Кліматычныя абяцанкі-цацанкі

Чарговы кліматычны саміт, што праходзіў з 11 па 22 лістапада ў Варшаве, толькі аддаліў урады ад вырашэння кліматычнага крызісу. Наш журналіст, які пабываў на гэтым саміце, дзеліцца сваімі ўражаннямі.



img_6836_logo.jpg

Марш за кліматычную і сацыяльную справядлівасць, калона арганізацыі «Сябры зямлі», 16 лістапада. Фота Паўла Гарбунова

Міжнародныя кліматычныя перамовы пад эгідай ААН ужо каторы год буксуюць і ўсё часцей нагадваюць вадэвіль, пастаўлены правінцыйным тэатрам. Сцэнар штогод адзін: навукоўцы кажуць пра небяспечныя змены клімату, грамадскасць патрабуе рашучых дзеянняў, але перамовы афіцыйных дэлегацый заканчваюцца пшыкам.

Польшча: скандал за скандалам

Афіцыйна варшаўскі кліматычны саміт называўся 19-й Канферэнцыяй бакоў (COP19) Рамкавай канвенцыі ААН па зменах клімату. Канвенцыя была прынятая яшчэ ў 1992 годзе на «саміце Зямлі» ў Рыа-дэ-Жанейра, а ў 1997 годзе быў ухвалены Кіёцкі пратакол, які вызначаў канкрэтныя абавязкі краін па зніжэнні выкідаў парніковых газаў. Тэрмін дзеяння Кіёцкага пратаколу скончыўся, а новая дамова так і не была падпісана. Апрача таго, тыя абавязкі, што ўзялі на сябе развітыя краіны ў межах Кіёцкага пратаколу, не былі выкананы.

Штогод змяняецца краіна, што старшынствуе ў кліматычных перамовах, і, адпаведна, кожны раз абіраецца іншае месца правядзення перамоваў. У гэтым годзе Канферэнцыя бакоў прайшла ў Варшаве на Нацыянальным стадыёне, збудаваным да мінулагодняга чэмпіянату Еўропы па футболе. Пад трыбунамі стадыёну знаходзяцца некалькі паверхаў з пакоямі для перамоваў, прасторнымі холамі і ўсёй неабходнай інфраструктурай.

Польскае старшынства ў кліматычных перамовах паказала выкапнёвы (у простым і пераносным сэнсах) характар польскай эліты. Урад Польшчы не толькі выявіўся няздольным весці перамовы да заключэння пагаднення, але і свядома вёў гэтыя перамовы ўбок.

Так, 18–19 лістапада ў Міністэрстве эканомікі Польшчы прайшоў Міжнародны саміт «Вугаль і клімат», арганізаваны супольна з Сусветнай вугальнай асацыяцыяй. Вугаль — адна з самых брудных выкапнёвых крыніц энергіі. На кожную вырабленую з вугалю адзінку электрычнасці ці цяпла даводзіцца заўважна болей выкідаў парніковых газаў, чым пры вырабе электрычнасці і цяпла, напрыклад, з прыроднага газу (асобна стаіць пытанне забруджання паветра мікрачасцінкамі, меддзю, свінцом, дыяксінамі ды іншымі забруджвальнікамі пры спальванні вугалю на электрастанцыях). Але польская энергетыка традыцыйна залежыць ад вугалю (з яго вырабляецца больш за 80% электрычнасці).

Сусветнае вугальнае лобі спрабуе працягнуць у кліматычную дамову субсідыі для вугальнай энергетыкі, і польскі ўрад актыўна ў гэтым дапамагае.

