Беларускія журналісты ў Кіеве: Украінскія калегі адчуваюць сябе значна больш вольнымі

Па стане на 2 снежня журналісцкія арганізацыі Украіны паведамлялі ўжо пра пяць дзясяткаў пацярпелых журналістаў. Беларускія калегі, што працуюць гэтымі днямі на асвятленні масавых маніфестацый у Кіеве, параўноўваюць умовы працы для журналістаў у Беларусі ды Украіне.  



1459911_10201462308615306_2145337327_n_1_.jpg

Беларускія журналісты працуюць на масавых мерапрыемствах у Кіеве. Фота Iv Bogdan

Вольга Чарных, “Радыё Рацыя”:

— Я прыехала ў Кіеў яшчэ да разгону намётавага мястэчка ў мінулую суботу. Галоўнае адрозненне ў сітуацыі, на мой погляд, у тым, што ў Кіеве да журналістаў міліцыя ставіцца прыязна і з даверам. Магчыма, гэта гучыць дзіўна пасля тых падзеяў, што адбываліся ў суботу і нядзелю, але гэта так.

Адзіныя, хто кідаўся на журналістаў, – гэта правакатары і байцы “Беркута”, прывезеныя з усходніх рэгіёнаў. Самі ж кіеўскія міліцыянты і спецназаўцы не дазвалялі сабе чыніць гвалт і нават дапамагалі пратэстоўцам пры разгоне Майдану. Пра гэта стала шырока вядома яшчэ ў суботу.

Да таго ж, самае галоўнае юрыдычнае адрозненне ў працы журналістаў – адсутнасць анахранічнай акрэдытацыі пры МЗС. У Кіеве, маючы ў руках проста БАЖаўскае пасведчанне, я магла спакойна паўсюль праходзіць, дамаўляцца на каментары, удзельнічаць у прэс-канферэнцыях і нават размаўляць з міліцыянтамі ў ачапленні.

Юрась Карманаў, AP:

— У беларускай і ўкраінскай сітуацыі ёсць і шмат падобнага, і шмат адрознага. Так, як і ў Мінску, тут б’юць журналістаў, не зважаючы ні на якія пасведчанні, бэджы і прафесійныя абавязкі. Але, ў адрозненні ад Беларусі, тут улады на патрабаванне журналістаў мусяць праводзіць разбіральніцва, шукаць вінаватых і нават прасіць прабачэння.

Самае ж істотнае адрозненне паміж Беларуссю і Украінай – у доступе да інфармацыі. У Кіеве журналістам працаваць надзвычай лёгка, лёгка патрапіць у Кабінет міністраў, Вярхоўную Раду, узяць нейкі каментар у чыноўнікаў. Вы тэлефануеце ў міністэрства альбо ведамства, называеце сябе, і часам у вас нават пасведчання ніякага не запатрабуюць. У гэтым Украіна на галаву вышэйшая за Беларусь.

Што датычыць гэтых начных разгонаў, сітуацыя была наступная. Калі 30 лістапада “Беркут” ліквідоўваў намётавае мястэчка, мне дастаткова былі паказаць журналісцкае пасведчанне — і мяне ніхто не стаў чапаць. На відным месцы я трымаў бэдж, і гэта мяне выратоўвала.

Што датычыць прымянення слезацечнага газу – зразумела, труціліся ім усе прысутныя. Так жа і было пры разгоне сутычак ля адміністрацыі прэзідэнта. У адказ на дзеянні правакатараў спецназаўцы фактычна азвярэлі і ўжо білі ўсіх без разбору. Тады дасталося і аператару “Euronews”, і майму калегу з “Associated Press” Сяргею Чузаўкову, і шмат каму іншаму.

Тут таксама ёсць пэўнае адрозненне ад беларускай сітуацыі, бо ў Мінску АМАП вельмі часта працуе менавіта супраць журналістаў. Тут жа азвярэлыя беркутаўцы давалі сілавы адпор правакатарам, падмінаючы пад свае кулакі і дубінкі ўсіх на сваім шляху. І трэба прызнаць, што ўкраінскія журналісты адчуваюць сябе значна больш вольнымі, чым беларускія, якія ўвесь час не выключаюць магчымасці сілавога нападу.

Мікола Бянько, незалежны журналіст:

— Адрозненне паміж беларускай і ўкраінскай сітуацыяй у тым, што ў Беларусі мы часта хаваем журналісцкія “коркі”, каб крый Божа ніхто не пабачыў, што ты карэспандэнт СМІ, каб не патрапіць пад гарачую руку міліцыянтам. Ужо не кажучы пра тое, што незалежныя журналісты ў Беларусі не маюць дасягу да крыніц інфармацыі.

Ва Украіне ўсё наадварот. Журналісцкае пасведчанне дае табе магчымасць доступу да інфармацыі і пэўную абарону. Безумоўна, адно толькі пасведчанне не можа абараніць падчас сілавых сутычак з праваахоўнікамі, калі ты і сам часта не можаш адрозніць правакатараў ад удзельнікаў акцый.

Але агулам тут непараўнальна больш магчымасцяў для журналістаў. Паўсюль працуюць прэс-цэнтры, дзе можна непасрэдна на месцы падзеў перадаваць інфармацыю ў сваю рэдакцыю.

Што ж датычыць сілавых інцыдэнтаў, дзе пацярпелі журналісты, — я ўпэўнены, што ва Украіне вінаватыя будуць знойдзеныя і пакараныя. У Беларусі на такое нават не даводзіцца спадзявацца.

Барыс Гарэцкі, прэс-служба ГА "БАЖ"