Аўтамабілі разбіваюцца аб дарогу, а ДРСУ рапартуе аб забеспячэнні бяспечнага праезду

На працягу года случанка патрабавала ад ДРСУ-125 рамонту дарогі Слуцк — Капыль. Пасля апошняга пашкоджання аўтамабіля няякасным дарожным пакрыццём у маі 2015 года звярнулася ў суд Слуцкага раёна.



doroha_004.jpg

Калі на дарозе здараецца аўтамабільная аварыя, адразу вядуцца пошукі вінаватага. Цяжэй за ўсё дабіцца праўды, калі аўтамабіль атрымаў пашкоджанні ў выніку наезду на яміны на аўтадарозе, калі кіроўца ехаў адзін і побач не было сведкаў. Ды і пры наяўнасці сведкаў пакараць дзяржаўную дарожную арганізацыю вельмі цяжка.

 

Слуцкія дарогі ніколі не былі ўзорам якасці, цяпер жа падчас эканамічнага крызісу многія з іх ператварыліся ў сродкі забойства.

 

Для случчанкі Зінаіды Цімошак аўтамабіль з кожнай паездкай становіцца ўсё даражэйшым і небяспечным сродкам перамяшчэння з прычыны няякаснага дарожнага пакрыцця. Так, у красавіку 2015 года на дарозе Слуцк — Жукі пры наездзе на яміну кавалак асфальту перарэзаў мацаванне, на якім трымаецца рухавік аўтамабіля. Паслугі эвакуатара, замена запчасткі каштавалі больш за мільён беларускіх рублёў. Каб засцерагчыся ад падобных пашкоджанняў аўтамабіля ў далейшым, яшчэ 2 мільёны беларускіх рублёў дадаткова жанчына пакінула на станцыі тэхнічнага абслугоўвання за ўсталяванне дадатковай сталёвай абароны картэра рухавіка.

 

Ліст аб здарэнні Зінаіды Цімошак накіравала ў слуцкую дарожную арганізацыю ДРСУ-125, што займаецца абслугоўваннем і рамонтам аўтадарогі. Атрымала адказ, што на аўтадарозе “своечасова выконваецца ямачны рамонт і дарога ўтрымліваецца паводле стандартаў, якія забяспечваюць бяспеку дарожнага руху”.

 

doroga_001.jpg

 

Наколькі так названы выкананы “ямачны рамонт” з’яўляецца бяспечным, гаспадыня аўтамабіля даведалася 18 мая 2015 года. На аўтадарозе Слуцк — Жукі з-пад калёс сустрэчнага грузавога аўтамабіля з адрамантаванай ямы выскачыў вялізны кавалак асфальту. Кавалак раскалоўся на некалькі частак на капоце. На шчасце, абышлося без ахвяраў: кавалак дарожнага покрыва разрэзаў на дзве часткі новенькую дэкаратыўную накладку на капот з эмблемай вытворцы “Шкода Фабія”, увагнуў капот, здзёр фарбу ў месцах прызямлення.

 

Інспектары ДАІ, якія зафіксавалі дарожна-транспартнае здарэнне, толькі развялі рукамі: вінаватых няма, стыхійны выпадак. Праўда, у выдадзенай даведцы занатавалі, што аўтамабіль атрымаў пашкоджанні ў выніку “ўдару кавалкам асфальту”.

 

Спадарыня Зінаіда Цімошак не згодная ДАІ, што вінаватая стыхія:

 

Мы жывём у мірных умовах, і кожная арганізацыя, кожны чыноўнік павінны выконваць свае абавязкі згодна з існуючымі законамі, не спіхваючы свае недахопы і непрафесійнасць на стыхійнасць і недахоп грошай. Калі б нармалёва працаваў грамадскі транспарт, я б не набывала асабісты аўтамабіль. Але ў нашай дзяржавы няма грошай ні на грамадскі транспарт, ні на рамонт дарог. Падобна, што грошы ёсць толькі на ўтрыманне чыноўніцтва.

 

Дарэчы, згодна п.п.209.1 п.209 Правілаў дарожнага руху, службовыя і іншыя асобы, адказныя за эксплуатацыю дарог, дарожных збудаванняў, чыгуначных пераездаў і тэхнічных сродкаў арганізацыі дарожнага руху, абавязаны ўтрымліваць дарогі, дарожныя збудаванні ў адпаведнасці з патрабаваннем тэхнічных нарматыўных прававых актаў у стане, бяспечным для дарожнага руху. Падпунктам 6.1.3 Дзяржаўнага стандарту Рэспублікі Беларусь СТБ 1291-2007 прадугледжана, што на пакрыцці праезджай часткі аўтамабільных дарог і вуліц не павінны знаходзіцца староннія прадметы, якія могуць стаць прычынай здзяйснення дарожна-транспартнага здарэння (камяні, цэгла, бутэлькі, металічныя прадметы і інш.).

 

Кавалак асфальту нават пасля расколу на часткі пасля ўдару па маім капоце з'яўляецца менавіта тым прадметам, які прадстаўляе не толькі пагрозу для аўтамабіля, але і для жыцця чалавека кіроўцы і пасажыраў, — гаворыць Зінаіда. Калі б я рухалася з больш высокай хуткасцю, гэты кавалак асфальту з завостранымі бакамі мог бы адрэзаць галаву мне, альбо пасажыру.Да таго ж за допуск да дарожнага руху я таксама заплаціла немалыя грошы — паўтара мільёна беларускіх рублёў за два гады.

 

ДРСУ-125 з’яўляецца філіялам КУП “Мінскаблдарбуд”, менавіта на гэтую арганізацыю спадарыня Цімошак ускладвае адказнасць за аварыйныя здарэнні і спадзяецца на справядлівы разгляд справы ў судзе Слуцкага раёна.

 

Дарэчы, заяўніца мае стос адпісак з ДРСУ-125 на яе заявы аб дрэнным становішчы аўтадарогі Слуцк — Жукі, на кожны зварот маецца адна і тая ж бадзёрая адпіска аб своечасовым рамонце і ўтрыманні дарогі ў бяспечным стане. Не зрушылі справу з месца звароты ў Слуцкі райвыканкам і да дэпутатаў Нацыянальнага сходу па Капыльскай і Слуцкай выбарчай акрузе Бойка Н. і Кляшчук І.

 

У заяве на імя суда Слуцкага раёна грамадзянка просіць спагнаць з арганізацыі КУП “Мінскаблдарбуд” 7 797 600 беларускіх рублёў у якасці кампенсацыі матэрыяльных стратаў, і 3 мільёны — за панесеныя маральныя страты.