Палкоўнік міліцыі выгнаў з Бабруйскага гарвыканкама рабочых, якія абвясцілі галадоўку

Галадоўка рабочых Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў пачалася 5 лістапада. Такім чынам яны выказваюць пратэст супраць звальненьня, якое звязваюць з прыналежнасцю да Свабоднага прафсаюза Беларускага.



babruisk.jpg

У першы дзень галадоўкі Мікалай Жыбуль, Алег Шаўчэнка, Аляксандр Варанкін і Аляксандр Грамыка прыйшлі ў Бабруйскі гарвыканкам. 
—  Рабочыя размясціліся ў фае на пятым паверсе, — распавёў «Салідарнасці» лідэр пяршоўкі работнікаў Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў Міхаіл Кавалькоў. —  Неўзабаве да працоўных падышоў палкоўнік міліцыі Сяргей Рычкоў. Ён перапісаў іх пашпартныя дадзеныя і заявіў, што адвязе ўсіх на біржу працы і працаўладкуе. 
Па словах Міхаіла Кавалькова, супрацоўнік праваахоўных органаў паводзіў сябе агрэсіўна, хапаў працоўных за вопратку і выштурхваў на вуліцу. 
Рабочыя вымушаныя былі пакінуць будынак гарвыканкама. 
—  Не будзем жа мы яго за форменную вопратку хапаць, каб нас абвінавацілі ў супраціве супрацоўніку міліцыі, — патлумачыў Міхаіл Кавалькоў. 
Суразмоўца не сумняваецца, што палкоўніка міліцыі выклікалі работнікі гарвыканкама. 
—  Цяпер мы сядзім у машыне каля выканкаму, плануем зноў прайсці ў будынак. 
Чацвёра сябраў Свабоднага прафсаюза Беларускага (Мікалай Жыбуль, Алег Шаўчэнка, Аляксандр Варанкін і Аляксандр Грамыка) прынялі рашэнне абвясціць галадоўку пасля таго, як атрымалі адказ на свой ​​зварот у Адміністрацыю прэзідэнта. 
У лісце яны ўказалі, што дырэктар прадпрыемства Аляксандр Аграновіч звальняе высокакваліфікаваных работнікаў, пераследуючы іх з-за прыналежнасці да СПБ, і тым самым падрывае эканамічны стан дзяржавы. 
Іх зварот быў накіраваны ў вытворчае аб'яднанне МАЗ. Адказ рабочыя палічылі адпіскай, паколькі бабруйскі завод не філіял МАЗа, а юрыдычна самастойнае прадпрыемства, і вырашылі галадаць, пакуль іх не пачуе Аляксандр Лукашэнка. 
—  Гэта крык адчаю, —  кажуць рабочыя.
gazetaby.com