Калі б не яны, краіна была б іншай

Мы пазнаёміліся на кухні Уладзіміра Някляева ў славутым «пісьменніцкім» доме па вуліцы Карла Маркса, 36. Я тады працаваў над альбомам «Танга з ружай». Было гэта больш за дзесяць год таму.

vajciushkievich_logo_1.jpg

Гэткім нечаканым чынам я, зусім яшчэ смаркач, незнарок апынуўся ў адной кампаніі з дзвюма такімі незвычайнымі асобамі і літаратурнымі глыбамі. «Пасядзелі» мы ў той вечар грунтоўна. Шмат гаварылі і нямала спрачаліся. Някляеў і Бураўкін чыталі свае вершы, і я быў адзіным слухачом. Часам для «грунтоўнасці» нам неставала адпаведнага напою, і мы скіроўвалі сваю хаду ў бок найбліжэйшай крамы…

Калі была завершана праца над альбомам «Танга з ружай», я пачаў думаць пра новы праект. Зрабіўшы музычна-паэтычныя альбомы на вершы Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Караткевіча і Уладзіміра Някляева, я ўжо па вызначэнні не мог не звярнуцца да паэзіі Генадзя Бураўкіна — немагчыма было ўявіць, каб я не заспяваў песні аўтара «Завірухі», «Зачарованай», «Калыханкі»!

Гэтым разам мы сустрэліся з Генадзем Мікалаевічам на яго лецішчы ў Крыжоўцы. Так пачаў нараджацца праект «Liryka». Мне, як контраверсійнаму артысту, якому ўсё нібыта дазволена, карцела зрабіць Бураўкіна не класічна інтэрпрэтаваным, а суперсучасным, суперрок-н-рольным і ў нечым нават рэвалюцыйным… Зрэшты, і па сёння мне цяжка сказаць, ці ўсё тады атрымалася, бо настрой некаторых Бураўкінскіх вершаў у музычнай інтэрпрэтацыі выглядае больш прывабным менавіта ў класічнай падачы — той ж «Месяц — жоўтая лодка» або «Ці ўспамінала ты мяне». Аднак кажуць, калі ў альбоме ёсць хоць адна добрая песня, гэта ўжо ўдача, а ў гэтым праекце іх было некалькі. Увогуле там былі сабраныя розныя вершы. Звычайна спыняюся на тым, што самому добра кладзецца на душу. Асноўны крытэрый: падабаецца — не падабаецца. Гэта ўжо потым разважаеш, як зможаш трактаваць тэму на свае рэжысёрскія фантазіі.

Гэткім чынам усё пачалося з сумеснай працы, якая з цягам часу прывяла калі не да сяброўства, дык дакладна да апякунства і настаўніцтва з боку Генадзя Мікалаевіча. Мы падтрымлівалі адносіны і пасля выхаду альбома «Liryka»: стэлефаноўваліся ці сустракаліся на нейкіх культурніцкіх мерапрыемствах. Гаварылі пра рознае. Так, да прыкладу, на маю крытыку на адрас некаторых афіцыёзных артыстаў — маўляў, імярэк быў здольны пасля смерці Уладзіміра Мулявіна зрабіцца свайго роду духоўным сімвалам і нацыянальным «сумленнем» кшталту Васіля Быкава, але ў музыцы, — Генадзь Мікалаевіч, усміхаючыся, адказваў: «Змі-і-іцер!.. — ён звычайна так інтаніраваў: — Змі-і-іцер! Ён жа харошы хлопец!..» Гэтаксама казаў і пра маладых паэтаў: маўляў, усе яны добрыя, проста па-іншаму жыццё і свет успрымаюць… Пасля гадоў «чорных спісаў» і забаронаў я нават зайздросціў гэтай яго якасці — гэткай незласлівасці і паблажлівасці. Ці гэта была простая чалавечая мудрасць?..

