Смаргонь, батлейка, адраджэнне

Надзея на адраджэнне нацыі прыйдзе з захаду Беларусі — вось такія нечаканыя высновы я зрабіла пасля наведвання Смаргоні, дзе 21–22 сакавіка праходзіў рэгіянальны фестываль «Чароўны свет батлейкі».



За савецкім часам гэты заходнебеларускі горад падаваў вялікія надзеі. Але яны пацярпелі крах разам з СССР. Буйныя прадпрыемствы, якія пабудавалі ў Смаргоні, і дагэтуль выкарыстоўваюць не болей, чым траціну запланаванага патэнцыялу. Затое своечасова забітая надзея на росквіт мясцовай прамысловасці дапамагла жыхарам прыняць рэчаіснасць такой, якая яна ёсць, і пачаць шукаць новае месца пад сонцам.

Мабыць, таму, цяпер, калі заязджаць у горад з боку Крэва, на ўскрайку можна пабачыць не прыкметы заняпаду, а акуратныя катэджы мясцовых жыхароў. Гарадскі парк побач з помнікам архітэктуры 16 стагоддзя — былой лютэранскай кірхай (зараз касцёлам Міхаіла Арханёла) —  здзіўляе скульптурамі, а колькасці культурніцкіх мерапрыемстваў ды імпрэзаў, анансаваных на мясцовым сайце www.zalesse.by, можна толькі пазайздросціць. Адно з іх, дарэчы, і стала нагодай наведаць Смаргоншчыну.

Чароўны свет батлейкі

Адкрыты рэгіянальны фестываль «Чароўны свет батлейкі», які праходзіў у Смаргоні 21–22 сакавіка, — даволі сур’ёзная заява мясцовых уладаў на тое, каб зрабіцца ўсебеларускім цэнтрам батлеечнага мастацтва. Тым болей, што ў наступным годзе гэтае мерапрыемства хочуць перавесці на міжнародны ўзровень. А пакуль 10 калектываў з розных куткоў Беларусі сабраліся ў доме культуры, каб прадэманстраваць свае здольнасці журы.

 

«Гэта нейкі іншы погляд на сучаснае існаванне батлеечнага тэатру, — адзначыў адзін з суддзяў конкурсу — расійскі культуролаг і супрацоўнік этнаграфічнага музею Васіль Пушкароў. — Шмат якія спектаклі мне вельмі спадабаліся менавіта тым, што пастаноўшчыкі захавалі ідэалогію батлеечнай скрынкі пры гэтым выкарысталі яго ў спектаклі не на біблейскі сюжэт. Спектаклі адзін другога лепей».  

 

Батлейка, між іншага, гэта вам не проста дзіцячая забава. Некаторыя спектаклі нясуць сур’ёзны філасофскі сэнс, і таму больш зразумелыя дарослым. Менавіта такі прадставілі на конкурс Наталля Пявец і яе муж Васіль з сямейнага тэатру «Батлейка». А пачыналі яны 12 гадоў таму ў нядзельнай школе.

068_logo.jpg

Батлейка Наталлі і Васіля Пяўцоў

 

«Я прачытала пра батлейку ў беларускай энцыклапедыі і мы з мужам вырашылі паспрабаваць аднавіць яе. Знайшлі чарцяжы, і зрабілі батлеечную скрынку, спачатку з кардону. А лялькі былі з паперы. Спярша паставілі класічнага «Цара Ірада» ў нядзельнай школе. Дзецям вельмі спадабалася, потым нам прапанавалі выступаць на духоўна-асветніцкіх ярмарках, а потым мы вырашылі прыцягнуць да ўзделу ў спектаклях яшчэ і дзяцей. Таму ў рэпертуары з’явіліся больш дзіцячых п’есаў», — распавяла Наталля.

 

Але дарослыя сюжэты па-ранейшаму займаюць сталае месца ў рэпертуары. Асабліва падабаецца сям’і ставіць спектаклі па матывах класікаў, такіх як Дастаеўскі ды Ляскоў. Усе спектаклі пары Пяўцоў — дабрачынныя. Фінансуецца з уласнай кішэні.

 

Цяжкасці з фінансаваннем прызнаюць і іншыя стваральнікі батлеечных тэатраў.

