Міхась Чарняўскі: «Нібыта мы зніклі з белага свету...»

На гэтым тыдні было 9 дзён, як пайшоў у лепшы свет Міхась Чарняўскі. Ён стаяў ля вытокаў новай хвалі адраджэння з 1960-х гадоў. Пра той перыяд яго жыцця і дзейнасці яшчэ ў 2003 годзе падрабязна распытаў Міхася Чарняўскага  Сяргей Шапран. Свой матэрыял ён прапанаваў чытачам НЧ.



6_2_michasj_carniauski.jpg

Міхась Чарняўскі

1960-я гады ў БССР паступова ліквідаваліся беларускія школы і беларускамоўны друк, нават беларускую літаратуру пачыналі вывучаць па перакладах на рускую мову. «Становішча ж у Акадэміі навук Беларусі могуць тлумачыць такія факты, — пісаў Міхась Чарняўскі ў артыкуле «Акадэмiчны асяродак», — дырэктар Інстытута мовазнаўства не ўмеў гаварыць па-беларуску, тым больш не карысталіся беларушчынай дырэктары іншых навуковых інстытутаў, навуковая літаратура за рэдкімі выключэннямі друкавалася па-руску. І такая антыбеларуская завядзёнка практыкавалася ва ўсіх акадэмічных структурах».


Адкрытая антыбеларуская палітыка не магла не выклікаць незадавальненне і пратэстныя настроі ў пэўнай часткі беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку той, якая працавала ў Акадэміі навук Беларусі. У пачатку 1960-х у асяродку маладых навукоўцаў і аспірантаў сфармавалася кола людзей, якія былі незадаволеныя палітыкай КПСС. Аднак рух гэты не быў арганізаваным — ніякіх спісаў не існавала, пратаколы не вяліся, пісьмовыя рашэнні не прымаліся.


«Проста мы хацелі захаваць беларускую мову, нашу культуру і аўтэнтычнасць ва ўмовах абсалютнай русіфікацыі, — прыгадваў Міхась Чарняўскі. — Мы не хацелі нікога звяргаць. Нават рухам гэта можна назваць толькі ўмоўна».


Дарэчы, вызначэнне «акадэмічны асяродак» з’явілася значна пазней — самі яго ўдзельнікі так сябе не называлі. Больш за тое, многія нават не былі знаёмыя адзін з адным. Аднак практычна кожны так ці інакш кантактаваў з аднадумцамі па-за межамі Акадэміі навук — з групай студэнтаў-філфакаўцаў ці курсантаў МВІЗРУ, з нефармальным аб’яднаннем «На паддашку». Да таго ж мелі зносіны з апальнай паэткай Ларысай Геніюш, гісторыкам Міколам Ермаловічам, вядомым настаўнікам Алесем Белакозам ды іншымі выбітнымі асобамі, якія жылі па ўсёй Беларусі. Адной з самых знакамітых фігур «нацыяналістычнага руху» быў Уладзімір Караткевіч.


У «акадэмічным асяродку» было некалькі асобаў, пра якіх практычна ніхто нічога не ведаў. Перад імі была пастаўленая задача застацца на волі ў выпадку магчымага разгрому руху і арышту, каб яны маглі перадаць усю вядомую ім інфармацыю тым, хто ў далейшым падтрымае ідэю беларускага адраджэння.


Міхась Міхайлавіч распавядаў:
Мы збіралі любую вусную і друкаваную інфармацыю — успаміны, кнігі і часопісы пераважна віленскага выдання ці часоў Інбелкульта. Дзеля гэтага ездзілі па вёсках і мястэчках Заходняй Беларусі, дзе, паводле нашых звестак, яшчэ жылі старыя настаўнікі, дзеячы Грамады і КПЗБ. Асабліва ўдалымі былі экспедыцыі да віленскіх букіністаў. Тое, што здабывалася, нярэдка памнажалася фотаспосабам ці на друкарскіх машынках, перадавалася сябрам і знаёмым, студэнтам. Даволі часта арганізоўваліся сустрэчы з ветэранамі Беларускага Адраджэння. У асноўным яны праходзілі на кватэры Язэпа Сушынскага, удзельніка 1-га Усебеларускага кангрэса 1917 г. У іншых выпадках збіраліся ў пакоях аспіранцкага інтэрната на вуліцы Акадэмічнай ці інтэрната для навуковых супрацоўнікаў на вуліцы Сурганава. Даволі часта сустракаліся на кватэры Уладзіміра Караткевіча. Абмяркоўвалі пытанні палітычнага і нацыянальнага жыцця, прагаворвалі магчымыя шляхі ўздзеяння на сітуацыю…