Марцін Каралец, да 20 лістапада міністр навакольнага асяроддзя Польшчы і прэзідэнт кліматычных перамоваў гэтага года, актыўна выступае за разгортванне здабычы сланцавага газу. Здабыча сланцавага газу — даволі дарагі, тэхнічна складаны і экалагічна брудны працэс, які патрабуе шмат водных рэсурсаў і атручвае землі хімікатамі; ён не ідзе ні ў якое параўнанне са здабычай канвенцыйнага прыроднага газу.

gas_logo.jpg

Касцяшын і Клюкова Гута таксама супраць здабычы сланцавага
газу, на Маршы 16 лістапада
. Фота Паўла Гарбунова

 

У Польшчы ў розных мясцовасцях жыхары актыўна пратэстуюць супраць геалагічнай выведкі ў пошуках сланцавага газу. Выведка сама па сабе небяспечная (так, у адной з вёсак з-за геалагічных зрухаў цалкам абрынулася вежа старажытнага касцёла — шчасце, што не было ахвяраў) і вядзе за сабой нашмат больш небяспечную здабычу. Мясцовых жыхароў актыўна разганяе і штрафуе паліцыя. А па польскай тэлевізіі ў любы час дня круціцца рэклама нафтагазаздабываючай карпарацыі «Шэўрон», у якой піяршчыкі запэўніваюць, нібыта карпарацыя выконвае патрабаванні мясцовага насельніцтва і дбае пра навакольнае асяроддзе і сацыяльную сферу. Гэта прамая хлусня, але СМІ паказваюць тое, за што заплачаны грошы.

greenpeace_logo.jpg

"Хто кіруе Польшчай? Вугальная індустрыя ці людзі?" Расцяжка "Грынпіс" каля ўвахода ў Міністэрства эканомікі Польшчы правісае, бо актывісты трымаюць яе ўжо некалькі гадзін запар без магчымасці змяніцца. 18 лістапада. Фота Паўла Гарбунова

 

Пры гэтым у Польшчы вялікія праблемы з развіццём энергетыкі з узнаўляльных крыніц: забюракратызаванае заканадаўства ці, наадварот, яго брак, слабая ў параўнанні з Заходняй Еўропай дзяржаўная падтрымка, адсутнасць інфармацыі. Затое выкапнёвае паліва (вугаль) прэм’ер Польшчы Дональд Туск лічыць ледзь не нацыянальным скарбам. Польскія экалагісты іранізуюць: калі гэта сонца і вецер сталі меней польскімі за вугаль?

Раней Польшча была сумна вядомай з-за блакавання кліматычнай палітыкі Еўрасаюза, а таксама ігнаравання кліматычнай праблемы палітыкамі і СМІ. Не дзіва, што і да COP19 з боку нацыянальных СМІ было няшмат увагі. «Тэлевізія зусім не згадвала пра саміт у навінах», — падзяліўся назіраннем экалагічны актывіст з Варшавы, чалец рэдакцыі газеты «Зялёнэ Вядамосці» Марцін Вжос.

У інтарэсах бізнэсу

Марцін Каралец заявіў яшчэ ў верасні: «Упершыню за 19 гадоў кліматычных перамоваў, прадстаўнікі сусветнага бізнэсу далучацца да іх». Вядома, і раней голас бізнэсу было добра чуваць, бо яго транслявалі ўрадавыя дэлегацыі розных краін (самы яркі прыклад — ЗША) і разнастайныя лабісцкія структуры, што круціліся вакол перамоваў.

У адрозненне ад бізнэсу, грамадскасць (у выглядзе недзяржаўных арганізацый) не дапушчаная да непасрэднага ўдзелу ў перамовах, а можа за імі толькі назіраць. Прысутнасць грамадскасці на перамовах з кожным годам усё мацней абмяжоўваецца. З аднаго боку, скарачаецца колькасць месцаў для назіральнікаў ад грамадскіх арганізацый. «Было складана зарэгістравацца назіральнікам. Мы хацелі прывезці шмат людзей, каб узняць свае галасы. Але акрэдытацыю атрымалі толькі нямногія», — Нікалас з Зімбабвэ пацвярджае тое, што выказвалі многія мае суразмоўцы.

frontex_logo.jpg

Пікет у падтрымку кліматычных мігрантаў і супраць міграцыйнай палітыкі Еўрасаюза, 16 лістапада, пад штаб-кватэрай еўрапейскай памежнай агенцыі Frontex. Фота Паўла Гарбунова

 

З іншага боку, назіральнікі ад грамадскіх арганізацый атрымліваюць доступ да зусім нязначнай колькасці мерапрыемстваў унутры перамоваў.

