Грамадскасць пачулі і падтрымалі

16 студзеня ў Мінску на публічнай сесіі грамадскіх слуханняў па абмеркаванню скарэктаванага праекта дэтальнага планавання (ПДП) рэканструкцыі, рэстаўрацыі, аднаўлення і добраўпарадкавання Гістарычнага цэнтра Мінска (ГЦМ) падтрыманы заўвагі і прапановы Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, паведаміў НЧ старшыня грамадскага аб’яднання Антон Астаповіч.



astapovic_hcm_2.jpg

Таварыства заявіла пра неадпаведнасць ПДП (галоўны архітэктар праекта Аляксандр Акенцьеў, КУП “Мінскграда) дзеючым айчынным нарматыўна-прававым і тэхнічным дакументам, а таксама міжнародным методыкам, якія рэгулюць працу на аб’ектах гістарычнай спадчыны.

Паколькі рэалізацыя праекта перакрэслівае мажлівасць навукова-метадычных і прававых падыходаў да засваення яшчэ застаўшыхся тэрыторый ГЦМ, таварыства прапанавала спыніць працу над ПДП і распачаць яе толькі пасля правядзення на тэрыторыі ГЦМ комплекснай праверкі выканання дзеючага заканадаўства ў сферы аховы спадчыны, тэхнічных дакументаў і міжнародных методык, а таксама пасля правядзення комплексных навуковых вышуканняў, сказаў Астаповіч. На ягоную думку, варта высветліць, чаму чыноўнікі розных міністэрстваў і ведамстваў узгаднялі праекты, каторыя супярэчаць айчынным і міжнародным нарматывам.

Падтрымана і прапанова таварыства пра абавязковае правядзенне ў Беларускім саюзе архітэктараў адначасовага грамадскага абмеркавання абедзвюх праектаў аднаўлення Мінскага замчышча.XII стагоддзя, распрацаваных спецыялістамі КУП “Мінскпраектпад кіраўніцтвам Сяргея Багласава і архітэктурнай секцыяй таварыства.

Разам з тым, удзельнікі публічнай сесіі падтрымалі эскізны праект выяўлення сродкамі добраўпарадкавання страчанай планіровачнай структуры ГЦМ, прадстаўлены грамадскім аб’яднаннем. Гаворка ідзе пра былыя аб’екты культавай архітэктуры, у прыватнасці, пра касцёл баніфратаў (стаяў недалёка ад прыпынку грамадскага транспарту на праезнай частцы вуліцы Няміга каля выхаду з аднайменнай станцыі метро), мужчынскі касцёл бенедыктынцаў святога архангела Міхала (стаяў на пляцы, утвораным перакрыжаваннем вуліц Камсамольскай і Рэвалюцыйнай), Васкрасенскую царкву (стаяла паміж старадаўнімі дамамі №№ 6 і 8 па вуліцы Вызвалення), касцёл дамініканаў (стаяў на месцы, дзе зараз Кастрычніцкая плошча каля Палацу Рэспублікі), а таксама пра сінагогу другой паловы XIX стагоддзя, каторая зафіксавана на іканаграфічным матэрыяле 1941 года і стаяла на вуліцы Замкавай.

Як адзначыў Астаповіч, усе заўвагі і прапановы грамадскасці ў пісьмовым выглядзе ўнесены ў пратакол сесіі, каторы будзе накіраваны ў камісію па правядзенню грамадскіх абмеркаванняў адміністрацыі Цэнтральнага раёну сталіцы. “Прыняцце ж праекта Акенцьева без заўвагаў і прапаноў грамадскасці пагражае знікненнем шэрагу помнікаў архітэктуры ў Гістарычным цэнтры Мінску, — сказаў Астаповіч.

Паводле ягоных слоў, гаворка ідзе, у тым ліку, пра класічны аднапавярховы дом сядзібна-палацавага тыпу XIX стагоддзя па вуліцы Вызвалення,6, пра эклектычны тыповы двухпавярховы жылы гарадскі дом другой паловы XIX стагоддзя па Вызвалення,8, пра класічны двухпавярховы жылы дом сярэдзіны XIX па вуліцы Рэвалюцыйная, 24а, а таксама пра мажлівасць страты навукова-абгрунтаванай рэгенерацыі Мінскага замчышча і фрагмента Новай Мясніцкай вуліцы.  

Марат Гаравы.