І разам з тым шукалі аднадумцаў (у выніку, напрыклад, былі наладжаныя кантакты з украінскім нацыяналрухам), а таксама дапамагалі здольным вучням з беларускіх сем’яў атрымаць адукацыю, а выпускнікоў вну, у якіх былі патрыятычныя перакананні, стымулявалі да паступлення ў аспірантуру. Больш за тое, імкнуліся праводзіць «сваіх» людзей на важныя службовыя пасады і, разумеючы рэальную ролю КПСС у СССР, пераконвалі аднадумцаў уступаць у партыю (папулярны лозунг тых часоў: «Усе прыбалтыйскія нацыяналісты — камуністы»), хоць паводле ўласных перакананняў заставаліся антыкамуністамі і дэмакратамі. Тым не менш, свядома імкнуліся пазбегнуць абвінавачанняў у антыкамуністычных настроях, бо, як меркавалі, аднадумцаў не так ужо і шмат, таму не трэба раскідваць сілы на рашэнне агульнадэмакратычных задач — хай пра гэта турбуецца маскоўская інтэлігенцыя, беларусы ж павінны канцэнтравацца на пытаннях нацыянальных. Таму, напрыклад, падчас акупацыі Чэхаславакіі ў 1968 г. савецкімі войскамі беларускія «падпольшчыкі», пасля дыскусій і роздуму, вырашылі адмовіцца ад публічных акцый пратэсту…


У 1973 годзе «нацдэмамі» заняўся КДБ. Хваля рэпрэсій, быў перакананы Чарняўскі, прыйшла з Украіны, дзе ўжо поўным ходам ішоў разгром мясцовага патрыятычнага руху. Хоць, вядома, не апошнюю ролю адыграла і тое, што ў шэрагах беларускага руху былі стукачы. Аднак ніводнага прозвішча Чарняўскі нам так і не назваў.

Ён толькі казаў:
У нашым аддзеле з дванаццаці чалавек стукачамі былі трое. Яны бывалі разам з намі на кватэры ў Язэпа Сушынскага. Аднак, ведаючы, па якой прычыне яны прыйшлі, ні пра што мы асабліва стараліся не гаварыць. Гэта як ваўкі і статак паўночных аленяў — яны заўсёды разам, і алені ведаюць ваўкоў па мордах. Таксама і мы ведалі стукачоў у твар. Яны і цяпер жывыя, можа, толькі некаторыя памерлі… Калі ж нас павыганялі з працы, яны атрымалі ці павышэнне, ці замежныя камандзіроўкі, прычым нават у капіталістычныя краіны…

Аднак цяжка пра гэта гаварыць, бо з многімі з іх мы былі знаёмыя ледзь не з дзяцінства. Некаторыя былі завербаваныя яшчэ ў студэнцкія гады, калі ўдзельнічалі ў падпольных арганізацыях — у тым жа беларускім патрыятычным руху. Наколькі разумею, менавіта тады іх і зламалі. А калі сістэма прымусіла чалавека хоць аднойчы пайсці на здрадніцтва, яна яго ўжо не адпускала. Калі запэцкаешся, пасля ўжо не адмыешся. Таму мне проста шкада іх. Тым больш, што некаторыя шчыра пасля працавалі на беларускую культуру. Можа, яны ад пачатку былі свядомымі беларусамі, а магчыма, рабіліся такімі пад нашым уздзеяннем. Напрыклад, адна дзяўчына, якая, па ўласным прызнанні, спецыяльна была прыстаўленая да нас, так і сказала: «Вы добрыя, хлопцы. Я вас не закладваю».

