Старасць у шпіталі

«Сацыяльны ложак» замест уласнай хаты, рэдкія візіты сваякоў, асноўная забава — тэлевізар. Карэспандэнт «Новага Часу» пабачыла, як гэта — дажыць да старасці і застацца патрэбным толькі лекарам.



1_shpital.jpg

Ніна Пятроўна

Я стаю на парозе невялікага ўчастковага шпіталя на сорак чалавек вёскі Доўгае ў Салігорскім раёне. Тут пад наглядам медсёстраў жывуць пенсіянеры, якіх называюць «сацыяльнымі хворымі». Прызнацца, я таксама верыла ў стэрэатыпы-страшылкі пра дзяржаўныя сацыяльныя ўстановы. Аднак прынамсі звонку не ўсё так страшна: перад мною дагледжаны двухпавярховы будынак са светлымі калідорамі і разнастайнымі пакаёвымі кветкамі, на вуліцы стаяць лавачкі для адпачынку. Унутры няма звыклага для палат з ляжачымі людзьмі паху. Як гаворыцца, бедненька, але чысценька.

«Сацыяльныя ложкі», дзе ляжаць адзінокія пенсіянеры, знаходзяцца на другім паверсе. На канапе ў калідоры сядзіць стары няголены мужчына ў спартовых штанах і заношанай кашулі ў клетачку. Ён чытае газету, якую сам і выпісаў. Трапіў сюды тры гады таму, бо няма каму даглядаць — сын жыве ў Бураціі (Расія). Неахвотна распавядае, чым звычайна займаецца днём: чытае, глядзіць тэлевізар, шпацыруе на дварэ, гуляе ў карты з суседзямі па палаце. Адказаць, чаму сын не забірае да сябе, не можа — душаць слёзы. Пытаюся пра сям’ю ў старэнькага інваліда, якому ампутавалі нагу, — таксама плача.

Старшая медсястра Ала Бычэня распавядае, што шпіталь абслугоўвае 13 навакольных вёсак. Збольшага старыя сюды трапляюць праз сацыяльныя службы. Упрошваць нікога не даводзіцца — калі нямоглыя людзі бачаць прыстойныя шпітальныя ўмовы, ахвотна застаюцца. Можна пажыць у шпіталі часова, а пасля вырашыць, ці вяртацца дадому. Некаторых старых прывозяць дзеці. Ала Бычэня прыгадвае выпадкі, калі сваякі забіралі старых дадому.

Некаторыя пенсіянеры, калі могуць самастойна хадзіць, выпісваюцца са шпіталя на лета. А ёсць і тыя, хто жыве тут ужо болей за дзесяць гадоў — практычна ад заснавання шпіталя сястрынскага нагляду. Пражыванне платнае — пацыенты аддаюць 80% пенсіі. Рэшта (400–500 тысяч) застаецца старым на садавіну, прысмакі, памперсы. Адных пенсій шпіталю не хапае — часткова фінансуе дзяржава. Таксама рэгулярна дапамагаюць розныя арганізацыі, напрыклад, «Чырвоны крыж», прадпрыемствы «Калінка», «Купалінка», аднак некаторых рэчаў, тых жа памперсаў, заўсёды мала.

Медсёстры хваляцца, што пенсіянерам, якія ходзяць самастойна, прапаноўвалі пераехаць у дом-інтэрнат, аднак усе адмовіліся — маўляў, тут і кампанія, і ўмовы. Палаты і сапраўды мала ў чым саступаюць сталічным: у пакоі тры ложкі, ля кожнага — тумбачка для асабістых рэчаў. Праўда, прыбіральні і душа ў палаце няма, яны размяшчаюцца ў адмысловых пакоях. Пенсіянеры абавязкова мыюцца раз на тыдзень, хто хоча — часцей. Вопратка і рэчы, што не патрэбныя кожны дзень, захоўваюцца ў агульным для ўсіх пакоі. Сталовая ўяўляе сабой невялікі пакой са сталамі і зэдлікамі — сюды прыходзіць толькі пяць чалавек, іншым прыносяць ежу ў палаты. На калідорах стаяць лядоўні, дзе можна захоўваць свае прадукты ці прысмакі, прывезеныя сваякамі. Пакой для медсёстраў сціплы: стаяць тры невялікія канапы, над імі — ікона.

