Грамадскія актывісты Слуцка напомнілі жыхарам горада пра Слуцкае паўстанне

27 лістапада свядомыя грамадзяне Слуцка, а таксама актывісты кампаніі “Гавары праўду” уручылі жыхарам горада больш за 200 самаробных Памятак, прысвечаных угодкам Слуцкага паўстання.



Апрача кароткай гісторыі паўстання ва ўлётцы ўзгадваецца артыкул 54 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які ўтрымлівае абавязак берагчы гісторыка-культурную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці.

А Слуцкае паўстанне якраз і належыць да гісторыка-культурнай спадчыны. Нацыянальна-вызваленчы рух за свабоду роднага краю, імкненне да стварэння незалежнай рэспублікі ад суседняй бальшавіцкай дзяржавы, спроба паўстання — гэта тое, за што нам не сорамна перад цывілізаванымі краінамі.

Таксама ва ўлётцы гаворыцца пра тое, што ў Слуцку да гэтага часу няма вуліцы Слуцкіх паўстанцаў, затое ўшаноўваюцца Парыжскія Камунары.

На жаль, ў гэтым годзе случчане наўрад ці змогуць наведаць мітынг, прысвечаны гераічнаму мінуламу горада Слуцка.

Заяўку мясцовага актывіста партыі БНФ “Адраджэння” Віталя Амяльковіча на правядзенне мітынга каля краязнаўчага музею мясцовыя ўлады не дазволілі. У адказе на звыклай бюракратычнай мове гаворыцца, што каля будынка краязнаўчага музея масавыя мерапрыемствы забаронены, а месцам для масавых мерапрыемстваў вызначаны гарадскі стадыён.

Паколькі ўлады не выконваюць свой канстытуцыйны абавязак берагчы культурную спадчыну, мясцовыя актывісты вырашылі самастойна нагадаць случчанам пра паўстанне.

Жыхары горада прыязна прымалі памяткі і дзякавалі за напамін аб героях Случчыны.