Нацыянальны міф і дэмакратызацыя: славацкі досвед


Славацкае грамадства (найперш, зразумела, інтэлектуальная эліта) з вялікай увагай вывучае сваю гісторыю. Не толькі каб ведаць мінулае, але ж і каб не памыліцца ў сучаснасці.



5_1_martin_milan_simecka.jpg

Марцін Мілан Шымечка на падворку свайго дому

У гэтым я лішні раз пераканаўся, падчас сустрэчы ў Браціславе з Марцінам Міланам Шымечкам — вядомым славацкім пісьменнікам і публіцыстам. А яшчэ дысідэнтам і сынам дысідэнта Мілана Шымечкі, аднаго з бліжэйшых саратнікаў, а потым дарадцы прэзідэнта Вацлава Гавела. Ён распавёў пра сваё бачанне ролі нацыянальнай ідэі і нацыянальнага міфа як прышчэпкі супраць аўтарытарызму, як складніку дэмакратычных рэформ..


— Спадар Шымечка, славацкі вопыт дэмакратызацыі цікавы для нас, па-першае, таму што ён паспяховы. Але яшчэ і таму, што на сваім шляху да гэтага поспеху вы здолелі пераадолець дастаткова сур’ёзную пагрозу адкату краіны да аўтарытарнага рэжыму. Гэта быў перыяд так званага меч’ярызму — ад імя тагачаснага прэм’ер-міністра Уладзіміра Меч’яра. Яго нават называлі «Лукашэнкам на Дунаі».


— Пасля раздзялення Чэхаславакіі на дзве самастойныя суверэнныя дзяржавы, сапраўды, Славакія перажыла вельмі складаны перыяд. Шэсць гадоў у нас адбываўся бой за будучыню Славакіі. Прычым даволі моцна ўплывала Расія, паколькі выбар стаяў паміж Усходам і Захадам. І вынік гэтай барацьбы не быў прадвызначаны, не было ясна, у які бок пойдзе Славакія.


— Да якога моманту сітуацыя не была яснай, і на чым адбыўся пералом да празаходняга выбару?


— У 1998 годзе мы гэты бой выйгралі. Спрошчана кажучы, раздзел Чэхаславакіі быў перамогай нацыяналістаў. Адыграў сваю ролю і той фактар, што славакі былі вельмі расчараванымі пераменамі эканамічнай сітуацыі, пры гэтым яны страцілі ўсё звыклае, што давала ім упэўненасць у жыцці. Адзінае, што яны ведалі, што яны славакі. Гэта ўзаеманаклалася з постсацыялістычным папулізмам. Сітуацыя не была такой жа, як у Беларусі пры Лукашэнку, але тэндэнцыі былі вельмі падобныя. Былі спробы забараніць некаторыя палітычныя партыі. Быў вельмі моцны ціск на журналістаў, на СМІ.


Наступная фаза — Меч’яр зразумеў, што яго рэжым, такі, які ёсць, ніхто ні ў Еўропе, ні ў Амерыцы не прыме. Еўрасаюз абсалютна ясна даў зразумець, што з такім палітычным рэжымам Славакія ў ЕС не трапіць. Меч’яр паспрабаваў падмяніць ідэю ўступлення Славакіі ў Еўрасаюз ідэяй Славакіі як мосту паміж Захадам і Усходам. Але менавіта гэта ідэя моцна насцярожыла славакаў, яны пачалі вельмі баяцца за сваю будучыню. Палітыкі Захаду праз СМІ сталі крытыкаваць рэжым Меч’яра. Той спрабаваў (падобна, як і Лукашэнка) пераканаць людзей, што гэта крытыка нічога не вартая. Але славакі на лязе самой сутычкі зразумелі галоўнае — гульня ідзе сур’ёзная, у якой вырашаецца іх лёс на наступныя дзесяцігоддзі.


— Гэта настроі людзей, а што апазіцыя?


— Гэта другі прынцыпова важны момант — славацкая апазіцыя, якая сфармавалася, вырасла з антыкамуністычнай барацьбы, здолела аб’яднацца. Не адразу, але менавіта ў гэты адказны час з 1994 па 1996 год. Сышліся тры фактары. Першы — гэта СМІ, якія ціснулі на апазіцыю, каб яна аб’ядналася. Другі — паход у народ сотняў грамадскіх актывістаў, якія ездзілі па Славакіі, сустракаліся з людзьмі, тлумачылі ім сітуацыю ў краіне. Трэці — палітыкі, палітычныя партыі.