У КДБ патрапіла каля сотні чалавек — вучоныя, выкладчыкі вну, настаўнікі, студэнты. На допыты неаднойчы выклікалі і Уладзіміра Караткевіча. Але што менавіта цікавіла КДБ?

Міхась Чарняўскі прыгадваў:

Спрабавалі даведацца пра імёны аднадумцаў. І калі нехта выдаваў нейкае прозвішча не са свайго блізкага атачэння, дык допыты пачыналіся ўжо ва ўніверсітэце, у Гародні ці недзе яшчэ. Праўда, калі ў мяне запыталіся: «Хто вашы найблізкія знаёмыя?», я пачаў з дырэктара інстытута, яго намесніка, вучонага сакратара, начальніка аддзела кадраў, назваў таксама машыністку, загадчыка аддзела, пералічыў усіх нашых археолагаў… Мяркуючы па пытаннях, спецслужбы імкнуліся прыпісаць нам стварэнне падпольнай нацыяналістычнай арганізацыі з адпаведным кіраўніцтвам, структурай і сувязямі па-за межамі краіны. Асабліва цікавілі іх асобы Геніюш і Караткевіча. Думаю, што менавіта Караткевічу яны хацелі прыпісаць ролю лідара «нацыяналістаў». Аднак ён не быў ні ідэолагам, ні кіраўніком — ён быў найперш пісьменнікам і рамантыкам. Хоць, вядома, уплываў на нас моцна. Можа, таму камітэт і хацеў зрабіць з яго лідара нашай так званай арганізацыі, якой у сапраўднасці не існавала. «Арганізацыя» была патрэбная КДБ для справаздачы, дзеля зорак на пагонах. Відавочна, што менавіта з гэтай прычыны пра Караткевіча падчас допытаў пыталіся практычна ў кожнага. Ва ўсялякім выпадку, з нашага «акадэмічнага асяродку». Я ж вырашыў выгарадзіць яго — казаў: «Я не лічу Караткевіча беларускім патрыётам, таму што ён і з жонкай размаўляе па-руску, і з намі часта гаворыць па-руску. Беларускую ж мову ведае не надта добра. Таму і не лічу яго патрыётам». Так вось давялося пакрывіць душой. У адказ следчыя назвалі мяне «фанатыкам»

Між іншым, гэта была амаль дэтэктыўная гісторыя — якім менавіта чынам гэбісты вылічылі Міхася Чарняўскага:

Падчас допыту мне сказалі: «Вы прывезлі з Кіева антысавецкую кнігу», — распавядаў Міхась Міхайлавіч. — І хоць я сапраўды прывозіў шмат літаратуры, аднак адразу здагадаўся, пра што ідзе размова. Зрэшты, гэта была не кніга, а самвыдат — таўшчэзны надрукаваны на машынцы рукапіс «Інтэрнацыяналізм або русіфікацыя» ўкраінскага вучонага У. Дзюбы. Прывёзшы рукапіс у Мінск, я перадаў яго Міколу Прашковічу — для распаўсюду ў Беларусі. А пра тое, што «Інтэрнацыяналізм…» патрапіў да мяне, першым распавёў падчас допыту ва ўкраінскім КДБ чалавек, які той рукапіс мне і перадаў. І ўжо пасля Прашковіч прызнаўся, што рукапіс атрымаў менавіта ад мяне. Але не хачу сказаць пра Прашковіча нічога дрэннага — ён трымаўся, як мог. Дэмаралізаваўшы, яго проста раскалолі. Да таго ж ён пасля трагічна загінуў — зажыва згарэў…

