Шалёная беларуская палітыка

Беларусь — краіна, здольная давесці да шаленства любога палітолага. Мы ўжо звыкліся з тым, што там, дзе збіраюцца тры сацыял-дэмакраты, абавязкова ствараюцца чатыры партыі з пяццю супрацьлеглымі меркаваннямі. 



karatkievich_t_700.jpg

Але апошняе рашэнне Цэнтральнага камітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) увогуле пераварочвае ўсе ўяўленні пра класічную паліталогію.

Нагадаем, што 19 красавіка прэзідыум БСДП (Грамада) вырашыў падтрымаць кампанію па вылучэнні кандыдатам на пасаду прэзідэнта Таццяну Караткевіч. Тым больш, што сама прэтэндэнтка з’яўляецца сябрам гэтай партыі з 1999 года, прысутнічала на пасяджэнні прэзідыума і адказала на ўсе пытанні. Сама БСДП (Грамада) уваходзіць у кампанію «Народны рэферэндум», якая, апроч сацыял-дэмакратаў, аб’ядноўвае Партыю БНФ, Рух «За свабоду» і ініцыятыву «Гавары праўду». Менавіта ў межах «Народнага рэферэндуму» выспела ідэя вылучэння Караткевіч на пасаду кіраўніка дзяржавы.

Прэзідыум тады ўпаўнаважыў старшыню партыі Ірыну Вештард правесці перамовы з партнёрамі па «Народным рэферэндуме» аб «фармаванні адзінага нацыянальнага перадвыбарчага штаба (Таццяны Караткевіч — аўт.), а таксама яго рэгіянальных структур».

На пасяджэнні ж 28 чэрвеня ЦК БСДП (Грамада) раптам прымае незразумелае і цалкам супрацьлеглае рашэнне. ЦК не падтрымаў кіраўніцтва партыі (то бок прэзідыум), і адмовіўся ад удзелу ў стварэнні ініцыятыўнай групы Караткевіч.

Паводле Вештард, рашэнне аб падтрымцы кандыдата ў прэзідэнты можа прыняць толькі з’езд. З’езд, як вынікае з заявы старшыні партыі, збіраць не плануецца. Разам з тым яна адзначыла, што сябры партыі могуць «самастойна ўваходзіць у ініцыятыўныя групы», але «цэнтралізавана партыя гэтага рабіць не будзе».

Такім чынам Караткевіч не падтрымлівае ўласная партыя. Рух «За Свабоду» таксама заяўляў, што ўстрымаецца ад вылучэння свайго кандыдата альбо падтрымкі іншых кандыдатаў падчас сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі. Падтрымалі прэтэндэнтку «Гавары праўду» з нявызначанай палітычнай пазіцыяй і Партыя БНФ.

Гэта любому заходняму палітолагу адразу вынесе мозг. «Левага» кандыдата на пасаду прэзідэнта вылучаюць «правыя» — Партыя БНФ. А свае ж «левыя» аднапартыйцы яго пракідваюць без тлумачэння прычынаў.

Можа быць, Таццяне партыю змяніць?

Між тым, ад гэтага «варушэння ў пясочніцы» самой Таццяне ні халодна, ні горача. Яна працягвае паездкі па рэгіёнах, сустрэчы з людзьмі. На афішных тумбах месцамі нават з’явіліся плакаты ў яе падтрымку. Фактычна, ініцыятыўная група Караткевіч пачала сваю працу па яе «раскрутцы».

Партыйнае ж рашэнне дзіўнае, малазразумелае і непаслядоўнае. Як бы ні апраўдвалася Вештард, кажучы пра «тэхнічнае» рашэнне прэзідыума ад 19 красавіка, яно было расцэнена ўсімі як падтрымка вылучэння Караткевіч. «Крок наперад, два назад» хоць і ў традыцыях беларускай сацыял-дэмакратыі, але ён можа сур’ёзна паўплываць на расклад у «апазіцыйнай пясочніцы» як да выбараў, так і пасля іх.

Па-першае, рашэнне сацыял-дэмакратаў адмовіцца ад падтрымкі Караткевіч ставіць пад пагрозу ідэю і існаванне самога «Народнага рэферэндуму». Ва ўмовах, калі дзве арганізацыі — Партыя БНФ і «Гавары праўду», — падтрымліваюць Караткевіч, а дзве — БСДП «Грамада» і Рух «За свабоду», — ухіляюцца ад гэтай падтрымкі, «Народны рэферэндум», які да гэтага выглядаў маналітным, расколвацца на дзве прыкладна роўныя часткі. Чарговы раскол у беларускай апазіцыі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў не дадасць папулярнасці ўсёй апазіцыі ў цэлым. Ніхто не будзе разбірацца, чым «Народны рэферэндум» адрозніваецца ад Лябедзькі ці Калякіна, размова будзе адна: «Ізноўку няздольныя аб’яднацца».

Такім чынам, ЦК БСДП (Грамада) падстаўляе ўсіх дэмакратычных кандыдатаў агулам, без падзелу на «сваіх» і «чужых».

Разбор палётаў унутры «Народнага рэферэндуму» пасля прэзідэнцкіх выбараў можа прывесці да развалу гэтай ініцыятывы. Што будзе прыкра, бо пакуль што НР — адзіная дзейсная кааліцыя ў апазіцыйным асяродку. Пра «Талаку», якую стваралі камуністы са «Справядлівага свету» і лібералы АГП, нідзе нават не згадваецца. Тым больш, што на гэтых выбарах як старшыня «Справядлівага свету» Сяргей Калякін, так і лідар АГП Анатоль Лябедзька таксама ідуць на прэзідэнцтва — паасобку.

Па-другое, пасля выбараў такі ж «разбор палётаў», як у «Народнага рэферэндуму», не выключаны і ў самой БСДП (Грамада). Ужо зараз частка аднапартыйцаў можа задацца пытаннем: «А чаму гэта мы не падтрымалі свайго сябра, які ў нашай арганізацыі больш за 15 гадоў?». Гэтае пытанне пацягне за сабою яшчэ больш небяспечнае: «А ці падтрымае мяне мая партыя ў выпадку чаго? Можа, таксама адмовіцца, як ад Караткевіч?» Гэта можа прывесці да чарговага расколу ў сацыял-дэмакратаў. Але з іхнімі расколамі, як казалася вышэй, мы ўжо звыкліся.