Зрадніўся з гісторыяй Беларусі: 31 ліпеня 60 год гісторыку Андрэю Кіштымаву

Я часцяком кажу сваім студэнтам, што раней людзі жылі пры свечцы, кані і грамафоне, а зараз пры электрычнасці, аўто і кампутары, але вада па-ранейшаму мокрая, а чалавеку баліць так, як і тысячы гадоў назад...



kisztymau60_jpg.jpg

Кіраўніцтва сталічнага «Інстытуту парламентарызму і прадпрымальніцтва» адмовілася падоўжыць працоўны кантракт з вядучым айчынным  даследчыкам сацыяльна-эканамічных праблемаў гісторыі Беларусі XIX стагоддзя Андрэем Кіштымавым. 
Дзевяць гадоў таму навукоўца ўжо быў пакараны за іншадумства — ён стаў ахвярай хвалі рэпрэсій — вялікай акадэмічнай чысткі, што тады перажыў акадэмічны Інстытут гісторыі. У гутарцы з карэспандэнтам НЧ гісторык распавёў пра свой радавод, пра адказнасць навукоўцы, пра свой погляд на праблемы айчыннай гуманістыкі і гісторыяграфіі.  

Чаму звярнуўся да гісторыі?  


Я нарадзіўся ў Пінску, а мой бацька — у Магілёве. Але паколькі бацька быў ваенным лётчыкам, мне нават і не давялося вучыцца ў Беларусі. Бадзяючыся па вайсковых гарнізонах, па ўсёй краіне савецкай, бо з-за службы бацькі болей за чатыры гады мы на адным месцы не сядзелі, школу я скончыў у Калінінградскай вобласці Расіі. Аднак паколькі мае дзядулі і бабулі па бацькоўскай і мацярынскай лініі жылі ў знакавых гарадах Беларусі — Мінску і Гродна, я ведаў, што ў рэшце рэшт вярнуся на Бацькаўшчыну. Так і адбылося пасля таго, як адслужыў у войску.  
Паколькі я быў сынам вайскоўцы, дык з дзяцінства чытаў адпаведныя кнігі, у тым ліку гістарычную літаратуру і ваенныя мемуары. Тым больш, што вынішчальным авіяцыйным палком, дзе служыў бацька, у гады Другой сусветнай вайны камандаваў тройчы Герой Савецкага Саюза Аляксандр Пакрышкін. Мне давялося бачыць знакамітых авіятараў-ветэранаў, у тым ліку легендарнага Героя Савецкага Саюзы Міхаіла Дзевятаева, які на нямецкім бамбавозе Хейнкель-111 збег з нацысцкага канцлагеру, пачуць іх выступы, у тым ліку і тое, што засталося па-за межамі кніг. І ўсё гэта будзіла цікаваць да мінулага.  
Але не толькі да гісторыі XX стагоддзя. Мяне пачало цікавіць, а што было раней, пакуль я не прыпыніўся на падзеях самага любімага стагоддзя — XIX. Адвучыўшыся на гістфаку БДУ і праработаўшы 27 гадоў у акадэмічным Інстытуце гісторыі, я зрадніўся з айчыннай гісторыяй, а зараз жыву ў яе найноўшым перыядзе. А што тычыцца маіх навуковых вышуканняў, дык магу спакойна абярнуцца на 100 - 200 гадоў у мінулае. Іншы раз шуткую, што законы Расійскай імперы ведаю лепей, чым сённяшнее заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сілу спецыфікі сваіх навуковых ведаў. Я магу падрабязна распавесці, што трэба было ў XIX стагоддзі, каб адкрыць сваё фотаатэлье ці краму дробных тавараў, але не адважуся пералічыць тыя паперы і інстанцыі, якія трэба падрыхатаваць і абыйсці, каб зрабіць гэта зараз. Бо, як любы гісторык, жыву ў дзвюх стагоддзях — у тым рэальным, што на календары, і ў тым уяўным, якім займаюся.  
Дзядуля па лініі быцькі паходзіў з Паўднёвага Уралу. Ён быў партыйным і савецкім работнікам — вайну сустрэў першым сакратаром Іванаўскага райкама партыі на Берасцейшчыне. Тады мая бабуля Еўфрасіння Еўстафіеўна — беларуска з мястэчка Халопенічы з чатырма малымі дзецьмі ледзьве паспела на апошні цягнік з эвакуіраванымі, што праз Янаў Палескі ішоў на Лунінец і далей на Гомель. А любімай кніжкай маёй бабулі былі ўспаміны маршала Георгія Жукава, бо калі ён ў даваенныя гады ў Слуцку камандаваў кавалерыйскім корпусам, мой дзед быў першым сакратаром Слуцкага акружкама партыі. І ўсе камуністычныя святы мясцовае савецкае, партыйнае і вайсковае начальства адзначала разам. Пад час вайны дзядуля быў на фронце, а ў пасляваенныя гады — намеснікам ў старшыні Гродзенскага аблвыканкама Сяргея Прытыцкага.  
Дзядуля па матчынай лініі быў супрацоўнікам ваеннай контрвыведкі і пад час вайны служыў у СМЕРШы. І хоць ён не вельмі распавядаў пра сваю працу, я зараз шкадую, што ў свае школьныя гады не распытаў дзядулю пра шэраг цікавейшых і ўнікальных  гістарычных падзей, у тым ліку і пра трагічную справу Рауля Валенберга — шведскага дыпламата, які выратаваў не меней за 100 тысяч венгерскіх габрэяў у гады Халакосту, пасля прыходу Чырвонай Арміі ў Будапешт быў арыштаваны і загінуў у Лубянцы 17 ліпеня 1947 году. Справа ў тым, што мой дзед быў начальнікам СМЕРШу адной з армій, якая вызваляла Будапешт ад нацыстаў. Не выключана, што менавіта праз рукі дзеда праходзіла справа Рауля Валенберга. Але дзядуля даўно сышоў у іншы свет і сёння ён ужо не можа нічога распавесці. 