Але ў той час я яшчэ нічога не ведаў пра тыя прызнанні і таму трымаўся падчас допыту, як той камсамолец! Сітуацыя была, вядома, ідыёцкая… І калі быў адпушчаны, адразу вырашыў пайсці да Прашковіча, але паколькі здагадваўся, што за мной сочаць, некалькі гадзін ездзіў па Мінску: перасаджваўся з аўтобуса на аўтобус, з трамвая ў трамвай, спрабуючы схавацца ў нейкіх пад’ездах. (Трэба сказаць, што кадэбісты хадзілі за намі літаральна след у след. Памятаю, як аднойчы быў такі натоўп, што мой «хвост», згубіўшы мяне, крыкнуў: «Міша!» Азірнуўшыся, я ўбачыў маладога чалавека. Падыходжу (думаў, можа, знаёмы?), а ён, счырванеўшы, кажа: «Прабачце, гэта я не вам…») І вось калі на вуліцы падпільнаваў Прашковіча, я, як дэтэктыў, з-за куста схапіў яго за каўнер і, зацягнуўшы ў пад’езд, паведаміў:

— Мяне выклікалі на допыты. Пыталіся пра рукапіс. Я нічога не сказаў.

— Дарэмна. Я ўжо ўсё расказаў, — адказаў Прашковіч.

— Калі?

— Тры месяцы таму.

— Сукін ты сын! Што ж ты мяне не папярэдзіў?! Я, як дурань, адпіраўся, што, маўляў, нічога Прашковічу не прывозіў!..

І ўжо на наступны дзень на спадарожных машынах я паехаў у Кіеў… Не хачу называць прозвішча таго чалавека — ён цяпер, здаецца, акадэмік. Яго я зноў жа падпільнаваў на вуліцы. Ён таксама прызнаўся ва ўсім. Тады мы прыдумалі такую версію: нібыта, перадаючы рукапіс, ён сказаў, што гэта праца, вартая доктарскай дысертацыі, і што вёз я яе Прашковічу для рэцэнзіі. І ўжо падчас наступнага допыту я так і сказаў. Але трэба зазначыць, што перад гэтым жонка дала мне нейкія пігулкі — не ведаю, якія, — але я быў такі ўзбуджаны, што гаварыў без перапынку: тлумачыў ленінскую палітыку па нацыянальным пытанні, прыгадваў дзяцінства, казаў, што яшчэ ў школе мяне называлі нацыяналістам, паколькі я ўвесь час гаварыў толькі па-беларуску…

Ужо вечарэла, а я ўсё гавару! Урэшце мне падаюць плашч, а быў там такі Пётр Кузьміцкі, які закончыў журфак БДУ. Допыт жа вёў нехта Корсік: у кашулі з кароткімі рукавамі і тоўстымі валасатымі рукамі, былы аспірант Інстытута этнаграфіі і фальклору АН БССР. Ён быў засланы ў гэты інстытут, спрабаваў неаднойчы здаць нямецкую мову на кандыдацкі мінімум, але кожнага разу атрымліваў «два», і КДБ забраў яго назад, на яго ж месца прыслалі іншага… І вось я ўжо сабраўся сыходзіць, як Корсік нібыта між іншым пытаецца: «Дарэчы, а колькі вы давалі Прашковічу грошай?» — «Пяць», — адказваю я машынальна…

Памятаеце, звычайна ў амерыканскіх фільмах, каго ў нечым падазраюць, нібыта ўжо і адпускаюць, але, паклікаўшы ў дзвярах, нечакана задаюць пытанне. Аднак чалавек ужо расслабіўся — адпускаюць жа! І пападаецца на апошнім пытанні. Так вось і я… Справа ў тым, што гады чатыры таму ва Украіне пазвальнялі з працы даволі шмат, як іх тады называлі, нацыяналістаў, і мы збіралі сярод знаёмых грошы, каб дапамагчы ім. Даў і я 5 рублёў. І вось цяпер кажу: «Пяць». Мне адразу: «Сядайце і ўсё пішыце…»

