(Не)прафесіяналы на рынгу

Праўладныя і незалежныя журналісты зноў высветлілі стасункі на публіцы.



653876541.jpg

На кубку РБ па боксе сярод ветэранаў. Віцебск, 2011 г. www.vitbichi.by


Добрая навіна для аматараў спорту. Адбыўся другі паўфінал вялапаўзучага чэмпіянату беларускіх СМІ па прэсболе — дысцыпліне, што ўжо з 20 год падзяляе журналістаў і іх чытачоў на два варагуючыя клубы: афіцыйныя медыя VS незалежная журналістыка.

 

У панядзелак 10 снежня журналіст «Еўрарадыё» Зміцер Лукашук заняўся абзвонам сябраў журы «Еўрафэсту», што адбыўся напярэдадні дзеля апытання, за каго прагаласаваў кожны з іх, выбіраючы найлепшага поп-спевака конкурсу. Сярод рэспандэнтаў Лукашука апынулася загадчыца аддзела культуры газеты «Беларусь Сегодня» Вікторыя Папова. У развязнай манеры і голасам, што мог быць сведчаннем не зусім адэкватнага стану, журналістка замест адказу на пытанне пачала «троліць» калегу. Апошнія хвіліны размовы, якія Лукашук апублікаваў на сваёй старонцы ў фэйсбуку, змяшчаюць спачатку кпіны са спосабу працы карэспандэнта ЭРБ: «У панядзелак? Мне здаецца, вы не па-журналісцку працуеце. У пятніцу трэба было тэлефанаваць (…) Я проста балдзею ад вашай непрафесійнасці (…) Гэта ж вясковы стыль». А потым — як плаўны пераход ад закіду пра вёску — здзек з беларускай мовы, на якой той звяртаецца да суразмоўцы: «Пытаннечка? Хі-хі… Як я вас люблю, беларусаў… Хі-хі… Пытаннечка… Хі-хі… Ненавіджу. Ненавіджу…» Публікацыя размовы выклікала ўсеагульную радасць у сеціве: выстаўляць дурнямі афіцыйных журналістаў — любімая справа інтэрнэтчыкаў:

 

999f6ebe00fe804b565de5f12ec198a7_w465_h525_q75.jpg

Апроч таго, Вікторыі Паповай давялося тлумачыць свае словы самым розным незалежным рэсурсам.

Турнірная табліца

Папярэдні «бокс» па перапісцы, што прэтэндуе на статус паўфінала ў ЧМБ па прэсболе, адбыўся ў пачатку 2011 года. Тады гонар незалежных СМІ абараняла журналістка Святлана Калінкіна. У чырвона-зялёных трусах выступала на той момант ужо былая намесніца рэдактара СБ па культуры Ганна Шадрына.

Нагодай для скандалу сталася тое, што са спасылкай на ананімную крыніцу Калінкіна паведамляла пра пэўную рэдактарку адной афіцыйнай газеты, якая звольнілася па ўласным жаданні напярэдадні выбараў 19 снежня 2010 года. Матывацыяй звальнення называлі нязгоду жанчыны і далей працаваць на рэжым. Шадрына, якая сыходзіла з СБ прыкладна ў той жа час пры падобных абставінах, цалкам справядліва, відаць, патрактавала мэтай гэтага каменьчыка свой гародчык.

У выніку на палосах Якубовіча выйшла развітальная калонка рэдактаркі пад назвай «Памылка ў працы журналіста«, з якой чытачы даведаліся, што Шадрына звольнілася, каб рэалізавацца ў навуцы, выкладанні, творчасці і падарожжах, а Калінкіна — непрафесіяналка, бо не праверыла сваю крыніцу. Калонка напісаная ў стылі лекцыі па журналістыцы: «Паважаная калега Святлана Калінкіна! Дальбог, няёмка вучыць вас прафесіі»… Аўтарка нібыта трэніравалася перад тым, як ёй дадуць выкладаць спецкурс для студэнтаў. 