«Ты як журналіст маеш значна больш шырокі доступ да канферэнцыі. Нас жа амаль нікуды не пушчаюць», — паскардзіўся мне Сумя Дута з індыйскага калектыву «Па-за Капенгагенам».

Калі мы зазірнем у спіс спонсараў варшаўскага саміту, адразу стане відавочна — мерапрыемства фінансавалі самыя «брудныя» карпарацыі (у тым ліку з пункту гледжання выкідаў парніковых газаў), якія хочуць «азеляніць» свой імідж, але не збіраюцца рабіць нічога рэальнага па змяншэнні эмісій. Гэта, напрыклад, аўтамабільны вытворца, авіякампанія, нафтаздабыўчая і перапрацоўчая кампанія, вытворца сталі, энергетычныя монстры (якія вырабляюць электрычнасць з вугалю і на АЭС). Практычна да ўсіх спонсараў грамадскасць мае прэтэнзіі ў экалагічнай сферы ці ў сферы правоў чалавека.

img_6978_logo.jpg

Сумя Дута выступае на мітынгу супраць вугальнага саміта, 18 лістапада. Фота Паўла Гарбунова

 

Галоўная ідэя, з якой носяцца бізнэсоўцы і якую падтрымлівае большасць урадаў, — вугляродныя рынкі. Калісьці Джані Радары жартаваў у сваёй казцы пра падатак на паветра. Цяпер паветрам гандлююць, і гэта не жарты. Ужо ў Кіёцкі пратакол быў закладзены гандаль эмісіямі. Еўрапейскі саюз развіў гэтую ідэю, і з 2005 года працуе Сістэма гандлю эмісіямі ЕС. Вугляродныя рынкі стартуюць і ў іншых краінах (напрыклад, у амерыканскім штаце Каліфорнія і ў некаторых рэгіёнах Кітая).

У чым іх сутнасць? Вытворцам з «брудных» галін прамысловасці выдаюцца дазволы на бясплатнае забруджанне атмасферы да пэўнага ўзроўню. Калі яны гэты ўзровень перавышаюць, то мусяць купляць дазволы ад іншых удзельнікаў схемы, якія былі больш ашчаднымі. На той выпадак, калі вольных дазволаў больш не застанецца, распрацавана ідэя пра так званыя «вугляродныя сцёкі». Лічыцца, што можна высадзіць нейкую колькасць гектараў лесу, каб кампенсаваць нейкую колькасць выкідаў. Ці дафінансаваць абнаўленне абсталявання на нейкім заводзе ў трэцім свеце, каб той быў больш энэргаэфектыўным і выкідаў меней парніковых газаў. Такім чынам, вытворца ў Еўропе можа працягваць забруджванне, тэарэтычна знізіўшы яго дзесьці ў іншым месцы.

Практыка паказала — гэтая схема не працуе. Пачынаючы ад таго, што дазволы на забруджанне — гэта від субсідыі, і атрымліваюць яе шчодра акурат самыя шкодныя індустрыі. У Еўрасаюзе многія буйныя кампаніі атрымалі больш дазволаў, чым было трэба для пакрыцця іх выкідаў. Не зніжаючы свае выкіды парніковых газаў, яны прадалі дазволы на рынку, праз што атрымалі дадатковы прыбытак.

Пасадка лясоў — добрая справа. Толькі вось саджаюць лясы, каб іх потым вырубіць. Напрыклад, у Бразіліі кампанія «Плантар» вырубае векавы лес, што, між іншым, вядзе на выкідаў парніковых газаў. На яго месцы саджаюць эўкаліпты, каб потым вырубіць і спаліць іх для вытворчасці вугалю, неабходнага для вытворчасці сталі. Пры гэтым «Плантар» прадае сертыфікаты на пэўную колькасць эмісій. Але ўвабраны дрэвамі вуглякіслы газ пасля іх вырубкі і спальвання зноў апынецца ў атмасферы, так што сертыфікаты нічога не вартыя!

