Медыйныя барыкады: ці ёсць іншы шлях?

Хтосьці з рускіх Эстоніі аддае сябе рускай прапагандзе, хтосьці сочыць за эстонскімі СМІ, а хтосьці згубіўся, не толькі паміж берагамі рэчкі Нарвы, якая аддзяляе Эстонію ад Расіі, але і паміж інфармацыйнымі патокамі.



kmanda_ruskamoschnaga_kanalu.jpg

Каманда рускамоўнага каналу

Падчас візіту ў Нарву я запыталася ў аднаго мінака, хто, на яго думку, больш хлусіць: эстонскія СМІ ці расійскія. Ён адказаў:  «Калі ты назіральны чалавек, ты зразумееш усё па сітуацыі. Хто ведае, што робіцца ў Рыйгікогу ці ў Крамлі? Толькі тыя, хто там сядзіць».

У Літве спынілі рэтрансляцыю расійскіх каналаў. Такім чынам Літоўскі ўрад спрабуе абараніць насельніцтва ад расійскай прапаганды. Эстонія выбрала іншы шлях: для былых прыхільнікаў расійскага ТВ створаны адмысловы рускамоўны канал ETV+.

kapilkov.jpeg

Уладзь Капылкоў. Фота з фб

Уладзь Капылкоў, вядомы ў Эстоніі блогер і журналіст, не прыхільнік забаронных мер: «Я лічу, што расійскія тэлеканалы ў Эстоніі павінны вяшчаць, але павінна быць і нейкая аб’ектыўная інфармацыя, якая будзе ісці гэтай прапагандзе ў процівагу, — Уладзь падкрэслівае, што гаворка ідзе не аб контрпрапагандзе: адна прапаганда не лепей за іншую. — Галоўны рэдактар канала, а таксама людзі, якія збіраюцца ці проста хочуць там працаваць, гучна заяўляюць аб аб’ектыўнасці падачы інфармацыі, гэта не будзе «звычайнай прамыўкай мазгоў».

Што тычыцца выкарыстання Расіяй рускамоўнага насельніцтва Эстоніі ў сваіх мэтах, журналіст не сумняваецца, што ў Крамлі, адназначна, ляжыць тэчка па Эстоніі, і, калі ў Пуціна з’явіцца патрэба дзейнічаць далей, ён, зразумела, ужо будзе мець план па рэалізацыі  акупацыі. І хаця рускія Эстоніі ўсё ж жывуць у Еўропе, справакаваць сітуацыю вельмі проста. «Калі з’явяцца нейкія сепаратысцкія элементы, якія будуць прадстаўляць каштоўнасці сучаснай Расіі, і будуць падбухторваць рускамоўных, апелюючы рускай мовай, высокімі пенсіямі і адчуваннем таго, што яны будуць жыць у моцнай краіне з моцным лідарам, зразумела, што хтосьці на гэта паддасца», — лічыць Уладзь.

Актуальным для Эстоніі застаецца і пытанне, ці здольная моладзь, якая выйшла з рускамоўных сем’яў, асацыяваць сябе з Эстоніяй і з еўрапейскімі каштоўнасцямі ўвогуле. «Калі рускамоўная моладзь бачыць сябе ў парадыгме Наваросіі, вялікага мінулага, перамогі і георгіеўскіх стужак, руху наперад з аглядкай на каштоўнасці мінулага, і не бачыць, што пад гэтай шырмай хаваюцца такія злачынствы, як пазбаўленне свабоды па палітычных прычынах, забойствы іншадумцаў, уціск людзей, якія, на думку рускіх, не падобныя да іх (я маю на ўвазе сексуальныя меншасці, палітычныя меншасці, саму апазіцыю), то краіна наўпрост стане «новым ГУЛАГам»: адных людзей будуць жорстка рэпрэсаваць, а іншыя будуць ці заплюшчваць на гэта вочы, ці непасрэдна ў гэтых рэпрэсіях удзельнічаць», — адзначае Капылкоў. Ён лічыць вельмі важным, каб рускамоўная моладзь атрымлівала аб’ектыўную інфармацыю аб тым, што адбываецца ў самой Расіі. «Калі яны напраўду будуць гэта ведаць, то ніякія сепаратысцкія элементы не змогуць рэалізаваць свае планы ў Эстоніі», — упэўнены Капылкоў.

