Дому Максіма Гарэцкага ў Горках адмоўлена ў наданні статуса помніка гісторыі

Дому класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага па вуліцы Агранамічная, 3 ў горадзе Горкі (Магілёўская вобласць) адмоўлена ў наданні статуса помніка гісторыі.

Дому класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага па вуліцы Агранамічная, 3 ў горадзе Горкі (Магілёўская вобласць) адмоўлена ў наданні статуса помніка гісторыі.

Такое рашэнне 20 чэрвеня прынята Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, паведамляецца ў лісце ад 28 чэрвеня намесніка міністра культуры Тадэвуша Стружэцкага старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (БДТАПГК) Антону Астаповічу.
 
Адмова матывуецца стратай “адметных архітэктурна-будаўнічых вартасцей у працэсе правядзення рэканструкцый і вынікамі абследавання тэхнічнага стану і захаванасці аўтэнтычных матэрыялаў і канструкцый будынка. Разам з тым, як адзначаецца ў лісце, рада падтрымала прапанову аб стварэнні музейнай экспазіцыі, прысвечанай Максіму Гарэцкаму,  “з прымяненнем прыдатных для выкарыстання элементаў будынка.
У сваім лісце на імя міністра культуры Паўла Латушкі Астаповіч адзначае, што адмова ў наданні статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці жылому будынку пачатку XX стагоддзя па вуліцы Агранамічнай, 3 у Горках гучыць, мякка кажучы, некарэктна, бо тэхнічны стан аб’екта не з’яўляецца крытэрыем дзеючага заканадаўства па ахове спадчыны, а страчаныя архітэктурныя якасці збудавання можна вярнуць праз дэмантаж абліцоўкі з сілікатнай цэглы пры правядзенні рэстаўрацыі і рэканструкцыі дома. Пры гэтым старшыня таварыства звярнуў увагу на тое, што “згодна пункту 1.3 артыкула 20 закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, прапанаваны аб’ект “непасрэдна звязаны з падзеямі або ідэямі і перакананнямі, якія аказалі значны ўплыў на ход гістарычнага, культурнага і (або) духоўнага развіцця чалавецтва і народа Беларусі; жыццём і дзейнасцю выдатных асоб свету і Рэспублікі Беларусь.
Астаповіч патрабаваў тэрмінова пераглядзець прапанову па наданню гэтаму будынку статуса нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Акрамя таго, старшыня грамадскага аб’яднання прапанаваў запрашаць на пасяджэнні рады прадстаўнікоў БДТАПГК, каб яны мелі магчымасць удзельнічаць у разглядзе падрыхтаваных імі дакументаў на наданне аб’ектам статуса помнікаў. Пры нязгодзе Астаповіч просіць даць адказ па сутнасці прычын, якія не дазваляюць прадстаўнікам таварыства ўдзельнічаць у пасяджэннях рады.
Нагадаем, што напрыканцы сакавіка таварыства накіравала ў раду ўсе матэрыялы, неабходныя для надання дому статуса помніка гісторыі. У Горках у двухпавярховым жылым доме №3 з дрэва і цэглы па вуліцы Агранамічнай на другім паверсе ў кватэры №5 з 1926 па 1928 год пражываў Максім Гарэцкі. У лістападзе мінулага года грамадскасці стала вядома, што гэты будынак рыхтуецца пад знос у сувязі з добраўпарадкаваннем тэрыторыі каля гарадскога Ніжняга возера. Па ініцыятыве мясцовых краязнаўцаў быў арганізаваны збор подпісаў у абарону дома Гарэцкага. Усяго было сабрана каля 400 подпісаў жыхароў Мінска, Віцебска і Горак пад зваротам, накіраваным ў Горацкі райвыканкам, Магілёўскі аблвыканкам і ў Міністэрства культуры.
Падпісанты звароту лічаць, што знос гэтага будынка будзе вялікай стратай для нацыянальнай культуры і прасілі ўлады адсяліць жыхароў дома Гарэцкага ў новыя кватэры, а сам помнік гісторыі захаваць для нашчадкаў. Калі ж будынак захаваць немагчыма, грамадскасць прасіла усталяваць на гэтым месцы помнік Максіму Гарэцкаму, які б адпавядаў значэнню гэтай асобы ў гісторыі Беларусі. У сваім адказе грамадскасці Магілёўскі  аблвыканкам прапанаваў усталяваць на месцы знесенага дома Гарэцкага архітэктурна-скульптурную кампазіцыю з добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі.
Жыццё і дзейнасць Максіма Гарэцкага цесна звязаны з Горкамі. Тут ён у 1912-1913 гадах вучыўся ў каморніцка-агранамічным вучылішчы, з 1926 па 1928 гады загадваў кафедрай беларускай мовы, літаратуры і гісторыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі сельскай гаспадаркі імя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Кватэра Гарэцкага ў Горках — адзінае жыллё пісьменніка, якое захавалася ў Беларусі.