Нарэшце, абнаўленне тэхналагічных ліній у трэцім свеце і так перыядычна адбываецца проста таму, што новыя тэхналагічныя лініі — больш выгодныя. Практычна немагчыма адрозніць, у якім выпадку дафінансаванне было абсалютна неабходным з-за беднасці вытворцы, а дзе кампанія скарысталася абставінамі, каб танна атрымаць новае абсталяванне. Таму давесці, што зніжэння выкідаў не адбылося б без дафінансавання праз вугляродныя рынкі, практычна немагчыма.

Такім чынам, вугляродныя рынкі толькі адцягваюць свет ад развязання кліматычнай праблемы.

«Рухальнымі сіламі вугляродных рынкаў з’яўляюцца карпарацыі, найбольш павінныя ў забруджанні, і Сусветны банк, найбольш адказны за фінансаванне выкапнёвага паліва. Варта чакаць ад іх удзелу ў сістэмнай карупцыі з мэтай прыцягнення грошай на рынак, нават калі гэта не дасць сапраўды знізіць эмісіі, — каментуе Патрык Бонд, прафесар Універсітэта Квазулу-Натал (ПАР). — Ідэя прымяніць рынкавыя развязанні да праблемы, створанай рынкамі, — гэта ідэалогія, што не мае сэнсу».

Пра вугальнае лобі і аматараў здабываць сланцавы газ ужо напісана вышэй. Прадказальна, пад ручку з імі ідзе атамная энергетыка. Аднаўляльная энергетыка ўвесь час адціраецца бізнэс-імперыямі на другі план. Мы маем вялікую рызыку, што пры змене пакаленняў электрастанцый інвестыцыі пойдуць не на будаўніцтва ветракоў і сонечных калектараў, а на вугальныя ці ў лепшым выпадку газавыя станцыі.


Публіка патрабуе справядлівасці

Хаця і не дапушчаная да паўнавартаснага ўдзелу ў перамовах, рознакаляровая публіка з грамадскіх арганізацый з’язджаецца штогод на кліматычны саміт, каб паспрабаваць дакрычацца да яго ўдзельнікаў і, не ў апошнюю чаргу, пабачыцца паміж сабой. Вакол саміту адбываюцца дзясяткі разнастайных акцый пратэсту. У гэтым годзе яны былі і на вуліцах Варшавы, і перад уваходам на стадыён, і нават у калідорах стадыёну. Чаго публіка патрабуе?

Літаральна перад пачаткам кліматычных перамоваў магутны тайфун скалануў Філіпіны і выклікаў масавую гібель людзей. Здавалася б, стыхійнае бедства, бывае. Але гэты тайфун наўпрост звязваюць са зменамі клімату і грамадскія арганізацыі, і філіпінскі ўрад.

«Гэта не адзіны тайфун ці супер-тайфун, з якім мы сустрэліся. За апошнія пяць гадоў мы штогод мелі па супер-тайфуну. Тысячы жыццяў былі загубленыя. Але апошні стаў найбольш магутным і ўдарыў па нас найбольш балюча», — кажа Джэры Аранчэс, нацыянальны каардынатар Філіпінскага руху за кліматычную справядлівасць.

