Горад гіпермаркетаў ці фарпост беларускасці?

Які ён беларускі Беласток? Каб адказаць на гэта пытанне журналіст і дыяспарны актывіст Аляксей Трубкін склаў адмысловую мапу-даведнік па сталіцы Падляшша і распавёў пра яе чытачам «Новага часу».



rynek_ko_ciuszki_bia_ystok_2_.jpg

Беласток

Як узнікла ідэя скласці падобны даведнік?


— Ідэя стварэння інтэрактыўнай мапы «Беларускага Беластока» ўзнікла пасля таго, як я даведаўся пра існаванне праектаў, прысвечаных «Беларускай Вільні» і «Беларускай Празе». Беласток шчыльна звязаны з гісторыяй Беларусі, з’яўляецца цэнтрам беларускай нацыянальнай меншасці Польшчы, але падобнага даведніка дагэтуль не існавала. Варта адзначыць, што ў тыднёвіку беларусаў «Ніва» друкаваліся артыкулы па гэтай тэме гісторыка Алены Глагоўскай, якія вельмі дапамаглі ў стварэнні мапы. 

Дом, дзе «Фаіна» здала «Ермаловіча»


— Месцы, звязаныя са сконам Макара Краўцова, затрыманнем Усевалада Родзькі, лагерам для інтэрнаваных слуцкіх паўстанцаў, адзначаныя ў даведніку, могуць быць адзначаныя яшчэ і шыльдамі на вуліцах? 
— Некалькі гадоў таму беластоцкія беларусы выступілі з ініцыятывай усталявання мемарыяльнай шыльды, прысвечанай аўтару гімна «Мы выйдзем шчыльнымі радамі…» Макару Краўцову, які быў закатаваны ў беластоцкай турме. У адказ з польскага боку паступіла просьба прадставіць непасрэдныя доказы таго, што Краўцоў быў забіты менавіта на тэрыторыі турмы і г.д. «Непасрэдных доказаў» не знайшлося — справа загальмавала.

makar_kra_co_1.jpg

Макар Краўцоў
Дом па вуліцы Міцкевіча, 13, насупраць гандлёвай галерэі «Alfa» — месца затрымання Усевалада Родзькі — стала вядомым усяго пару гадоў таму. Адзін з кіраўнікоў БНП пражываў там пад прозвішчам «Ермаловіч» у 1944-м. Быў схоплены па наводцы агента «Фаіны». Гэты выпадак апісаны ў метадычцы КДБ СССР «Белорусские буржуазные националисты» 1957 года выдання, з пазнакай «Совершенно секретно». У інтэрнэт брашура трапіла з архіваў украінскай СБУ.

usevalad_rodz_ka_1.jpg

 Усевалад Родзька

Высілкаў беларускай меншасці недастаткова


— Дык у чым галоўная цяжкасць у пытанні з шыльдамі?
— Гэта працяглы працэс, які вымагае высілкаў не толькі ад прадстаўнікоў дыяспары, але і ад афіцыйных асобаў Беларусі. Выглядае на тое, што захадаў з боку дзеячаў беларускай меншасці недастаткова, а ўявіць сабе, што лукашэнкаўскія чыноўнікі пачнуць хадайнічаць пра ўсталяванне мемарыяльных шыльдаў змагарам з савецкай уладай 1920–1940-х гадоў — проста немагчыма…

bialystok_im_sonnenlicht_gl_nzen_die_fassaden_der_altstadt_im_hintergrund_der_turm_der_rochuskirche_.jpg

Беласток
— Ці застаюцца нейкія беларускія адрэсы для цябе дагэтуль таямніцамі?
— Адна з такіх таямніц — дакладнае месцазнаходжанне сядзібы гуртка ТБШ, які быў створаны ў Беластоку ў 1927 годзе. Вядомы толькі даваенны адрас: вуліца Купецкая, 44 — гэта сучасная вуліца Іцхока Малмеда. Таксама дакладна не вядома, дзе знаходзілася сядзіба Беларускага тэатральнага кааператыва «Полымя», які быў створаны пасля закрыцця ТБШ польскімі ўладамі. Сядзіба кааператыва месцілася па адрасе вуліца Надрэчная, 9, але забудова вуліцы не захавалася, цяпер на яе месцы бульвар Ірэны Сендлер.

