У Коўна адбыўся Трэці міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі

На працягу апошняга дзесяцігоддзя беларусістыка стала папулярнай тэмай даследавання ў шматлікіх краінах. Даследуецца не толькі багатая гістарычная мінуўшчына Беларусі, але і наша не простая сучаснасць. 11–13 кастрычніка 2013 года на базе Універсітэта Вітаўна Вялікага ў Коўне ўжо ў трэці раз адбыўся Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі. У гэтым годзе гасцямі форума сталі амаль 400 навукоўцаў з розных краін.



Ад ВКЛ да Другой Сусветнай

На адкрыцці Кангрэсу пасол Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус пажадаў навукоўцам не пужацца дыскутаваць і абмяркоўваць самыя спрэчныя пытанні. А пытанняў і тэм было сапраўды шмат. Усяго было запланавана правядзенне 14 навуковых секцый з якіх, безумоўна, варта вылучыць гістарычны блок. Гісторыя ВКЛ, Беларусь у складзе Расійскай імперыі, фарміраванне нацыянальнай ідэнтычнасці, рэлігійныя традыцыі — гэтыя тэмы актыўна абмяркоўваліся як беларускімі, так і замежнымі гісторыкамі.

У прыватнасці, прафесар Вячаслаў Швед прысвяціў свой даклад аналізу барацьбы беларусаў і палякаў за адраджэнне Рэчы Паспалітай у канцы ХVIII — пачатку ХІХ стагоддзя. Як вядома, у гэты перыяд адбылося Паўстанне 1794 года, Вайна 1812 года і Паўстанне 1830—1831 гадоў. Усе гэтыя узброеныя канфлікты (у тым ліку і ўдзел беларусаў у вайне з Расійскай імперыяй на баку Напалеона) былі скіраваны на адраджэнне старажытнай беларускай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага.

У сваю чаргу іншы гродзенскі даследчык Андрэй Ціхаміраў звярнуў увагу на праблему заходнерускай ідэалогіі. Не сакрэт, што гэтая ідэалагічная плынь, якая з’явілася яшчэ ў канцы ХІХ стагодзя, на сённяшні дзень з’яўляецца адной з найбольш небяспечных праяў антыбеларускіх сіл у нашай краіне. Вялікая ўвага была нададзена разгляду гісторыі Беларусі ў ХХ стагоддзі. Шведскі даследчык Матс Дэланд з Універсітэта Упсалы прысвяціў свой даклад асвятленню паваеннага лёсу сяброў зондэркаманды Арайса, якая падчас вайны дзейнічала ў акупаваным нацыстамі Мінску. Некаторыя з вайсковых злачынцаў, у тым ліку былы кіраўнік латвійскай крымінальнай паліцыі, а пазней афіцэр СС Александр Озалінш пазбеглі судовага пакарання і, дзякуючы «халоднай вайне» былі аднесены да ліку «барацьбітоў з бальшавизмам».

У сваю чаргу украінскі даследчык Андрэй Катлярчук, які працуе ў шведскім Універсітэце Садэрторна распавёў пра даследаванне гісторыі нацысцкіх злачынстваў супраць цыганскага насельніцтва і захаванне памяці пра гэтую старонку гісторыі ў постсавецкіх дзяржавах.

 

Пра «паноў», голад і навуковую тэрміналогію

Гісторык Віталь Быль з Беларусі прадставіў і ахарактарызаваў успаміны работнікаў апошніх ўладароў Нясвіжскага замку. Як вядома, і Альбрэхт Радзівілл і яго брат Лявон былі выдатнымі гаспадарамі, якія не толькі сачылі за захаваннем і развіццём сваёй маёмасці, але і за тым, каб іх працоўныя жылі ў дастатку. Архівіст Ірына Кашталян распавяла пра мала вывучаны ў айчыннай гістарыяграфіі сюжэт, звязаны з паваенным голадам на тэрыторыі БССР. Значным плюсам гэтага дакладу было тое, што даследчыца ўдала спалучыла аналіз архіўных дакументаў і ўспаміны жыхароў беларускіх вёсак і мястэчак, што дазволіла скласці поўную карціну той трагедыі, якая адбывалася ў савецкай Беларусі ў 1946—1947 гадах.

Прафесар Вальдэмар Рэзмер з Торуньскага ўніверітэту спыніўся на аналізе таго, якія тэрміны выкарыстоўваюцца ў польскай і замежных гістарыяграфіях для характарыстыцы вераснёўскіх падзей 1939 году. Па яго меркаванню, акрэсленне гэтага паняцца ўскладняецца тым, што Польшчы прыйшлося, па сутнасці, весці дзве вайны: з Трэцім Рэйхам і Савецкім Саюзам. Дарэчы, у расійскай гістарыяграфіі, у прыватнасці ў працах Міхаіла Мельцюхова для характарыстыцы «вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну» выкарыстоўваецца тэрмін «савецка-польская вайна 1939 года».

У сваю чаргу, беларускі даследчык Анатоль Трафімчык прааналізаваў праблему генезісу паняцця «Заходняя Беларусь» і падкрэсліў неабходнасць працягу вывучэнне гісторыі дзейнасці прадстаўнікоў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху ў 1920—1930-я гады на тэрыторыі паўночна-усходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай.

Новыя выданні

Акрамя навуковых секцый падчас кангрэсу адбылася прэзентацыя шэрагу цікавых гістарычных прац. Прафесар з Японіі Макота Хаясака прадставіў сваю манаграфію «Гісторыя Памежжа: разважанні над мінулым Беларусі». Па прызнанні самаго даследчыка галоўнай мэтай гэтай кнігі, з’яўляецца жаданне прадставіць японскаму чытачу нарыс гісторыі Беларусі.  

Яшчэ адной прэм’ерай Трэцяга міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі стала кніга Севярына Віславуха «Нацыянальныя адносіны на тэрыторыі ўсходніх ваяводстваў». Справа ў тым, што гэтая праца была напісана яшчэ перад Другой Сусветнай вайной, аднак так і не была выдадзена. Аўтару манаграфіі ўдалося правесці глыбокі аналіз нацыянальных працэсаў, якія адбываліся на тэрыторыі Віленскага, Навагрудскага і Палескага ваяводстваў міжваеннай Польшчы. «Найбольш цікавым з’яўляецца тое, што Севярын Віславух крытыкаваў палітыку польскіх улад у дачыненні да нацыянальных меншасцяў. Менавіта таму, гэтая цікавая манаграфія доўгі час не была выдадзена», — адзначыў падчас прэзентацыі кнігі прафесар Універсітэта ў Аполлі Мікалай Іваноў.

Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі паступова пераходзіць з разраду звычайнай канферэнцыі на ўзровень крупнага навуковага форуму, на якім абмяркоўваюцца напрацоўкі беларусістаў з розных краін і выпрацоўваюцца падыходы да далейшага навуковага асэнсавання беларускай мінуўшчыны, сучаснасці і будучыні.

Фота аўтара