Падрыхтаваны зялёны маршрут па Валожынскім, Маладзечанскім і Вілейскім раёнах

Падрыхтаваны міжрэгіянальны зялёны маршрут "Зялёнымі сцежкамі ад Іслачы да Віліі" па Валожынскім, Маладзечанскім і Вілейскім раёнах. Аб гэтым паведаміла галоўны спецыяліст аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама Валянціна Ганіч 12 красавіка на прэзентацыі "Зялёны турызм у Беларусі" ў Мінску.



ziel_mar.jpg

Паводле яе слоў, мэта зялёнага маршруту — пазнаёміць турыстаў з культурнай спадчынай і прыродай трох раёнаў Мінскай вобласці. Экскурсія праходзіць цераз Ракаў, Гарадок, Плябань, Ракуцёўшчыну, Верадава, Маладзечна, Вілейку, Заброддзе, а таксама ўздоўж Вілейскага вадасховішча. Аўтобусна-веласіпедны маршрут разлічаны на два дні. Яго агульная працягласць 140 км, з іх на веласіпедах — ад 40 да 70 км.
Як сказала Ганіч, праграма маршруту вельмі разнастайная, яна прадугледжвае наведванне мноства культавых збудаванняў, у тым ліку касцёла Узвіжання Святога Крыжа XIX стагоддзя ў Вілейцы, які ўключаны ў спіс "Сем цудаў Міншчыны". Таксама турысты азнаёмяцца з экспазіцыяй шэрагу музеяў, у тым ліку  арт-галерэі Фелікса Янушкевіча "Ракаўская цывілізацыя", маладзечанскай раённай мастацкай галерэі "Плябань", філіяла літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў былым фальварку Ракуцёўшчына.
Прадугледжаны наведванне экалагічнай сцежкі, знаёмства з рэдкімі відамі раслін і жывёл, а таксама экалагічны ўрок на беразе Вілейскага вадасховішча. У забаўляльнай частцы праграмы — наведванне экстрым-парку "Малпа лэнд" і музея "Свет пчол" каля Ракава, удзел у інтэрактыўнай праграме "Вяселле па-беларуску" ў Вілейцы і адпачынак на беразе Вілейскага вадасховішча з катаннем на лодках і катамаранах.