Чаму польскі яблык танней за беларускі?

Хаця прыбытак — гэта асноўнае для бізнэсоўца, аднак больш істотнае — магчымасці развіцця. Падчас нашага перабывання ў Польшчы мы пабачылі і такіх, для каго Беларусь пакуль яшчэ бачыцца такой магчымасцю.



orhidei3_1_1__logo.jpg

Прадпрыемства прыгажосці

«JMP Flowers» — 11 гектараў цяпліцаў і іншых збудаванняў, прызначаных для вырошчвання самых розных кветак. Прычым, кветкі вырошчвае ўжо чацвёртае пакаленне сям’і ўладальнікаў.

У 1977 годзе студэнт Яраслаў Пташэк вырашыў паставіць сямейнае хобі на прафесійную бізнэс-аснову. Ён узяў у банку крэдыт на развіццё бізнэсу, пабудаваў 2000 квадратных метраў цяпліц для вырошчвання гваздзік і фрэзіяў. У наступныя гады пан Яраслаў разам з жонкай Марыяй заняўся вырошчваннем гербер і антурыўмаў. Плошча цяпліц павялічылася да 4800 квадратных метраў.

У 1998 годзе фірма «JMP Flowers» («JMP» у назве — гэта Яраслаў і Марыя Пташэк) пачала вырошчваць ружы. Дзякуючы прымяненню найноўшых тэхналогій і дакладнаму кантролю ўсіх кампанентаў вытворчасці, ружы з Сценжыцы набылі ўсепольскую вядомасць.

У 2007–2008 гадах пабудавалі сучасныя цяпліцы для вырошчвання архідэй. Зараз менавіта гэтыя цяпліцы — самыя буйныя аб’екты вытворчасці архідэй на польскім рынку. Выгадаваныя ў іх кветкі з’явіліся на рынку ў пачатку 2009 года. Гэта быў пералом у кветкавым бізнэсе — упершыню ў гісторыі самыя якасныя ў свеце цяплічныя аб’екты для вырошчвання кветак паўсталі не ў Галандыі, а ў Польшчы, у Люблінскім ваяводстве.

jacek_ptashek_1_logo.jpg

Яцэк Пташэк — чацвёртае пакаленне галоўных «кветкаводаў» Польшчы

Няўжо на кветках можна зарабіць столькі грошай, каб пабудаваць такое прадпрыемства? Можна, але не без падтрымкі. Прадстаўнік чацвёртага пакалення кветкаводаў Яцэк Пташэк паведаміў: на развіццё архідэйнай вытворчасці (фактычна, на тое, каб не вазіць архідэі з Галандыі ў Польшчу) быў узяты крэдыт — 30 мільёнаў еўра. На нашае пытанне аб тым, які банк рызыкнуў такімі грашыма, Яцэк Пташэк адказаў: гэта той жа банк, які выдаў першы крэдыт «на кветкі» ў 1977 годзе. Гэта значыць, выдатная крэдытная гісторыя сям’і Пташэкаў налічвае 35 гадоў.

Беларускае пытанне

Зразумела, пан Яраслаў клапоціцца пра свой бізнэс і ягонае развіццё. У той час, як сабекошт архідэі — каля 3 еўра, у Польшчы яны прадаюцца па 6 еўра, а на беларускім рынку кошт кветкі ў краме сягае 20 еўра, было б някепска паставіць прадпрыемства тут, у Беларусі. І Яраслаў Пташэк усур’ёз задумваўся наконт гэтага пытання.

Ён ведае, што Беларусь — гэта не толькі мільённы рынак. Ён разумее, што нашая краіна — выхад на ўвогуле неабдымны расійскі рынак. Прадпрыемства ў Беларусі магло б файна развівацца, калі паміж Расіяй і Беларуссю не існуе мытных бар’ераў. Але…

Здагадайцеся, якое пытанне першым задаў пан Пташэк беларускім журналістам? «Ці праўда, што Аляксандр Лукашэнка прысабечвае любое, замежнае ці не замежнае прадпрыемства, якое пачынае прыносіць нейкі прыбытак?» Гэтае пытанне сведчыць пра тое, які ў нашай краіне інвестыцыйны імідж.

orhidei33_1_logo.jpg

Беларускія журналісты патлумачылі яму, што такое магчыма толькі з тымі прадпрыемствамі, якія пабудаваныя на аснове дзяржаўнай уласнасці і засталіся яшчэ з савецкіх часоў. «Чыста замежныя» ж прадпрыемствы ў Беларусі працуюць без канфіскацый і нацыяналізацый. А пра «спецыфічныя патрабаванні» для замежных інвестараў трэба было б размаўляць асобна.

