«Народны рэферэндум»: Праграма для адзінага

Кампанія «Народны рэферэндум» акрэсліла шэсць пытанняў, якія будуць вынесеныя на народнае абмеркаванне. Праца над ім ішла паўгода. Але першага выніку ў выглядзе пытанняў гэтая праца ўсё ж дасягнула.



13120603.jpg

Такім чынам, пасля народнага і экспертнага абмеркавання на рэферэндум будуць вынесеныя шэсць пытанняў.

 

  1. Ці згодныя вы, што ў дзяржаўных установах адукацыі і аховы здароўя ўсе паслугі для грамадзянаў Беларусі павінны аказвацца бясплатна?

 

  1. Ці згодныя вы з тым, што кіраўнікі выканкамаў гарадоў, раёнаў, абласцей павінны абірацца прамым галасаваннем грамадзян?

 

  1. Ці падтрымліваеце вы курс на эканамічную інтэграцыю, асацыяцыю і стварэнне бязвізавай прасторы з Еўрапейскім саюзам?

 

  1. Ці згодныя вы, што дзеля забеспячэння нейтральнага статусу Беларусі ў краіне павінна быць забаронена размяшчэнне замежных вайсковых аб’ектаў, ядзернай зброі, і беларускія вайскоўцы не павінны несці службу за мяжой?

 

  1. Ці згодныя вы, што адна і тая ж асоба не можа займаць пасаду прэзідэнта больш за два тэрміны?

 

  1. Ці згодныя вы, што грошы, атрыманыя ад запланаванай урадам прыватызацыі, у першую чаргу павінны пайсці на кампенсацыю ўкладаў, згубленых падчас дэвальвацыі 2011 года, і стварэнне працоўных месцаў?

nr_banier.jpg

 

Як адзначыў на прэс канферэнцыі лідар кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў, кампанія «Народны рэферэндум» — гэта не палітычная кааліцыя. Гэта, на ягоную думку, проста лепшы інструмент працы з людзьмі. Нарэшце, апазіцыя, паездзіўшы па рэгіёнах, сустракаючыся з людзьмі, спрачаючыся ў інтэрнэце, і абмяркоўваючы пытанні з экспертамі, даведалася, чым жыве і што непакоіць народ. Толькі падчас вызначэння пытанняў кампанія «Народны рэферэндум» набрала больш за 20 000 анкет людзей. Што ж тычыцца інтэрнэту, то абмеркаванне пытанняў рэферэндуму прагледзела больш за 100 000 чалавек. Усіх гэтых людзей, а таксама багата іншых ініцыятары «Народнага рэферэндуму» аўтаматычна залічваюць да сябе ў хаўруснікі.

 

Як сказаў той жа Някляеў, «на мінулых выбарах Аляксандр Лукашэнка не набраў столькі галасоў, колькі ён сабе прыпісаў, пра гэта кажуць усе апытанні. І зараз адток ягоных прыхільнікаў будзе толькі працягвацца. Нам трэба з гэтых людзей сфармаваць большасць, якая будзе ўплываць на развіццё дзяржавы».

 

Калі ўжо закранулі палітыку, то, да здзіўлення лідара «Руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча, народ апынуўся не такі апалітычны, як ён уяўляецца. «Калі мы пачыналі гэты праект з таго, што паспрабавалі высветліць, якія пытанні хвалююць людзей, я думаў, што палітычныя пытанні апынуцца ў другім шэрагу. Народ занепакоены тым, як выжыць. Але насамрэч адбылося ледзьве не супрацьлеглае. Пра пытанне аб абранні кіраўнікоў мясцовых адміністрацый казалі людзі з народу. Яны ўжо разумеюць, што без вырашэння палітычных пытанняў немагчымае вырашэнне эканамічных», — адзначыў ён.

 

Зараз ініцыятары «Народнага рэферэндуму» пачынаюць другі этап кампаніі, а менавіта — збор подпісаў за правядзенне таго самага рэферэндуму. Канешне, па законе для ініцыяцыі рэферэндуму трэба правесці сход, зарэгістраваць ініцыятыўную групу і выканаць надалейшыя бюракратычныя працэдуры. Зразумела, падчас праверкі подпісаў ініцыятыўных груп лёгка было б яе не зарэгістраваць па фармальных прычынах. Але рэгістраваць ініцыятыўную групу па правядзенні рэферэндуму ніхто і не збіраецца. Арганізатары кампаніі вырашылі гэтую праблему іншым чынам.