173_logo.jpg

Батлейка студэнцкага тэатру "Адраджэнне батлейкі"

«Мы сюды трапілі толькі дзякуючы Смаргонскаму райвыканкаму. Вялікі дзякуй ім, — кажа Кацярына Цубер, кіраўніца студэнцкага тэатру факультэта дашкольнай адукацыі Мінскага педагагічнага дзяржаўнага ўніверсітэту «Адраджэнне Батлейкі». — Для нас гэта вельмі важна — трапіць на такі фэст. Бо кожны батлеечны калектыў варыцца ва ўласным саку, а тут мы можам прыехаць і не толькі сябе паказаць, але і на іншых паглядзець. Гэта каласальны досвед. Але самае страшнае, што пра батлейку, як беларускі нацыянальны тэатр абывацелі часцей за ўсё нічога не ведаюць! А гэта частка нашай нацыянальнай самасвядомасці, гэта нашы традыцыі, нашая культура!»

 

Я запыталася, ці магла б батлейка стаць нашай нацыянальнай фішкай?

 

«Магла б! Прабачце, у палякаў зусім іншае стаўленне да іхнага тэатру, зусім іншае стаўленне да расейскага і ўкраінскага вяртэпаў. Гэтыя традыцыі берагуць і шануюць. А у нас, на жаль, гэта даводзіцца адраджаць, таму што яны часткова страчаныя. Па сутнасці, большасць калектываў не фінансуецца», — адказала Кацярына.

 

Разам з тым яна спадзяецца, што батлейка ў Беларусі ўсё ж такі мае перспектывы: «Наш калектыў складаецца з дзяўчат, якія сапраўды любяць батлейку. Ёсць, праўда, і адпаведная спецыфіка студэнцкага тэатру: людзі вучацца працаваць з голасам, вадзіць куклу, вывучаюць традыцыі батлейкі,  але потым атрымліваюць дыпломы і раз’язджаюцца па сваіх гарадах і мястэчках. З аднаго боку, згубіць актораў — гэта мінус, але з другога — дзякуючы гэтаму па рэспубліцы разыходзяцца людзі, якія ведаюць, умеюць і галоўнае, любяць батлейку. У спрыяльных фінансавых і тэхнічных умовах яны здолеюць арганізаваць батлеечны тэатр».

 

Працаўніца Смаргонскага цэнтру дзіцячай творчасці Іна Яновіч свае першыя веды пра батлейку таксама атрымала ў Мінскім педагагічным універсітэце, з той пары марыла арганізаваць тэатр. Атрымалася толькі год таму. Але спадарыні Іне пашанцавала болей, чым іншым калектывам, — начальства аказала фінансавую падтрымку.

malija_logo.jpg

Малыя акторы батлеечнага тэатру са Смаргоні

Выхаванцы ставяць п’есы на дзвюх мовах.

— Дзеці! А на якой мове вам больш падабаецца іграць на рускай ці на беларускай? — пытаюся ў малых.

— На беларускай! — хорам крычаць акторы.

— «Каза Манюка» мая ўлюбёная! — дадае адна з дзяўчынак.

— Лялек я рабіла са сваёй дачкой, яна 8 гадоў займалася ў мастацкай школе, — распавядае Іна Яновіч. — Дачка рабіла з палімернай гліны, я рабіла каркас, сукенкі шылі мае сяброўкі. 

 

Спадарыня Іна ні разу не пашкадавала, што вярнулася ў свой час у Смаргонь пасля вучобы і сваёй працай задаволеная.

 

Прыкметы крызісу

 

Аднак не ўсе такія аптымісты. Майстар па вырабу цацак спадарыня Таццяна ў свой час таксама працавала з дзецьмі, аднак мусіла сысці праз маленькі заробак, вялікую частку з якога, паводле яе словаў, даводзілася да таго ж выдаткоўваць на матэрыялы для гуртка. Пры гэтым кіраўніцтва ніяк не кампенсавала страты. Дый бацькі не надта імкнуліся забяспечыць дзяцей матэрыяламі, ім прасцей было ўвогуле адмовіцца ад заняткаў, чым плаціць.

 

Зараз Таццяна жыве з продажу цацак ды іншых вырабаў хэнд-мэйд. Распавядае, што раней людзі больш грошай трацілі на забавы, а з надыходам крызісу ўсё больш купляюць тое, што каштуе танней. Аднак продаж уласных выбараў усё роўна дае жанчыне лепшы заробак, чым, напрыклад, сталая праца дворніка за мільён васемсот тысяч рублёў штомесяц.

 

А вось медсястра спадарыня Марыя працаваць за аклад у мільён васемсот згадзілася, бо для яе гэта дадатак да пенсіі. Праца ў доме састарэлых хаця і цяжкая, але бачна, што пенсіянерцы падабаецца быць патрэбнай людзям. Тым болей, што і ахвотных на яе пасаду ў Смаргоні знойдзецца няшмат.