Асобнай размовы пра гэтыя патрабаванні не атрымалася, бо пан Яраслаў задаў наступнае пытанне: «Ці магу я набыць зямлю пад сваё прадпрыемства?» Давялося расчараваць: толькі ў доўгатэрміновую арэнду на 99 гадоў. «Тады мяне гэта не цікавіць», — адрэзаў Яраслаў Пташэк.

orhidei3_1_logo.jpg

Такое прадпрыемства магло б быць і ў Беларусі

Сапраўды, для бізнэсу, які будуецца на вырошчванні чаго-небудзь, зямля — гэта ключавое пытанне. Будаваць тут прадпрыемства без таго, каб асноўны «сродак вытворчасці» табе не належаў — глупства.

Яраслаў Пташэк усё ж не страціў цікавасць да Беларусі. Але, на вялікі жаль, на кошце кветак і іх разнастайнасці гэта не адаб’ецца. Бо ўладар «JMP Flowers» пачаў распытваць пра магчымасці выхаду праз Беларусь на расійскі рынак — лагістычныя цэнтры, склады з умовамі для раслінаў і тэрміналы. Вось такім чынам польскія кветкі і прасвісцяць міма нас транзітам. А маглі б неблагое прадпрыемства зрабіць, вырошчваць танныя кветкі, атрымаць праз гэта працоўныя месцы і падаткі ў бюджэт.

Яблыкі з Элізувкі

Яшчэ адно прадпрыемства, якое хацела б цясней працаваць з Беларуссю — гэта рынак сельскагаспадарчай прадукцыі «Элізувка». Гэта самы ўсходні ў ЕС аптовы рынак. Плошча рынку — за 50 га. Сучасная інфраструктура, зручныя стаянкі, кругласуткавая ахова, — карацей, усё для гандлю. Гандлёвую плошчу арандуе каля 160 кампаній, якія прадаюць і купляюць не толькі гародніну, садавіну, бакалею, але таксама малочныя прадукты, мяса, хлеб, замарожаныя прадукты і рыбу. Ёсць кветкавыя залі з дадаткамі: плеценымі вырабамі, свечкамі і керамікай. На рынку «Элізувка» можна купіць таксама ўпакоўку, угнаенні, сродкі аховы раслін, насенне і хімічныя прадукты. Штодня да іх прыязджае каля 3000 кліентаў.

Намеснік кіраўніка аптовага рынка Адам Рыхлічак распавёў, што тут імкнуцца прывабліваць коштамі. Менавіта канкурэнцыя дазваляе трымаць нізкія кошты на тавар.

Найперш з гэтага рынку ў Беларусь едуць яблыкі. А таксама садавіна, гародніна, мяса і шампіньёны. Прадукцыя для беларусаў — каля 20% аб’ёму продажу рынка. Зацікаўлены рынак і ў беларускай прадукцыі для палякаў — найперш ва ўгнаеннях, азотных і калійных, драўляных вырабах, ільняных выцісках.

Тыя, хто закупляе прадукцыю, могуць зрабіць гэта самастойна, а могуць і скарыстацца Цэнтрам знешняга гандлю. Галоўная ягоная задача — прасоўванне польскіх прадуктаў у Еўропе і свеце. Цэнтр знешняга гандлю гарантуе бяспеку плацяжоў і якасць прадукцыі — тое, што прадукцыя будзе своечасова аплачаная і пастаўленая ў тэрмін. «Пастаўка ў тэрмін» прадугледжвае якаснае афармленне мытных дакументаў, накладных, санітарных сертыфікатаў і гэтак далей, аж да праходжання мяжы. Карацей — усё для кліента.

Усім гэтым, усяго за 2–3% камісійных, зоймуцца спецыялісты Цэнтру. «Нам важныя не грошы, якія мы атрымаем у якасці камісійных, а аб’ёмы прададзенай прадукцыі. Таму кошт паслугаў Цэнтра знешняга гандлю такі сімвалічны», — распавядае Адам Рыхлічак.