Ну, я і напісаў, што Прашковіч папрасіў у мяне 5 рублёў для свайго знаёмага з Украіны, якога несправядліва звольнілі з працы. Хоць я вырашыў, што Прашковіч проста для сябе запытаўся пра грошы, але даў, паколькі, маўляў, не збяднею… Тым не менш дырэктар нашага інстытута, публічна выступаючы, гаварыў, што я перадаваў грошы для ўкраінскіх нацыяналістаў і быў карэспандэнтам, то бок перавозчыкам нацыяналлітаратуры з тэрыторыі Украіны ў Беларусь. Гэта былі тыя факты, з якімі не паспрачаешся…

Зрэшты, быў перакананы Чарняўскі, партыйнае кіраўніцтва БССР і асабіста Пётр Машэраў не былі зацікаўлены ў тым, каб справа «акадэмічнага асяродку» атрымала шырокі розгалас — Беларусь была на добрым уліку ў Крамлі.

Аднак гэбісцкае кіраўніцтва было, трэба думаць, іншай думкі: за сваю працу яно жадала атрымаць не толькі словы ўдзячнасці, але і ўзнагароды, і таму паскардзілася кіраўніцтву ў Маскве. Адтуль прыехаў эмісар — Шаура [В. Шаура, загадчык аддзела ЦК КПСС, паходжаннем з Беларусі, атрымаў мянушку «великий немой», вядомы ў тым ліку пераследам В. Быкава ў 1960-я гг. — С.Ш.], які і азнаёміўся з нашымі справамі. У выніку рэпрэсіўная машына запрацавала зноў: было дадзена распараджэнне звольніць кагосьці з тых, хто фігураваў у спісах ЦК КПБ па гэтай справе. І, як пазней мне сказалі, супраць нашых прозвішчаў Шаура напісаў: «Працаўладкаваць»…

Ужо ўзімку распачалася шырокамаштабная ідэалагічная акцыя «пакарання»: партыйныя прапагандысты распавядалі па ўсёй Беларусі пра выкрыццё нацыяналістычнай арганізацыі, якая не толькі рыхтавалася вырваць рэспубліку з «сям’і братніх народаў СССР», заяўляла пра засілле ў Беларусі рускіх і мэтазгоднасць змены межаў за кошт далучэння часткі тэрыторый Расіі, Латвіі і Польшчы, але яшчэ і імкнулася да рэстаўрацыі капіталізму. Асобныя партфункцыянеры распускалі чуткі пра сувязі беларускіх «нацдэмаў» з замежнымі цэнтрамі, пра вагоны антысавецкай і нацыяналістычнай літаратуры і падвалы са зброяй. А каб зганьбіць іх маральна, мусіравалася модная ў тыя часы тэма п’янства.

Свайго апагею кампанія «пакарання» дасягнула вясной 1974 года. У гэты час былых калег-падпольшчыкаў пераконвалі ў тым, што за такія справы ў 1937-м расстралялі б, цяпер жа ўлада праявіла міласэрнасць. Адначасова ў аддзелах АН БССР адбываліся сходы, дзе ганьбавалі «нацыяналістаў», якія ў вайну «палілі беларускія вёскі і тапілі дзяцей у студнях». У дадатак гучалі заклікі прыглядацца да тых, хто размаўляе па-беларуску. Тады ж, у красавіку, сабраўся Пленум ЦК КПБ, падчас якога Машэраў сказаў, у прыватнасці, што партыйная арганізацыя і грамадскасць АН БССР, даўшы прынцыповую ацэнку таму, што адбылося, развянчалі нядобрасумленнасць і ідэйную "раззброеннасць" сваіх асобных работнікаў. Петрыкаў, які таксама выступіў на тым Пленуме, падтакваў: так, вучоныя рашуча асудзілі брыдкія выказванні і ўчынкі былых калег, несумяшчальныя з працай не толькі ў Акадэміі, але і на ідэалагічным фронце ўвогуле.