Пра адказнасць гісторыка


Гэты прыклад сведчыць пра тое, што мінулае трэба вывучаць і не адкладваць гэтую справу на потым. Тым больш, што нашая навука не патрабуе вялікіх выдаткаў.  Вывучэнне мінулага звяло мяне з выбітнымі айчыннымі навукоўцамі, у тым ліку з сапраўдным жывым гісторыкам Міколам Улашчыкам, бліскучым археолагам Міхасём Чарняўскім, глыбокім даследчыкам мінулага беларускіх татараў Ібрагімам Канапацкім і зацятым  археографам Віталем Скалабанам. Ніколі не забуду, як я — малодшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі збіраў матэрыялы для музею акадэміі і ўпершыню ўбачыў беларускамоўнага  акадэміка першага прызыву, патрыярха нацыянальнага адраджэння і аднаго з заснавальнікаў Беларускай акадэміі навук  Гаўрылу Гарэцкага. Гэты сціплы, добразычлівы і абаяльны інтэлігент, двойчы асуджаны да расстрэлу, прайшоў ГУЛАГ, але ўсё ж-такі выжыў. На маё пытанне пра якія-небудзь экспанаты для будучага музею ён толькі адказаў: «Маю біяграфію ведаеце? Дык якія фатаграфіі, дакументы і рэчы? Дзякуй Богу, што сам жывы». 
Гісторыя падарыла мне шмат цудоўных уражанняў ад маштабу асобаў і ўзроўню паважлівых, даверлівых, сапраўдных чалавечых адносінаў. І калі я напісаў больш-менш прыстойныя навуковыя працы, дык вяртаю свае даўгі гістарычнай навуцы. Бо вывучэнне мінуўшчыны мяне самога зрабіла чалавекам і вывела на той узровень, з якога скочвацца я аніяк не жадаю. Вельмі важна адчуваць адказнасць перад гісторыяй, бо як сучасныя даследчыкі напішуць пра мінулае, такім яно дойдзе да будучых пакаленняў. Аднак той, хто мае гістарычную адказнасць, сёння можа за яе паплаціцца, у тым ліку і сваімі памкненнямі. Успамінаю, што калі я пачынаў займацца эканамічным мінулым і гісторыяй прадпрымальніцтва, многія мне казалі: «Навошта гэта табе? Ты што, збіраешся гісторыю буржуяў пісаць? Пішы лепей пра ролю партыі ў арганізацыі сацыялістычнага спаборніцтва ці ў поспехах якой-небудзь пяцігодкі. Хуценька і добра абаронішся, а потым будзеш займацца, чым хочаш». Аднак  і тады я не мог дазволіць сабе гандляваць каштоўнасцямі, а тым больш зараз. 
Гісторык заўсёды чалавек залежны. Добра, калі ён залежыць ад гістарычных сведчанняў, архіўных матэрыялаў і працаў сваіх папярэднікаў. Не вельмі добра, але цікава, калі гісторык залежыць ад гістарычнай кан’юнктуры. Разам з тым, калі мы сёння гаворым пра савецкую гісторыяграфію, нас цікавіць не што яна стварыла, а тое, як складваліся механізмы адносінаў паміж уладай і навукоўцамі. Дарэчы, уся айчынная гісторыя можа быць разгледжана праз узаемаадносіны ўлады з чалавекам. Гаворка ідзе пра баланс і рэгулятары гэтых адносінаў, у тым ліку рэлігійныя, саслоўныя, эканамічныя, палітычныя і этнаграфічныя. 

