагітаваў Макса. Чай, кава, печыва, прысмакі, садавіна таксама збольшага абагульняліся. Кожны проста выконваў меру з дэфіцытным прадуктам, і праблем не ўзнікала.

І ўсё ж такі, з узмацненнем здзекаў з боку карнікаў, здараліся дні, калі праз страх і роспач ніхто амаль не размаўляў. Мы супраціўляліся: усё часцей размаўлялі шэптам у мёртвай зоне, схаванай ад відэакамеры. Калі нас прымушалі перасоўвацца бегам (абавязкова з рукамі за спінай і апушчанай галавой), мы ставілі наперад Фядуту. Такім чынам, ніхто не адставаў і апошняга не падганялі дубінкамі.

Карнікі спрабавалі разбурыць салідарнасць. Як быццам адмыслова праводзілі шмон або «асабісты дагляд» падчас настольнай гульні, калі ў запале азарту мы забывалі пра ўсё. Ці адных шманаюць, а іншых — не, каб выклікаць зайздрасць і падазрэнне. На арыштанцкім жаргоне гэта называецца «повестись на мусорские мармыли». Мы не вяліся, але на ўзроўні падсвядомасці ўсё роўна заставаўся асадак. На гэта і быў разлік, як аказалася пасля. У ход пускаўся і падман.

Так, пасля чарговага допыту, Фядута з парога заявіў: «Мужыкі, што я такога зрабіў? Чаму вы напісалі заяву на адсяленне мяне ў іншую камеру?» Мы нават асалапелі ад гэткай нахабнай хлусні. Зрэшты, няма чаму дзівіцца: нашай камерай і раней палохалі як прэс-хатай наркаманаў і тэрарыстаў. Не варта думаць, што такі падман праходзіў на чалавечай дурасці і даверлівасці, бо майстар-клас маніпуляцый паказваў сам новаспечаны начальнік СІЗА, палкоўнік Арлоў.

Выклікі да гаспадара «амерыканкі» — асобная тэма. Ва ўсім гэтым дурдоме толькі яго кабінет уяўляў сабой лагуну супакою і міру. Звычайна ён сустракаў вельмі добразычліва, умеў цікава гаварыць і слухаць. Распавядаў, што ўдзельнічаў у аперацыях у гарах, сядзеў дзесьці ў азіяцкай турме, не п'е, не паліць. Нават неяк не верылася, што менавіта ён катуе нас, гуляецца, як кот з мышамі, дырыжуе ўсёй гэтай трагікамедыяй. Ён не рабіў тапорных памылак, як простыя оперы. Ён мог цішком пацікавіцца меркаваннем пра сукамернікаў. Памятаю, як ён прапаноўваў паглядзець фоткі, дзе, маўляў, адлюстравана, што Лябедзька не выконваў галадоўку. Тут ён даў маху, бо гэты фокус ён праварочваў з кімсьці іншым, яшчэ раней. У тым выпадку кампутар «раптоўна» падвіс пры спробе адкрыць фотаздымкі. Тое ж самае адбылося і са мной, так што я не здзівіўся. Да таго ж я асабіста бачыў, як Лябедзька за некалькі дзён прыстойна саслабеў, пачаў хістацца, нават твар ягоны збялеў.

Арлоў казаў пра сітуацыю ў турме як пра «адказ на той выклік, з якім сутыкнулася краіна». Ён параўноўваў апазіцыю з французскімі рэвалюцыянерамі, якія падводзяць акалічнасці да тэрору, і «невядома, чый тэрор будзе горшы».

Увесь час мне даводзілася быць у максімальным напружанні: сачыць за кожным словам, сачыць за ходам думкі (яго і сваёй), сачыць за дыялогам у цэлым. Гэта вельмі не проста. Заўсёды ёсць небяспека выказаць меркаванне або нейкую дэталь, якую ён для праўдападобнасці зможа ўплесці ў размову з іншымі вязнямі, пасеяўшы тым самым сумнеў і разлад. Не гаварыць з Арловым было немагчыма. Неаднаразова я ішоў з думкай звесці размову да аднаскладовых адказаў, але раз за разам Арлову ўдавалася разгаварыць мяне. У кабінеце знаходзіўся прыгожы сервіз, пернікі, каньяк — усё як у фільмах.