192_logo.jpg

 Марыя Сямко, медычная сястра аддзелу сястрынскага ўходу

Увогуле ж, на сайце з вакансіямі ў Смаргоні  www.shliah.by/vakansii, самы вялікі заробак — крыху болей за шэсць мільёнаў рублёў. Ды і той абяцаюць або ветэрынарнаму лекару або дырэктару прадпрыемства. Астатнім разлічваць болей чым на 4 мільёны — не даводзіцца.

Дзе ж зарабляюць на жыццё смаргонцы?

— Мужчыны ўсе ў Расіі працуюць, — адказваюць мясцовыя жыхары. Аднак, і тут крызіс нагадвае пра сябе.

— Ёсць такая тэндэнцыя, зараз вяртаюцца людзі з Расіі, — кажа начальніца аддзелу ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Таццяна Ражава, — працаўладкоўваюцца ў нашай арганізацыі, на заводы. Крызіс, ён жа не толькі ў Беларусі...

122_logo.jpg

Таццяна Ражава (справа)

— Ці вядзецца нейкая праца, каб гэтым людзям было прасцей адаптавацца? — спытала я.

— Ну, не зусім мае пытанне, але я ведаю, што ёсць сістэма перападрыхтоўкі, калі чалавек вярнуўся, яму няма, дзе працаўладкавацца, ён можа перавучыцца на тую спецыяльнасць, якая запатрабаваная на рынку працы. Я не лічу, што праблема вельмі вострая, яна вырашальная.

Прыкметы беларушчыны

Дарэчы, Таццяна Ражава, як і іншыя мясцовыя чыноўнікі, адказвае на пытанні на выдатнай беларускай мове.

«Мне вельмі прыемна размаўляць па-беларуску, — кажа Таццяна. — На жаль, у сваім паўсядзённым жыцці, калі я працую больш як адміністратар, размаўляю па-руску. У райвыканкамах мала беларускай мовы засталося, але яшчэ ёсць. Я думаю, што з цягам часу мова павінна вярнуцца. Я доўгі час працавала ў метадычным цэнтры рэжысёрам. Увесь сцэнарны матэрыял быў на беларускай мове. Калі думаеш на беларускай мове, калі творыш на беларускай мове, то і размаўляць добра, а калі доўгі час думаць на рускай мове, забываешся. Я адчуваю сябе беларускай, тут нарадзілася, працую ўсё жыццё, мне вельмі цікавая гісторыя майго краю, акрамя традыцый батлейкі тут было шмат яшчэ чаго, і «Мядзвежая акадэмія», і смаргонскія баранкі — ці ведаеце вы, што мы можам лічыць сябе радзімай баранак? Так! Гэта былі такія своеасаблівыя хлебныя кансервы для акадэміі, іх бралі з сабой, яны доўга не псаваліся і можна было падсілкавацца».

211_logo.jpg

Пасля гэткіх словаў не дзіўнымі выглядаюць і іншыя прыкметы беларушчыны ў Смаргоні. У цэнтры гораду яны літаральна кідаюцца ў вочы. Абстрактная скульптура аздобленая нацыянальным арнаментам, вялікі помнік Францішаку Багушэвічу з адпаведным допісам. Большасць надпісаў — па-беларуску.

І каб адразу адкінуць спекуляцыі пра беларускую мову як модны трэнд, трэба адзначыць, што ўсё гэта будавалася у той час, калі ніхто яшчэ не казаў пра гэтак званую беларусізацыю зверху. Падобна, што сваёй спадчынаю тут ганарацца і шануюць зусім не на паказ і не дзеля новага палітычнага курсу кіраўніка дзяржавы.

Надзея на адраджэнне — на захадзе Беларусі

Увогуле ж складаецца ўражанне, што такіх патрыётаў роднага краю, як на Смаргоншчыне, трэба яшчэ пашукаць. Сапраўды, пакуль моладзь з іншых рэгіёнаў усімі праўдамі і няпраўдамі шукае магчымасці з’ехаць з краіны або хаця б застацца ў Мінску пасля вучобы, маладыя смаргонцы вяртаюцца дадому, і не збіраюцца мяняць месца жыхарства.

Лепшае сведчанне: маладыя бацькі, якія масава шпацыруюць па вуліцах роднага гораду з дзіцячымі вазкамі. Хіба гэта не лепшая прыкмета таго, што яны ўсё яшчэ маюць надзею на добрую будучыню ў сваёй краіне?