Апошні шанец ЕГУ пацвердзіць свой еўрапейскі выбар

Група сённяшніх і былых выкладчыкаў ЕГУ напісала публічны ліст, прысвечаны сітуаціі ў навучальнай установе, дзе выказваецца занепакоенасць хадой падрыхтоўкі выбараў рэктара.  



ehu3.jpg

На рэдакцыйную пошту «Новага Часу» прыйшла просьба ад Аляксандра Мілінкевіча надрукаваць ліст з ацэнкай сітуацыі вакол выбараў у ЕГУ, напісаны сённяшнімі і былымі выкладчыкамі універсітэта.
«Месяц назад прадстаўнікі беларускай грамадскасці падпісалі зварот аб неабходнасці захавання беларускасці ЕГУ. Гэта было вельмі сваечасова і ўмацавала жаданне многіх міжнародных арганізацый заняць актыўную пазіцыю па вызначэнні ягонай будучыні. Па сутнасці, сёння на выбарах рэктара вырашаецца, якой будзе канцэпцыя універсітэта – беларускай і еўрапейскай, або амерыканска-расійскай. Рашэнне плануецца прыняць напрыканцы лютага – пачатку сакавіка. Замежныя партнёры, якія падтрымліваюць нашу пазіцыю, рэкамендуюць накіраваць у медыя і донарам ЕГУ ліст ад імя лідэраў грамадскай думкі Беларусі з ацэнкай працэдуры выбараў. Дасылаю Вам для азнаямлення адпаведны тэкст, напісаны сёняшнімі і былымі выкладчыкамі ЕГУ, якія добра ведаюць сітуацыю. Звяртаюся да Вас з вялікай просьбай далучыцца да падпісантаў гэтага ліста. Ваша падтрымка вельмі важная для лёса нашага ўніверсітэта ў ЕС, які павінен стаць «самым беларускім сярод еўрапейскіх і самым еўрапейскім сярод беларускіх», — піша Аляксандр Мілінкевіч. 
Прыводзім тэкст публічнага ліста цалкам:   
«Мы выказваем глыбокую занепакоенасць сітуацыяй вакол выбараў новага рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ). Гэта не проста чарговае адміністрацыйнае прызначэнне. Гаворка ідзе пра існаванне праекта.
Нядаўняя канферэнцыя «Беларускі ЕГУ: пасля 10 гадоў у Літве» зрабіла відавочным для ўсіх яе ўдзельнікаў (студэнтаў, выпускнікоў, выкладчыкаў, былых супрацоўнікаў, звольненых за іншадумства, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і міжнародных арганізацый), што універсітэт, закліканы стаць самым еўрапейскім з усіх беларускіх, наўрад ці адпавядае заяўленым ідэалам.
Галоўнымі прычынамі працяглага сістэмнага крызісу з'яўляюцца ліквідацыя акадэмічнага самакіравання і стварэнне закрытай аўтарытарнай сістэмы адміністравання. Ключавыя для лёсу універсітэта рашэнні прымаюцца без удзелу выкладчыкаў, студэнтаў і іншых стэкхолдараў.
Працэс выбару новага рэктара – паасобная праява агульнай праблемы. Па ўсіх асноўных параметрах ён не адпавядае агульнапрынятым працэдурам аналагічных конкурсаў:
1. Працэс запушчаны без зацверджанага палажэння аб конкурсе на пазіцыю рэктара. Правілы і працэдуры выбараў да гэтага часу не вядомыя нават самім кандыдатам. Гэта дае Адборачнай камісіі шырокія магчымасці для прыняцця валюнтарысцкіх рашэнняў і бюракратычных імправізацый.
2. Кіроўная рада не ўлучыла ў склад камісіі прадстаўнікоў студэнтаў і выкладчыкаў, нягледзячы на іх неаднаразовыя законныя патрабаванні. У камісію не быў запрошаны ніводны знешні міжнародны эксперт. Няма ў ёй і ніводнага беларуса. Гэта ператварае адкрыты міжнародны конкурс у закрытае карпаратыўнае прызначэнне пажаданага кандыдата, фінансава зацікаўленага ў захаванні існуючай аўтарытарнай сістэмы кіравання.
3. Працэс выбару рэктара ажыццяўляецца ў рэжыме інфармацыйнай ізаляцыі. Ні акадэмічная супольнасць ЕГУ, ні грамадзянская супольнасць Беларусі, ні міжнародная грамадскасць не маюць інфармацыі аб выніках этапаў абмеркавання кандыдатаў і агульнай хады выбараў. Гэта выводзіць выбарны працэс з-пад кантролю стэкхолдэраў і грамадскага меркавання.
Такое становішча выклікае сур'ёзныя сумневы ў тым, што рашэнне Адборачнай камісіі будзе ўзважаным і справядлівым. Мы занадта добра ведаем, як робяцца выбары ў Беларусі. І не хочам «беларускіх выбараў» у Еўропе.
Мы глыбока перакананыя, што універсітэцкая аўтаномія з'яўляецца безумоўнай каштоўнасцю і адным з базавых прынцыпаў еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Але яна не адмяняе падсправаздачнасці грамадству, акадэмічнай супольнасці, донарам, палітычным партнёрам і іншым стэкхолдэрам, якія ўзялі на сябе адказнасць за лёс гэтага праекта.
Мы выказваем недавер Адборачнай камісіі, легітымнасці і справядлівасці бягучага адбору.
