Яшчэ раз пра брэнды

Зноў скандал у шляхетным сямействе. Зноў беларускія апазіцыянеры нешта не падзялілі. А канкрэтней — не падзялілі брэнд. І калі мы прызвычаіліся да таго, што сварыцца паміж сабою найперш "дарослая" апазіцыя, то зараз сварка пайшла ў моладзевай арганізацыі.

28 лістапада ў адным з гатэляў Мінска прайшоў устаноўчы сход руху "Маладая Беларусь". На ім прысутнічалі 53 дэлегаты з Мінска, Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцей Беларусі.

Зноў скандал у шляхетным сямействе. Зноў беларускія апазіцыянеры нешта не падзялілі. А канкрэтней — не падзялілі брэнд. І калі мы прызвычаіліся да таго, што сварыцца паміж сабою найперш "дарослая" апазіцыя, то зараз сварка пайшла ў моладзевай арганізацыі.
28 лістапада ў адным з гатэляў Мінска прайшоў устаноўчы сход руху "Маладая Беларусь". На ім прысутнічалі 53 дэлегаты з Мінска, Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцей Беларусі.
"Мы свядома не паклікалі на гэты сход гасцей і журналістаў, каб не было перашкодаў з боку спецслужб у яго правядзенні. Нават дэлегаты збіраліся ў розных месцах сталіцы і даведваліся пра месца яго правядзення за 15 хвілін да пачатку", — паведаміў прэс-сакратар руху Цімафей Дранчук.
Паводле яго слоў, улічваючы планы актывістаў "Маладой Беларусі" ўзяць удзел у мясцовых выбарах у якасці кандыдатаў, было вырашана неадкладна правесці ўстаноўчы сход і цягам найбліжэйшага тыдня падаць дакументы на рэгістрацыю грамадскага аб'яднання "Рух "Маладая Беларусь" у Міністэрства юстыцыі.
На пасаду старшыні руху былі вылучаны дзве кандыдатуры: Зміцера Каспяровіча і Артура Фінькевіча. Шляхам адкрытага галасавання за Каспяровіча прагаласавала 40 прысутных, за Фінькевіча — 10. Тры асобы ўстрымаліся.
"Неабходнасць рэгістрацыі ў Мінюсце была выклікана перш за ўсё падрыхтоўкай да кампаніі мясцовых выбараў. Улічваючы рэпрэсіі супраць незарэгістраваных арганізацый — я маю на ўвазе крымінальныя справы супраць актывістаў "Партнёрства", "Маладога фронту", — мы вырашылі хаця б дэклараваць намер зарэгістравацца", — сказаў Каспяровіч.
Што ж, сапраўды, для ўдзелу ў мясцовых выбарах трэба зрабіць хаця б спробу рэгістрацыі. Але гэта падзея (тое, што яна адбылася, не выклікае пярэчанняў), справакавала рэзкую рэакцыю нефармальнага лідэра "Маладой Беларусі" Артура Фінькевіча.
Па ягоным меркаванні, ніякага ўстаноўчага сходу руху "Маладая Беларусь" не было. Паводле яго слоў, ва ўстаноўчым сходзе не бралі ўдзел ні ён сам, ні ніводзін з каардынатараў руху. "Мы пра гэты сход проста не ведалі", — сказаў Фінькевіч.
Больш за тое, як заявіў актывіст, Цімафей Дранчук і новаабраны старшыня "Маладой Беларусі" Дзмітрый Каспяровіч былі выключаны са складу аргкамітэта па стварэнні арганізацыі яшчэ 11 красавіка 2009 года. "Такім чынам, ніякага дачынення да "Маладой Беларусі" гэтыя людзі не маюць", — лічыць Фінькевіч. Акрамя таго, як паведаміў актывіст, у сходзе не ўдзельнічаў ніводзін з 15 кіраўнікоў рэгіянальных структур "Маладой Беларусі".
"Таму гэты сход нельга лічыць сходам арганізацыі", — заявіў Фінькевіч.
У сваю чаргу, Каспяровіч адказаў, што яму "дзіўна чуць такія словы ад Артура Фінькевіча". "Калі разглядаць этапы існавання арганізацыі, то "Маладая Беларусь" створана 28 верасня 2008 года. Яе заснавальнікамі былі Дзмітрый Каспяровіч, Артур Фінькевіч і Цімафей Дранчук. Кожны з нас мае на гэты брэнд роўныя правы", — сказаў Каспяровіч.
