Ціхаміраў: Заходнерусізм — гэта пагроза стабільнасці

Падзеі ва Украіне воляй-няволяй наводзяць на пытанне: а ці мажліва падобнае ў Беларусі? Якія сілы заўтра пойдуць сустракаць чужыя танкі хлебам-соллю альбо ўжо сёння рыхтуюць для гэтага ідэйную глебу? 



c_ham_ra_.jpg

Таму варта было б згадаць паўзабытую для кагосьці, а для некага актуальную, ідэалогію заходнерусізму.

Яна ўзнікла пасля паўстання 1830–1831 гадоў і сцвярджала непарыўнае братэрства рускіх, украінцаў і беларусаў. Не разглядаючы апошніх як самастойныя народы, заходнерусізм лічыў іх толькі самабытнымі адгалінаваннямі рускіх.

Наконт заходнерусізму ў Беларусі ўчора і сёння мы вырашылі пагутарыць з гісторыкам і культуролагам .

— Заходнерусізм для Беларусі — гэта мінулае ці таксама сучаснасць?

— Калі глядзець на апошнія 20 гадоў, то гэта хутчэй актуалізацыя мінулага. Але актуалізацыя такіх ідэй у Беларусі менавіта ў наш час — з’ява даволі ўнікальная. У іншых краінах такія ідэі ўжо састарэлі ды сталі анахранізмамі.

— У суседніх краінах гэтыя ідэі адміралі самі сабой альбо ў выніку ціску з боку нацыянальных ідэалогіяў?

— Гэта ўсё ж такі адбывалася разам з ліквідацыяй імперыяў. Першая сусветная вайна, і — як вынік — разбурэнне чатырох імперыяў далі падставы для ідэйнага краху гэтых светапоглядаў. Багемізм, напрыклад, перарадзіўся. Яго адэпты нават калі пісалі па-нямецку, прынялі ўжо чэхацэнтрычную перспектыву. У выпадку Латвіі прарускасць была рэакцыяй на нямецкі культурны ўплыў, якая пасля набыцця незалежнасці не пагражала латышкай самасвядомасці. Калі мы глядзім на сённяшнюю Латвію — гэта, канешне, зусім іншая сітуацыя…

— Хто зараз ёсць апорай ідэалогіі «супрацы з імперыяй» у Беларусі: чыноўнікі, вайскоўцы, казакі, РПЦ?.. 

— На маю думку, канкрэтная група грамадства, якая падтрымае Расію ў момант «Х» тут, будзе вызначаная сітуацыяй. Улічваючы аспекты глабалізацыі і ўплыву медыяў на людзей — цягам двух-трох тыдняў такую групу можна будзе мабілізаваць...

Але беларускасць у ідэйным плане ўсё адно дамінуе. Людзей, якія б вызначалі сябе як «западноруссов» падчас перапісаў насельніцтва, няма. Руская нацыянальная меншасць, якая ёсць у Беларусі, не такая відочная. Калі паглядзець на мерапрыемствы, якія праводзяць іх таварыствы, то яны не выходзяць за рамкі намагання захаваць свой этнас, нацыянальныя строі, танцы і г.д. Руская мова і так мае статус дзяржаўнай, ім няма сэнсу за яе змагацца…

— Ці мажліва існаванне групы людзей, якія пры пэўных умовах пачнуць актыўна прасоўваць расійскія інтарэсы, напрыклад, па ўкраінскім сцэнары?

— Выключаць гэтага мы не можам. Нават калі паглядзець на Латвію — там гэта адбываецца фактычна ў адкрыты спосаб. Падзел на грамадзян і неграмадзян спрыяе павелічэнню прарасійскіх настрояў. Ва Украіне гэта цэлыя палітычныя партыі ды арганізацыі, якія легальна існуюць ужо 20 гадоў і знаходзяцца ў прамым кантакце з РФ. Такая перспектыва ў Беларусі таксама ёсць, але пад пытаннем, як гэтыя сілы будуць выкарыстоўвацца і ў якой менавіта форме. Гэта могуць быць і адкрытыя палітычныя групы, і людзі, якія знутры будуць уплываць на ўладу, займаючы пэўныя пасады.