Праблемы ў галовах

Але чаму напрыканцы зімы польскія яблыкі танней за беларускія? Гэтым рэгулярна беларускае кіраўніцтва папракае сельскую гаспадарку. На гэтае пытанне Адам Рыхлічак адказвае:

«Я таксама, як і ваш прэзідэнт, па адукацыі фермер. Калі ён прафесіянал у гэтай галіне, ён ведае, пра што кажа. Калі мы едзем па Беларусі, мы бачым выдатныя палі, па якіх рыпяць камбайны. Так што вы на еўрапейскім узроўні па зерневых, кукурузе і маслянічных — саромецца няма чаго. Але садаводства — гэта іншае, патрэбны шматгадовы досвед, каб выпрацаваць свае тэхналогіі, гатункі. У Польшчы быў такі навуковец, прафесар Пенёнжэк, які заснаваў адпаведны інстытут і ўсё жыццё паклаў на тое, каб вывесці садаводства Польшчы на новы віток. Для вырошчвання яблыкаў патрэбныя спецыфічныя ўмовы — глеба, кліматычныя ўмовы, мікраклімат і гэтак далей. У Польшчы ёсць два раёны, каля Любліна і Варшавы, дзе вырошчваюць такія яблыкі, якіх нідзе ў свеце вырасціць нельга», — кажа Адам Рыхлічак.

Тым не менш, ён адзначае: калі ў Ізраілі навучыліся вырошчваць мандарыны, у Беларусі, якая не вельмі адрозніваецца ад Польшчы, маглі б навучыцца вырошчваць яблыкі. Бо Расія і Украіна навучыліся ж?

«Беларусь можа пайсці шляхам Расіі і Украіны: набраць выпускнікоў сельгасакадэмій Польшчы, закупіць саджанцы, гадаваць іх — і праз 10 гадоў у вас будуць такія ж сады», — мяркуе Рыхлічак.

rihlichak_1_logo.jpg

Адам Рыхлічак марыць пра беларускія яблыкі, насуперак свайму бізнэсу

«Я мару пра тое, каб маладыя беларусы прыязджалі ў сельгасакадэміі Польшчы, станавіліся тут сапраўднымі спецыялістамі і вырошчвалі сады ў сябе», — сказаў Рыхлічак. Але адразу ж спахапіўся: «Я ж гэтым рублю сук, на якім сяджу — гандаль з Беларуссю».

Але ж… Можна закупіць саджанцы, можна наняць польскіх спецыялістаў ці навучыцца самім. Пытанне застаецца тое ж: як укласці грошы ў сад, калі зямля пад гэты сад табе не належыць? Можна 10 год вырошчваць яблыні, а ўраджай з іх збярэ нехта іншы, забраўшы гэтую зямлю. Да тае пары, пакуль не будзе на зямлі не толькі гаспадара, але і ўласніка, польскія яблыкі і будуць танней за беларускія.

Краіна страчаных магчымасцяў

Карацей, Беларусь магла б быць Польшчай. Магла б быць і лепш за Польшчу. Але мы страчваем і працягваем страчваць свае магчымасці з-за нейкіх посткаланіяльных комплексаў.

Пад лозунгам «каб не распрадалі краіну», мы страцілі магчымасці ў вытворчасці электронікі, і дагэтуль ствараем «Гарызонты» і «тэлефоны-аўтаматы» замест тэлевізараў «Sharp» і мабільнікаў. Пад тым жа соўсам, «ані кроплі зямлі замежнікам», мы страчваем зараз іншыя магчымасці. Нягледзячы на тое, што Лукашэнка слушна гаворыць: зямлі хопіць на 20 мільёнаў чалавек. І не таджыкі з кітайцамі хацелі б за гэтую зямлю ўзяцца (не падумайце нічога дрэннага пра таджыкаў і кітайцаў — і ім месца хопіць), а людзі з перадавымі тэхналогіямі і досведам.

Калі мы не зменім сваё стаўленне да замежных інвестыцыяў, мы так і застанемся «транзітнай зонай». Проста краінай у цэнтры Еўропы, у якой няма ніякіх выгодаў, апроч тэрытарыяльнага становішча. І будзем жыць «кепска, але нядоўга».