Мінкультуры выйграла суд па будаўніцтву моста ў Брэсцкай крэпасці

17 сакавіка суддзя суду Цэнтральнага раёну Мінска Алена Семак не задаволіла скаргу сябры Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (БДТАПГіК) Дзяніса Турчаняка на дзеянні Міністэрства культуры па ўхваленню праектнай дакументацыі на пабудову аўтамабільна-пешаходнага маста праз роў Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці.



turcieniak_21.jpg

На здымку — фрагмент мапы генштабу Польшчы 1925 года з пазначэннем на плане Брэсцкай крэпасці гістарычнага мосту і сучаснага

Свае рашэнне суддзя матывавала тым, што ўзгадненне праектнай дакументацыі з’яўляецца выключным правам Мінкультуры і не можа аспрэчвацца грамадзянамі, у тым ліку і заяўніком. Прычым, паводле яе слоў, дзеянні міністэрства па ўхваленні праекту моста не ўціскаюць, а пашыраюць правы Дзяніса Турчаняка на карыстанне культурнай спадчынай.

Нагадаем, што 4 лютага на пачатку судовага разбору заяўнік заклікаў суд адмяніць станоўчае заключэнне Міністэрства культуры наконт праекту ўзвядзення моста і адклікаць дазвол Міністэрства культуры на распрацоўку гэтага праекту.

Сваю пазіцыю Дзяніс Турчаняк матываваў тым, што будаўніцтва моста з’яўляецца незаконным, паколькі праект яго ўзвядзенне не мае юрыдычнай сілы, бо не прайшоў грамадскае абмеркаванне і не быў ухвалены Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны. Заяўнік звярнуў увагу на забарону новага будаўніцтва на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці — гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння.    

Большая частка пасяджэння, як і ранейшага, што адбылася 25 лютага, пайшла на судовыя спрэчкі па правамернасці заявы Дзяніса Турчаняка.

Прадстаўнікі Міністэрства культуры заявілі, што ўзгадненне праектнай дакументацыі з’яўляецца службоваю прэрагатываю чынавенства і няма аніводнага нарматыўна-правававога акту, згодна якому грамадзяне могуць аспрэчваць рашэнні міністэрства.

Пры гэтым, як адзначылі чыноўнікі, новы аўтамабільна-пешаходны мост праз роў Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці дазваляе забяспечыць агульнадаступнасць помніку, камфортнасць і бяспеку яго наведвальнікаў, пашырае мажлівасць карыстання гэтым аб’ектам гісторыка-культурнай спадчыны і, такім чынам, спрыяе рэалізацыі права грамадзян на ўдзел у культурным жыцці.

Дзяніс Турчаняк збіраецца абскарджваць рашэнне Алены Семак у Мінскім гарадскім судзе, а таксама надалей дабівацца захавання правоў грамадзян на ўдзел у горадабудаўнічай дзейнасці, на ахову гісторыка-культурнай спадчыны ад самаволу чынавенства. Дарэчы, спадар Дзяніс узбуджае крымінальную справу супраць чыноўнікаў па факту перавышэння службовых паўнамоцтваў, што прывяло да неабгрунтаванага выдаткавання бюджэтных сродкаў на будаўніцтва вышэйзгаданага моста.  

У каментары да рашэння Алены Семак прадстаўнік заяўніка ў судзе, старшыня БДТАПГіК Антон Астаповіч зазначыў, што, на жаль, у чарговы раз пацвердзілася пазіцыя Мінкультуры не абараняць спадчыну, а задавальняць інтарэсы інвестараў і органаў улады па рэалізацыі пэўных праектаў. Ён звярнуў увагу на тое, што аўтамабільна-пешаходны мост праз роў Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці будуецца на 200 метраў паўночней места, дзе стаяў гістарычны мост да Міхайлаўскай брамы фартэцыі. Такім чынам, гэты праект мяняе гістарычную планіровачную структуру Брэсцкай крэпасці нават без прапрацоўвалі мажлівасці аднаўлення аўтэнтычнага праезду, падкрэсліў спадар Антон.

Ён назваў рашэнне Алены Семак “унікальным судовым прэцэдэнтам, што тычыцца ўсіх органаў дзяржаўнага кіравання, якія ў межах сваёй кампетэнцыі могуць прымаць любыя рашэнні, непадсправаэдачныя грамадзянам”.

У гэтай сітуацыі Антон Астаповіч мяркуе звярнуцца ў Канстытуцыйны суд, у Вярхоўны суд, Генеральную пракуратуру і Міністэрства юстыцыі для тлумачэння механізму судовага аспрэчвання неправамерных дзеянняў Мінкультуры.

.