Ігара Мельнікава разам з гуртом Dzieciuki затрымаў АМАП пад Заслаўем (абноўлена)

Журналіст «Новага Часу» удзельнічаў у здымках кліпа на песню «Хлопцы-балахоўцы». 



Сёння ўвечары падчас здымкаў свайго новага кліпа затрыманыя ўдзельнікі гурта Dzieciuki амаль у поўным складзе і здымачная брыгада, а таксама журналіст Ігар Мельнікаў. Міліцыянтаў збянтэжыў знешні выгляд музыкантаў — ваенныя строі часоў грамадзянскай вайны, тачанка і і бел-чырвона-белыя сцягі ў якасці рэквізіту.  Затрымалі на той падставе, што аніякіх дазваляльных папераў музыкі не мелі. Яны палічылі здымкі несанкцыянаваным мерапрыемствам. У гэты момант вакаліст гурта Аляксандр Дзянісаў, Ігар Мельнікаў і яшчэ блізу дзесятка чалавек знаходзяцца ў пастарунку ў Заслаўі. 

Як распавёў сябра музыкаў Глеб Рубанаў, кліп здымаўся з абеда, на ўскрайку Заслаўя. Паколькі песня вымагала адпаведнага антуража, музыкі былі апранутыя ў строі часоў грамадзянскай вайны, у камуністаў, белагвардзейцаў, некаторыя на конях. Акрамя музыкаў там былі гаспадары коней, а таксама рэканструктуры, гісторыкі, аўтар песень каманды Дзяніс Жыгавец.

Пазней стала вядома, што аператара кудысці забралі і трымаюць асобна ад астатніх. Сам Ігар Мельнікаў пакуль размаўляць не можа, з ім міліцыянты праводзяць размову.

Па стане на 21:30 амаль усіх затрыманых, акрамя аператара Антося Цяляжнікава і ўладальнікаў машын, выпусцілі. У тым ліку Ігара Мельнікава. Ігар распавёў рэдакцыі, што ў яго адабралі муляжы агнястрэльнай зброі і польскую шаблю, якія ён прадаставіў для здымак кліпа. «Для экспертызы», — патлумачылі ў міліцыі. Таксама была рэквізаваная бел-чырвона-белая сімволіка.