"Варта адзначыць, што Фінькевіч быў адказным за рэгістрацыю руху з 5 лістапада 2008 года, аднак больш чым за год ён так нічога і не зрабіў. Таму гэтым заняліся мы. Акрамя таго, старшынёй "Маладой Беларусі" Фінькевіча ніхто не прызначаў — былі тры заснавальнікі. Учора ўстаноўчы сход афіцыйна абраў старшыню і кіруючыя органы арганізацыі", — сказаў Каспяровіч.
Што ж гэта было? Ці гэта, як зараз модна казаць, "рэйдэрскі захоп" арганізацыі, ці Фінькевіч не мае рацыі, а Дранчук і Каспяровіч у сваіх правах?
Да гэтага, пэўна, трэба звярнуцца да гісторыі самога брэнда "Маладая Беларусь". А гэтаму брэнду — не паверыце! — ужо больш за 10 гадоў!
Упершыню назва "Маладая Беларусь" узнікла ў 1998 годзе. Тады намаганнямі яшчэ старшыні "Маладога фронту" Паўла Севярынца, старшыні тагачаснага лідэра "Маладой грамады" Сяргея Марцалева і яшчэ шэрагу арганізацый быў утвораны блок маладзёжных арганізацый "Маладая Беларусь". Пад гэтым брэндам "Маладая грамада" праводзіла пікеты 10 снежня, у дзень абароны правоў чалавека. Дастаткова ўзгадаць "Маршы Свабоды", дзе вельмі запомнілася расцяжка "Маладой Беларусі" з чырвонай стрэлкай на белым фоне і надпісам "Маладая Беларусь".
Дарэчы, тады яшчэ непаўналетні Цімох Дранчук быў у "Маладым фронце".
Прыкладна ў 2000–2001 годзе Сяргей Марцалеў адышоў ад кіравання "Маладой грамадой". Недзе ў гэты час першая кааліцыя "Маладая Беларусь" развалілася.
Другая кааліцыя "Маладая Беларусь" была створана ў 2004 годзе з мэтай падтрымкі дэмакратычных кандыдатаў у парламент і, як потым выявілася, супрацьстаяння рэферэндуму, які скасаваў абмежаванні на двухразовы тэрмін прэзідэнцтва. Яна стварылася, зноў жа, па ініцыятыве лідэра "МФ" Паўла Севярынца. Па дадзеных НІСЭПД, рэйтынг блока склаў 16 працэнтаў, а Павал Севярынец за пратэсты супраць вынікаў рэферэндуму быў адпраўлены на "хімію" ў вёску Малое Сітна.
Другая "Маладая Беларусь" праіснавала яшчэ нейкі час — дастатковы для таго, каб стаць адной з заснавальніц кааліцыі Аб'яднаных дэмакратычных сілаў. Але з-за таго, што арганізацыі, якія ўваходзілі ў гэтую блок, дэ-факта ўдзелу ў ім не прымалі, пэўны час "Маладую Беларусь" у АДС прадстаўляў "Малады фронт". Так паціху сканала другая "Маладая Беларусь".
Трэці блок "Маладая Беларусь" стварыўся пасля таго, як Артура Фінькевіча знялі з пасады намесніка кіраўніка "Маладога фронту". Фінькевіч абвінаваціў лідэра "МФ" Зміцера Дашкевіча ў адсутнасці дэмакратыі і 28 верасня 2008 года разам з Цімафеем Дранчуком і Зміцерам Каспяровічам абвясціў пра стварэнне руху "Маладая Беларусь".
Так што калі казаць непасрэдна пра брэнд, то найбольшыя правы на яго мае не хто іншы, як Павал Севярынец. А ўлічваючы, што раней у "Маладой Беларусі" быў толькі незарэгістраваны аргкамітэт, то тут ужо сітуацыя — "хто паспеў, той і з'еў". Нішто не перашкаджала Фінькевічу заняцца рэгістрацыяй год таму. Тым больш, што яму гэта даручалі. Ніхто і зараз не перашкаджае Фінькевічу запатрабаваць правесці новы сход "Маладой Беларусі" ў пашыраным складзе і пераабраць кіраўніцтва. Дарэчы, нішто не перашкаджае Фінькевічу правесці і свой сход.
А чаму не? У Беларусі ёсць чатыры камуністычныя партыі, пяток сацыял-дэмакратычных, як мінімум тры ліберальных. Чаму б не быць і дзвюм "Маладым Беларусям"? :-)