Суд падтрымаў рускую мову ў спрэчцы Гэніка Лойкі з “Белінвестбанкам”

11 красавіка суддзя суду Цэнтральнага раёну Мінска Алена Семак  не задаволіла скаргу скульптара Гэніка Лойкі да ААТ “Беларускі банк развіцця і рэканструкцыі “Белінвестбанк”.



lojka_sud_11_4_14.jpg

Гэнік Лойка (справа) і Валянцін Стэфановіч перад пачаткам судовага пасяджэння. Фота Марата Гаравога

Лойка прасіў суд абавязаць “Белінвестбанк” заключыць з ім дамову аб адкрыцці разліковага рахунку на беларускай мове, паколькі лічыў адмову гэта зрабіць незаконнай і парушаючай ягоныя правы.

Сваё рашэнне Алена Семак матывавала тым, што акрамя закону аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асоб, які патрабуе ад чыноўнікаў даваць пісьмовыя адказы грамадзянам на мове іх пісьмовых зваротаў, у краіне больш няма ні воднага заканадаўчага акту, у якім утрымліваецца абавязковае патрабаванне на выкладанне таго ці іншага дакумента  на беларускай мове. 

У каментары НЧ грамадскі прадстаўнік на судзе, праваабаронца Валянцін Стэфановіч зазначыў, што ў краіне адсутнічаюць умовы для рэалізацыі канстытуцыйнага права на роўнасць абедзвух дзяржаўных моў, бо руская мова татальна пануе ва ўсіх сфэрах жыцця, на практыцы не захоўваецца баланс роўнасці беларускай і рускай моў, а большасць актаў заканадаўства — законаў і кодэксаў існуюць толькі ў рускамоўных варыянтах і не перакладзены на беларускую мову.  

Ён назваў “дыскрымінацыяй па моўнай прыкмеце” адмову “Белінвестбанку” заключыць па-беларуску дамову ў сфэры паслуг з Гэнікам Лойка. “І так у Беларусі паўсюдна, калі грамадзяне спрабуюць рэалізаваць сваё права на карыстанне беларускай мовай у любой сфэры жыцця”, — падкрэсліў праваабаронца. На ягонае меркаванне, калі Беларусь дэкларуе сябе, як білінгвістычная краіна, яна павінна сапраўды забяспечыць сваім грамадзянам права на роўнае карыстанне абедзвюма дзяржаўнымі мовамі. “Сённяшняя судовая справа мае добрую перспектыву на зварот у Камітэт па правах чалавека ААН, бо паводле Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах дыскрымінацыя па моўнай прыкмеце падлягае забароне”, — падкрэсліў Валянцін Стэфановіч.

Ён распавёў, што ў свой час звяртаўся ў Канстытуцыйны суд і ва ўсё суб’екты, якія маюць права ініцыяваць разгляд справы ў гэтым судзе, з пытаннем адносна таго, што закон аб мовах не прадугледжвае дубляванне заканадаўчых актаў па-беларуску. “Менавіта такі падыход спараджае дыскрымінацыю па моўнай прыкмеце ў Беларусі”, — сказаў праваабаронца. Паводле ягоных слоў, нават пры ўсім сваім жаданні суддзя не можа весці судовы працэс па-беларуску, бо ў краіне адсутнічаюць беларускамоўныя версіі асноўных кодэксаў. “Як дзяржаўная мова, беларуская мова павінна быць вернута ва ўжытак дзяржавы. А калі законы не выдаюцца на беларускай мове, яна мае дэкаратыўны псеўдадзяржаўны статус”, — падкрэсліў Валянцін Стэфановіч.

Ён выказаў упэўненасць, што грамадства не вычарпала ўсіх сваіх мажлівасцяў па пашырэнню ўжытку беларускай мовы. Неабыякавыя беларусы могуць зрабіць такія ж захады, як і спадар Гэнік Лойка, а таксама дабівацца змяненняў у закон аб мовах дзеля дасягнення на практыцы роўнасці абедзвюх дзяржаўных моў, лічыць праваабаронца.

У сваю чаргу Гэнік Лойка нзваў рашэнне суду прадказальным, бо чыноўнікамі ў краіне, падкантрольнай Маскве, могуць служыць толькі тыя, хто падтрымлівае дзяржаўную палітыку знішчэння беларускай мовы.  “У сваім змаганні за родную мову я пераканаўся ў тым, што дзяржава займае менавіта такую пазіцыю”, — сказаў мастак. Апроч абскарджвання судовага рашэння па гэтай справе ён мяркуе працягнуць сваю працу па адстойванню правоў роднай мовы ў сістэме айчыннай адукацыі.   

Дарэчы, суддзя Алена Семак адмовілася разглядаць грамадзянскую справу па-беларуску і пры гэтым зазначыла, што суд вядзе працэс на той мове, на якой лічыць патрэбнай.