— Інакш кажучы, Меч’яру не ўдалося схіліць сімпатыі насельніцтва ад канцэпцыі «Славакія — сябра Еўрасаюза» да ідэі «Славакія — мост паміж Захадам і Усходам», гэтак сама, як і абмежаваць свабоду слова, паставіць пад кантроль СМІ і нейтралізаваць арганізаваную палітычную апазіцыю. Чаму? Якімі былі суадносіны палітычных сіл? Як разгортвалася барацьба?


— Перад 1998 годам Меч’яру ўдалося правесці праз парламент закон, згодна з якім партыям было забаронена ствараць перадвыбарныя кааліцыі. Акрамя таго, для партый быў падвышаны прахадны бар’ер у парламент да 10 працэнтаў, па сутнасці непераадольны для іх, на той час малалікіх і раздробленых. Але партыям удалося знайсці адзіна правільны адказ: пяць найбольш уплывовых партый здолелі дамовіцца і аб’яднацца з фармальнага гледзішча ў адну партыю пад назвай «Славацкая дэмакратычная кааліцыя». Спікерам партыі выбралі Мікулаша Дзурынду, які потым стаў і прэм’ерам. Гэта быў складаны і цяжкі для рознакаляровых партый і для іх лідараў з іх амбіцыямі працэс. Але верх узяла адказнасць. І хаця Меч’яр усё ж выйграў парламенцкія выбары, але аб’яднаная апазіцыя — другая па колькасці месцаў — па сутнасці спыніла яго марш да аўтарытарнага рэжыму. Галоўны лозунг апазіцыі, з якім яна ішла на выбары, быў: «Мы прывядзем Славакію ў Еўропу!»


— Няўжо гэтага лозунгу хапіла? Няўжо ідэя ўваходжання ў Еўрасаюз пераважвала ў масавай свядомасці, адпавядала настроям большасці насельніцтва?


— Я даволі скептычна стаўлюся да ідэі, што выбары можна выйграць выключна пад лозунгамі дэмакратыі. У дадзеным выпадку быў прадэманстраваны ясны геапалітычны выбар, які гарантаваў краіне эканамічны рост, а значыць, і дабрабыт. Гэта стала стымулам.


— А контртэза пра перавагу арыентацыі на Усход, на Расію, у адказ не прагучала?


— Ельцын адкрыта падтрымаў Меч’яра і сказаў, што ён бы хацеў, каб выбралі менавіта яго. Аднак Меч’яр ніколі адкрыта не казаў, што ён хацеў бы прывесці Славакію пад патранат Расіі. Але па характару і сутнасці дэбатаў, якія тады адбываліся, для ўсіх было зразумела, што гаворка ідзе пра выбар паміж Захадам і Расіяй.


— Наколькі на той час моцнымі былі ў грамадстве прарасійскія настроі ў параўнанні з сённяшнімі?


— Славакія на той час была вельмі энергазалежная ад Расіі. Нават вугаль вазілі з Расіі. Тут дзейнічаў і адзін банк, фармальна чыста славацкі, які, аднак, на справе з’яўляўся адначасова і своеасаблівым цэнтрам расійскага ўплыву. Гэта даследавалі журналісты. У 1990-я гады расійская стратэгія базіравалася на тым, што старую сістэму еўрапейскай бяспекі трэба замяніць на новую, апорай якой замест NАТО павінна стаць АБСЕ. У гэтай арганізацыі Расія мела значны ўплыў, і праз яе разлічвала пашырыць свой уплыў на Еўропу. Захад не падтрымаў расійскую канцэпцыю. Можна ўявіць, якім моцным быў уплыў Расіі, калі Славакія падпісала з Расіяй дамову, што была крокам да прыняцця новай канфігурацыі. На сённяшні дзень адносіны да Расіі спакойныя, дзелавыя і добразычлівыя. Але і не болей. На шчасце, Славакія геаграфічна далёкая ад Расіі і знаходзіцца па-за рамкамі імперскіх памкненняў пэўных расійскіх палітыкаў.

5_2_martin_milan_simecka_i_aliaksei_karol.jpg

Марцін Мілан Шымечка і Аляксей Кароль пасля інтэрв’ю


Меч’яр спрабаваў забараніць вяшчанне радыё «Свабодная Еўропа» на Славакію. Вельмі крытычны момант, бо тады яшчэ не было незалежнага тэлебачання, а дзяржаўнае ён ужо кантраляваў. Не атрымалася. Супраціў дэмакратычных сіл гэтым намерам, пратэст грамадскасці былі вельмі моцнымі. Важным для станаўлення дэмакратычных інстытуцый была падтрымка Захадам грамадзянскіх актывістаў.


— На якія слаі насельніцтва абапіраўся Меч’яр?