4_shpital.jpg

У ванным пакоі — рукамыйнік, кушэтка і чыгунная ванна, вада награваецца бойлерам. Пакой не пустуе — 81-гадовая Ніна Пятроўна старанна мые цёмныя штаны. «Яны ў мяне чыстыя, я ў іх сплю, але ж скатваюцца чорныя галушачкі, а прасцінка-то белая, дык застаюцца на ёй. Дык думаю, дай пайду выпалашчу галушачкі. Ну шоб культура была!» — ахвотна тлумачыць бабулька і запрашае да сябе ў палату.

«Я адна, у мяне нікога жывога няма, пяць братоў на тым свеце. Я плачу, хату пакінула на замку, а ў вёсцы адной, без мужыка, вы ведаеце… Я пад Каляды сюды прыехала, перапісала хату на чужога чалавека з Салігорска. Перад Калядамі перанасіла машыну дроваў, спаліла ў грубцы. Дровы сама і секла, і пілачкаю «Дружба» піліла… Пасля гэтага мяне ў шпіталь і забралі. Сказалі — як упадзеш зімою, дык не будзе каму цябе і падняць», — гаворыць Ніна Пятроўна.

Сям’і ў бабулькі няма. «Я была на дзвюх працах: калгас апрацоўвала і ў школе тэхнічкаю была. Вы ведаеце, наглядзелася на мужыкоў… Школа, а цераз вуліцу — магазін. Нап’ецца мужык, прыйдзе жанчына па яго, а ён што — як ухопіць яе! Адной разбілі галаву, яна памерла. Як наглядзелася я, як стала мне страшна, і кажу: замуж не пайду! А колькі да мяне сваталася! Я замуж не выходзіла, і на сённяшні дзень я жыву дзяўчынаю», — распавядае сваю гісторыю Ніна Пятроўна. Пенсіянерка не прызнаецца, ці шкадуе пра самотнае дзявоцтва: «Колькі не кайся — назад не павернеш. А ўжо ж не сямнаццаць гадоў, каб замуж ісці».

«Дзве казы было, дзесяць курэй і дзесяць індыкоў было», — пералічвае бабулька сваю жыўнасць. «Усё пабраў мужчына, якому хату перапісала. Усё парэзалі… А індыкі ж у мяне такія здаровыя былі! Давала і пшаніцу, і хлеб з малаком, а яны толькі крапіву елі! Сама лягчэй — гэта трымаць індыкоў. Качкі — пражырайла, іх трэба карміць і карміць з рук, а індыкі самі шукаюць ежу», — дзеліцца досведам бабулька.

Ніне Пятроўне ў шпіталі падабаецца, але засмучае, што даводзіцца мыцца ў ваннай: «І ногі баляць, і рукі адняліся, галава не сціхае, а мяне цягнуць і саджаюць у тую балею. А мне казалі раней, каб я ног у гарачую ванную не сувала, каб грэла ваду ў тазіку на сонцы і гэтаю вадою ногі абмывала — яна лячэбная. Таму і гарую».

Дарэчы, у штаце шпіталя сястрынскай дапамогі мужчынаў няма, таму выконваць усю фізічную працу вымушаныя жанчыны. Быў выпадак, калі ляжачая бабуля ўпала з ложка — падняць яе здолелі разам тры медсястры. Штат шпіталя невялікі: чатыры палатныя медсястры, восем санітарак, раздатачная медсястра, медсястра па гаспадарскай частцы, два повары і заведуючая. Псіхолага, які, думаецца, неабходны для самотных старых, няма.

2_shpital.jpg

Суседка Ніны Пятроўны па палаце

Суседка Ніны Пятроўна не ходзіць. Жанчына хворая на цукровы дыябет, яе гаворку цяжка зразумець. Аднак з хрыплага шэпту ўдаецца разабраць, што жанчына тут жыве ўжо болей за год. Прывезла дачка, бо мала месца ў кватэры. Ад Салігорска да вёскі Доўгае каля 20 кіламетраў, але дачка з унукамі наведвае маці рэдка — недзе раз на два месяцы.

