Еду на Майдан

Я еду на Майдан… Я хачу на Майдан… Бадай, гэтыя словы тым ці іншым чынам за апошні тыдзень прамаўлялі сабе сотні, калі не тысячы беларусаў.



dasza_logo.jpg

Дар'я Каткоўская на шляху да Майдану
Хтосьці як прагу дарэалізаваць сваю няздзейсненую Плошчу – бо не быў, не трапіў, не пайшоў альбо загадзя “замялі”.
Хтосьці – дзеля падзарадкі рэвалюцыйнай энергіяй, каб канчаткова не ўдарыцца ў зімовы беларускі дэпрэсняк.
Хтосьці – каб зрабіць братэрскія самастрэлы на тле бчб сцягоў і канцэртнай пляцоўкі ў цэнтры Кіева з Ляпісамі ці Клічко, а яшчэ лепей – са спявачкай Русланай, якая стала неафіцыйным сімвалам супраціву ва Украіне гэтай зімой.

А нехта – бо ён папросту не можа маўчаць і не можа не ехаць, бо таксама хоча зрабіць свой унёсак у гісторыю зменаў, якія адбываюцца поруч, якія даюць надзею на змены нашай уласнай, пакуль сумнай, гісторыі беларускага сёння.


ПРА ПАДРЫХТОЎКУ.  «БНФ, У ВАС ЁСЦЬ СЦЯГІ?»


Украіна ў празе волі і Еўразвязу натхняла. Крыўдна было назіраць, як гісторыя дзеіцца па-за намі. Майдан крычаў, спяваў, гарэў, большаў – праз разгоны, пагрозы, запалохванні, праз збіццё “Беркутам” – стаяў, ночыў, гуляў, весяліўся, дапамагаў сабе і рос! Майдан трымаўся. А беларускія дзеячы – не ехалі.
Як толькі я агучыла, тое, што мне (і аказалася, яшчэ мінімум некалькім сотням беларусаў, што азваліся поруч) так муліла – у той жа момант атрымала з тузін прапаноў ад знаёмых і незнаёмых украінцаў: калі вырашу прыехаць, гатовыя сустрэць, абагрэць, накарміць і прытуліць на начоўкі, наколькі мне спатрэбіцца.

Яны самі рабілі сваю гісторыю. Гэтым разам стала больш чым відавочна, што ад ўкраінцаў напраўду залежыць іх лёс, што цяпер яны напраўду маюць шанец нарэшце сцвердзіць сваю незалежнасць ад Расіі напоўніцу і назаўсёды.


Мне быў патрэбны сцяг. Свой я папярэдне пазычыла, аказалася незваротна. І гэта была мая першая памылка. Сцяг знайсці было не так лёгка, як меркавала.

- Сядзіба БНФ, у вас ёсць сцягі? - Не, ледзь вярнулі сцяг, што над дзьвярыма. Усё фанаты Ляпісаў разабралі. - Рух за Свабоду, у Вас ёсць сцягі? - Можам пазычыць буклетаў пра Каліноўскага і прапанаваць улёткі Народнага Рэферэндума... - Гавары Праўду, у Вас ёсць сцягі? - Свой пакінулі ў Вільні... “Людцы, у каго ёсць сцяг? Дайце занасіць на майдане!” – звярнулася я да ФБ-супольнасці. І сцяг знайшоўся.


Сябра Сяргей перад ад’ездам клапатліва папярэджваў: апранайся цёпла, найлепей – у тэрмабялізну і зімовыя боты. Але ў мяне папросту бракавала часу на тое, каб абмундзіравацца належным чынам. І гэта была мая другая памылка.
Пакідаючы трое сутак на Майдан, я меркавала ўжо ў аўторак, 10 снежня, весці канцэрт да 6-годдзя Белсата ў Варшаве. Таму, апроч заплечніка з сабойкай, я ўзяла цяжкую валізку з сукенкамі, спінжачкамі, парфумай і касметыкай – для канцэрту. І гэта была мая трэцяя памылка.

