«Справа Бяляцкага»

У серыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе» выйшла кніга журналіста Валерыя Каліноўскага «Справа Бяляцкага». Журналіст адсочваў судовы працэс над праваабаронцам, рыхтаваў матэрыялы для радыё з судовых пасяджэнняў, перапісваўся з Алесем Бяляцікм, калі той апынуўся ў турме.



2e8dfdc4d9772b03c0ed4b43dc623e07_w499_h331_q75.jpg

Кніга не столькі пра крымінальную справу, паводле якой Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 4,5 гады турмы, колькі пра справу ягонага жыцця — абарону грамадзянскіх і культурных правоў чалавека.

«Бяляцкі — асноватворны персанаж гісторыі. Пасадзі яго на пустым месцы, тут неўзабаве з’явіцца музей, царква і праваабарончая арганізацыя. Культура, вера і права. Зразумела, гэта будуць не столькі будынкі, колькі людзі, грамадзянская супольнасць, пачаткі грамадства, — піша ў пасляслоўі рэдактара Сяргей Дубавец. — Напэўна, беларускае грамадства сёння ўжо было б створанае, калі б у 1994 годзе да ўлады не прыйшоў першы і пакуль адзіны прэзідэнт з цалкам адваротнай праграмай ператварэння краіны ў «невялікі калгас». ...Прэзідэнт бачыць у Бяляцкім вобраз свайго канкурэнта і рэальную альтэрнатыву і пагрозу сваёй асабістай уладзе. І пакуль ён будзе прэзідэнтам, Бяляцкі будзе сядзець у турме, прынамсі ў ізаляцыі, а ў Беларусі не будзе грамадства і масавай салідарнасці, якая можа быць толькі ў грамадстве. Не будзе свабоды слова і аб’яднанняў, не будзе беларускае мовы, не будзе правоў чалавека... Напэўна, прэзідэнта б задаволіла эміграцыя Бяляцкага. Але той не згадзіўся... І таму ўсё, што можа прэзідэнт супраць Бяляцкага, — гэта фізічная ізаляцыя».

Таксама ў хуткім часе мусіць пабачыць свет кніга літаратуразнаўчых артыкулаў Алеся Бяляцкага. Выданне падрыхтавала да друку калега Алеся Паліна Сцепаненка — з ім яна працавала ў літаратурным музеі Максіма Багдановіча. У зборніку сабраныя літаратуразнаўчыя артыкулы, якія Бяляцкі пісаў, пачынаючы з 1986 года, літаратурная крытыка, артыкулы па гісторыі беларускай літаратуры і апошняе яго эсэ, напісанае ўжо ў турме, пра беларускую турэмную літаратуру.