Эстонія — краіна, досыць вядомая праз сваю свабоду слова, — насамрэч не плануе ніякай контрпрапаганды. Міністр замежных спраў Эстоніі Кейт Пентус-Розіманус падкрэслівае, што новы ТБ-канал, які будзе запушчаны ўжо восенню, не з’яўляецца спробай контрпрапаганды. Гэты канал «проста будзе вяшчаць на рускай мове і прапаноўваць альтэрнатыву нашым мясцовым рускамоўным жыхарам, і дасць магчымасць рэалізавацца рускамоўным журналістам. Іншымі словамі, ён ствараецца для таго, каб абагаціць рускамоўны медыя-ландшафт».

kiejt_pientus_razimanus.jpg

Кейт Пентус-Розіманус

У Эстоніі без праблем і абмежаванняў транслюецца Першы Балтыйскі канал, выпускаецца шэраг рускамоўных газет. Апошнія даследаванні вызначылі, што рускамоўныя жыхары Эстоніі лічаць надзвычай важнымі рускамоўныя версіі такіх буйных эстонскіх газет, як "Postimees" і "Linnaleht", і рускамоўны партал DELFI. Міністр, аднак, адзначае, што «абвяржэнне непраўдзівых фактаў і прадстаўленне верагодных з’яўляецца вельмі важным крокам для таго, каб справіцца з апаратам прапаганды, запушчаным Крамлём, — над гэтым і працуюць эстонскія незалежныя сродкі масавай інфармацыі».

Яўген Цыбуленка, эстонскі навуковец украінскага паходжання, палітычны і грамадскі дзеяч, мае больш катэгарычныя погляды на тое, як трэба змагацца з расійскай прапагандай у Эстоніі.

cibulenko.jpg

Яўген Цыбуленка. Фота з фб

«Зразумела, ёсць розныя падыходы. Найбольш жорсткі метад — забарончы, элементы якога мы бачым у Літве і Латвіі. Яны не забаранілі ўсё, яны забаранілі толькі некаторыя адзінкавыя каналы. Эстонія лічыць гэтую практыку не зусім правільнай, бо краіна ганарыцца тым, што па ўсіх рэйтынгах свабоды слова яна ўваходзіць у першую дзясятку, а па свабодзе інтэрнэта, калі не памыляюся, Эстонія займае першае месца».

Эстонскае грамадства гэтым вельмі даражыць і лічыць, што любая форма забароны можа адмоўна паўплываць на створаныя ім дэмакратычныя каштоўнасці. Аднак навуковец не падзяляе гэты пункт погляду: «Я лічу літоўскі і латышскі падыходы найбольш правільнымі, бо тут гаворка ідзе не аб свабодзе слова, а аб адкрытай інфармацыйнай вайне, якую Расія вядзе супраць усіх сваіх суседзяў, у першую чаргу супраць Украіны і краін Балтыі, з той простай прычыны, што там пражываюць вялікія рускія дыяспары». Аднак эстонскае кіраўніцтва зыходзіць з таго, што лепш проста сварыць альтэрнатыву.

Важна адзначыць, што ETV+ — гэта не дзяржаўны канал, гэта грамадскае тэлебачанне, створанае па прынцыпе BBC. У Эстоніі наогул няма дзяржаўных каналаў. Канал ETV і раней трансляваў расійскія праграмы, але з перакладам на эстонскую ў выглядзе субтытраў. Аднак зараз гаворка ідзе аб паўнавартасным рускамоўным канале.