ПРА СУМНАЕ. ЭКСКЛЮЗІЎНЫ ЗАТОР 


Мы рушылі на Кіеў ўвечары пятніцы бусам. “Ведаеш, у мяне прадчуванне, што штосьці здарыцца нядобрае…” – паскардзілася я палітолагу Алесю Чарняковічу, паглядаючы на сумнеўную таксоўку, што прыпаркавалася ля ўваходу ў бус.
Не даехаўшы да Аспіповічаў, на павароце на Мар’іну Горку наш аўтобус затрымалі.

autobus_logo.jpg


Затрыманы аўтобус

«Усе ціха!» – раздалося ў салоне,  і ўсе змоўклі. Над  звонкай цішынёй раздаўся спакойна-іранічны голас Мікалая Дземідзенкі: «Вы хочаце, каб яны падумалі, што затрымалі глуханямы аўтобус?». Маўчанне змянілася рогатам. Першае тлумачэнне затрымкі – затор на дарозе. Неўзабаве стала ясна, што гэта эксклюзіўны затор. Затор выключна для нас.  Бо ўвесь астатні транспарт вольна рухаўся. Праўда, часам для выгляду ДАІ спыняла машыны і правярала ў іх кіроўцаў дакументы. 


maszyna_logo.jpg


Машына, якая затрымлівала аўтобус
Зрэшты, пасля таго, як аказалася, што з нашымі дакументамі ўсё ў парадку, нас пратрымалі ў стромкім чаканні ў транспарце яшчэ гадзіну. Першымі сышлі спрактыкаваныя маладафронтаўцы, маўляў, пусты бус не арыштуюць, хадзем на перакладныя і папуткі. ДАІ ж, відаць, цягнула час пакуль не прыедзе чорны джып з таніраванымі шыбамі на пару з міліцэйскай машынай з мігалкамі.
Яны забралі пасведчанне ў кіроўцы і сказалі, што аўтобус мусіць кіраваць на штрафстаянку, а пасажыры – у РУУС. Тады кіроўца адчыніў сярэднія дзверы. “Сыходзім!” -- двойчы выгукнулі Дар’я Каткоўская і Андрэй Стрыжак. У некалькі секунд мы высыпаліся з аўтобуса і выбеглі ў чыстае заснежанае поле. У гарачцы, забыліся ў транспарце частку сваіх рэчаў: нехта вуды для сцягоў, нехта шапкі, да прыкладу, фатограф Вадзім Заміроўскі – шалік, я – тэрмас з гарачай грэчкай…

ПРА ВЯСЁЛАЕ. «У АЎТОБУСЕ БЫЎ ІУДАЧКА?!»


“І ўсё ж шкада, што там засталася мая сабойка!” – кінула я, на што калега, аператар Белсату Алесь Баразенка падоўжыў: “І ўдачка… (хвіліну падумаўшы) Дык вось хто нас здаў… У аўтобусе быў Іудачка?!”

Каля зачыненай запраўкі два тузіны чалавек. Сталі ў кола. Скачам, каб сагрэцца. Жарты, смех. Рогат, калі зачытала паведамленне, што прыйшло на мой мабільнік: “Tолькі калі затрыманне канчатковае, то не забудзьцеся ўзгадаць у СМІ, што паездка арганізавана "Народным рэферэндумам"!