Ён працягвае: «Але тыя, хто выклікаў гэты кліматычны крызіс, усё яшчэ штурхаюць увесь свет да далейшага ўжывання брудных і шкодных крыніц энергіі. Яны спрабуюць прадаць нам «зялёны» вугаль, спрабуюць стварыць болей вугляродных рынкаў. Спрабуюць накіраваць нас на сцежку памылковых «развязанняў». (...) Мы стаім на ростанях: або кліматычная справядлівасць і сістэмныя змены, або смерць. Мы, філіпінцы, — народ з доўгай гісторыяй барацьбы за справядлівасць, і мы будзем змагацца за кліматычную справядлівасць».

img_6786_logo.jpg

Марш за кліматычную і сацыяльную справядлівасць рушыць ад Палацу культуры і навукі, 16 лістапада. Фота Паўла Гарбунова

 

Найбуйнейшая дэманстрацыя (Марш за кліматычную і сацыяльную справядлівасць) адбылася ў суботу, 16 лістапада. Спецыяльна на яе з Брусэля прыехаў адмысловы цягнік з бельгійскімі (і троху нямецкімі) кліматычнымі актывістамі. У ёй узяла ўдзел больш за 2 тысячы чалавек — няшмат, калі глядзець і па польскіх, і па сусветных маштабах. (Ужо ў наступную суботу, 23 лістапада, вуліцамі Варшавы прайшлі 20 тысяч настаўнікаў, пратэстуючы супраць новага праекта закону аб адукацыі, што можа прывесці да зніжэння настаўніцкіх заробкаў і павелічэння працоўнай нагрузкі).

«Здаецца, што, каб у Польшчы арганізаваць экалагісцкі марш, трэба запрасіць людзей звонку. Мясцовыя, польскія ўдзельнікі былі амаль не заўважныя на фоне іншых дэманстрантаў. Экалагічная свядомасць у Польшчы ёсць вельмі нізкай. Людзі вераць дзяржаўнай прапагандзе, нібы заняцце боку навакольнага асяроддзя значыць удар па гаспадарцы, паглыбленне крызісу, зніжэнне заробкаў, вышэйшыя рахункі. Яны аддаюць перавагу таму, каб сядзець дома», — падзяліўся са мной уражаннямі ад кліматычнай дэманстрацыі Марцін Вжос.

clowns_logo.jpg

Перадавы атрад Падпольнай паўстанцкай арміі клоўнаў-бунтароў рыхтуецца да выступу на Маршы за кліматычную і сацыяльную справядлівасць, 16 лістапада. Фота Паўла Гарбунова

Дэманстранты прадказальна патрабавалі кліматычнай справядлівасці («Кліматычныя справядлівасць зараз» — быў іх асноўны лозунг). Ушчыльную да стадыёна ім падысці не далі. Дэманстрацыя прайшла міма і звярнула ў цёмны і напаўзакінуты парк Скарышэўскі, дзе на невялікай эстрадзе, трыбуны якой былі няздольныя змясціць усіх удзельнікаў, адбыўся мітынг. Паліцыя перакрыла ўсе ўваходы ў парк, так што выпадковыя мінакі не маглі пачуць, чаго там патрабуюць гэтыя «адмарожаныя» экалагісты.

18 лістапада адбылося некалькі акцый супраць вугальнага саміта. Актывісты «Грынпіс» вывесілі вялізны банер на будынку міністэрства эканомікі. Іншыя актывісты «Грынпіс» усталі з іншым банерам перад уваходам. Побач з міністэрствам некалькі польскіх і міжнародных грамадскіх арганізацый зладзілі тэатралізаваны мітынг «Кашляй за вугаль», на якім з энтузіязмам абкашлялі вугальнае лобі і паабяцалі паставіць яго на калені.

«Вугальныя, атамныя электрастанцыі і буйныя гідраэлектрастанцыі не даюць доступу да электрычнасці бедным людзям у трэцім свеце, — сказаў падчас мітынгу Сумя Дута. — Доступ да электрычнасці для беднякоў у Індыі мала палепшыўся за апошнія 20 гадоў, хаця ўсталяваная магутнасць электрастанцый павялічылася ўтрая. Затое буйныя электрастанцыі прыводзяць да забруджання навакольнага асяроддзя і экалагічных катастроф, выгнання сялян з зямлі, а рыбакоў — з рыбных угоддзяў. Тут на кліматычных перамовах нават урады бедных краін агітуюць за памылковыя, брудныя «развязанні». Але нам патрэбная дэцэнтралізаваная энергетыка з узнаўляльных крыніц, уласнікамі якой будуць мясцовыя супольнасці».