І вось прамінула колькі часу, і аднойчы Генадзь Мікалаевіч прапанаваў шалёную ідэю — выпусціць альбом беларускага шансону. «Дзед звар’яцеў! — падумаў я. — Які шансон?! Ён — класік, я — невядома хто. Да таго ж, дзякуй Богу, не сядзеў!..» Прачытаўшы вершы, што Бураўкін прапанаваў для гэтага цыкла, я, вобразна кажучы, пакруціў пальцам ля скроні і шчасліва забыўся пра іх. На двары быў, мусіць, 2011 год. Але прайшоў невялічкі час, і мы ўсё ж вярнуліся да гэтай задумы — Генадзь Мікалаевіч умеў доказна пераконваць. «Міша Таніч зрабіў праект з «Лесапавалам», — казаў ён тады. — А мы што, не можам з табою?!» Гэтае ключавое «не можам» і адыграла вырашальную ролю — пачалася праца над вобразамі, бо тое, што расейцы называюць шансонам, кардынальна адрозніваецца ад таго, што ёсць, да прыкладу, французскі шансон. Нам трэба было знайсці сваю, беларускую сцежку…

Альбом «Варанок» атрымаўся надзіва цэласным. Тут можна прасачыць лёс чалавека, які спаліў трохі жыццёвых мастоў, бо ніхто і нідзе — ні ў нас, ні ў Еўропе, ні ў Амерыцы — не застрахаваны ад магчымасці патрапіць за краты. Прычым размова можа ісці не толькі пра турму ў прамым значэнні гэтага слова: турмой можа быць і краіна, дзе чалавек насуперак жыццёвым абставінам усё адно павінен застацца чалавекам. Разам з тым гэта альбом і пра сяброўства, і пра бацькоў. І, вядома, пра матулю, якая чакае свайго сына… Так, былі «Песняры», «Сябры», «Верасы», і былі кампазітары, заслужаныя і народныя, якія напісалі шмат песень. Але ці ёсць у іх хоць адна кампазіцыя пра маці, якую маглі б заспяваць, седзячы за святочным сталом, усе без выключэння беларусы? Бураўкінская ж песня «Дачакайся, матуля» з альбома «Варанок» знайшла свой водгук у многіх сэрцах.

Увогуле, лірычны герой Бураўкіна часта песенны ўжо ад самага пачатку — многія яго вершы вельмі лёгка кладуцца на музыку. Яго паэзія пэўна ж прасцейшая за паэзію Барадуліна, але мае сваю перавагу — яна больш песенная. І асабіста для мяне Бураўкінская паэтычная прастата не менш глыбінная за карункавасць Барадулінскага радка. І таямніца папулярнасці і запатрабаванасці яго песень палягае найперш у тым, што яны глыбока беларускія — беларускія ад зямлі, ад спрадвечнага народнага духу. Часам іх метафарычнасць надзвычай зразумелая. У той жа «Матулі» нібыта і няма нічога асаблівага. Але песня выйшла кранальная, бо ў кожнага з нас ёсць ці была маці, і кожны нешта не дагаварыў са сваёй матуляй, нешта недасказаў… Калі я быў студэнтам, дык, з’яўляючыся дамоў, кідаў заплечнік і бег з сябрамі на танцы, а мама чакала мяне да першай-другой гадзіны ночы. Раніцай сабраў рэчы і — у Ліду на навучанне. Вось і ўся гісторыя нашых стасункаў…

Ты мне родная самая

Па душы, па крыві.

Ты жыві, мая мама,

Доўга-доўга жыві.

Ён не толькі заўсёды прыходзіў на мае выступленні (гэтаксама, як і Уладзімір Някляеў, і нават яшчэ былі часы, калі падымаўся на сцэну той жа канцэртнай залы «Мінск») — Генадзь Мікалаевіч быў адзіны з паэтаў-суаўтараў, хто тэлефанаваў пасля канцэртаў. Прычым рабіў заўвагі надзвычай далікатна, ніколі не было ў гэтым ані ценю прыніжэння. (Да прыкладу, у мяне ёсць адна хіба — падчас выканання песень магу забыцца словы. Раней мне здавалася, што гэта не так ужо істотна, галоўнае — энергетыка, пасыл. Але Генадзь Мікалаевіч трымаўся, вядома, іншай думкі.) І ў гэтых тэлефанаваннях таксама выяўлялася яго настаўніцкая роля. Мне гэта было важна, я нават чакаў яго званкоў…

