Пра Оршу з Польшчы

13 верасня ў мінскай кнігарне “Галіяфы” адбылася прэзентацыя вераснёўскага нумара часопіса “Mówią wieki” на беларускай мове,прысвечанага гісторыі славутай Аршанскай бітвы. Часопіс убачыў свет у польскім выдавецтве “Беллона”.



casopis_orsha_logo.jpg

Па прызнанню выпускаючага рэдактара часопіса Томаша Багуна, гэта не першы “замежны” нумар у гісторыі “Mówią wieki”. Да гэтага ўжо выдаваліся часопісы на украінскай і літоўскай мовах. Апошні, дарэчы быў прысвечаны 150-годдзю Паўстання 1863–1864 гадоў.

Падчас прэзентацыі спадар Багун адзначыў, што менавіта ён адказваў за падбор аўтараў “беларускага” нумару. На жаль сярод прадстаўленых ў выданні матэрыялаў усяго адзін належыць прадстаўніце беларускай гістарычнай школы, а менавіта Альбіне Семанчук. Артыкул даследчыцы прысвечаны аналізу ўсходнеславянскіх наратыўных крыніц аб Аршанскай бітве. Разам з тым у польскім выданні прысутнічае некалькі аўтараў з Расіі, пры чым адзін з іх — Аляксей Лобін у сваіх працах, звычайна імкнецца прынізіць геапалітычнае і вайсковае значэнне Аршанскай бітвы, кіруючыся пастулатамі, закладзенымі ў гістарыяграфіі часоў Расійскай імперыі. Сярод польскіх аўтараў, артыкулы якіх апублікаваныя ў “беларускім” нумары часопісу, варта вылучыць вайсковага гісторыка, супрацоўніка Варшаўскага музея Войска Польскага Міхала Мацкевіча. Яго артыкул прысвечаны аналізу зброі, якая ўжывалася падчас Аршанскай бітвы.

Падчас прэзентацыі адбылася цікавая дыскусія паміж беларускім мастаком Міколам Купавам і Томашам Багунам наконт гісторыі стварэння славутай карціны невядомага аўтара, на якой адлюстраваныя розныя этапы бітвы войскаў пад началам князя Канстанціна Астрожскага супраць маскоўскіх захопнікаў. Як вядома ў свой час палатно “рэзалі”, што прывяло да страты некаторых элементаў. За сваю гісторыю холст не аднойчы вандраваў па розных краінах, каб нарэшце аказацца ў Нацыянальным музее ў Варшаве.

Беларускі гісторык Андрэй Янушкевіч пазначыў, што дадзены часопіс па-свойму унікальны, таму, што гэта першы глянцавы гістарычны часопіс на беларускай мове. У Польшчы ёсць шэраг такога рода выданняў, накіраваных непасрэдна на грамадства, а не на адмыслоўцаў. У Беларусі ж, на жаль, такіх выданняў пакуль не існуе.

Варта адзначыць, што часопіс выдадзены накладам 2000 экзэмпляраў, з якіх 1000 прывезлі у Беларусь, а астатнія нумары будуць даступныя ў кнігарнях Беласточчыны і ва Усходняй Польшчы. Пасля Мінску беларускі нумар “Mówią wieki” прадставяць у Віцебску (15 верасня) і ў Гродна (16 верасня). На Беласточчыне часопіс будзе даступны ў кіёсках “Ruch”. Праект выдання атрымаў фінансаванне МЗС Польшчы у межах праграмы польска-беларускіх сумесных дзеянняў.