Крыху на воддаль наш праўнік Дар’я Каткоўская, стоячы на парывістым ветры ў шапцы вавёркі з вушкамі, туравала свайму тату ў слухалку: “Тата, усё добра, мне ёсць, дзе сагрэцца, і я ў добрай кампаніі, так, я еду на Кіеў! І нагавіцы – цёплыя, і паесці – ёсць што. І не перажывай, што на Хартыі маё прозвішча напісалі з памылкай, чытай лепей не Хартыю, а мой Фэйсбук, там без памылак!”.
***
Андрэй Стрыжак арганізаваў транспарт для ўсіх прысутных. Менавіта ён і Даша перад тым вялі перамовы з аўтобуснымі “захопнікамі”. І нават тут нашыя грамадзянска адказныя сябры ўзялі на сябе арганізацыйныя абавязкі: “Вырашайце, хто куды едзе: на Кіеў ці на вакзал Мар’інай Горкі, бо квіткоў на цягнікі – ведайце! – вы не купіце сёння, кажу са свайго досведу і практыкі! – прамаўляў спадар Стрыжак, – вось ёсць маршрутка на 19 месцаў да вакзалу на Мар’інай горцы. Хто едзе?”. “Спачатку давайце дзяўчат!” – пачуўся хлапечы голас. І першая маршрутка ад’ехала. Потым другая. І маршруткі скончыліся. Толькі дзіўныя машыны, што перыядычна пад’язджалі на бяспечную да нас адлегласць. І падоўгу стаялі і назіралі...
Мы ж засталіся чакаць. Шалёна карцела ехаць на Кіеў, спынам, нягледзячы на адубелыя ногі, нягледзячы на кучу рэчаў… Ды каму пакінеш вялікую ружовую валізку, хто давязе яе да Варшавы? Як сагрэць змярцвела-халодныя пальцы? Пра сваё разважаў і Алесь Чарняковіч, які стаяў поруч, у касцюме ад П’ера Кардэна, таксама з валізкай, а яшчэ і з натуральнай, клапатліва спакаванай, ёлкай…йолкай!) “Я не еду на Майдан…” – зразумела я, і мне стала страшэнна крыўдна. І яшчэ мацней халодна. Даша, паглядзеўшы на мой пачырванелы нос і валізку ў снезе агучыла мой страх: “Ты не едзеш.”
Паехаў Алесь Баразенка, бо яму трэба было мяняць свайго напарніка на Майдане. Як ён сказаў: палюбому паеду! І мне так хацелася сказаць. Паехаў Андрэй Стрыжак, ён быў важак, ён адказваў за нас. Паехала Даша Каткоўская, мая сяброўка Каткоўская, у маёй шапцы і ў маіх шкарпэтках, якія я падарыла ёй ў ноч з 18 на 19 снежня 2010.
Дашка была гатовая, яна не зрабіла маіх памылак: на ёй была тэрмабялізна і лыжныя нагавіцы (трое нагавіцаў, якія яна нацягнула на сябе ў прыбіральні запраўкі!), на ёй былі клёвыя зімовыя боты, на ёй быў лёгкі заплечнік і ў яе быў сцяг, які ёй дала мама. Мая мама не ведала, куды я сабралася. І спадзяюся, гэты артыкул яна таксама не прачытае.
Калі Дашы патэлефанавалі, каб выказаць салідарнасць – на тую халодную зачыненую запраўку, у яе папросту не было на гэта часу, яна вырашала праблемы тых, хто навокал: “Дзякуй, выбачайце, не магу размаўляць, рукі змерзлі…”