19 лістапада каля ўваходу на стадыён прайшла акцыя супраць атамнага лобі на кліматычных перамовах. Былі і разнастайныя іншыя акцыі, напрыклад, у падтрымку арктычнай трыццаткі.

Аднак сярод няўрадавых арганізацый няма адзінства. Ёсць такія, што ходзяць у гарнітурах і гальштуках назіраць за перамовамі і не трацяць свой час на дэманстрацыі.

І ёсць падставовы падзел паміж няўрадавымі арганізацыямі: за ці супраць вугляродных рынкаў. За вугляродныя рынкі выступаюць перадусім рэспектабельныя НДА з заможных краін глабальнай поўначы ці, напрыклад, заходнееўрапейскія партыі зялёных. Зборам рэспектабельных НДА ёсць альянс CAN — Climate action network (Сетка за кліматычнае дзеянне). Яны ўказваюць на асобныя недахопы рынкаў, просяць іх выправіць, але не ставяць пад сумнеў саму ідэю гандлю паветрам.

Іншая частка грамадскіх актывістаў вядомая пад назвай «рух за кліматычную справядлівасць». У гэтага руху няма адзінай сеткі. Больш за тое, у апошнія гады не ўсе яго ўдзельнікі бачаць сэнс у тым, каб прыязджаць на «канферэнцыі забруджвальнікаў» (так яны расшыфроўваюць абрэвіятуру COP). Менавіта ў гэтым руху прасцей знайсці прадстаўнікоў трэцяга свету, розныя нізавыя кліматычныя ініцыятывы і аматараў прамога дзеяння (напрыклад, сядзячых блакад брудных індустрый).

Патрык Бонд тлумачыць розніцу паміж двума кшталтамі экалагістаў: «Можа, існуе нейкая сакрэтная зброя, што прымусіць гандаль вугляродам працаваць належным чынам, але звонку лідэры і стратэгі CAN выглядаюць цалкам беспрынцыповымі што да гандлю вугляродам. Калі ўрэшце CAN зразумее, што страты ад прапаганды гэтай правальнай фінансава-капіталістычнай стратэгіі пераважваюць карысці?»

Расчараваныя ходам перамоваў у чацвер, 21 лістапада, прадстаўнікі амаль усіх няўрадавых арганізацый (як з CAN, так і з руху за кліматычную справядлівасць) пакінулі стадыён, здаўшы свае акрэдытацыйныя карткі. У той самы дзень прадстаўнікі 132 краін глабальнага Поўдня на знак пратэсту пакінулі перамовы на тры гадзіны з-за незадавальнення абмеркаваннем кампенсацый за страты і пашкоджанні, нанесеныя зменамі клімату.

Пасля дэмаршаў канферэнцыя працягвала працаваць на дзень даўжэй, чым планавалася. Нарэшце ў суботу былі прынятыя нейкія выніковыя дакументы. Але, як і штогод, яны прынеслі толькі расчараванне. Ніхто не збіраецца браць на сябе канкрэтныя абавязкі па зніжэнні выкідаў, а кампенсацыі бедным краінам за выкліканыя зменамі клімату стыхійныя бедствы, што страсаюць іх зараз, адкладзеныя на потым.

Тым часам у некаторых рэгіёнах свету выкіды парніковых газаў змяншаюцца. Але не з-за арганізаваных дзеянняў урадаў ці экалагічнай супольнасці, а дзякуючы эканамічнаму крызісу. Гэта перадусім Еўрасаюз і ЗША, якія заўважна скарацілі свае выкіды пасля 2008 году.

Пакуль ніхто на кліматычных перамовах не збіраецца ўсур’ёз абмяркоўваць эканамічную канцэпцыю «зваротнага росту» (degrowth), якую прапагандуюць многія заходнееўрапейскія зялёныя. Хаця менавіта «зваротны рост» абяцае прывесці да хуткага скарачэння выкідаў.

