Рабочыя бабруйскага завода распачалі бестэрміновую галадоўку

Працаўнікі Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў распачалі бестэрміновую галадоўку. Гэткім чынам яны пратэстуюць супраць свайго звальнення.



babrujski_zavod1.jpg

Адзін з галадоўнікаў, Мікалай Жыбуль, апавёў Радыё Свабода, што акцыя пратэсту распачалася ў Бабруйску а 10 гадзіне, а ейныя ўдзельнікі сабраліся каля будынку Бабруйскага гарвыканкаму ды чакаюць адказу.

«Сабраліся пакуль чацвёра галадоўнікаў. Яшчэ прыйдуць тыя, хто нам спачувае. Мы прапанавалі мэру сустрэцца, але пакуль адказу няма. Будзем глядзець, што будзе адбывацца. Пакуль галадоўкі спыняць не збіраемся. У нас не чуюць простых людзей, а мы хочам працаваць — гэта нашае канстытуцыйнае права», — заявіў Мікалай Жыбуль.

Звольненыя з Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў сябры Свабоднага прафсаюзу Беларусі 5 лістапада абвясцілі пра тое, што распачынаюць акцыю пратэсту. Прафсаюзнікі заявілі, што будуць працягваць галадоўку два дні. Аднак папярэдзілі, што калі ніякай рэакцыі ўладаў не дачакаюцца, свой пратэст працягнуць у панядзелак. Актывісты лічаць, што іх звольнілі з бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў незаконна, а сваёй галадоўкай яны намагаліся звярнуць увагу грамадскасці да пераследу сяброў незалежнага прафсаюзу.

Чытайце таксама: Палкоўнік міліцыі выгнаў з Бабруйскага гарвыканкама рабочых, якія абвясцілі галадоўку