Партыя БНФ заклікае ўлады Беларусі спыніць пераслед гуманітарыяў

Партыя БНФ выступіла ў абарону гродзенскіх гуманітарыяў, якія пераследуюцца за свае погляды і перакананні.
 



bnf_logo_245.jpg


У заяве Партыі БНФ ідзе размова пра Валерыя Булгакава, былога рэдактара недзяржаўнага літаратурна-публіцыстычнага часопіса ARCHE, а таксама пра двух звольненых выкладчыкаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы — кандыдата гістарычных навук Андрэя Чарнякевіча і старшага выкладчыка кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Ігара Кузьмініча.


Чарнякевіч — адзін з аўтараў нядаўна выдадзенай кнігі "Гродназнаўства", якая ўтрымлівае гістарычныя сімвалы Беларусі — герб "Пагоня" і бел-чырвона-белы сцяг, фактычна забароненыя цяперашнімі ўладамі. Кузьмініч нядаўна апублікаваў у інтэрнэце дзве казкі, прысвечаныя гэтым сімвалам: "Хто такі белы рыцар на белым кані з белым мячом" (пра герб "Пагоня") і "Як узнік беларускі сцяг" (пра бел-чырвона-белы сцяг).


Як адзначаецца ў заяве, апошнія два месяцы ў Беларусі "назіраюцца небяспечныя праявы ўзмацнення рэпрэсій і пераследу ў гуманітарнай сферы", прычым усе яны мелі месцаў Гродне. Партыя БНФ заклікае міністра адукацыі Беларусі Сяргея Маскевіча ініцыяваць аднаўленне на працы Андрэя Чарнякевіча і Ігара Кузьмініча. У адваротным выпадку ўніверсітэт "страціць маральнае права насіць імя беларускага нацыянальнага паэта Янкі Купалы", падкрэсліваецца ў заяве.


Акрамя таго, адзначае Партыя БНФ, улады зладзілі ў Гродне "пагром творчага і навукова-выдавецкага асяродку, які аб'яднаўся вакол часопіса ARCHE". "Гэтая акцыя пачалася з арышту кніг і часопісаў прама падчас прэзентацыі выданняў", — адзначаецца ў заяве.


На думку яго аўтараў, падобныя "праявы цемрашальства яднаюць палітыку цяперашняй улады з тымі часамі, калі на беларускай зямлі панавалі іншыя дзяржавы, што выкаранялі беларускія школы і забаранялі беларускае друкаванае слова".


"У выпадку звальнення гродзенскіх выкладчыкаў на падставе іх публікацый маюць месца прыкметы парушэння арт. 14 Працоўнага кодэкса, які забараняе дыскрымінацыю ў сферы працоўных адносінаў у сувязі з перакананнямі. Прыкры выпадак звальнення гісторыка Андрэя Чарнякевіча можа перакрэсліць навуковыя дасягненні гродзенскай гістарычнай школы, а звальненне Ігара Кузьмініча "за казкі" стане плямай на іміджы ўніверсітэта, які носіць імя беларускага паэта Янкі Купалы", — заяўляе Партыя БНФ.


Палітыкі заклікаюць кіраўніцтва краіны "спыніць агрэсіўны пераслед беларускіх гуманітарыяў, у тым ліку пераслед кандыдата філасофскіх навук Валерыя Булгакава, і зняць забарону на распаўсюджванне выданняў творчага асяродку ARCHE (часопіс і кнігі) праз дзяржаўныя і прыватныя сеткі масавага продажу ў розніцу".


Пераслед выкладчыкаў і вучоных Гродзенскага дзяржуніверсітэта, а таксама выдавецкага асяродку ARCHE з'яўляецца "пагрозай фундаменту беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці", заяўляе Партыя БНФ. "Ва ўмовах, калі беларуская дзяржаўнасць знаходзіцца пад пастаянным ціскам з Усходу, а дзяржаўная ўлада хварэе на аўтарытарызм і недахоп адчування нацыянальных інтарэсаў, адукацыя і культура з'яўляюцца тымі сферамі, на якіх базуецца ідэнтычнасць беларусаў як еўрапейскай нацыі. Выкараненне беларускай адукацыі і друку пагражае дэградацыяй беларусаў ад статуса нацыі да стану этнічнай супольнасці", — падкрэсліваецца ў заяве.


Сяргей Пульша, БелаПАН