Прафесійны спорт

Што агульнага ў характары гэтых двубоеў не на жыццё, а на смерць? Вы заўважылі гэты хук злева ад прадстаўніц «Саўбелкі»? Толькі кранеш якую асобу ад дзяржвыдання — хоба — непрафесіянал.

Ці не кожнаму журналісту або публіцысту ў Беларусі, незалежнаму ад Мінінфа, раз-пораз прыпадае вытрымаць востры дыялог з калегамі супрацьлеглага лагеру. І — вы не паверыце — адказ на ўсе закіды ў дзяржаўнікаў адзін: беларуская «апазіцыйная прэса — непрафесійная». Добра яшчэ, калі прыклады прыводзяць. Зазвычай гэтае слова паўтараюць без аргументаў, як мантру. Такую вось няскладную няўсходнюю мантру.

Няважна, што ставалася прычынай разборак у кожным канкрэтным выпадку. Заўжды мае месца пераход — але не на асобу, а на месца працы. Лукашук: «Вы хочаце сказаць, што на такую тэму СБ ужо зрабіла матэрыял, і ён выйшаў у суботу?» Я думаю, менавіта гэтая рэпліка і завяла Вікторыю. Але ў любым выпадку, дзякуй ёй за неадэкватную рэакцыю. Іначай бы не было інфармацыйнай нагоды пагаварыць пра набалелае. А выступаць у прэсе без інфанагоды, як сказалі б Шадрына з Паповай, непрафесійна.

Чаму я размаўляю са статуямі

У памяшканні, дзе сёння месціцца рэдакцыя газеты «Новы час», няма ніводнага прадмета, прышрубаванага да сцяны. Не ўбіта ніводнага дзюбеля. Постэры і розныя нататкі максімум ахайна фіксуюцца на офісных шпалерах. Супрацоўнікі ведаюць, што наяўнасць дамовы на арэнду не мае вялікага значэння, і адміністрацыя будынка ў любы момант можа пажадаць, каб «эціх тут не была». Пачуўшы па тэлефоне: «Я — карэспандэнт газеты «Новы час», — дзяржаўныя чыноўнікі зазвычай кладуць слухаўку. Я закранала гэтую праблему ў сваім даўнім тэксце «Найлепшае інтэрв’ю з Паўлам Латушкам». У штаце НЧ ёсць чалавек, задача якога — рассылаць ці развозіць газету па рэгіёнах, бо ўлады забараняюць уключаць газету ў каталог падпіскі.

І што мне ад таго? Абіваць парогі рэдактараў «ЛіМу» і «Звязды» толькі таму, што мая бабуля зможа атрымаць мой артыкул без канверта альтэрнатыўнай дастаўкі? Ды ну вас.

Любы нармальны журналіст у Беларусі будзе бараніць крыніцы свае — і нават завуалюе іх у матэрыяле, каб і намёку не было. Так зробіць любы сумленны чалавек, бо яго вельмі папрасілі. Запалоханыя людзі не хочуць праблем, трымаючыся за працоўныя месцы. Вочы маіх інфармантаў для мяне больш істотны аргумент, чым істэрыка калег пра ўзровень маіх тэкстаў.

У 2009 годзе я атрымала заданне напісаць пра сацыяльныя праблемы трупы Мінскага тэатру оперы і балета, які тады толькі адчынілі пасля рамонту. Вынікам расследавання сталася інтэрв’ю, у якім я размаўляю са статуямі балерын, што стаяць ля службовага выхаду опернага . І я буду працягваць такія размовы, пакуль гэта будзе неабходна дзеля бяспекі жывых людзей. Балазе, нябожчык Уладзімір Жбанаў і яго калегі-скульптары шчодра расставілі людзей бронзавых па роднай зямельцы.

Прафесійнае, надта прафесійнае

Увогуле, дзіўна: ты задаеш чалавеку пытанне — а ён цябе абражае. Зацягвае размову, не адказваючы наўпрост. Вы скажаце, такія паводзіны ўласцівыя п’янаму чалавеку, а я скажу: здорава, што так атрымалася. Вуснамі Вікторыі Паповай прамаўляў Зігмунд Фрэйд.

