Дзень волі будзе з музычным суправаджэннем

25 сакавіка пад час акцыі на Дзень Волі ўдзельнікаў шэсця могуць суправадзіць дудары, а на мітынгу на плошчы Бангалор — выступяць іншыя музыкі. Такія прапановы абяркоўваліся на другім паседжанні аргкамітэту па яе правядзенні.



voli.jpg

Сябры аргкамітэту па адзначэнні Дня Волі абмеркавалі новыя захады для прыцягнення большай колькасці ўдзельнікаў на акцыю. У прыватнасці, лічаць яны, акцыя павінна стаць больш святочнай, з разнастайнымі складнікамі. Так, шэраг музыкаў ужо выказалі згоду выступіць на плошчы Бангалор пры канцы акцыі. Працягваюцца перамовы з дударамі, якія змогуць граць пад час шэсця.

«Адметнасць акцыі гэтага году ў тым, што да працы далучыліся шэраг прадстаўнікоў моладзевых арганізацыяў, якія звычайна досыць крытычна ацэньваюць традыцыйны фармат вулічных мерапрыемстваў», — адзначыў сябра аргкамітэту, першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

Ён распавёў, што з боку моладзі было шмат новых прапановаў, і ў выпадку, калі іх атрымаецца рэалізаваць, то акцыя абяцае быць больш цікавай і прыцягальнай, чым у мінулыя гады. «Шмат што залежыць ад актыўнасці самых маладых людзей, але ў Беларусі любым ініцыятывам, нават калі яны знаходзяцца ў межах заканадаўства, можа перашкодзіць улада, якая не зацікаўленая, каб колькасць удзельнікаў святкавання Дня Волі павялічвалася», — сказаў Юрась Губарэвіч.

Першы намеснік старшыні Руху чакае, што ў гэтым годзе у Дзень Волі палітычную частку разбавяць святочнай, паступяць новыя ідэі з афармленнем і напаўненнем акцыі лозунгамі і атрыбутыкай.

Пры гэтым, Губарэвіч падкрэсліў, хаця фармат і важны чыннік, але, «натуральна, што асноўная прыцягальнасць акцыі — яе змест». «Найперш, гэта свята для беларусаў, дзень незалежнасці. Людзі, які прыходзяць на акцыю, дэкларуюць важнасць гэтага свята», — лічыць ён, адзначыўшы, што другі год Дзень Волі прыпадае на момант вострых палітычных варункаў, калі незалежнасць Беларусі находзіцца пад пагрозай.

«Важна выказаць стаўленне да падзеяў ва Украіне. Але, перад усім, гэта акцыя наша, важней за ўсё беларуская незалежнасць, трэба паказаць, што мы гатовыя яе бараніць», — падсумаваў Губарэвіч.

Наступнае паседжанне аргкамітэту па адзначэнні Дня Волі запланаванае на 9 сакавіка.

pyx.by