buraukin6.jpg

І на ўсіх канцэртах я абвяшчаў, што тры гэтыя славутыя чалавекі — Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін і Уладзімір Някляеў — мае суаўтары. Наогул кажучы, яны былі для мяне больш, чым проста паэты. Мой бацька загінуў, калі мне было тры з паловай гады, таму я рос бязбацькавічам. Традыцыйны савецкі двор, падвалы, хлапчуковыя гульні ў «вайнушку»... Мама і бабка, вядома, пільнавалі мяне. Калі вырас і пасталеў, па-свойму пільнавалі мяне ўжо яны — Барадулін, Бураўкін і Някляеў. Прычым не магу сказаць, хто ж з іх лепшы, бо яны — розныя. Барадулін яшчэ пры першым знаёмстве прызнаўся, што яны з Караткевічам любілі выпіць. Народны паэт расказваў мне, хлапчуку, як яны злізвалі каньяк, які, разбіўшыся, разліўся. Мы гулялі ўздоўж Бангалора, Барадулін без супынку жартаваў, а я слухаў, адкрыўшы рот…

Бураўкін быў трошкі іншы. Але я не магу ўявіць Барадуліна без Бураўкіна. Я бачыў фотаздымкі, дзе абодва яны маладыя. І калі працаваў над песняй «Чувіха клёвая», якую яны напісалі сумесна ў часы маладосці, дык прыдумаў сам сабе, што Генка — гэта, маўляў, гэткі дэндзі, а Грышка — хоць і не вахлак, але хлопец папрасцей. Канешне, для публікі я такім чынам іх не прадстаўляю, але ў маім разуменні Бураўкін выгадна адрозніваўся. Затое такіх, як Барадулін (паводле ўсё таго ж майго «сцэнару»), кабеты больш павінны былі любіць. Някляеў жа не толькі маладзейшы з іх — ён у маім уяўленні перш-наперш авантурыст. Апроч таго, у яго, як напісаў Барадулін да майго партрэту, «агонь у паглядзе». Але гэтаксама ён мог напісаць не толькі пра мяне, але і пра Някляева… І што цікава — кожны з іх мог бы, мусіць, мець зусім іншае, больш забяспечанае і шчаслівае жыццё: яны маглі б жыць, не маючы клопату, у Амерыцы ці ў Хельсінкі. Старасць у той жа Фінляндыі дае магчымасць чалавеку дажыць годна да ста гадоў. Але яны — засталіся тут. І ў гэтым яны таксама былі дый застаюцца прыкладам.

…Апошні раз мы бачыліся з Генадзем Мікалаевічам у красавіку 2014-га, калі ён крыху ачуняў. Мы тады нават каньячку з ім выпілі. І я заспадзяваўся, і ўсе заспадзяваліся, што ён адужае хваробу…

Падчас той апошняй сустрэчы мы абмяркоўвалі, у прыватнасці, песню на ягоны верш «Вячэра»:

— Чэрава-чэрава,

Чым ты павячэрала?

— Павячэрала капустай,

Аржанога хлеба лустай,

Свежасмажаным ліном,

Свежаспечаным бліном,

Бабкаю з начынкаю,

Сальцісонам з шынкаю,

Хатняю каўбаскаю,

Вантрабянкай наскаю.

А яшчэ былі, канешне,

І мачанка, і яешня,

Сала, грэчневая каша

І смятана-сыракваша!

«Генадзь Мікалаевіч, нешта мы з вамі ўпусцілі — трэба, каб яшчэ пра беларускія напоі было: і каб вішнёўка была, і самагонка…» — папрасіў я, ён у адказ засмяяўся. Я спадзяваўся, што ён яшчэ напіша гэты куплет. Аднак — не лёс…

Мне і па сёння яго не хапае. Пасядзець бы разам, як у мінулыя часы. Бо была ж яшчэ Крыжоўка, і калі гаварыць пра Бураўкіна, дык нельга браць адных толькі Генадзя Бураўкіна і Зміцера Вайцюшкевіча — трэба казаць пра сем’і Бураўкіных і Вайцюшкевічаў, бо за гэтыя гады мы ўжо сем’ямі здружыліся. Шкада толькі, што разам да Вайцюшкоў не даехалі…

Не хапае яго яшчэ і таму, што часы перажываем па-ранейшаму няпростыя, і Генадзь Мікалаевіч быў бы вельмі патрэбны. Не хапае яго самога, не хапае яго голасу. Гэтаксама як нестае Рыгора Барадуліна, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча… Я часта думаю пра іх. Пра іх дый пра сябе — кузурку. Бо калі б не яны, і сам бы я быў не такі, і краіна наша была б, мусіць, іншай.

Літаратурны запіс Сяргея Шапрана