У Курапатах адбылося ўшанаванне ахвяраў сталінізма

Вечарам 29 траўня больш за 20 дэмакратычных актывістаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі ўзялі ўдзел у традыцыйным штомесячным ушанаванні ахвяраў сталінізму ў Курапатах.

kurapaty_29.5.16_3_logo.jpg


Яны ўшанавалі хвілінай маўчання памяць бязвінна забітых, усклалі знічкі і кветкі да мемарыяльнага каменя «Ахвярам сталінізму» і да Крыжа Пакутаў, праспявалі гімн беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі «Магутны Божа» на словы Наталлі Арсенневай і музыку Міколы Равенскага.

kurapaty_29.5.16_1_logo.jpg


Як зазначыў палітык, заснавальнік аргкамітэту па стварэнні руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, беларусы, на жаль, да гэтай пары не ведаюць усёй праўды аб тых камуністычных рэпрэсіях, якія закранулі амаль кожную беларускую сям’ю. Спадар Вячаслаў паведаміў пра захады аргкамітэту руху па ўшанаванні памяці ахвяраў сталінізму ў шэрагу раёнаў Беларусі, у тым ліку Слуцкім і Барысаўскім (Мінская вобласць), а таксама нагадаў, што да гэтай пары не выкананая пастанова Савета міністраў БССР ад 18 студзеня 1989 году «Аб увекавечванні памяці ахвяраў масавых рэпрэсій 1937-1941 гадоў у лясным масіве Курапаты».

kurapaty_29.5.16_2_logo.jpg


У артыкуле Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога смерці» («Літаратура і мастацтва, 3 чэрвеня 1988) першаадкрывальнікі гэтага жудаснага месца масавых забойствах ахвяраў сталінізму выказалі падзяку муляру Ігару Баге (на жаль, ён ужо сышоў у лепшы свет) і вучням сталічнай сярэдняй школы № 171 Віктару Пятровічу і Алесю Макрушыну, дзякуючы якім у траўні 1988 году і была адкрытая таямніца гэтага ляснога масіву.
Перад удзельнікамі ўшанавання выступіў Алесь Макрушын, які распавёў гісторыю 28-гадовай даўніны, як ён са сваймі сябрамі рабіў зямлянку ў лясным масіве і знайшоў парэшткі шматлікіх ахвяраў з прастрэленымі чарапамі. Па іхнай інфармацыі ў Курапаты прыехалі міліцыянты і супрацоўнік акадэмічнага Інстытуту гісторыі, кандыдат мастацтвазнаўства Зянон Пазьняк. З гэтага моманту і пачалося адкрыццё Курапатаў свету.

kurapaty_29.5.16_5_logo.jpg


Удзельнікі ўшанавання прайшлі па нядаўна адрытай дарозе праз урочышча, па якой у 30-40-я гады мінулага стагоддзя бязвінных ахвяраў у «чорных варанках» вазілі з Мінска ў Курапаты на забойства.
Падчас правядзення ўшанавання ў Курапатах не былі заўважаныя супрацоўнікі міліцыі і спецслужбаў.