 

Навука раіць не адкладаць

Мы прывыклі разважаць пра «глабальнае пацяпленне». Але з’явы, якія назіраюцца за апошнія дзесяцігоддзі, нашмат больш складаныя і разнастайныя, чым проста ўзняцце тэмпературы. Таму даволі даўно на міжнародным узроўні ўжываецца словаспалучэнне «змены клімату».

Міжнародная група экспертаў па зменах клімату (МГЭЗК) — орган ААН, створаны ў 1988 годзе. Яна займаецца абагульненнем зробленых па ўсім свеце даследаванняў клімату. Апошнія навуковыя назіранні і высновы па гэтай тэме сабраны ў сёлетнім дакладзе «Змены клімату 2013: Прыродазнаўча-навуковы базіс».

Згодна з дакладам, атмасферныя канцэнтрацыі вуглякіслага газу, метану і закісу азоту (N2O) павялічыліся да беспрэцэдэнтных за апошнія 800000 гадоў узроўняў. У кліматолагаў няма сумневаў, што павелічэнне канцэнтрацый гэтых парніковых газаў — вынік спальвання чалавекам выкапнёвых вуглевадародаў (вугалю, нафты, прыроднага газу).

lungs_logo.jpg

Надзіманыя лёгкія  — "цвік" мітынга "Кашляй за вугаль", 18 лістапада. Фота Паўла Гарбунова

 

Хаця неабходнасць зніжаць эмісіі парніковых газаў была прызнаная ўсім светам яшчэ 20 гадоў таму, але з 1990 года выкіды вуглякіслага газу выраслі на 54%.

Глабальная тэмпература павысілася ў сярэднім на 0,85 градуса Цэльсія з 1880 года. Пры гэтым ёсць вобласці (напрыклад, Арктыка), дзе тэмпература павысілася больш як на 1 градус.

Апрача ўласна пацяплення становяцца больш частымі экстрэмальныя метэаралагічныя з’явы. Так, за апошнія дзесяцігоддзі ў вялікіх частках Еўропы, Азіі і Аўстраліі сталі больш частымі і працяглымі хвалі спёкі. Змяніўся характар дажджоў: у многіх мясцінах павялічыўся аб’ём выпадзення моцных ападкаў, яны сталі значна часцейшымі, а ў некаторых рэгіёнах сталі больш частымі і працяглымі засухі.

«У маёй краіне заўважныя змены клімату, — кажа Нікалас з Зімбабвэ, які прыехаў у Варшаву як прадстаўнік Пан-афрыканскага альянсу за кліматычную справядлівасць. — Стала меней халодных дзён, а ў цёплы час года тэмпература стала вельмі высокай. За апошнія дзесяць гадоў мы атрымалі шмат праблемаў. Наша сельская гаспадарка залежыць ад дажджоў, а яны змянілі свой характар. Цяпер цяжэй вырасціць ураджай, і гэта адбіваецца на ўсёй эканоміцы. Наш народ цяпер пакутуе ад голаду».

Паўсюдна стаў больш часта назірацца анамальна высокі ўзровень мора. Усё больш хутка таяць ледавікі, у тым ліку лядовае покрыва Антарктыды, Грэнландыі і Паўночнага (ўжо не Ледавітага) акіяну. Адтайвае нават «вечная» мерзлата.

У XXI стагоддзі глабальная тэмпература падвысіцца на велічыню ад 1 да 4 градусаў Цэльсія ў залежнасці ад колькасці выкідаў парніковых газаў. Чым большым будзе падвышэнне тэмпературы, тым больш катастрафічнымі будуць змены клімату. У найгоршым выпадку Зямля стане непрыдатнай для існавання чалавека. Але і ў лепшых варыянтах нас чакаюць, напрыклад, пашырэнне арэалаў распаўсюду пераносчыкаў пэўных хваробаў, павелічэнне страт ад паводак і штормаў, масавыя перасяленні людзей з рэгіёнаў, якія стануць непрыдатнымі для жыцця, і масавае выміранне біялагічных відаў.