Аднак самае цяжкае, што была абвешчана інфармацыйная блакада, — прыгадваў Міхась Чарняўскі. — Нашы артыкулы і рукапісы кніг выкідаліся з рэдакцый і планаў выдавецтваў. З публікацый выкрэсліваліся любыя згадкі нашых імёнаў, забаранялася рабіць спасылкі на нашы працы. Нібыта мы зніклі з белага свету ў адзін момант! Нібы памерлі. І яшчэ доўга пасля з нас пакеплівалі — пыталіся, калі я хадзіў па розных заводах, спадзеючыся ўладкавацца на працу: «Дык што, зброю ў падвалах трымалі? І дзе ж вашы кулямёты?» Усе ўсё ведалі дзякуючы партыйным агітатарам. Я ў той час быў вымушаны працаваць грузчыкам і чорнарабочым на мастацка-вытворчым камбінаце, куды мне дапамог уладкавацца загадчык кафедры графікі тэатральна-мастацкага інстытута Васіль Шаранговіч. Мне нават не было дазволена ўладкавацца вартаўніком у Батанічным садзе!

Той жа Петрыкаў сказаў: «Уладкоўвайцеся, дзе хочаце, толькі не ў сістэме Акадэміі навук». Не было размовы і аб працы выкладчыкам ці музейным супрацоўнікам. А ў вольны час я прыходзіў у інстытут і бясплатна займаўся ўсё тымі ж археалагічнымі даследаваннямі. Бавячы час за вывучэннем чарапкоў, я адпачываў душой. Аднак як толькі з’яўляўся ў інстытуце, многія адразу збягалі ў прыбіральню — толькі б не вітацца. Праўда, былі і такія, хто ціснуў руку: «Трымайся!» Як ні дзіўна, найбольш смела выказвалі сваю пазіцыю рускія і яўрэі. Беларусы ж паводзілі сябе якраз вельмі ціха, толькі за некаторым выключэннем — вельмі дапамаглі мне Валянціна Караткевіч і Максім Танк…

Менавіта Максім Танк, зямляк Чарняўскага, які добра ведаў яго бацьку, распавёў пасля Міхасю Міхайлавічу пра настроі вышэйшага кіраўніцтва: у інстытут можна будзе вярнуцца ўжо праз год. Можна было б і раней — каб прозвішча Чарняўскага не аказалася ў спісе, які быў пададзены Шауру. Цяпер усё залежала ад Масквы.

Уласна кажучы, так усё і адбылося: на ранейшае месца працы Чарняўскі вярнуўся праз год з невялікім. Хоць з камбіната яго і не хацелі адпускаць, прапаноўвалі стаць брыгадзірам, уступіць у партыю, нават кватэру абяцалі. Праўда, яго навуковыя працы па-ранейшаму доўгі час не друкавалі — пакуль Чарняўскі не напісаў ліст віцэ-прэзідэнту АН БССР Кандрату Крапіве. За мяжу яго не выпускалі ўключна да 1990-х гг. І нават на пачатку 2000-х, калі інстытут ці аддзел уключалі імя Чарняўскага ў спіс на атрыманне ганаровай граматы ці іншага заахвочвання, «уверсе» яго імя выкрэслівалі з зайздроснай упартасцю. З гэтай нагоды Міхась Міхайлавіч жартаваў: «Нібыта ў маладосць вяртаюся, у 1973 год».

Апавядаючы пра «акадэмічны асяродак», пра тыя даўнія падзеі, Міхась Міхайлавіч гаварыў яшчэ і пра ўдзельніка пасляваеннага антысавецкага супраціву на Мядзельшчыне і Смаргоншчыне 22-гадовага Расціслава Лапіцкага, які быў расстраляны «за Беларусь» — менавіта такая фармулёўка засталася ў памяці Чарняўскага, калі ён упершыню, яшчэ ў 5-м класе мядзельскай школы, пачуў гэтае імя. На пачатку 2000-х гг. Міхась Міхайлавіч працягваў збіраць матэрыял для будучай кнігі. «Як пошуг маланкі. Расціслаў Лапіцкі» — так назаве ён пасля сваю працу. І такім чынам верне Беларусі яшчэ адно гераічнае імя.