Першыя заняткі «Мова Нанова Дзеткам» сабралі прыблізна 60 дзяцей

Іх прыводзілі бацькі, сёстры, якія часам і самыя не размаўляюць па-беларуску, але адчуваюць у гэтым патрэбу. Як для дзяцей, гэтак і для сябе.



images48.jpg


Вядома, працаваць з такою колькасцю малых няўседлівых наведнікаў няпроста, а таму арганізатары загадзя парупіліся зрабіць дзве групы. Сёння ў кожнай было па 30 дзяцей, столькі ж – бацькоў, якія бралі ўдзел і дапамагалі сваім дзеткам даваць рады з практыкаваннямі.

Дзеці – заўсёды сюрпрыз

Вядзе курсы Алена Церашкова – маці чацвярых беларускамоўных дзяцей: малодшаму Якубу цяпер 2 гады, Кандрату – 6, Ганне-Казімеры – 8, Мсціславу – 9.


 

«Далучаць дзяцей да беларускасці становіцца прасцей. У сям’і стварыўся сапраўдны беларускі асяродак. Малодшыя дзеці чуюць старэйшых, чуюць нашыя з імі размовы. Але што датычыцца выхавання, то кожнае дзіця іншае. І цяпер я гэта разумею лепей, чым калі-небудзь. Таму свае цяжкасці застаюцца. Але кайфу з кожным разам больш», – усміхаецца спадарыня Алена.


 

З такою колькасцю дзяцей, як сёння на курсах, кабеце даводзіцца працаваць упершыню. Ейны рэкорд – адзін клас.

«Сёння тут дзеці трошкі спалоханыя, бо гэта першы раз, – адзначае вядоўца заняткаў. – Але дзеці – гэта заўсёды дзеці. Заўсёды сюрпрыз!».

«Больш за ўсё ёй падабаецца «Калыханка»


«Мы прыйшлі сюды, бо нам бракуе мовы ў жыцці, – прызнаецца Крысціна Красікава, маці Маргарыты. – Я бачу, што дачцэ падабаецца мова, ёй цікава. «Калыханку» з задавальненнем глядзіць. І з усіх песень гэтая ёй найбольш даспадобы. Больш за тое, нашыя бабулі і дзядулі былі звязаныя з беларускасцю ў жыцці. Хацелася б да гэтага вярнуцца».

Побач Дар’я Лізункова распранае дачку Маю Алексяюк. Старэйшы сын Дар’і некалі хадзіў у беларускамоўную групу ў садку. Аднак вывучыў там усяго два выразы: «добры дзень!» і «да пабачэння!». Таму сёння маці з дачкою тут.


 

belsat.eu__media_uploads_i_549c6d19baf7b3c3a9b706edff58e669.html

«Мы вельмі хочам далучыць нашых дзяцей да беларускае мовы, – тлумачыць Дар’я. – Каб былі ў беларускім асяроддзі. У мяне муж свабодна размаўляе на беларускай мове. Мне б таксама вельмі хацелася».

Тут сама і сям’я пачынальніка курсаў «Мова Нанова» ў Менску – Глеба Лабадзенкі: ягонаму сыну Стэфану хоць і дастаткова беларускасці ў жыцці, але такой сустрэчы ён не прапускае.


 

belsat.eu__media_uploads_i_c50a8dae87e03fc38d2ec194d69fdb5e.html

«Найперш гэта нагода, чарговая беларускамоўная сустрэча для дзіцёнка, – зазначае Таццяна, маці Стэфана. – У нас беларускамоўная развівальная група, ёсць беларускамоўныя сябры ў двары, беларускамоўныя бацькі. Так што, мяркую, сёння яму беларускасці хапае».

Гадуюць беларускаарыентаванае пакаленне

belsat.eu__media_uploads_i_2e0d64811e3198e836d31f775d794250.html

Пачынальнікі курсаў «Мова Нанова» Глеб Лабадзенка ды Алеся Літвіноўская падтрымліваюць вядоўцу Алену Церашкову і дапамагаюць: трэба і заданні ўсім раздаць, і прасачыць, каб месцаў было дастаткова, каб апаратура не падвяла.

«Калі ўзяць самую далёкую і глабальную мэту, – тлумачыць Алеся, – то мы будзем гадаваць беларускаарыентаванае, беларускамоўнае пакаленне. Гэта вельмі важна, таму што на змену нашай генерацыі прыйдзе новая. І яна ўжо павінна быць беларускаю».

А з блізкіх мэтаў Алеся называе «ўцягванне людзей у арбіту беларускасці». Найперш бацькоў. Арганізатары курсаў мяркуюць, што бальшыня бацькоў, якія прыйдуць, дома не размаўляюць па-беларуску. І праз сваіх дзяцей, якіх хочуць зрабіць свядомымі беларускамоўнымі беларусамі, яны таксама вымушаныя будуць пачаць гаварыць.
 

А пакуль гаварылі дзеткі. Разам паўтаралі колеры вясёлкі, малявалі. Пасля агучвалі ў мікрафон, што ў іх атрымалася. Развучвалі беларускамоўны вершык. Напрыканцы глядзелі беларускамоўны мультфільм.


Настасся Маланка, belsat.eu