Магілёўскі сюрпрыз для Дуні Міятавіч

Пакуль у Мінску знаходзіцца Прадстаўніца АБСЕ па свабодзе СМІ Дуня Міятавіч, у Магілёве ўлады пераследуюць незалежнага журналіста Алеся Буракова.



dunja.jpg

Дуня Міятавіч
Магілёўскага незалежнага журналіста Алеся Буракова вінавацяць у супрацоўніцтве з замежнымі сродкамі масавай інфармацыі без акрэдытацыі. На сайце «Нямецкай хвалі» выяўленыя публікацыі з ягоным імем. Раніцай 16 верасня супрацоўнікі міліцыі правялі ў кватэры фрылансера ператрус. Забралі два кампутары і носьбіты інфармацыі.
Ператрус быў і ў кватэры бацькоў Буракова, там забралі яшчэ два кампутары.
Паводле Алеся Буракова, сямёра супрацоўнікаў міліцыі заявіліся ў ягоную кватэру на пачатку дзявятай раніцы. Журналіст кажа, што ў дзверы пазваніла невядомая яму жанчына і калі ён адчыніў ёй, міліцыянты ўварваліся ў ягонае жытло. У іх была пастанова аб правядзенні агляду месца адміністрацыйнага правапарушэння, санкцыянаваная пракурорам Магілёва. Кіраваў міліцыянтамі ў ходзе агляду маёр Уладзімер Пугачоў.
«Аглядалі яны кватэру на працягу прыкладна гадзіны. Перагледзелі ўсё ў жытле. Быў такі маштабны вобшук, хаця мы з жонкай нічога не збіраліся хаваць. У выніку яны забралі два жончыных кампутары і две флэш-карты. На сёння мяне выклікаюць у міліцыю для дачы нейкіх тлумачэнняў. Я паспрабаваў давесці міліцыянтам, што яны робяць правакацыю, абшукваючы кватэру журналіста ў той час, калі ў Беларусі знаходзіцца Прадстаўніца АБСЕ па пытаньнях свабоды СМІ Дуня Міятавіч»,— зазначае Алесь Буракоў.
Паводле пастановы аб правядзенні агляду інтарэс да Алеся Буракова выкліканы ягонымі апошнімі публікацыямі на сайце Deutsche Welle (Нямецкая хваля). Яго вінавацяць у тым, што ён без акрэдытацыі рабіў і распаўсюджваў матэрыялы праз сетку інтэрнэт. Незаконную дзейнасць, як гаворыцца ў пастанове, выявілі, ажыццяўляючы маніторынг інтэрнэту.
Сам Алесь Буракоў не хавае таго, што пісаў для Deutsche Welle, ён не мае акрэдытацыі і падпісваўся сваім імем. Лічыць, што не парушаў закон «Аб СМІ», бо, паводле яго, для журналіста, які не з'яўляецца штатным супрацоўнікам замежнага СМІ, акрэдытацыя не патрэбная. Прэтэнзіі міліцыі лічыць не абгрунтаванымі.
Правядзення ператрусу сіламі сямі міліцыянтаў Алесь Буракоў лічыць абсурдным, бо як ён кажа, нават штраф, які яму пагражае, не пакрывае ўсіх выдаткаў, патрачаных на ператрус.
Напрыканцы жніўня Алесь Буракоў даведаўся ад участковага міліцыянта, што магілёўскую абласную управу КДБ цікавіць, як адзін з матэрыялаў журналіста трапіў на тэлеканал «Белсат». На фрылансера быў складзены пратакол апытання.
Раней сам Алесь Буракоў дамагаўся ад міліцыі, каб выявілі зламыснікаў, якія ўзламалі ягоны сайт «Свабодны фармат».
svaboda.org