Гісторыя нас даганяе 


Часам не разумеем, што самі жывем у акрэсленым гістарычным часе, які адпрацоўвае на нашых лёсах нейкія сцэнары і пакідае на іх свае адмеціны. Прычым, драматызм гісторыі не змяншаецца. Я часцяком кажу сваім студэнтам, што раней людзі жылі пры свечцы, кані і грамафоне, а зараз пры электрычнасці, аўто і кампутары, але вада па-ранейшаму мокрая, а чалавеку баліць так, як і тысячы гадоў назад.  Як і стагоддзі таму, чалавек пакутуе ў пошуку свайго месца ў жыцці. Нязменнымі застаюцца не толькі чалавечыя пачуцці, але і каштоўнасці. Вось чаму ва ўсе часы і ў любых абставінах людзі імкнуцца заставацца людзьмі. А гэта заўсёды складана. 
Я ўспамінаю пакручасты лёс нашага выбітнага земляка Мітрафана Доўнар-Запольскага — чалавека цікавейшай творчай біяграфіі і аўтара класічных гістарычных прац, якія заўжды будуць актуальнымі, бо яны на стагоддзі рабіліся і пра стагоддзі пісаліся. І дзе б ні працаваў гэты навукоўца — у Кіеве, Маскве, Баку ці Мінску — ён паўсюды быў запатрабаваны і нідзе не згубіўся, хоць часцяком вымушаны быў мяняць працу не па сваёй волі. Яго лёс сведчыць: немажліва забараніць гісторыку працаваць, можна толькі ўскладніць яму жыццё. 
На жаль, лёс беларускіх гісторыкаў ва ўсе часы быў, мякка кажучы, не вельмі салодкім. Сённяшнія ўлады, як і раней, працягваюць рэпрэсіі супраць іншадумства ў гістарычнай навуцы і сістэме вышэйшай адукацыі, адлучаюць ад іх шэраг вядомых навукоўцаў. Аднак я не кіну займацца любімай справай і буду працягваць дапамагаць тым аспірантам і навукоўцам, хто мае ў гэтым патрэбу. 

Без жорсткай сепарацыі ў ВНУ не атрымаць добрага спецыяліста


Што тычыцца гуманітарнай вышэйшай адукацыі,.дык яна, па майму перакананню, павінна насіць элітарны характар. Гаворка ідзе не пра тое, чаму навучылі чалавека, а пра тое, як пасля гадоў навучання чалавек змог дабудаваць самаго сябе. І як гэты чалавек аказаўся запатрабаваным грамадствам калі не сёння, дык заўтра. Бо гэта часцяком бывае. Так, забытыя працы выбітнага беларускага філосафа Ігната Канчэўскага (Абдзіраловіча) вельмі актуальныя і сёння, бо гэты мысляр володаў дарам прадбачання.
Дзеля таго, каб вярнуць гуманітарнай вышэйшай адукацыі элітарны характар, трэба шырока адкрыць браму ў ВНУ, аднак на першым-другім курсах праводзіць жорсткую сепарацыю. Не абавязкова кожнаму студэнту даваць дыплом аб вышэйшай адукацыі. Так, у Швейцарыі толькі 25% першакурснікаў завяршаюць вучобу у ВНУ і атрымліваюць дыплом. Разам з тым, трэба захаваць мажлівасць кожнаму жадаючаму атрымліваць вышэйшую юрыдычную і эканамічную адукацыю. Бо веды ў галіне права і эканомікі не заміналі яшчэ нікому і нідзе. 

Дзяржава павінна разумна выкарыстаць чалавечы патэнцыял 


Калі мы кажам пра сапраўднага настаўніка, маем на ўвазе эрудыта, які добра ведае лёсы і вобразы гістарычных асобаў, альбо сістэму поглядаў філосафаў і мысляроў. Без такой апоры на персаналіі немажліва выкладанне любой дысцыпліны, тым больш гуманітарнай. Менавіта яна дазваляе чалавеку зразумець сваё месца ў гэтым вялікім зменлівым свеце людзей і матывы розных адносінаў паміж імі, што і вывучае гісторыя чалавецтва. Дарэчы, яна складваецца з асобных жыццёвых вектараў. І калі гэтыя вектары супадаюць, мы бачым як экстрэмальныя маштабныя гістарычныя падзеі, у тым ліку войны, рэвалюцыі і рэформы, так і спакойныя эвалюцыйныя перыяды чалавечага жыцця. 
А паколькі не кожнаму дадзена разумна выкарыстаць сваё жыццё, гэтым павінна займацца грамадства і дзяржава. Дарэчы, галоўны абавязак дзяржавы для народа — таленавіта выкарыстаць чалавечы патэнцыял — асноўны рэсурс любой краіны. І там, дзе гэта адбываецца,  дасягаецца найвышэйшы ўзровень чалавечага развіцця, людзі жывуць заможна, шчасліва і доўга. Больш за тое, такія людзі адкрытыя да дабрачыннасці, бо яна квітнее там, дзе грамадзяне, якія дапамаглі сабе самі, адчуваюць маральны абавязак і маюць матэрыяльную мажлівасць дапамагчы іншым. Такім чынам, гуманныя адносіны дзяржавы да чалавека дазваляюць яму раскрыцца і пабудаваць нармальнае паўнавартаснае жыццё для сябе і сваіх суайчыннікаў.