ПРА ПРАЎДУ.  +380 932288115. Кіеў, ЕЎРАМАЙДАН. ДАША


Гэты аўтобус быў не ў нікуды, як напісаў Андрэй Дынько. Бо гэта падарожжа дало нешта важнае кожнаму з яго 53 пасажыраў. Адкрыла ў кожным лепшае.
Я даведалася, што незнаёмыя хлопцы гатовыя несці – не несці, перці! – маю 15 кілаграмовую валізу праз заснежанае поле, а потым – уздоўж шашы.
Даведалася, што ў мяне клёвыя сябры, бо пакуль не знайшлі машыны, каб вывезці ўсіх з зачыненай наскрозь прадзіманай запраўкі, ніхто не рушыў з месца.
Даведалася, што куча людзей была гатовая нам дапамагаць – ехаць за намі ў ноч, снегападам, невядома куды, на сваіх машынах, прытуліць у Гомлі і Мар’інай Горцы, па дарозе на Кіеў.
Даведалася, што ўсе гэтыя лайкі ў сетцы – жывыя. Стася, Юрась, Марына, Мікола, Наталька… Каго не абняла ў тую ноч – абдымаю. Цяпер у нас з вамі – свая гісторыя. Часам нават гаварыць не абавязкова, дастаткова ведаць, што тады вы разам са мной сядзелі ў тым арыштаваным аўтобусе.
Даведалася, што калі людзі на Майдане пачулі пра затрыманне нашага бусу, яны скандавалі “Ганьба!”, а калі Даша, Андрэй і Алесь на перакладных даехалі да Кіеву – плошча крычала: “Жыве Беларусь!”.
А украінцы даведаліся, што мы – з імі. І нашых сцягоў цяпер усё болей і болей на кіеўскай Плошчы. І беларускія дзеячы, лідары – паехалі на украінскі Майдан, бо самі беларусы іх туды паклікалі..
PS. А намеснік Старшыні Руху за Свабоду Юрась Губарэвіч, які на той момант толькі вярнуся з Кіева, дзе з Аляксем Янукевічам, старшынём БНФ, браў слова на Майдане на знак беларускай падтрымкі ўкраінцам, узяў і выехаў у кірунку Асіповічаў па занесенай снегам дарозе – збіраць апошніх з партызан-пасажыраў нашага арыштаванага аўтобусу. І забраў. І глыбокай ноччу давёз іх дамоў.

Няўжо Вам не хочацца паставіць такі модны ў гэтыя зімовыя тыдні статус: “Мой украінскі нумар +380 932288115. Кіеў, Еўрамайдан. Сустрэнемся, пагуляем? Са мной будзе яшчэ мільён сяброў. Даша.”


Мне дык усё яшчэ хочацца. І я ведаю, што гэты аўтобус змусіў задумацца пра многае, яшчэ да рэшты неасэнсаванае, пра што не думалася раней…
Дар’я Каткоўская, юрыст, грамадская актывістка:
Я лічу, што як толькі мы пачынаем у такіх простых рэчах хадзіць партызанскімі сцежкамі, хавацца - мы пачынаем гуляць па правілах тых, хто хоча каб мы баяліся, нас не было чуваць і відаць. Публічнасць можа абараніць ў пэўных сітуацыях, таму што калі Вас схопяць ноччу на лясной сцежцы, вам ніхто не зможа аператыўна дапамагчы. Я вельмі ўдзячная людзям, якія былі побач гэтай ноччу, мне шкада, што некаторым я не магу сказаць гэта публічна. 
Андрэй Стрыжак, каардынатар моладзевай сеткі Прафсаюза РЭП:
Вось цяпер, пасля ўсёй гэтай ночы з «адціскам» аўтобуса ў завіруху, «прагулцы» па заснежаным полі, з неверагоднымі сустрэчамі з выдатнымі людзьмі, мяне мучае думка пра тое, чаму мы лічым сябе горш за іншых? Лічу за гонар быць вашым суайчыннікам, родныя мае беларусы. Я ўсё ніяк не магу прыйсці ў сябе ад той салідарнасці і клопату, якімі вы атачылі нас. А зараз мы едзем у маршрутцы, у якой дзяўчыны за маёй спіной абмяркоўваюць хлопцаў, уборы і ... тое, як важны для іх Майдан. Я веру ў тое, што ў іх усё атрымаецца. І ў нас. 

НЕКАЛЬКІ ПАРАДАЎ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ:


- набудзьце сабе сцягі, яны пакуль ёсць на сядзібе БНФ (хутка зноў Ляпісы) - набудзьце колышкі-вуды для сцягоў (мы ўсе пакінулі ў бусе) - набудзьце тэрмабялізну і рэальна цёплыя боты (а ў мяне цяпер прастуда) - не плануйце свой час і не бярыце шмат рэчаў, калі ідзяце на майдан (верце!)