Ніякай гарбаты з карнікамі! Я так адразу і заявіў, і паўтараў кожны раз, калі начальнік прапаноўваў. Людзі чамусьці думаюць, што гэта — драбяза. Маўляў, калі мент паводзіць сябе культурна і прыстойна, то можна і гарбатку паганяць. Тым самым прызнаюцца дапушчальнымі ўсе тыя здзекі і падман, якім падвяргаюць зняволеных. Турэмшчыкі дзеляцца на два тыпа: кепскія і вельмі кепскія. Гэта — аксіёма. Любое абыходніцтва з іх боку ёсць элементам павуціння, закліканага выклікаць падсвядомы давер.

Я прымаў контрмеры. У якасці абароны, гледзячы на начальніка напалоў пасмешліва, я паўтараў у думках раз за разам: «Гэта ён цябе душыць, зневажае, прыносіць боль блізкім мне людзям. Ён — вораг. Усё, што ён кажа, хлусня». Арлоў адкрыта абмяркоўваў метады катаванняў, маральны бок справы. Ён сцвярджаў, што яго мэтай з'яўляецца прымусіць нас сумнявацца. На маё пярэчанне, што мы яшчэ не асуджаныя, ён нічога не адказаў. Зрэшты, ужо тады было ясна, што чалавек вінаваты для іх не тады, калі суд выносіць свой вердыкт, а калі чалавек трапляе пад падазрэнне. Яны ж не могуць памыляцца! КДБ. Куды ўжо простым смяротным да іх!

З размоваў мне стала вядома, што яны практыкуюць індывідуальны падыход да кожнай камеры і да кожнага чалавека. Усё выразна планіравалася: калі, дзе і колькі разоў. Як праводзіць шмон, каго падвяргаць персанальнай экзекуцыі, дзе пакінуць святло на ноч, дзе забараніць паліць. Нават каго закрануць у страі падчас прагонаў у туалет ці на шпацыр. Арлоў пры мне тэлефанаваў кудысьці і даваў інструкцыі, каб Малчанава два дні не чапалі. Ну і, вядома, ж камеры ператусоўвалі, каб ускладніць ці палегчыць жыццё.

«Свет — гэта зграя ваўкоў. І больш моцная зграя заўсёды спрабуе ўрваць у меншага суседа. Я атаясамліваю сябе са сваёй зграяй, і яе дабрабыт — ёсць дабрабыт маёй сям'і, блізкіх, супляменнікаў», — разважаў Арлоў пра свой светапогляд.

На гэтыя патрыятычныя довады мне было, што сказаць: «Класіка фашызму. Пачытайце Мусаліні, вам спадабаецца».

Так, карціна цывілізацыі такая, як ёсць сёння, не паспрачаешся. І з ваўкамі ўсё ясна. Толькі, што ў вашым свеце рабіць простым антылопам, якія цягнуць гэтых ваўкоў на сваім карку?

Падобна на тое, што антылопам застаецца толькі араць і сядзець, выконваць харчразвёрстку, здаваць скуру на ваенныя рамяні і ранцы. Ну а пакуль антылопаў у залежнасці ад паводзінаў вадзілі да начальніка альбо культурна, без кайданкоў, альбо «ластаўкай». Гэта калі кайданкі захлопваюць за спінай і выкручваюць рукі ўверх настолькі, што пры жаданні можна пацалаваць уласныя чаравікі. І так па калідорах, па прыступках, зноў такі нібы пэзэшнікаў. Аднойчы забыліся інструкцыю наконт мяне. Тэлефанавалі начальніку, удакладнялі, як менавіта весці. «Я вам учыню Гуантанама тут», — пагражаў Арлоў. Так Амерыканка стала Гуантанамкай.

Працяг ТУТ