Моладзь: Беларусь не выканала ўмовы далучэння да Балонскага працэсу

Працоўная группа Маладых хрысціянскіх дэмакратаў, Маладых дэмакратаў і Студэнцкай рады прыняла супольную дэкларацыю, адкрытую для падпісання іншымі арганізацыямі, партыямі і ініцыятывамі, у сувязі з падачай беларускімі ўладамі заяўкі на далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу.



thumbnail_1416814343.jpg

Яны заклікаюць усе моладзевыя арганізацыі і беларускіх палітыкаў далучацца да прынятай рэзалюцыі, каб патрабаванні моладзі былі пачутыя і ўлічаныя. 6 снежня на тэму далучэння Беларусі да Балонскага працэсу пройдзе круглы стол.

Рэзалюцыя

Мы, моладзевыя арганізацыі, у адказ на заяўку, пададзеную на далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу, канстатуем, што ніякіх зменаў і патрабаванняў міжнароднага Балонскага камітэту не праведзена, у тым ліку, рэалізацыі студэнцкага самакіравання, акадэмічных свабод і рэформы сістэмы адукацыі.

Сёння ў Беларусі студэнцкае самакіраванне мае дэкаратыўны характар і не мае рэальных паўнамоцтваў; акадэмічныя свабоды адсутнічаюць, рэктары, па-ранейшаму прызначаюцца ўладамі для выканаўчай функцыі.

Ва ўніверсітэтах працуюць ідэалагічныя аддзелы, якія вядуць прапаганду ідэалагічных установак часоў СССР – БРСМ.

Якасць беларускай адукацыі ўвесь час зніжаецца, а кошты за навучанне павялічваюцца.

У гэтых умовах мы патрабуем ад беларускіх уладаў правесці рэальныя рэформы сістэмы адукацыі, каб Беларусь стала ўдзельнікам Балонскага працэсу, а менавіта забяспечыць:

1. Выбарнасць і падсправаздачнасць рэктараў акадэмічнай супольнасці і сацыяльным партнерам ВНУ (студэнтам, настаўнікам, зацікаўленым працадаўцам і інш). 
2. Адмова ад практыкі прымянення кароткатэрміновых кантрактаў з выкладчыкамі, якія робяць іх залежнымі ад свавольства адміністрацыі; гарантыі захавання працоўнага месца на ўвесь тэрмін абрання выкладчыкаў па конкурсе.
3. Забеспячэнне рэальнага прадстаўніцтва студэнтаў у органах кіравання: ВНУ; заканадаўчае замацаванне права ўсіх студэнтаў на стварэнне органаў самакіравання на ўзроўні ВНУ і нацыянальным узроўні.
4. Адмова ад практыкі прымусовага размеркавання маладых спецыялістаў і пераход да размеркавання толькі з добраахвотнай згоды студэнтаў і свабоднагга выбару месца працы, заканадаўчага замацавання дзяржаўных гарантыяў першага працоўнага месца і кваціравання працоўных месцаў для выпускнікоў ВНУ незалежна ад таго, навучаліся яны на бюджэтных ці платных месцах


5. Стварэнне незалежнага нацыянальнага фонду падтрымкі студэнцкай мабільнасці; магчымасць для не менш чым 20% студэнтаў беларускіх ВНУ ўключыцца ў праграмы акадэмічнага абмену з універсітэтамі Еўропы, ЗША, іншых краінаў.
6. Павялічэнне якасці навучання за кошт арыентацыі яго на патрабаванні працадаўцаў; забеспячэнне права студэнтаў на выбар індывідуальнай адукацыйнай траекторыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі будучага працоўнага месца да кампетэнцыі выпускніка ВНУ.
7. Забеспячэнне ўмоў для прызнання ў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі беларускіх дыпломаў; бясплатнае прадстаўленне ўсім выпускнікам беларускіх ВНУ дадатку еўрапейскага стандарту да дыплома.
8. Гарантаванае вылучэнне штогод не менш за 2% УВП на дзяржаўную падтрымку вышэйшай адукацыі.

Мы заклікаем міжнародны Балонскі камітэт не далучаць Беларусь да Балонскага працэсу пакуль не будуць выкананыя вышэйпералічаныя ўмовы.

Мы звяртаемся да ўсіх палітыкаў, грамадскіх дзеячоў Беларусі з заклікам звярнуць увагу на патрэбы беларускай моладзі, у прыватнасці, падтрымаць нашыя супольныя патрабаванні па рэформах сістэмы адукацыі. І заклікаем далучацца да патрабаванняў, накіраваных у органы дзяржаўнай улады і міжнародныя арганізацыі. Прэсавая служба БХД