Беларусам Падляшша варта браць прыклад з палякаў у Беларусі


— Будынак, дзе ў 1923 годзе праходзіў «Працэс 45-ці», калі беларусаў судзілі за змову з мэтай аддзяліцца ад Польшчы, таксама пазначаны ў даведніку. Наколькі бяспечна зараз у Польшчы казаць пра «Беларускі Беласток»? Не лічаць сепаратыстам?
— Я не сустракаўся з людзьмі, якія б баяліся тут «беларускага сепаратызму». Інфармацыя пра наш праект з’яўлялася ў мясцовых СМІ (Polskie Radio Bialystok, TVPBialystok, Беларускае Радыё Рацыя), і ніхто не ўгледзеў у ім нейкага сепаратызму. У Беларусі тыя ж палякі ведаюць і шануюць сваю гісторыю ды памятныя мясціны, выдаюць газеты, з’яўляюцца інтэрнэт-праекты, прысвечаныя польскасці на так званых «крэсах усходніх»... А ў Польшчы, як мне падаецца, паколькі гэтым жа не займаюцца беларускія дзяржаўныя ўстановы, беларусы павінныя ўзяць ініцыятыву ў свае рукі.
— У Беластоку можна пачуць беларускую мову?
— З большага падчас культурніцкіх мерапрыемстваў, у СМІ, а таксама ў адукацыйных установах з беларускай мовай навучання.

znakam_ti_praces_45_c_u_belastoku_1923_godze.jpg

Знакаміты працэс 45-ці ў Беластоку ў 1923 годзе

Адсутнасць беларушчыны ў Беларусі большая праблема, чым адсутнасць Беластока


— Для мясцовых беларусаў Беласток у складзе Польшчы — траўма?
— Для беларусаў Беласточчыны траўмай з’яўляецца тое, што адбываецца ў Беларусі, я перадусім маю на ўвазе знішчэнне беларускай мовы, забарону нацыянальнай беларускай сімволікі — бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня», а таксама падзел на лаяльных і нелаяльных у адносінах да палітычнага рэжыму ў Беларусі. Важным з’яўляецца тое, каб Беларусь была беларускай, бо без паўнавартаснай беларускай метраполіі, якая з’яўляецца беларускай па змесце, а не па назве, беларусаў Беласточчыны чакае незайздросны лёс. 
— Ці памятаюць палякі пра этнічную гісторыю свайго рэгіёна, пра Беластоцкую воб­ласць у складзе БССР у тым ліку?
Палякі мала ведаюць пра беларускі чыннік Падляшша, з якім яны сутыкаюцца ў асноўным падчас культурных мерапрыемстваў, у якіх бяруць удзел беларусы. Што датычыць перыяду, калі Беласточчына апынулася ў складзе БССР, то пра яго ўзгадваюць у кантэксце нямецка-савецкай акупацыі Польшчы ў 1939 годзе.

«Далучаць Беласток» варта ў інфармацыйным полі


— Шэраг беларускіх арганізацыяў (Радыё Рацыя, газета «Ніва», Гістарычнае таварыства, аб’яднанне АБ-БА), адзначаных у даведніку, ствараюць нейкую беларускую атмасферу ў горадзе?
— Перадусім, гэта інфраструктура для існавання і развіцця беларускай меншасці ў Беластоку. Беларускасць тут можа і не навідавоку, але прысутнічае ў многіх сферах жыцця: культурніцкай, інфармацыйнай, адукацыйнай.
— Што думаеш наконт заклікаў, збольшага ў інтэрнэт-прасторы, пра «вяртанне Беластока»? У якой форме яно можа адбыцца ў рэальнасці?
— Я не лічу гэтыя заклікі сур’ёзнымі, часцяком гэта наўпрост жарты. У рэальнасці далучэнне павінна адбывацца ў інфармацыйнай форме, што, на маю думку, зараз пакрысе і робіцца. Беларусы павінны ведаць, што Беласток — гэта не толькі горад з вялікай колькасцю гіпермаркетаў ды іншых гандлёвых кропак, але і горад з магутным пластам беларушчыны.

aljaksej_trubk_n.jpg

Аляксей Трубкін нарадзіўся 18 лютага 1986 года ў горадзе Наваполацку Віцебскай вобласці. Скончыў наваполацкае ПТВ № 28 нафтавiкоў. Працаваў электрыкам у ГДК Наваполацка. У 2006 годзе стаў стыпендыятам польскай навучальнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага. Скончыў беларускую філалогію ва ўніверсітэце ў Беластоку.