У палату прыносяць абед — боршч з хлебам, грэчку, кураціну, — таму развітваюся з бабулькамі і выходжу.

Медсёстры неадназначна ацэньваюць сваякоў, якія прывозяць старых у шпіталь: «Канешне, старыя крыўдзяцца. Але што дзецям рабіць — кідаць працу дзеля іх? Мне падаецца, тут ім лепей. Як іх пакінуць дома адных? Ніяк. Мала ці што — упадзе, будзе ляжаць… Пакарміць трэба, лекі даць, уколы калоць, ціск мераць. Я лічу: гэта добра, што ёсць такія ўстановы». Другая медсястра лаканічна адказвае: «Нікому не пажадаю такой старасці. І такіх дзяцей».

3_shpital.jpg

Лічбы і факты:

Усяго ў Беларусі 79 дамоў састарэлых, у якіх стала пражываюць каля 19 тысяч чалавек. У Мінску чарга ў дамы састарэлых налічвае больш за 300 чалавек.

У арганізацыях аховы здароўя працуюць 182 герыятрычных кабінеты, 7 герыятрычных цэнтраў (ва ўсіх рэгіёнах). Для стацыянарнага лячэнне выдзелена 1420 палат для ветэранаў ВАВ.

У Беларусі кожны чацвёрты жыхар краіны — пенсіянер. 20% жыхароў нашай краіны — людзі, старэйшыя за 60 гадоў. Трэцяя частка візітаў у паліклінікі прыпадае на людзей сталага ўзросту. Прычым медыкі мяркуюць, што людзей 70–75 гадоў па іх стане здароўя можна аднесці да інвалідаў трэцяй групы, а тых, каму больш за 80, — да другой. Не ўсе людзі сталага ўзросту маюць штодзённую патрэбу ў медыцынскай дапамозе, але многія практычна жывуць у шпіталях, бо дома родныя не могуць забяспечыць ім неабходны догляд.

Паводле міжнародных звестак, старэнне насельніцтва — з’ява, аднолькавая для ўсіх развітых краін. Дэмографы прагназуюць, што да 2030 года ў большасці з іх доля людзей ва ўзросце 60 і больш гадоў будзе складаць 20–30% ад усяго насельніцтва Зямлі. Цяпер такая сітуацыя ўжо ёсць у Вялікабрытаніі, Швецыі, Швейцарыі, Даніі і іншых еўрапейскіх краінах.

У Беларусі створаны і дзейнічаюць больш за сотню дамоў сястрынскага догляду. Каб туды патрапіць, трэба падаць адпаведную заяву і мець выпіску з амбулаторнай карты. Згодна з інструкцыяй Міністэрства аховы здароўя, кожны тыдзень галоўны ўрач павінен аглядаць пацыентаў, а персанал — круглыя суткі назіраць за іх здароўем.

У Аўстрыі колькасць медыцынскіх паслуг на даму вырасла на 30%. Там чалавеку, якому патрэбны догляд, даецца дзяржаўная датацыя, якая пакрывае выдаткі на сядзелку, медсястру і таму падобнае. 80% насельніцтва, якое мае патрэбу ў доглядзе, жыве дома.

У Германіі большасць такіх паслуг аказваюць прыватныя фірмы. Чалавек можа выбіраць тую, якая яму больш падабаецца. У ЗША паслугі на даму прапануюць сертыфікаваныя агенцтвы, якія фінансуюцца праз федэральныя праграмы. Амаль два мільёны чалавек карыстаюцца гэтым. Ёсць такія, якія фінансуюцца рэлігійнымі, этнічнымі і дабрачыннымі арганізацыямі.

У Нідэрландах старым і хворым на даму дапамагаюць 150 тысяч супрацоўнікаў. 2 мільёны пацыентаў атрымліваюць сястрынскую і сацыяльную дапамогу. Дзеля гэтага кожны грамадзянін краіны адлічае 4% ад свайго даходу. Там працуе прынцып аднаго акна: чалавек звяртаецца да свайго ўчастковага ўрача, той накіроўвае запыт у муніцыпалітэт, а там ужо вызначаць, колькі гадзін, на якім узроўні і ў якім месцы будуць даглядаць пацыента.

Матэрыял быў падрыхтаваны ў межах прэс-тура ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».