Вячаслаў Швед: Яны нас выпіхваюць, каб астатнія маўчалі

Прафесар Гродзенскага ўніверсітэту імя Янкі Купалы Вячаслаў Швед выступіў з адкрытым лістом да выкладчыкаў універсітэту. Ён заявіў, што лічыць сваё звальненне “палітычным рашэннем — помстай за выдадзеную кнігу “Гродназнаўства. Гісторыя эўрапейскага горада”.



946d8b67_9fc8_40d8_aa2b_3d2d6d74988a_w640_r1_s_cx60_cy8_cw30.jpg

Вячаслаў Швед

Рада Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы большасцю галасоў не зацвердзіла доктара гістарычных навук Вячаслава Шведа на пасаду прафесара. У сакавіку Шведа пазбавілі пасады кіраўніка кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму. Ягоныя калегі лічаць, што з універсітэту такім чынам звальняюць прагрэсіўных нацыянальна арыентаваных навукоўцаў.

Паводле самога Вячаслава Шведа, праз 2–3 дні павінен з’явіцца загад рэктара ўніверсітэту пра ягоны далейшы лёс. Хутчэй за ўсё, гэта будзе загад аб звальненні.

Вячаслаў Швед адпрацаваў у Гродзенскім ўніверсітэце імя Янкі Купалы звыш 30 гадоў і не верыць, што большасць ягоных калегаў-выкладчыкаў маглі прагаласаваць супраць яго зацвярджэння. Але, з другога боку, ніхто, паводле яго, не падняўся і не сказаў: што мы робім?

«Ідзе яўная зачыстка ўніверсітэту. На нашым прыкладзе запалохваюць усіх астатніх, каб дасягнуць таго, што тут будзе спакойная багна. Няма чым пахваліцца ў вобласці, то будуць хваліцца тым, што тут спакой. Яны нас выпіхваюць, каб астатнія маўчалі», — кажа Вячаслаў Швед.

Гісторык Аляксандр Дабрыян, таксама адзін з аўтараў кнігі «Гродназнаўства», кажа, што сам пакуль не адчуў ніякага ціску на працы з боку адміністрацыі універсітэту. Незацвярджэннем Шведа на пасаду прафесара ўражаны. Кажа, што цяпер ва ўніверсітэце няма спецыяліста больш дасведчанага ў гісторыі Горадні, чым Вячаслаў Швед: «Я папросту не разумею гэтага, што адбываецца, бо і Швед, і Чарнякевіч — выдатныя выкладчыкі. Тым болей што Швед выдаў столькі кніжак пра Горадню. Я папросту з’дзіўлены, і мне болей няма чаго дадаць. Мяне ўразіла тое, як абышліся са Шведам».

Выкладчык права Гродзенскага ўніверсітэту Ігар Кузьмініч, пратэстуючы супраць незаконнага пераследу выкладчыкаў за грамадскія погляды і абмежавання права свабодна выказваць свае меркаванні, нядаўна звольніўся і напісаў адкрыты ліст старшыні Гродзенскага аблвыканкаму Сямёну Шапіру. Спадар Кузьмініч кажа, што ва ўніверсітэце з вясны 2012 года пануе атмасфера пераследу свабоднай думкі, але гэта, паводле яго, не звязана з кіраўніцтвам універсітэту.

gdb.rferl.org__7654969c_8490_4_b49c3c65907a2f89f9b60989fc08caed.jpeg

                    Ігар Кузьмініч


ІгарКузьмінічадзначае: «Я думаю, што гэта працяг ціску на выкладчыкаў універсітэту. І ў недалёкай будучыні мы яшчэ пачуем не адну такую справу. Асабліва гэта будзе звязана з часам сканчэння тэрмінаў кантрактаў. Не толькі Швед, але і іншыя выкладчыкі, верагодна, будуць звольненыя».

Доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч, які на пачатку 90-х гадоў працаваў першым прарэктарам Гродзенскага універсітэту, уражаны тым, што ніхто з сябраў Рады ўніверсітэту не ўстаў на абарону свайго калегі, якога ведаюць больш за 30 гадоў. Паводле Краўцэвіча, гэта адзін з паказчыкаў дэградацыі ўсёй сістэмы адукацыі.

gdb.rferl.org__cda68cf6_139d_4_bd0c10ef7a39ff693826aa5e6f344e48.jpeg

                     Алесь Краўцэвіч

«Гэта зноў жа вынік таго, што ў Беларусі не існуе аўтаномных унівэрсытэтаў: усе назначаюцца, прызначаюцца, і пляваць яны хацелі на ўсе гэтыя галасаваньні, што адбываюцца на катэдрах. Усе людзі паддадзены жорсткаму ідэалягічнаму кантролю, стукачы, КДБ складае сьпісы добранадзейных і нядобранадзейных выкладчыкаў. Галоўнае — не прафэсійны ўзровень, а адданасьць існуючаму рэжыму», — кажа Алесь Краўцэвіч.

Год таму Вячаслава Шведа ўзнагародзілі медалём «За заслугі перад Гродзенскім дзяржаўным ўніверсітэтам імя Янкі Купалы».

Ён аўтар шматлікіх кніг па гісторыі Горадні, а таксама адзін з аўтараў кнігі «Гродназнаўства».

Першапачаткова інфармацыя пра кнігу шырока падавалася ў мясцовых СМІ, ладзіліся прэзентацыі. Але праз некаторы час аўтараў пачалі выклікаць на размовы з супрацоўнікамі рэктарату, а таксама КДБ.

Аднаго з аўтараў, дацэнта Андрэя Чарнякевіча, звольнілі з Гродзенскага універсітэту з фармулёўкаю «за парушэнне працоўнай дысцыпліны». Пазней старшыня Гродзенскага аблвыканкаму Сямён Шапіра публічна прызнаўся, што асабіста загадаў яго звольніць.

Адкрыты ліст Вячаслава Шведа

«Гэтая кніга была напісана па маёй ідэі, я стварыў калектыў аўтараў, кіраваў ім, напісаў больш за палову кнігі, рэдагаваў яе. Кніга была напісаная па просьбе настаўнікаў Горадні, якія працавалі са школьнікамі па факультатыўным курсе “Гродназнаўства”. Курс быў уведзены рашэннем сесіі гарсавету па ініцыятыве яго дэпутата Ласьмінскага, які ўхваліў і напісанне падручніка. Апошні быў выдадзены двума выданнямі ў Гарадзенскім універсітэце пасля двухгадовых хаджэнняў у аблвыканкам, які так і не знайшоў грошай на выданне. Затым толькі было здзейснена трэцяе выданне ў Вроцлаве, у друкарні Польскай акадэміі навук. Абвінавачанні аўтараў у падпольным выданні, такім чынам, беспадстаўныя. Падкрэсліваю, што ў Польшчы выдадзена кніга, а не падручнік, у чым таксама абвінавачваюць аўтараў. Мы таксама мелі права выбраць храналагічны перыяд гісторыі Горадні, пра які і напісалі тэкст — да 1994 года, што ставяць нам у віну», — піша Вячаслаў Швед.

У канцы сакавіка 2013 года ў спадара Шведа скончыўся кантракт на пасадзе загадчыка кафедры, і яму прапанавалі перайсці на пасаду прафесара. Конкурсная камісія аднагалосна рэкамендавала яго кандыдатуру да ўдзелу ў конкурсе на Радзе ўніверсітэту.

«1 красавіка 2013 году на Радзе ўніверсітэту адбылося галасаванне. Вынікі яго (30 — “за”, 41 — “супраць”) відавочна сфальсіфікаваныя. Так галасаваць людзі, якія мяне добра ведаюць, не маглі. Лічу, што ніякіх падстаў для такога выніку не было», — адзначае спадар Швед.

www.svaboda.org