Хто стане чэмпіёнамі грамадзянскай супольнасці–2013?

Пятая штогадовая цырымонія ўзнагароджання прэміі Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці” пройдзе 23 снежня ў Мінску. Прэміяй уганароўваюцца выбітныя асобы, арганізацыі і падзеі, якія былі знакавымі і значнымі для развіцця беларускага трэцяга сэктару за 2013 год.



asamblejanda2.jpg

Як паведаміла Выканаўчае бюро Асамблеі НДА, сёлета паступіла рэкордная колькасць кандыдатаў па кожнай з дзевяці намінацыяў. Актыўна дасылалі свае прапановы сябры Асамблеі з рэгіёнаў. Шорт-ліст для галасаваньня — у кожнай намінацыі ня больш за 7 кандыдатаў — будзе сфармаваны Праўленнем Асамблеі НДА.
 

Варта адзначыць, што сёлета спіс намінацыяў прыцярпеў пэўныя змены. Так, былі выкрэсленыя традыцыйныя намінацыі “Рэгістрацыя года” і “Адмова года”. Сярод новых намінацыяў варта адзначыць “Лапаць года”, якая ўручаецца за негатыўныя дзеянні ў дачыненні да арганізацый грамадзянскай супольнасці і іх прадстаўнікоў, а таксама СМІ году, якая адзначае масмедыя, якое найбольш грунтоўна і рознабакова асвятлала грамадскую дзейнасць.
 

Прэмія скіраваная на ўганараванне і адзначэнне найбольш значных падзеяў не толькі ў Мінску, асобнай намінацыяй вызначаная і “Рэгіянальная падзея года”. Таксама будуць адзначаныя “Грамадская кампанія года”, “Месца года”, “Новая ініцыятыва”, “Крэатыў года”, а таксама “Найлепшы сайт НДА”. На цырымоніі будзе названы і Грамадскі лідар года–2013.
 

23 снежня 2009 года ўпершыню адбылася нефармальная цырымонія ўзнагароджання найбольш выбітных грамадскіх ініцыятыў ды кампаній. За чатыры гады Чэмпіёнамі грамадзянскай супольнасці ў намінацыі “Грамадскі лідар году” станавіліся Алесь Бяляцкі, Жана Літвіна, Андрэй Пачобут, Валер Булгакаў, у намінацыі “Крэатыў года” быў адзначаны віртуальны абменнік сайт Prokopovi.ch.
Хто і як абірае Чэмпіёнаў грамадзянскай супольнасці?


Спіс намінацый прэміі вызначаецца Праўленнем Асамблеі НДА. Сябры Рабочай групы Асамблеі НДА прапаноўваюць кандыдатаў на кожную намінацыю з абгрунтаваннем яе вылучэння. Шорт-ліст для галасавання складае Праўленне Асамблеі НДА. Максімальная колькасць намінантаў па кожнай намінацыі ў канчатковым спісе — 7. Калі колькасць вылучаных кандыдатаў больш за 7, скарачэнне адбываецца шляхам рэйтынгавага галасавання Праўлення.
 

Бюлетэнь для галасавання са спісам намінацый і намінантаў дасылаецца сябрам Рабочай групы, кіраўнікам і экспертам уплывовых беларускіх грамадскіх аб’яднанняў, атрымальнікам прэміі “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці” мінулых гадоў. Галасаванне дапускаецца толькі па адной кандыдатуры ў кожнай намінацыі.
 

Праўленне Асамблеі вызначае склад падліковай камісіі, якая ажыццяўляе падлік галасоў. Пераможцам у намінацыі абвяшчаецца кандыдат, які набраў найбольшую колькасць галасоў. Вынікі галасавання зацвярджаюцца Праўленнем Асамблеі НДА.

Больш інфармацыі пра прэмію “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасаці”: http://belngo.info/?page_id=216