— Дэмакратычная, скажам так, рэвалюцыя ў Славакіі мела не толькі тых, хто ад яе выйграў, але і тых, хто прайграў. Дырэктараты так званых «горадаўтваральных» фабрык і заводаў, адбудаваных у камуністычныя часы, з’яўляліся аднымі з самых перакананых прыхільнікаў Меч’яра. Яны найперш, але і працаўнікі гэтых прадпрыемстваў, баяліся перамен. Цікавым падаецца і пэўнае геаграфічнае супадзенне: рэгіёны, якія пераважна галасавалі за Меч’яра, якраз уваходзілі ў Славакію на чале з Ёзэфам Ціса — кіраўніком марыянеткавай дзяржавы, утворанай па ініцыятыве Гітлера пасля Мюнхенскай змовы ў 1938 годзе. Своеасаблівае рэха таталітарнай традыцыі і псіхалагічнай тугі па моцнай руцэ. Гэта даволі бедныя рэгіёны сярэдняй Славакіі.


— Наколькі я вас зразумеў, нацыянальная ідэя ў спалучэнні з ідэяй уваходжання ў Еўропу былі менавіта тымі ідэямі, якія і забяспечылі перамогу дэмакратычным пераўтварэнням у Славакіі?


— Я ўважліва назіраю за развіццём краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, адзначаю шмат падабенства, і прыходжу да высновы, што самым важным фактарам перамог з’яўляецца нацыянальны міф. Нацыянальны міф славакаў грунтуецца на ідэі, што нам як народу трэба выжыць. Але мы не можам выжыць самастойна як незалежная дзяржава, бо мы невялікі народ, невялікая краіна. Нам трэба быць у саюзе з нейкай моцнай дзяржавай. У дадзеным выпадку славакі абралі Еўрасаюз як моцнае міждзяржаўнае ўтварэнне, да якога можна прытуліцца і выжыць. І якое да таго ж не пагражае ім стратай суверэнітэту, дае магчымасць свабоднага развіцця. Не абірае, а дапамагае. Адзначыў бы і яшчэ адзін рашаючы фактар у цывілізацыйным самавызначэнні славакаў — каталіцызм, праз які яны былі часткай Захаду. Гэта адчуванне даволі моцнае ў менталітэце народа, насуперак усім гістарычным перыпетыям. Хаця можна сабе ўявіць, што калі б не было моцнага Еўрасаюза, славакі маглі б далучыцца і да Расіі. Такія ідэі ў гісторыі Славакіі выказваліся.


— Як трансфармаваўся нацыянальны міф?


— Славакія сёння з’яўляецца адным з самых лаяльных сябраў Еўрасаюза. Афіцыйная пазіцыя, якая публічна агучваецца, што нават калі ў нас не атрымаецца быць на адным узроўні, напрыклад, з Заходняй Еўропай, мы ўсё роўна мусім быць разам. І гэта сутнасць нацыянальнага міфа, укаранёнага ў гісторыю. Вельмі важная, асабліва ў параўнанні з еўраскептычнымі пазіцыямі некаторых краін, напрыклад, Венгрыі, у якой іншы гістарычны, ад імперыі, нацыянальны міф.


— А калі гісторыя на працягу стагоддзяў скажалася, руйнавалася, гістарычная памяць вынішчалася, як быць?


— Калі міфа няма, яго трэба стварыць. Я быў у асяродку чэхаславацкіх дысідэнтаў. Яны часта збіраліся ўвечары, разважалі і дыскутавалі, што ім трэба рабіць, як рабіць. Што мы ўвогуле за краіна, куды, у якім накірунку нам ісці. І часта заходзілі ў тупік. У тым і палягае бяда: ва ўмовах таталітарызму, камунізму, вельмі цяжка разглядзець, зразумець ментальнасць свайго народа. Праблема, якая наноў узнікла ў нас падчас меч’ярызму. І якая існуе, напэўна, сёння ў вас — у Беларусі пад Лукашэнкам. Адна з ілюзій славацкіх дэмакратычных рэфарматараў была вера ва ўсёмагутнасць ідэй і каштоўнасцей дэмакратыі для перамогі над таталітарызмам. І не распазналі, не ўлічылі менталітэт народа. І заплацілі за гэта гадамі меч’ярызму. Вынікам гэтай памылкі сталася тое, што ў той час, як яны гаварылі толькі пра дэмакратыю, Меч’яр як бы спраецыраваў на сябе ўвасабленне гэтага самага міфа. Увасабленне сапраўднага славака. Трэба даць зразумець людзям, што вы разумееце і іх душу, і чаго яны хочуць.


Праблема нашых народаў — беларускага і славацкага — якраз у тым, што гэты вобраз нацыянальнага міфа невідавочны. У вас, як вы сказалі, глыбока схаваны пад заваламі хлусні і бяспамяцтва. Яго трэба дастаць, аднавіць, ажывіць. Стварыць.