Віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік: Да Дня беларускага пісьменства Быхаву трэба дапамагчы загучаць па-новаму

"Быхаву трэба дапамагчы загучаць па-новаму ў Беларусі. Гэта можна зрабіць, толькі аб'яднаўшы намаганні рэспубліканскіх, мясцовых органаў улады і жыхароў Быхаўшчыны", — заявіў намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Тозік 28 лістапада на пасяджэнні Нацыянальнага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні ў 2013 годзе Дня беларускага пісьменства ў Быхаве. Аб гэтым паведамляе прэс-служба ўрада.
 



800.jpg

Анатоль Тозік

Паводле слоў Тозіка, важна, каб не толькі чыноўнікі ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы да правядзення свята, але і мясцовае насельніцтва. На яго думку, у горада ёсць велізарны патэнцыял: багатая культурная і архітэктурная спадчына. Ён заявіў, што ў Быхаве неабходна аднавіць замак, унікальную сінагогу, "мадэрнізаваць і надаць новае жыццё" сацыяльна значным аб'ектам, у тым ліку аднавіць плавальны басейн.
 

Што да самой канцэпцыі правядзення Дня беларускага пісьменства, то, на думку Тозіка, у яго ўжо ёсць свой фармат і традыцыі і штосьці кардынальна мяняць не мае сэнсу. Плануецца правядзенне Горада майстроў, кніжных кірмашоў, канцэртаў, а таксама адкрыццё дзвюх скульптурных кампазіцый, прысвечаных Дню беларускага пісьменства. "Сумеснымі намаганнямі рэспубліканскіх органаў улады, мясцовага кіраўніцтва і жыхароў горада мы нададзім Быхаву зусім новае аблічча", — запэўніў Тозік.
 

Удзельнікі нацыянальнага аргкамітэта падчас выязнога пасяджэння пазнаёміліся з сацыяльна значнымі аб'ектамі Быхава, абмеркавалі пытанні фінансавання і яго крыніц і зацвердзілі план працы на наступны год, паведамляе прэс-служба.
 

Нагадаем, сёлета Дзень беларускага пісьменства прайшоў 1–2 верасня ў Глыбокім (Віцебская вобласць). У розныя гады свята праходзіла ў Барысаве, Ганцавічах, Заслаўі, Камянцы, Міры, Нясвіжы, Навагрудку, Полацку, Паставах, Оршы, Смаргоні, Тураве, Хойніках, Шклове.

Андрэй Серада, БелаПАН