— А ёсць у Беларусі зараз публічныя рупары заходнерусізму?

— Так, напрыклад, сайт zapadrus.su, які так сябе і пазіцыянуе. Вакол яго гуртуюцца даволі розныя людзі. Яны легальна ладзяць публічныя канферэнцыі, дасылаюць афіцыйныя запыты ў дзяржаўныя інстанцыі, спрабуюць уплываць на вывучэнне гісторыі, а праз яе — на ідэалогію. У 1990-я гады гэта была досыць маргінальная плынь, а зараз яны ўжо ў стане ўплываць на грамадскую думку.

Больш за тое, яны прайшлі ў тыя сферы грамадскага жыцця, якія могуць паўплываць на дзеянні ўлады. Гэты і навучальныя ўстановы, і дзяржаўная прэса…

— Гэта ўсё адбываецца спантанна альбо пры падтрымцы з Расіі?

— Ніхто афіцыйна вам не скажа, што кагосьці падтрымлівае. Іншае пытанне: навошта гэта расійскаму боку, улічваючы ўзровень адкрытасці беларускіх уладаў?.. Для кагосьці, безумоўна, гэта банальна грошы і кар’ерызм. Частка гэтых людзей — былыя камуністы. Чалавек, напрыклад, зараз займаецца рэлігійнай праблематыкай, праваслаўем, а раней пісаў пра перспектывы росту камсамолу. Такіх прыкладаў багата.

Для пэўнай часткі інтэлігенцыі заходнерусізм стаў выратавальным колам пасля краху Савецкага Саюзу. Асабліва для тых, хто не меў нейкай «паралельнай» самасвядомасці.

Шмат хто тады пісаў адно, чытаў другое, а ў шуфляду пісаў трэцяе. Пасля краху Саюзу яны мелі з чым застацца. А тыя, хто жыў па адной лініі — партыйнай, вымушаныя былі шукаць новую тоеснасць. Калі знікла патрэба ў рытуальных спасылках на марксізм, яны пачалі рытуальна спасылацца на Міхаіла Каяловіча.

— Заходнерусізм укладаецца ў сучасную афіцыйную ідэалогію беларускіх уладаў?

— Прывяду толькі адзін прыклад. Не будзем забывацца, што заходнерусізм — антысеміцкая ідэалогія. Калі прымаць яе поўнасцю, разбураецца міф аб міжнацыянальнай ды міжрэлігійнай згодзе. Таму гэта можа несці пагрозу стабільнасці ў краіне, створыць этнічную і рэлігійную напружанасць. Таму самі адкажыце на гэтае пытанне.

Гадоў 15–20 таму ўсё было прасцей: з аднаго боку — беларускамоўныя «бэнээфаўцы», з іншага — зацятыя рускамоўныя камуністы альбо РНЕ-шнікі. Зараз мы сустракаемся з рускамоўным беларускім нацыяналізмам, з крытыкай Расіі — па-руску (творы Анатоля Тараса таму прыклад). Аб чым гэта сведчыць?

Гэта сведчыць, што беларускі нацыяналізм пераходзіць з этнічнай фазы ў грамадзянскую. І для значнай часткі грамадства, зразумела, руская з’яўляецца асноўнай мовай, і яны не хочуць ад яе адмаўляцца. І няма ніякіх падставаў на гэтай аснове вінаваціць гэтых людзей у антыбеларускасці.

Калі вярнуцца да Украіны, то большасць СМІ там — рускамоўныя, але з вельмі выразнай украінацэнтрычнай пазіцыяй. У Малдове таксама руская мова часта выступае як спосаб данясення ідэяў, а не як ідэалогія. Гэта ўспрымаецца як сусветная мова — французская ці англійская. Мова мае вельмі важны сімвалічны патэнцыял, але для беларускай сітуацыі не ўсё так адназначна і проста. Таму нават рускамоўны патрыятызм і беларусацэнтрызм для нас — прагрэсіўная з’ява.

Даведка:

Андрэй Ціхаміраў — гісторык і культуролаг, магістр культаразнаўства, спецыялізацыя «Усходне- і цэнтральнаеўрапейскія і постсавецкія даследаванні». Жыве і працуе ў Гродна.

фота аўтара