 

Падпісныя лісты за рэферэндум складзеныя такім чынам, што з’яўляюцца зваротам да прэзідэнта і дэпутатам Нацыянальнага сходу ў цэлым — як верхняй палаты, так і ніжняй. У звароце «ніжэйпадпісаныя» грамадзяне Рэспублікі Беларусь патрабуюць правесці агульнанацыянальны рэферэндум па вышэйвыкладзеных пытаннях. То бок, «Народны рэферэндум» дзейнічае не па выбарчым кодэксе, а згодна з заканадаўствам пра звароты грамадзянаў. А пад калектыўнымі зваротамі подпісы можа збіраць любы чалавек. Незалежна ад таго, ёсць ён сябрам нейкай ініцыятыўнай групы, ці дасягнуў ён 18-гадовага ўзросту.

 

Праца па зборы подпісаў пачынаецца з таго моманту, калі былі агучаныя пытанні рэферэндуму. Распачалі яе лідэры арганізацый, якія ініцыявалі рэферэндум: першымі ў падпісных лістах паставілі подпісы Уладзімір Някляеў і ягоны намеснік Андрэй Дзмітрыеў, Аляксандр Мілінкевіч і ягоны намеснік Юрась Губарэвіч, лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і намеснік старшыні беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Валер Фралоў. Пік кампаніі прыпадзе на мясцовыя выбары, — падчас іх плануецца сабраць мінімум 50 000 подпісаў. Усяго ж у планах арганізатараў набраць неабходныя для наўпроставага ініцыявання рэферэндуму 450 000 подпісаў.

 

Арганізатары кампаніі спадзяюцца, што гэтыя 450 000 подпісаў будуць сабраныя за адзін год — да прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. Такім чынам, рэферэндум і прэзідэнцкія выбары можна сумясціць. Але гэта не галоўнае, бо ніхто не цешыць сябе ілюзіямі, што ўлада прыслухаецца да народа і пойдзе на правядзенне рэферэндуму па гэтых пытаннях.

 

Галоўнае тое, што над гэтымі пытаннямі зараз будуць працаваць недзяржаўныя эксперты. Яны павінны па гэтых пытаннях распрацаваць своеасаблівую «дарожную карту», — якім чынам можна вырашыць выкладзеныя ў пытаннях праблемы без асаблівай страты для дзяржавы і насельніцтва. Плануецца, што над такой картай будуць працаваць розныя экспертныя групы: і тыя, якія зараз у праграме «Еўрапейскі дыялог для мадэрнізацыі Беларусі», і распрацоўшчыкі праграмы альтэрнатыўнага развіцця «Народная праграма», і шмат іншых. Не застануцца па-за ўвагай і тыя пытанні, якія «Народны рэферэндум» назбіраў, але якія у фінальны варыянт не ўвайшлі.

 

І вось ужо гэтая праца, на думку ініцыятараў рэферэндуму, стане альбо падмуркам, альбо часткай праграмы адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года.

 

Як паведаміў Уладзімір Някляеў, гэта зараз у Беларусі адзіны прыклад таго, калі апазіцыя пачала рыхтавацца да прэзідэнцкіх выбараў не ў момант іх абвяшчэння, а за два гады да іх. «Гэта наўпроставая падтрымка таго чалавека, які пойдзе ад апазіцыі кандыдатам у прэзідэнты», — сказаў Някляеў.

 

«Раней мы дзейнічалі па прынцыпу: мы абярэм прыгожага, які аб’яднае апазіцыйныя сілы і ўсіх, хто супраць. Тое, што мы прапануем зараз, гэта, канешне, не праграма кандыдата ад апазіцыі, якую ўсё роўна ніхто чытаць не будзе, а стратэгічныя накірункі дзейнасці. Каб людзям было вядома загадзя, што будзе рабіць гэты чалавек, і як ён будзе рабіць, калі стане прэзідэнтам. Мы збіраем не толькі тых, хто супраць дзейснай улады, але і тых, хто за вырашэнне праблемаў, выстаўленых у пытаннях рэферэндуму», — падтрымаў Някляева Аляксандр Мілінкевіч.

 

Тое, што ініцыятары кампаніі «Народны рэферэндум» за год збяруць 450 000 подпісаў, ніхто не сумняваецца. Бо збіралі ж у значна больш абмежаваны прамежак часу па 100 000 подпісаў за вылучэнне сваіх кандыдатаў у прэзідэнты. А вось што рабіць з гэтымі подпісамі, калі ўлада іх праігнаруе?

 

Падаецца, на гэты конт ініцыятары рэферэндуму не замарочваюцца. Як яны паведамілі на прэс-канферэнцыі, рэферэндум будзе праведзены нават тады, калі ўлада зменіцца. Так што волевыяўленне грамадзянаў не прападзе.