Чарнобыльскі шлях завершыцца талакой у Курапатах

Чарнобыльскі шлях 2014 павінен завяршыцца ў Курапатах мітынгам і талакой. Да такой высновы прыйшлі ўдельнікі пасяджэння аргкамітэту па правядзенню акцыі, што адбылося 7 красавіка ў Мінску.



carn_shliach_2014_logo.jpg

Пасяджэнне аргкамітэту Чарнобыльскага шляху-2014

Мяркуецца сабраць удзельніцаў шляху каля кінатэатру “Кастрычнік” 26 красавіка а 11.30, а пачаць рух — а 12.00 па маршруту: праспект Незалежнасці-Сурганава-Коласа-Лагойскі тракт-Гамарніка-Мірашнічэнкі-Курапаты.

Такім чынам, аргкамітэт акцыі, у які ўваходзяць прадстаўнікі Партыі БНФ і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады), аргкамітэтаў па стварэнні партыі БХД і руху салідарнасці “Разам”, Беларускага руху і Экалагічнага камітэту імя Івана Нікітчанкі, вырашыў адмовіцца ад маршруту Чарнобыльскага шляху, які завяршаўся каля царквы ў гонар абраза Маці Божай “Спагнанне загінулых”, што недалека ад плошчы Бангалор.    

Сярод заяўнікаў акцыі — Аляксей Янукевіч, Анатоль Сідарэвіч, Марына ‘Хоміч і Ілля Добратвор. Яны плануюць 9 красавіка падаць заяўкі на акцыю ў Мінскі гарвыканкам і Мінскі райвыканкам.  

У каментары НЧ ініцыятар правядзення Чарнобыльскага шляху у Курапаты, сустаршыня аргкамітэу па стварэнню партыі БХД Віталь Рымашэўскі падкрэсліў, што менавіта практычнасць мусіць стаць прынцыпам дзейнасці беларускіх дэмакратычных сілаў. На ягоную думку, “надышоў час перанесці акцэнт да практычных акцый і кампаніяў са зваротаў і апеляцыі да захаду, які мусіць нам дапамагчы, а насамрэч анічога ён не мусіць і спадзеваў на яго няшмат. А паколькі нам даводзіцца разлічваць толькі на ўласныя мажлівасці беларускага народу, неабходна праводзіць тое, што прыносіць карысць краіне і беларускаму грамадству. Вось чаму аргкамітэт падтрымаў маю прапанову і Чарнобыльскі шлях зменіць свой фармат і накіруецца да нацыянальнага мемарыялу ў Курапатах, якому пагражае небяспека з боку ўладаў. А страта Курапатаў стане сур’езным ударам па нашым спадзевам на перамены”.

Палітык зазначыў, што пад час мітынгу ва ўрочышчы прагучаць як занепакоенасць лесам Курапатаў, дзе ляжаць бязвінныя ахвяры сталінізму, так і постчарнобыльскімі пытаннямі. Паводле словаў Віталя Рымашэўскага, карані Курапатаў і Чарнобылю — у антыгуманнай ідэалогіі і практыцы злачыннай савецкай улады. А сённяшнія рэаліі — будаўніцтва АЭС і размяшчэнне расійскай ваеннай авіацыі на Беларусі — прадаўжэнне палітыкі таталітарнага рэжыму, лічыць палітык.   

Нагадаем, што першы Чарнобыльскі шлях быў праведезены БНФ “Адраджэньне” ў сталіцы 30 верасня 1989 года па ініцыятыве выбітнага беларускага грамадска-палітычнага дзеяча і навукоўцы Генадзя Грушавога. Нягледзячы на тое, што акцыя не была дазволена, у гэтым самым буйным Чарнобыльскім шляху ўдзельнічалі каля 30 тысяч чалавек, якія ад Мінскага гадзіннікавага завода прайшлі праз цэнтар горада і правялі мітынг на тагачаснай плошчы імя Уладзіміра Леніна (сённяшняя плошча Незалежнасці).