Любы нармальны журналіст у Беларусі прысвяціў бы ўік-энд асабістым справам, патэлефанаваўшы ў панядзелак. Чаму? Таму што ў нас няма канкурэнцыі ў СМІ і, найверагодней, гэты журналіст апынецца ўвогуле адзіным, хто ў такім ракурсе асветліць «Еўрабачанне». Бо для стварэння канкурэнтнага асяроддзя патрэбны нармальны закон пра гэтыя самыя СМІ і нармальны медыйны рынак. Адсюль вынікае і сапраўды не заўжды высокі стандарт некаторых медый.

Адзін знаёмы выпускнік журфаку пачынаў на дзяржаўным радыё, потым папрацаваў на незалежны медыя-рэсурс, але ўрэшце сышоў у піяр — «заняўся справай». Сваю кар’еру ён пракаментаваў ёмкай фразай, якую я запомніла на ўсё жыццё: «Калі я працаваў на дзяржаву, мая праца ішла ў разрэз з маім чалавечым сумленнем, але праца на незалежныя СМІ выклікала згрызоты сумлення прафесійнага». Або іншы прыклад. Стала заўважаць іншую знаёмую выпускніцу журфака ў беларускіх тэленавінах. Прычым у самых «жырных» сюжэтах. То Дажынкі, то вайсковы парад які-небудзь. Паралельна — Мінск невялікі — я даведалася, што сама гэтая дзяўчына люта, да пены з роту, ненавідзіць рэжым Лукашэнкі. Ненавідзіць больш, чым я сама, гэты самы рэжым і, магчыма, нават больш, чым Змітра Лукашука — Вікторыя Папова. Як такое можа быць, спытаецеся вы? Вось і я перапытала агульных знаёмых. «Разумееш, — быў адказ, — яна лічыць, што калі ты журналіст, галоўнае — быць прафесіяналам, а працаваць прафесійна ў нас магчыма толькі на дзяржаўным тэлебачанні. Якім бы яно ні было».

Дзіўная логіка, праўда? Асабіста я перакананая, што мантрамі пра (не)прафесіяналізм журналісты супакойваюць сваё сумленне. Так, яны пішуць і кажуць не тое, што думаюць, затое робяць гэта з дапамогай прафесійнай тэхнікі. У абсталяванай студыі, а не ў нанятым падвальчыку ва Уруччы і не з памежнага з Беларуссю польскага горада, не маючы нават часам акрэдытацыі ад МЗС. Ну, вы ж у курсе, што працаваць без акрэдытацыі — непрафесійна? Толькі якасць. Толькі хардкор.

Хто тут смокча

Яшчэ адзін спадарожны закід ад праўладнікаў — незалежная прэса смокча гранты. Мяне неадменна здзіўляе такі аргумент з боку афіцыйных медыя, якія функцыянуюць напоўніцу на дзяржаўным падсосе. Нават грошы ад падпіскі забяспечвае дзяржрэсурс — прымус выпісаць газету на прадпрыемствах. Мяркуйце самі — самыя цікавыя камерцыйныя газеты краіны, культавая папера 1990-х «Туризм и отдых» ды «Прессбол» — ледзь ліпяць. Шукаюць спонсараў і благаюць дапамогі. Адзінае выйсце — развіццё сайтаў, перакананыя рэдактары.

Вы бачылі сайт СБ? Неабавязковы дадатак да шматпалоснай і шматколернай «першай газеты краіны», якая, насуперак усім законам рынка, квітнее ва ўмовах заняпаду папяровай прэсы. Што ж… Раз так шэнціць на рынку — то гэта выключна таму, што ты прафесіянал!

Але ёсць у дзяржаўнага «прафесіяналізму» яшчэ адзін аспект. Няважна, хто стварае «прафесійную» журналістыку праўладных СМІ. Была Рая — знойдзецца другая. Звольнілася Шадрына — знайшлася Папова. Між тым як легендамі айчыннага друку робяцца ўсё адно яны — іх апаненты па рынгу. Добра, раз яны так, па-вашаму, лажаюць, будзем называць іх непрафесіяналамі. Тым больш мусіць быць сорамна з бою ў бой валіцца ў накаўт.