Скандальны кіроўца аўтобуса патлумачыў, чаму ён не шкадуе «жалеза»

Аркадзь Крачун, кіроўца мінскага аўтобуса, які за 2013 год трапіў у 20 аварыяў, стаў героем інтэрнэту. Ролік пра тое, як ягоны аўтобус уразаецца ў машыны, ужо набраў больш за 124 тысячы праглядаў. Ён даў інтэрв'ю Радыё Свабода.



karaczun.jpg

Аркадзь Карачун пасля ДТЗ на плошчы Бангалор
«Гэта пацверджанні аварыяў, якія адбыліся. Я выклаў відэа ў інтэрнэт, каб людзі бачылі, што яны робяць на дарогах, — кажа Крачун. — Я думаю пра бяспеку пасажыраў. А вось тыя, хто абганяе аўтобус і рэзка тармозіць перад ім, не бачаць, што плынь транспарту рэзка спыняецца».
Крачун гэтак тлумачыць сваю стратэгію паводзінаў на дарозе:
«Каб я тармазіў экстрана, а не павольна, то людзі ў салоне пападалі б. А гэта — траўмы. Машына, праз якую стварылася такая сытуацыя, з'яжджае, а пасажыры застаюцца з пашкоджаннямі. Атрымліваецца, што я выратаваў жалеза. А самае каштоўнае — гэта што? Людзі ў салоне. Чалавечае жыццё больш каштоўнае за металалом. Пацярпелыя атрымаюць страхоўкі. А на мяне могуць павесіць наступствы аварыі: калі страхоўка не пакрывае лекавання, то плаціць буду я. Можа дайсці да таго, што мяне пазбавяць правоў».
Кіроўца кажа, што пасажыры не адчуваюць сутыкненняў «праз розьніцу ў масах аўтобуса і машыны». Крачун працуе на аўтобусе-гармоніку «МАЗ-105».
«Я сігналю, пачынаю павольна тармазіць. І людзі інстынктыўна хапаюцца за перакладзіны», — тлумачыць ён.
«Іншыя кіроўцы тармозяць рэзка, праз інстынкт самазахавання. Але прафесійны кіроўца павінен працаваць па-іншаму, калі вязе людзей. Я выключаю самазахаванне і ўключаю логіку, абараняючы таго, каго вязу», — кажа Аркадзь Крачун, які кіруе аўтобусам ужо 10 гадоў.
«Кіроўцы аўтобусаў не прызнаюцца, што рэзка тармозяць, што ў іх людзі ў салоне падаюць. Яны просяць прабачэння, нават грошы пацярпелым пасажырам прапаноўваюць — усё, каб факт траўмавання не выплыў. Але пры ўсім гэтым кіроўцы стараюцца не біць машыны», — гэтак Крачун апісвае сітуацыю ў сваім аўтапарку, дзе працуе 400 чалавек.
Ён кажа, што заўвагаў з боку адміністрацыі парку да яго няма, бо «пасля ДТЗ у парк не прыходзяць нараканні з боку пасажыраў».
Аркадзь Крачун кажа, што першы час у парку крыху засмучаліся частымі пашкоджаннямі корпусу, але «пасля прыходзілі да высновы, што наша задача — бяспечна і камфортна перавезці пасажыра, што я і раблю».
На пытанне, на якіх маршрутах працуе Аркадзь Крачун, кіроўца адказвае лаканічна: «На розных».

svaboda.org