Яўген адзначае, што праблема недахопу рускамоўных медыя ў Эстоніі перабольшваецца. Існуюць прыватныя каналы. Што датычыцца радыё, станцыя «Радыё 4» транслюе перадачы на рускай, беларускай і ўкраінскай мовах, колькасць якіх залежыць ад прапорцый дыяспары, якая пражывае ў Эстоніі. «Гэта значыць, у рускамоўнага насельніцтва няма асаблівых праблем у атрыманні інфармацыі. Праўда, пакуль цяжка зразумець, наколькі новы канал будзе паспяховым: яго фінансаванне не можа параўнацца з фінансаваннем рускіх каналаў. Я спадзяюся, што людзі будуць яго глядзець, аднак адзначу, што скласці канкурэнцыю расійскаму тэлебачанню яму будзе складана».  Справа ў тым, што амаль усе кабельныя аператары Эстоніі прадстаўляюць поўны пакет рускіх каналаў, і супрацьпаставіць гэтую добра фінансаваную наменклатуру ТВ адным каналам вельмі складана.

«Важна разумець, што забарона — гэта не парушэнне дэмакратычных прынцыпаў. Паколькі амаль ва ўсіх базавых прававых дакументах, такіх, як Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах ці Еўрапейская канвенцыя аб правах чалавека, абсалютна выразна сказана, што прапаганда вайны, нацыянальнай і палітычнай нянавісці павінны забараняцца», — тлумачыць Цыбуленка. Ён падкрэслівае, што гэта не права дэмакратычнай дзяржавы, а яе абавязак. «У Англіі ідзе працэдура з «RUSSIA TODAY», якая пастаянна скажае праўду, дае неаб’ектыўную інфармацыю. Там таксама пачынаюць зараз з гэтым змагацца. Па вялікім рахунку, у рамках дэмакратычнага грамадства ёсць інструменты, якія цалкам дазваляюць змагацца з такімі злачынствамі, не выходзячы за межы патрабаванняў дэмакратыі», — лічыць Яўген.

Анастасія Драчова, менеджар па камунікацыях і маркетынгу таго самага каналу ETV+, заклапочаная тым, што «няма рускамоўных сродкаў масавай інфармацыі, якія б пасвячалі рускіх у культурнае жыццё Эстоніі». Наста кажа, што гэта значна ўплывае на сам кантынгент рускамоўнага насельніцтва: мабыць, яны і хацелі б даведацца штосьці цікавае пра арт-прастору Эстоніі, але проста не маюць такой магчымасці. Аднак мы знайшлі выданне, якое пазіцыянуе сябе як «рускамоўнае выданне пра культуру», часопіс «Плуг», і пагутарылі з адной з яго стваральнікаў Алесяй Ротар.

anastas_ja.jpeg

Анастасія Драчова. Фота з фб

Часопіс быў створаны каля пяці гадоў таму, калі Алеся, яе муж Дан і каманда энтузіястаў выпусцілі першы яго нумар. У 2009 годзе праз крызіс многія дызайнеры ды наогул прадстаўнікі гуманітарных прафесій засталіся без працы. Дан склікаў каманду і зрабіў першы нумар. Спачатку рэдакцыя зарабляла на выданне часопіса, праводзячы вечарыны: крыха да крыхі — збярэцца торба. А з 2010 года часопіс атрымаў падтрымку эстонскай дзяржавы ў выглядзе 20% фінансавання ўсіх расходаў на выданне і распаўсюд.

«Я лічу наша выданне адным з лепшых культурніцкіх рускамоўных выданняў у Эстоніі — але гэта няцяжка, бо канкурэнцыя ніякая: рускамоўная журналістыка ў Эстоніі, асабліва ў сферы культуры, вельмі слаба развіта», — расказвае Алеся.

zhurnal_plut.jpeg

Часопіс «Плуг»

«Плуг» плануе запусціць адмысловы праект па падтрымцы выдання на эстонскім аналагу kickstarter.com, і Алеся ўпэўнена, што гэты праект будзе падтрыманы ў асноўным эстонцамі, нягледзячы на тое, што спажыўцом канцавога прадукту будуць не яны.

Эстонскія ўлады на самай справе зацікаўлены ў тым, каб рускамоўнае насельніцтва атрымлівала як мага болей аб’ектыўнай інфармацыі, каб яно нарэшце навучылася аналізаваць падзеі, іх перадумовы і вынікі, каб перастала верыць прапагандзе. Ці атрымаецца гэта, пакажа час.