Мы звяртаемся да Вас з просьбай выкарыстаць Ваш аўтарытэт, каб прывесці конкурс на пасаду рэктара ЕГУ ў адпаведнасць міжнародным стандартам. Лічым неабходным стварыць новую рэпрэзентатыўную Адборачную камісію і правесці сапраўды празрысты і справядлівы конкурсны адбор.
Гэта апошні шанец беларускага ўніверсітэта ў выгнанні пацвердзіць свой еўрапейскі выбар».
Сярод адрасатаў ліста пазначаныя: Еўрапарламент, Еўракамісія, Нордзік Кансл, Агенства па міжнароднаму развіццю ЗША, Інстытут Адкрытага Грамадства (ЗША), МЗС Літвы
СПІС ПАДПІСАНТАЎ
Святлана Алексіевіч, Пісьменніца, намінантка на Нобелеўскую прэмію 2013 і 2014
Сяргей Антусевіч, Намеснік Старшыні Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў
Уладзімір Арлоў, Сябра Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў
Алесь Бяляцкі, Старшыня праваабарончага Цэнтра «Вясна»
Таццяна Вадалажская, Каардынатар «Лятучага універсітэта»
Яўген Вапа, Старшыня Беларускага Саюза ў Польшчы, дырэктар Радыё «Рацыя»
Андрэй Вардамацкі, Прафесар, доктар сацыялагічных навук
Віталь Васількоў, Старшыня Рады Магілеўскага грамадскага цэнтра «Кола»
Ірына Віданава, Гісторык, журналіст
Лявон Вольскі, Музыкант, кампазітар
Улад Вялічка, Генеральны дырэктар Міжнароднага кансорцыюма «ЕўраБеларусь»
Тадэвуш Гавін, Ганаровы старшыня Саюза Палякаў Беларусі, доктар гуманітарных навук
Людміла Гразнова, Старшыня грамадскага аб’яднання «Праваабарончы альянс», кандыдат эканамічных навук
Алег Гулак, Старшыня Беларускага Хельсінскага Камітэта
Віктар Дашук, Кінарэжысёр, кінасцэнарыст
Андрэй Дынько, Рэдактар NN.BY / «Наша Ніва»
Сяргей Законнікаў, Паэт, Сябра Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў
Ян Запруднік, Палітолаг. доктар гісторычных навук, Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва, Нью Ёрк
Алесь Зарэмбюк, Су-Дырэктар Беларускага Дому, Варшава
Сяргей Ісакаў, кінарэжысёр дакументальнага кіно
Святлана Калінкіна, шэф-рэдактар газеты «Народная Воля»
Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік, кіраўнік аналітычных праектаў БелаПАН
Андрэй Клімаў, дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га склікання
Яраслаў Крывой, рэдактар Journal of Belarusian Studies, дырэктар Ostrogorski Center, доктар права
Іна Кулей, Старшыня Камітэта абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць»
Мікола Купава, Мастак, Творчая суполка Беларускага саюзу мастакоў «Пагоня»
Аляксей Ластоўскі, Каардынатар аддзялення гісторыі Беларускага Калегіума, кандыдат сацыялагічных навук
Жана Літвіна, Старшыня Беларускай Асацыяцыі Журналістаў, Лаўрэата Прэміі імя Сахарава Еўрапарламента
Алена Макоўская, Кіраўнік МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына»
Уладзімір Мацкевіч, Кіраўнік Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь»
Дзяніс Мельянцоў, Старшы аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследванняў
Уладзімір Някляеў, Паэт, Лідэр Кампаніі «Гавары праўду», старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў, намінант на Нобелеўскую прэмію 2011 года
Міхаіл Пастухоў, Прафесар, доктар юрыдычных навук, былы суддзя Канстытуцыйнага суду Беларусі
Аляксей Пікулік, Aкадэмічны дырэктар Беларускага Інстытута Стратэгічных даследванняў
Барыс Пятровіч (Сачанка), старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў
Павел Севярынец, Су-Старшыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі
Юлія Слуцкая, Дырэктар Інфармацыйнага офіса «Беларусь у фокусе», Варшава
Алесь Смалянчук, Прафесар Інстытуту славістыкі Польскай Акадэміі Навук, Варшава
Аляксандр Старыкевіч, Галоўны рэдактар газеты «Салідарнасць», Сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
Вольга Стужынская, Дырэктар «Офісу за дэмакратычную Беларусь», Брусель
Станіслаў Суднік, Рэдактар газеты «Наша слова», Дырэктар установы «Выдавецкі дом ТБМ»
Аляксандр Тамковіч, Журналіст, пісьменнік
Алег Трусаў, Cтаршыня Таварыства Беларускай Мовы, кандыдыт гісарычных навук
Андрэй Фёдараў, Эксперт па пытаннях замежнай палітыкі і бяспекі, кандыдат фізіка-матэматычных навук
Уладзімір Халіп, кінадраматург, сцэнарыст
Юры Хашчавацкі, Кінарэжысёр
Ніна Шыдлоўская, Каардынатар Грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!»
Аляксей Янукевіч, Старшыня партыі БНФ
Юры Цыбін, паэт, заснавальнік нацыянальнай прэміі «Рок-каранацыя».